epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Сямёра жарабят

Нарвэская казка

Жылі-былі беднякі, муж і жонка; жылі яны ў старэнькай хатцы далёка-далёка ў лесе, ледзь перабіваліся з дня на дзень, галадалі і халадалі, і трэба ім было карміць трох сыноў, а малодшага сына звалі Аскеладэн, бо ён толькі і рабіў, што сядзеў каля печы і калупаўся ў попеле.

Вось аднойчы вырашыў старэйшы сын пайсці па свеце і паспрабаваць шчасця. Маці з бацькам адразу яго адпусцілі, і ён выправіўся ў шлях. Ішоў ён, ішоў, цэлы дзень ішоў, а калі пачаўся вечар, прыйшоў да каралеўскага палаца. Кароль стаяў на ганку і спытаў у яго, што яму патрэбна.

- Ды вось хаджу я па свеце і шукаю работу, - адказаў старэйшы сын.

- Хочаш служыць у мяне і пасвіць маіх семярых жарабят? - спытаў кароль. - Калі здолееш увесь дзень іх пасвіць і вечарам скажаш, што яны ядуць і што п'юць, я аддам табе за жонку сваю дачку і паўкаралеўства ў прыдачу, а калі не здолееш - я загадаю выразаць у цябе са спіны тры рамяні.

Як тут быць? Старэйшы сын вырашыў, што гэтая работа лёгкая. Няўжо ён не саўладае з ёю?

Раніцай, калі развіднела, конюх вывеў семярых жарабят, і яны паскакалі прэч, а старэйшы брат Аскеладэна - за імі. І вось паскакалі яны праз горы і даліны, праз кусты і яры. Бег ён за імі, бег і стаміўся. Патрываў ён яшчэ трошкі, і вось зусім яму надакучыла пасвіць жарабят, а тут якраз прыйшоў ён на ўзлесак, і на ўзлеску сядзела бабуля з верацяном і прала пражу. Убачыла яна, як бяжыць хлопец за жарабятамі, а пот з яго так і льецца, і закрычала:

- Ідзі сюды, ідзі сюды, сыночак мой мілы, я ў цябе ў галаве пашукаю!

Ён з радасцю згадзіўся, сеў побач з бабуляй, паклаў галаву ёй на калені, і шукала яна ў яго ў галаве да самага вечара, а ён спакойна адпачываў.

Вось пачало шарэць, і брат Аскеладэна сабраўся ў дарогу.

- Пайду ж я ціхенька дамоў, - кажа, - а на каралеўскім двары рабіць мне больш няма чаго.

- Пачакай, няхай зусім сцямнее, - сказала бабуля, - тады сямёра жарабят паскачуць да каралеўскага двара паўз гэтае месца; а ты бяжы за імі ўслед, ніхто і не даведаецца, што ты цэлы дзень тут праляжаў, падумаюць, быццам ты жарабят пасвіў.

Дала яна яму збан вады, пучок журавін і загадала паказаць каралю і сказаць: «Вось гэта яны ядуць, а вось гэта п'юць».

- Ну што, ты праўда іх пасвіў з раніцы да вечара? - спытаў кароль.

- Праўда, - адказаў брат Аскеладэна.

- Тады скажы мне, што ж ядуць і што п'юць мае сямёра жарабят?

Паказаў яму хлопец збан вады і пучок журавін, што дала яму бабуля.

- Вось іх пітво, а вось і ежа, - кажа.

Кароль адразу здагадаўся, як ён пасвіў жарабят, і так раззлаваўся, што загадаў тут жа гнаць яго прэч з вачэй, толькі спачатку выразаць у яго са спіны тры рамяні і раны соллю пасыпаць.

Вярнуўся хлопец дадому, і ўжо, канечне, не вельмі яму было прыемна.

- Разок паспрабаваў я пашукаць работу, і хопіць з мяне! - сказаў ён.

На другі дзень вырашыў сярэдні сын пайсці па свеце і паспрабаваць шчасця. Бацька з маці не пускалі яго, прасілі-малілі толькі зірнуць на спіну старэйшага брата, але ён стаяў на сваім, і - рабіць няма чаго - яны яго адпусцілі. І ён накіраваўся ў дарогу.

Ішоў ён, ішоў цэлы дзень і таксама прыйшоў да каралеўскага палаца. Кароль стаяў на ганку і спытаў, што яму патрэбна. Сярэдні сын адказаў, што шукае работу, а кароль спытаў, ці не хоча ён служыць у яго і пасвіць семярых жарабят. І прызначыў ён яму тую ж узнагароду і пакаранне такое ж, як і старэйшаму брату. Хлопец адразу згадзіўся і наняўся на службу. «Цяжка, ці што пасвіць семярых жарабят і сказаць каралю, што яны ядуць і што п'юць», - падумаў ён.

Раным-рана, ледзь развіднела, конюх выпусціў семярых жарабят, і яны зноў паскакалі праз горы і даліны, праз кусты і яры, а сярэдні сын - за імі. І здарылася з ім усё дакладна тое ж, што і з яго братам. Доўга-доўга ён бегаў за жарабятамі і стаміўся, а потым убачыў на ўскрайку лесу бабулю, якая сядзела з верацяном і прала пражу, і яна закрычала:

- Ідзі сюды, ідзі сюды, сыночак мой мілы, я ў цябе ў галаве пашукаю!

І сярэдні сын згадзіўся. Адстаў ён ад жарабят, сеў побач з бабуляй, ды так і прасядзеў цэлы дзень, да самага вечара.

А вечарам, калі жарабяты паскакалі дамоў, бабуля дала яму збан вады і пучок журавін.

І калі спытаў у яго кароль: «Што ж ядуць і што п'юць мае сямёра жарабят?» - сярэдні сын паказаў яму ваду і журавіны і сказаў:

- Вось іх пітво, а вось і ежа.

Кароль раззлаваўся і загадаў выразаць са спіны ў сярэдняга сына тры рамяні, пасыпаць раны соллю і тут жа прагнаць яго з двара. Вярнуўся ён дадому, расказаў аб усім, што з ім здарылася, і сказаў бацьку з маці:

- Паспрабаваў я раз пашукаць работу, і з мяне досыць!

І вось на трэці дзень сабраўся Аскеладэн у шлях-дарогу.

- Дай жа і я паспрабую пасвіць сямёра жарабят, - сказаў ён.

Пачалі тут браты над ім смяяцца:

- Ужо калі ў нас нічога не выйшла, ты ж на што спадзяешся? Ты толькі і ўмееш, што каля печы сядзець і ў попеле калупацца!

- Я ўсё адно пайду, - сказаў Аскеладэн. - Як я задумаў, так і зраблю.

І як ні смяяліся з яго браты, як ні прасілі бацька з маці - нічога не дапамагло, і ён накіраваўся ў дарогу.

Ішоў ён таксама цэлы дзень, а надвячоркам прыйшоў на каралеўскі двор. На ганку стаяў кароль і спытаў, што яму патрэбна.

- Ды вось шукаю работу, - адказаў Аскеладэн.

- А адкуль ты? - спытаў кароль. Ён вырашыў цяпер не наймаць на работу абы-каго.

Аскеладэн адказаў, што яго браты ўжо сцераглі сямёра жарабят, а потым спытаў, ці нельга і яму папасвіць іх заўтра.

- Цьфу ты! - кажа кароль. - Калі ты ім брат, дык ужо, пэўна, ні на што не варты. Не, досыць з мяне такіх работнікаў!

- Але ж я ўжо сюды прыйшоў, няхай бы далі мне паспрабаваць! - сказаў Аскеладэн.

- Добра, калі табе ўжо хочацца, каб з цябе скуру злупілі, паспрабуй! - сказаў кароль.

- Не, мне хочацца прынцэсай завалодаць, - адказаў Аскеладэн.

Раным-рана, як толькі развіднела, конюх зноў выпусціў сямёра жарабят, і яны паскакалі праз горы і даліны, праз кусты і яры, а Аскеладэн - за імі.

Бегаў ён за імі доўга-доўга і таксама прыбег на ўскраек лесу. Там зноў сядзела бабуля з верацяном і прала пражу. Убачыла яна Аскеладэна і закрычала:

- Ідзі сюды, ідзі сюды, сыночак мой мілы, я ў цябе ў галаве пашукаю!

- Прападзі ты, старая вядзьмарка, - адказаў Аскеладэн і пабег за сваімі жарабятамі.

Мінулі яны ўзлесак, і тады самае малодшае жарабятка кажа:

- Садзіся на мяне, таму што дарозе нашай канца-краю не відаць.

Аскеладэн яго паслухаўся.

Так беглі яны яшчэ доўга-доўга.

- Ці бачыш ты што-небудзь? - пытаецца жарабятка.

- Не, - адказвае Аскеладэн.

Зноў яны беглі доўга-доўга.

- А цяпер? - пытаецца жарабятка.

- Нічога, - адказвае Аскеладэн.

Зноў прайшло нямала часу, а яны ўсё беглі.

- Ну, а цяпер што-небудзь бачыш? - спытала жарабятка.

- Але, цяпер наперадзе быццам бы штосьці бялеецца, - адказаў Аскеладэн. - Накшталт велізарнага бярозавага пня.

- Туды ж нам і трэба, - гаворыць яму жарабятка.

Падбеглі яны да пня, жарабятка адпіхнула яго ўбок, а пад пнём дзверцы былі. Зайшлі яны ў тыя дзверцы і апынуліся ў маленькім пакойчыку. Там нічога не было, толькі стол ды печка, а за дзвярыма вісеў вялікі ржавы меч і маленькі збаночак.

- Можаш ты падняць гэты меч? - спытала жарабятка.

Аскеладэн паспрабаваў, але меч быў такі цяжкі, што не падняць. Тады сказала яму жарабятка, каб ён адпіў са збаночка. Выпіў ён адзін глыток, потым другі, а потым і трэці, і пасля гэтага меч яму здаўся лягчэйшым за пярынку.

- Забірай меч з сабою, - сказала жарабятка. - Гэтым мячом ты ўсім нам адсячэш галовы ў дзень твайго вяселля, і мы зноў станем прынцамі. Бо нас зачараваў ліхі троль, а мы, усе сямёра, браты той прынцэсы, якая дастанецца табе за жонку, калі ты раскажаш каралю, што мы ямо і што мы п'ём. Толькі як адсячэш нам галовы, прыкладзі кожную на ранейшае месца, і тады з нас спадуць чары ліхога троля.

Аскеладэн абяцаў, што ўсё так і зробіць, і яны паскакалі далей.

Доўга-доўга беглі яны, і малодшае жарабятка спытала ў Аскеладэна:

- Ці бачыш ты што-небудзь наперадзе?

- Не, - сказаў Аскеладэн.

Зноў беглі яны доўга-доўга.

- А цяпер? - спытала жарабятка.

- Не, нічога не відаць, - адказаў Аскеладэн.

І зноў беглі яны доўга-доўга, праз горы і даліны, праз кусты і яры.

- А цяпер? - спытала жарабятка. - Няўжо і цяпер нічога не бачыш?

- Не, - адказаў Аскеладэн, - цяпер бачу! Далёка-далёка наперадзе быццам уецца сіняя дарожка.

- Гэта рака, - адказала жарабятка, - і нам трэба перабрацца на другі бераг.

Перабраліся яны на другі бераг цераз прыгожы доўгі мост, а потым зноў беглі яшчэ доўга-доўга, і зноў малодшае жарабятка спытала ў Аскеладэна:

- Ці бачыш ты што-небудзь наперадзе?

- Бачу, - адказаў Аскеладэн, - штосьці чарнее далёка-далёка наперадзе, быццам высокая царква.

- Туды ж нам і трэба, - сказала жарабятка.

Зайшлі яны на царкоўны двор і перакінуліся ў людзей, у семярых цудоўных прынцаў, і адзенне на іх так зіхацела, што глядзець балюча. І зайшлі яны ў царкву, а Аскеладэн - за імі. Поп ля алтара даў ім віна і хлеба і блаславіў іх, і яны выйшлі з царквы, і Аскеладэн выйшаў услед за імі, а віна і хлеба ад святых дароў узяў з сабою. Як толькі каралевічы сышлі з цвінтара, яны зноў перакінуліся ў жарабят; Аскеладэн сеў малодшаму на спіну, і яны паскакалі назад той жа дарогай, толькі яшчэ намнога хутчэй. Вось праскакалі яны мост, вось мінулі бярозавы пень, вось праімчаліся ўскрайкам лесу, дзе сядзела бабуля. Калі яны беглі міма, яна штосьці ім закрычала, але Аскеладэн не пачуў, зразумеў толькі, што яна вельмі злуецца.

Калі яны вярнуліся на каралеўскі двор, ужо амаль зусім звечарэла, і сам кароль стаяў ля ганка і чакаў іх.

- Ну? - спытаў кароль у Аскеладэна. - Ты пасвіў іх цэлы дзень з раніцы да вечара?

- Я стараўся як мог, - адказаў Аскеладэн.

- Тады раскажы мне, што яны ядуць і што п'юць? - спытаў кароль.

Выняў Аскеладэн хлеб і віно ад святых дароў і паказаў каралю.

- Вось іх ежа, а вось пітво, - кажа.

- Так, ты сцярог іх верай і праўдай, - сказаў кароль. - Атрымай жа прынцэсу і паўкаралеўства ў прыдачу.

Тут жа пачалі рыхтавацца да вяселля, і кароль надумаўся зрабіць такі багаты і вясёлы баль, каб аб ім гаварылі ва ўсіх суседніх каралеўствах. А як селі ўсе за вясельны стол, жаніх раптам падняўся і пайшоў на стайню.

- Я там сёе-тое забыў, пайду прынясу, - сказаў ён.

Зайшоў ён туды і зрабіў усё, як загадалі яму каралевічы: спярша адсек галаву ў самага старэйшага, пасля ў другога, і так ва ўсіх семярых, і ў самага малодшага - у апошняга, а потым кожнаму адсечаную галаву да цела прыставіў. Як толькі ён гэта зрабіў, усе сямёра перакінуліся ў каралевічаў, і Аскеладэн павёў іх на вясельны банкет. Убачыў кароль сваіх дзяцей і так зарадаваўся, што пачаў абдымаць і цалаваць Аскеладэна, а прынцэса, яго маладая жонка, пакахала мужа яшчэ болей, чым раней.

- Паўкаралеўства ты ўжо атрымаў, - сказаў кароль, - а другую палавіну возьмеш пасля маёй смерці. Таму што прынцы, мае сыны, цяпер самі пра сябе паклапоцяцца.

Ну і ўжо, канечне, на вясельным балі добра паскакалі, усе пілі і елі колькі хацелі.

І я там быў, мёд-піва піў, толькі ніхто мяне не бачыў, і дастаўся мне адзін кавалачак піражка, і я намазаў яго маслам і на печку паклаў. Масла расцяклося, піражок згарэў, так я на вяселлі нічога і не еў.

 



Пераклад: Віктар Гардзей