epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Сумленна здабытая манета

Нарвэская казка

Жыла-была на свеце бедная жанчына. Жыла яна ў маленькай убогай хатцы на самым ускрайку сяла. Есці ёй не было чаго, печку паліць няма чым, вось і паслала яна свайго маленькага сыночка ў лес па ламачча. На дварэ стаяла халодная асенняя пагода, і хлопчык усю дарогу да лесу бег падскокам, каб хоць трошкі сагрэцца. Кожны раз, паклаўшы ў кашэль галінку альбо корань, хлопчык пляскаў рукамі, таму што ад холаду яны сталі чырвоныя-чырвоныя, рыхтык брусніцы, якія зрэдку трапляліся ў яго пад нагамі.

Назбіраў хлопчык поўны кашэль сухога галля і толькі было хацеў вяртацца дадому, як набрыў на прасеку. І ўбачыў раптам белы патрэсканы камень.

- Бедны старэнькі камень! Які ты белы ад інею! Як жа ты, мабыць, прамёрз! - сказаў хлопчык, зняў з сябе куртку і накрыў ёю камень.

Прыйшоў дадому, а маці пытаецца ў яго, як гэта ён такім холадам у адной кашулі ў лес хадзіў. Ён і расказаў ёй, як убачыў у лесе стары гарбаты камень, белы ад марозу, і як накрыў яго сваёй курткай.

- Дурань ты гэткі! - кажа яму маці. - Няўжо ты думаеш, камяні мёрзнуць? А калі нават і замёрз твой камень - свая кашуля бліжэй да цела. Вопратка цяпер і так дарагая, а ты яшчэ будзеш раскідваць яе па ўсялякіх камянях! - І яна прагнала хлопчыка зноў у лес па куртку.

Прыйшоў ён на тое месца, дзе першы раз знайшоў камень, і бачыць: камень адным бокам павярнуўся і трошкі прыпадняўся ад зямлі.

- Бядак! Гэта таму, што ты трошкі сагрэўся пад курткай, ці ж не праўда? - сказаў хлопчык.

Але калі ён уважлівей паглядзеў на камень, то ўбачыў пад ім шкатулку, поўную бліскучых сярэбраных манет. «Напэўна, крадзеныя, - падумаў хлопчык. - Ну хто будзе хаваць у лесе пад каменем сумленна заробленыя грошы?»

Узяў ён шкатулку, занёс яе да возера непадалёку ад прасекі і выкінуў у яго грошы. Але адна манетка выпала са шкатулкі і паплыла па вадзе.

- Вось ужо гэта здабыта сумленным шляхам. Манета, якая здабыта сумленна, ні за што не патоне, - сказаў хлопчык, злавіў манетку і, захапіўшы куртку, пашыбаваў дадому.

Прыйшоў дадому і давай расказваць маці, як камень прыпадняўся ад зямлі, як ён знайшоў шкатулку, поўную сярэбраных манет, і як выкінуў яе ў возера, таму што грошы напэўна былі крадзеныя.

- Але адна манетка не патанула. Я ўзяў яе, таму што яна здабыта сумленным шляхам, - скончыў хлопчык.

- Ну што за боўдзіла! - зазлавала маці. - Калі б з усіх манет толькі адна была здабыта сумленна, то, значыць, не так ужо многа на свеце сумленнасці. Але хоць бы іх укралі дзесяць разоў запар, ты ж знайшоў іх - а свая кашуля бліжэй да цела. Узяў бы ты гэтыя грошы - жыць бы нам прыпяваючы да канца дзён нашых. Але ты як быў дурнем, так дурнем і застаўся. Не жадаю я больш гнуць спіну на цябе! Ідзі на ўсе чатыры стараны і сам зарабляй сабе на хлеб!

І пайшоў хлопчык па беламу свету. Ішоў ён, ішоў і, куды б ні прыходзіў, усюды прасіўся служыць. «Вельмі ж ужо маленькі ды кволы», - думалі, гледзячы на яго, людзі і не бралі яго.

Ці доўга, ці коратка ён ішоў, толькі прыйшоў ён на двор да купца. І ўзяў яго купец да сябе на кухню - насіць кухарцы дровы і ваду.

Стаў хлопчык жыць у купца. І вось аднойчы сабраўся купец у іншую краіну, далёка-далёка за мора. Пачаў ён пытаць у слуг, што ім прывезці з заморскай краіны. Кожны сказаў, і вось дайшла чарга да хлопчыка, што цягаў на кухню дровы і ваду. Хлопчык падаў манетку.

- Што ж табе прывезці? - спытаў купец. - Бо многа ж на яе не купіш.

- Купіце тое, што дадуць. Гэта сумленна здабытая манета, - адказаў хлопчык.

Паабяцаў яму купец споўніць просьбу і паплыў.

Разгрузіў купец за морам свае тавары, нагрузіў новыя, накупляў усяго, што абяцаў слугам, і вярнуўся на свой карабель. Хацеў ужо было адплываць ад прыстані і толькі тут успомніў, што хлопчык даў яму манетку, а ён паабяцаў купіць за яе што-небудзь. «Няўжо мне з-за нейкай манеткі зноў вяртацца ў горад? - падумаў купец. - Глупства! Ад такой дробязі толькі лішнія турботы».

Тут адкуль ні вазьміся бабуля з мяшком на спіне.

- Што ў цябе ў мяшку, маці? - пытаецца ў яе купец.

- Усяго толькі кошка. Няма чым мне яе карміць, вось і надумалася я выкінуць яе ў мора, ды і справа з канцом, - адказвае бабуля.

«Хлопчык прасіў купіць тое, што дадуць за яго манетку», - падумаў купец і спытаў у бабулі, ці не аддасць яна за манетку сваю кошку.

Бабуля не прымусіла сябе доўга ўпрошваць, і купля адбылася.

Толькі адплыў купец ад прыстані, як разгулялася на моры страшная бура. Дзіка завыў вецер, карабель кідала з боку на бок, і купец нават не ведаў, куды нясуць іх уздыбленыя хвалі.

Нарэшце іх прыбіла да берага, і яны апынуліся ў краіне, у якой купец ніколі раней не быў. Ён адразу ж накіраваўся ў горад. Заходзіць у шынок і бачыць: на кожным стале ляжаць розгі, ля кожнага прыбора па дубчыку. Здзівіўся купец. «Навошта ім столькі розгаў? - падумаў ён. - Пагляджу, што будуць рабіць з імі людзі», - вырашыў ён і сеў за стол. А калі прынеслі ежу, зразумеў купец, для чаго на кожным стале ляжалі дубчыкі: з усіх шчылін павылазілі тысячы мышэй і накінуліся на ежу. Кожнаму, хто сядзеў за сталом, давялося адбівацца ад іх, размахваючы вакол сябе розгамі. У шынку нічога не было чуваць акрамя моцнага свісту і стуку, а іншы раз людзі зачаплялі адзін аднаго, і тады ім даводзілася казаць: «Прабачце».

- Цяжка жывецца людзям у гэтай краіне! - сказаў купец. - А чаму б вам не трымаць кошку?

- Кошку? - здзівіліся людзі. Яны нават не ведалі, што такое кошка.

Тады купец прынёс з карабля кошку, якую купіў для хлопчыка, і ўсе мышы ўмомант разбегліся, і людзі ўпершыню з незапомных часоў змаглі спакойна павячэраць. Ужо ж і дзякавалі яны купцу! Пачалі яны прасіць яго прадаць ім кошку. Не згаджаўся купец, а потым усё ж паабяцаў саступіць ім кошку, але запатрабаваў за яе сотню талераў. Яны ахвотна заплацілі, ды яшчэ тысячу разоў дзякавалі купцу.

І зноў купец рушыў у шлях-дарогу. Але не паспеў ён выбрацца ў адкрытае мора, глядзіць - на грот-мачце сядзіць кошка! А хутка зноў разбушавалася на моры бура, яшчэ мацнейшая за першую, і карабель кідала з боку на бок і гнала па хвалях, пакуль нарэшце не прыгнала да краіны, у якой купец ніколі раней не быў.

Зноў купец пайшоў у шынок і зноў убачыў на сталах розгі. Але тут яны былі куды большыя і даўжэйшыя. Ды яно і зразумела: мышэй у шынку валтузілася цэлая процьма, і былі яны буйнейшыя за тыя, што ён бачыў першы раз.

Зноў прадаў купец кошку і зноў узяў за яе сто талераў. І зноў не давялося яму доўга цанавацца.

Паплыў купец далей. Толькі выйшаў у адкрытае мора, глядзіць, а кошка тут як тут: сядзіць сабе на грот-мачце. І зноў разгулялася бура, і хвалі гналі карабель да таго часу, пакуль не прыбіла яго да краіны, у якой купец ніколі раней не быў.

Прайшоў ён зноў у шынок. І тут таксама на сталах ляжалі розгі, але кожная розга была ў паўтара аршына даўжынёй, а таўшчынёй з маленькую мяцёлку. Купцу расказалі, што паесці для жыхароў гэтай краіны - вялікая пакута: тысячы вялізных мярзотных пацукоў накідваюцца на ежу, і людзям ледзь удаецца вырваць у іх акрайчык і кінуць сабе ў рот.

Прынёс купец кошку з карабля, і жыхары краіны ўздыхнулі з палёгкай. Пачалі яны ўпрошваць купца прадаць ім кошку. Доўга не згаджаўся купец, але нарэшце абяцаў прадаць кошку і запатрабаваў за яе трыста талераў. Яны з радасцю згадзіліся, не перастаючы дзякаваць і бласлаўляць купца.

І зноў рушыў купец у шлях-дарогу. «Колькі ж грошай зарабіў хлопчык на манеце, што паслаў са мной? - раздумваў ён. - Ну што ж, давядзецца аддаць яму малую крыху, але, канечне, не ўсё. Бо гэта я купіў яму кошку. Свая кашуля бліжэй да цела».

Толькі ён гэта падумаў, як разгулялася на моры бура, ды такая моцная, што ўсім пачало ўжо здавацца, што карабель вось-вось пойдзе на дно. Скумекаў купец, што нічога іншага яму не застаецца, як паабяцаць вярнуць хлопчыку ўсе грошы. І праўда: варта было яму гэта зрабіць, як бура сціхла, і карабель на ўсіх ветразях памчаўся па моры.

Вярнуўся купец дадому і аддаў хлопчыку пяцьсот талераў ды сваю дачку ў прыдачу. Таму што цяпер хлопчык, які цягаў дровы і ваду на кухню, стаў юнаком і багатым, як сам купец.

І пачаў ён жыць-пажываць ды дабро нажываць. А маці сваю ўзяў да сябе і заўсёды быў добры да яе.

- Не веру я, - казаў ён, - што свая кашуля бліжэй да цела.

 



Пераклад: Віктар Гардзей