epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Торба, дай розуму!

Карэльская казка

Жылі-былі два браты. Адзін бедны, другі багаты.

Ішоў аднойчы бядняк лесам, раптам бачыць - на зямлі маленькі чалавечак у чырвоным каптане ляжыць, дрэвам яму нагу прыціснула.

Падняў бядняк дрэва, вызваліў чалавечка ў чырвоным каптане.

Сказаў той бедняку:

- Дзякуй табе, добры селянін. Калі б не ты, давялося б мне тут загінуць. А за тое, што ты мяне выратаваў, прасі чаго хочаш.

Бядняк яму і сказаў:

- Чаго ж мне прасіць? У мяне нічога няма. Што дасі, усё спатрэбіцца.

Пахваліў яго чалавечак у чырвоным каптане:

- Добры ты, відаць, зусім не сквапны. Дам я табе за гэта капейку - не простую, залатую. Падкінь яе ў руцэ, і будзе ў цябе золата колькі захочаш! Толькі беражы яе, глядзі, нікому не аддавай!

Узяў бядняк залатую капейку, падзякаваў чалавечку ў чырвоным каптане і пайшоў дахаты.

Толькі ў дом зайшоў, падкінуў капейку і сказаў:

- Капейка, капейка, хачу мяшок золата мець!

Азірнуцца не паспеў, стаіць пасярод хаты мяшок, поўны грошай, ніводнага медзяка, ніводнага сярэбранага грошыка няма, адны толькі залатыя!

Разбагацеў бядняк, пачаў жыць - і ні ў чым патрэбы не мае.

Дачуўся пра тое багаты брат, пайшоў да беднага і спытаў:

- Дзе ты, братка любы, столькі дабра ўзяў?

А бядняк жа, добрая душа, усё яму і расказаў: як па лесе ішоў, як чалавечка ў чырвоным каптане ўбачыў і вызваліў з-пад паваленага дрэва.

- Цяпер, - кажа, - калі залатую капейку не згублю, век мне жыць не тужыць, ніколі не збяднею!

Стаў багаты брат у беднага залатую капейку прасіць:

- Хоць на час, на адзін дзень дай мне капеечку! Я толькі трошачкі ёю пакарыстаюся і табе аддам. Ты ж ведаеш, братка мой любы, што на ўсім свеце для мяне ты самы родны чалавек!

А бядняк, добрая душа, забыў, што залатую капейку аддаваць нельга, кажа брату:

- Вазьмі! Мне не шкада, у мяне дабра ўдосталь!

Прынёс багацей залатую капейку дадому і давай золата грабці мяшкамі. А потым схаваў яе ў самы далёкі куфар і не думае аддаваць свайму брату.

Прайшоў час і яшчэ столькі ж. Пражыў бядняк сваё дабро, патраціў грошы. І бачыць - багаты брат яму залатую капейку не нясе. Пайшоў да яго і сказаў:

- Калі ты не прыйшоў, дык я па сваю капеечку сам з'явіўся!

А багацей яму адказвае:

- Пра якую такую капеечку ты размову вядзеш? Я табе нічога не вінаваты і браць у цябе нічога не браў!

Надаваў яму штурхалёў, прагнаў з двара.

Вярнуўся дамоў бядняк, жонцы скардзіцца. А яна кажа:

- Што цяпер з ім зробіш? Ён багаты, ён дужы, на яго ўправу хіба знойдзеш? Не, відаць, не лёс нам багата жыць!

Прыйшлі ў хату да бедняка жабрацтва, галеча ды голад.

Успомніў тады бядняк пра чалавечка ў чырвоным каптане, вырашыў да яго пайсці.

Падаўся бядняк у лес. Знайшоў тое месца, дзе чалавечка першы раз сустрэў. Бачыць - дрэва, як і тады, ляжыць. Лісце з яго абляцела, галіны на ім пасохлі.

Пачаў бядняк чалавечка клікаць, а ніхто не адгукаецца. Што рабіць? Здагадаўся бядняк - па дрэве паваленым пастукаў: «Тук-тук! Тук-тук!»

Адкуль ні вазьміся, з'явіўся чалавечак у чырвоным каптане, спытаў:

- Гэта ты мяне клікаў? Ну, расказвай, як жывеш. Ці многа дабра нажыў залатой капеечкай?

Заплакаў бядняк і расказаў чалавечку ў чырвоным каптане аб тым, як брат брата пакрыўдзіў.

Раззлаваўся чалавечак у чырвоным каптане, а потым сказаў:

- Ну добра, на першы раз дарую табе. А другі - не прасі! Стары я стаў: пайду ў далёкі лясок, знайду там масток - адпачываць буду.

І даў бедняку абрус.

- Рассцялі яго, - сказаў чалавечак у чырвоным каптане, - і ў цябе ад пачастунку стол будзе ўгінацца! Еш і пі, колькі душа захоча. Толькі глядзі, нікому абруса не аддавай!

Прыйшоў бядняк дамоў, разаслаў абрус і спытаў у жонкі:

- Ну, жонка, есці хочаш? Толькі скажы. Што ні пажадаеш - усё будзе.

Сказала жонка:

- Вось каб зараз кашы з маслам паесці!

Толькі прамовіла, з'явілася на стале каша з маслам, рассыпістая, гарачая, аж пара ідзе.

Елі яны, елі кашу, наеліся, а яе не меншае. Паклікалі гасцей, і тыя наеліся. З іншых вёсак людзі прыйшлі.

Бядняк усіх запрашае:

- Ешце, людзі добрыя! Частуйцеся!..

Дачуўся пра той дзівосны абрус багаты брат, прыйшоў да беднага, просіць:

- Дай ты мне, братка любы, хоць на адзін дзень абрус гэты!

А бядняк яму адказвае:

- Навошта табе абрус? Еш уволю. Што хочаш, тое і падам, усім, чаго пажадаеш, цябе накармлю!

Бачыць багацей, не дае яму бедны брат абруса, і кажа:

- Хачу я, братка, курачку смажаную з'есці і салодкага віна папіць!

Толькі сказаў - увесь стол смажанымі курамі застаўлены, ад цяжкіх бочак з віном прагінаецца.

Пачалі яны курачак смажаных есці, віно папіваць. А багацей жа бедняку ўсё падлівае і падлівае.

Захмялеў бядняк, павесялеў, песні спявае, радуецца, а чаго - сам не ведае. Тут багацей і папрасіў у яго:

- Дай ты мне, братка мой шаноўны, хоць на адзін дзень абрус свой. Я толькі сямейку, дзетак накармлю і зараз жа табе з удзячнасцю найвялікаю вярну яго. Заўтра ж у мяне імяніны!

А бядняк ап'янеў і крычыць:

- Бяры абрус! Што хочаш бяры, мне нічога табе не шкада.

Схапіў багацей абрус і панёс дадому.

Вось прыходзіць да яго назаўтра бядняк з імянінамі віншаваць, багацей як закрычыць:

- Ты куды лезеш, торба жабрацкая! Пайшоў прэч!

І сабак на яго нацкаваў.

Вярнуўся бядняк дамоў, плача. Есці няма чаго, і ўзяць цяпер няма дзе. Успомніў зноў пра чалавечка ў чырвоным каптане, вырашыў да яго пайсці. А жонка кажа:

- Ну куды ж ты пойдзеш? Ён табе дапамагаў, а ты ўсё, што атрымаў ад яго, багацею аддаў!

Бядняк ёй сказаў:

- Што ж цяпер рабіць? Усё адно паміраць, пайду ў лес.

Прыйшоў да таго месца запаветнага, у далёкі лясок. А там масток. Глядзіць - унізе чалавечак у чырвоным каптане ляжыць, адпачывае. Аклікнуў яго бядняк. Падняўся чалавечак у чырвоным каптане, заспаны, сярдзіты:

- Зноў прыйшоў мяне турбаваць!

Заплакаў бядняк, пачаў маліць:

- Даруй мне, толькі ўжо што рабіць, не ведаю. Без цябе загіну і я, і сямейка мая. Забраў у мяне хітрасцю багаты брат той абрус, што ты мне даў.

Выслухаў яго чалавечак у чырвоным каптане і сказаў:

- Чаго ўжо! Другі раз пашкадую цябе, але ведай - на трэці раз не прыходзь. Залатую капейку ты аддаў. Абрус ты аддаў. Што ж табе цяпер падарыць?

Задумаўся чалавечак у чырвоным каптане, а потым сказаў:

- На, вазьмі гэтую торбу. Павесь яе цераз плячо, стукні па ёй кіёчкам і скажы: «Торба, дай розуму!» А цяпер пакажы, як ты з ёю спраўляцца будзеш.

Павесіў бядняк торбу сабе цераз плячо, стукнуў па ёй кійком і сказаў:

- Торба, дай розуму!

Толькі сказаў, як выскачылі з торбы сем маленькіх чалавечкаў у зялёных каптанах і давай бедняка кіямі лупцаваць. Спалохаўся бядняк, пачаў свайго дабрадзея прасіць:

- Галубок, заступнік мой, злітуйся! Скажы, каб біць перасталі!

А той смяецца:

- Зараз розуму набярэшся - і перастануць. Пачакаў трошкі і сказаў:

- Торба, хопіць розуму!

Толькі сказаў, чалавечкі ў зяленых каптанах, усе сямёра, у торбу схаваліся.

І ўздыхнуў бядняк:

- Ну і ну! Набраўся я розуму!

- Вось так! - сказаў чалавечак у чырвоным каптане. - Цяпер ведаеш, што з торбай рабіць, як быць?

- Ведаю! - сказаў бядняк.

Падзякаваў і пайшоў адразу да свайго багатага брата.

Прыйшоў і кажа слугам:

- Хутчэй клічце брата сюды, важны клопат да яго ёсць!

Выйшаў багацей, смяецца:

- Зноў па даўгі прыйшоў, жабрак!

А бядняк кажа:

- Што ты, брат мой шаноўны! Атрымаў я новы падарунак ад чалавечка ў чырвоным каптане. Апошні. Мабыць, ён самы лепшы і ёсць. Давай мяняцца?

Узяў багаты брат торбу, павесіў цераз плячо, махнуў кіем і кажа:

- Ну, жабрак, не бачыць табе і гэтага падарунка!

Стукнуў тады бядняк кіем па торбе і крыкнуў:

- Торба, дай розуму!

Як выскачылі сем чалавечкаў у зялёных каптанах, як пачалі багацея лупцаваць, дык ён закрычаў:

- Братка, братка, пашкадуй мяне! Спыні іх!

А бядняк стаіць, паглядвае.

- Не, - кажа, - пакуль яшчэ іх спыняць рана. Вось набярэшся ты розуму, тады і спынім.

А чалавечкі ў зялёных каптанах малоцяць багацея! Багацей крычыць:

- Браткі! Адпусціце! Не біце!

А тыя, ведай, дубасяць яго.

Убачыў багацей, што так не вырабіцца з бяды, скумекаў хутка.

- Жонка! - крычыць. - Нясі залатую капеечку!

Бядняк кажа:

- І абрус не забудзь!

А багацей услед паўтарае:

- І абрус, абрус не забудзь!

Аддаў ён бедняку залатую капейку і абрус-самабор.

 



Пераклад: Віктар Гардзей