epub
 
Падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

Тры матылькі

Нямецкая казка

Жылі-былі тры матылькі - белы, чырвоны і жоўты. Усе дні навылёт толькі і клопату ў іх было, што гуляць ды танцаваць. Асабліва калі сонца прыгравала. Пырхаюць матылькі з кветкі на кветку, з адной на другую. Вось дзе весела! Але аднойчы пайшоў праліўны дождж. Вымаклі матылькі і пачалі шукаць, дзе б схавацца. А дождж усё лье.

Дабраліся матылькі да Белай Лілеі і кажуць:

- Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца.

Лілея ім у адказ:

- Так і быць, белага матылька ад дажджу схаваю, ён на мяне падобны, а чырвоны і жоўты няхай сабе іншага месца шукаюць.

Тут белы матылёк ёй і кажа:

- Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!

І паляцелі далей.

А дождж яшчэ гусцейшы лье. Падляцелі матылькі да Чырвонага Цюльпана і кажуць:

- Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца, мы наскрозь прамоклі.

Цюльпан ім у адказ:

- Добра, чырвонага схаваю, ён на мяне падобны, а белы і жоўты няхай сабе іншага месца шукаюць.

Тут чырвоны матылёк яму і кажа:

- Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!

І паляцелі далей.

Дабраліся матылькі да Жоўтай Ружы і кажуць:

- Прымі нас, дазволь ад дажджу схавацца, мы наскрозь прамоклі.

Ружа ім у адказ:

- Жоўтага схаваю, ён на мяне падобны, а белы і чырвоны няхай сабе іншага месца шукаюць.

Тут жоўты матылёк ёй і кажа:

- Калі ты маіх брацікаў прыняць не хочаш, то і я да цябе не пайду! Лепш нам разам пад дажджом мокнуць!

Пачула сонца, што за хмарамі хавалася, словы матылькоў і зарадавалася: ёсць жа на свеце сапраўдная дружба! І вырашыла матылькам дапамагчы.

Прагнала сонца дождж і зноў заззяла, сад асвяціла, матылькам крыльцы высушыла. Сталі яны туды-сюды лятаць. Гуляюць, танцуюць, з кветкі на кветку пырхаюць. Толькі да Лілеі, да Цюльпана і да Ружы больш не падляталі. Так тыя і засохлі зусім адзінокія. Весяліліся матылькі, кружыліся да самага вечара. А як вечар надышоў, спаць леглі. Што з імі далей было, пра тое не ведаю. Толькі ведаю, што дружба - у любой бядзе апора.

 



Пераклад: Віктар Гардзей

Беларуская Палічка: http://knihi.com