epub
 
падключыць
слоўнікі

Казкі іншых народаў

За сем дзяўчат прыгажэйшая

Нямецкая казка

Жылі-былі ў адной вёсачцы муж з жонкай. І была ў іх адна-адзіная дачка. Такая разумніца, працаўніца! Усё ж яна дома рабіла: мыла, прыбірала, абед варыла. Усюды паспявала: сад перад домам дагледжаны, у доме чыста прыбрана, падлога так і блішчыць. Не нарадуюцца, бывала, на дачку старыя. А ўжо такой рукадзельніцы, майстрыхі шыць ды вышываць усю ваколіцу абыдзі - не знойдзеш. Шыццём-вышываннем яна сваім бацькам на хлеб зарабляла.

Прыгожая была тая дзяўчына - ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Хоць сем самых прыгожых дзяўчат на свеце збяры і побач з ёю пастаў, усё роўна яна прыгажэйшая за ўсіх. Таму яе Сямікрасуняй і назвалі.

А ўжо сціплая была! Ідзе па вёсцы - твар хустачкай прыкрывае. Не хоча, каб людзі на яе глядзелі, яе хвалілі.

Убачыў аднойчы Сямікрасуню каралеўскі сын. Глядзіць, дзяўчына ідзе, як бярозка, стройная. Захацелася яму ў твар ёй зазірнуць, а хустка перашкаджае. Пытаецца ён у сваіх слуг:

- Чаму Сямікрасуня заўсёды хусткай прыкрываецца, так што і твару яе не разгледзець?

Адказваюць слугі:

- Таму, што сціплая без меры.

Паслаў тады прынц слугу з залатым пярсцёнкам да Сямікрасуні і загадаў:

- Прасі дзяўчыну вечарам да векавога дуба прыйсці. Скажы, прынц хоча з табой паразмаўляць.

Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, а прынц як яе твар убачыў, дык закахаўся без памяці. І просіць Сямікрасуню:

- Будзь маёю жонкай!

Яна ж яму ў адказ:

- Ты багаты, а я бедная, мы адно аднаму не пара. Ды і бацюхна твой разгневаецца, калі пачуе, каго ты хочаш за жонку ўзяць.

А прынц на сваім стаіць. Просіць ён яе, моліць, так што Сямікрасуня нарэшце сказала:

- Дазволь колькі дзён падумаць.

На другі дзень каралеўскі сын зноў слугу да Сямікрасуні пасылае і кажа:

- Занясі ёй чаравічкі сярэбраныя, прасі, каб прыйшла вечарам да векавога дуба. Скажы, прынц хоча з табой паразмаўляць.

Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, прынц у яе і пытаецца:

- Ці надумалася жонкай маёю стаць?

- Калі ж мне думаць? - кажа Сямікрасуня. - Галубоў і курэй трэба накарміць-напаіць, капусту нашынкаваць, кашулі сшыць. А што раней думала, ужо сказала: ты багаты, я бедная, мы адно аднаму не пара. Таму не магу табе згоды даць.

Пачаў прынц зноў прасіць яе і маліць. Давялося Сямікрасуні адказаць:

- Добра, падумаю, з таткам, з матуляй маімі параюся.

І вось каралеўскі сын зноў слугу да Сямікрасуні пасылае і кажа:

- Занясі ёй сукенку, золатам вышытую. Прасі, каб прыйшла вечарам да векавога дуба. Скажы, прынц хоча з табой паразмаўляць.

Прыйшла Сямікрасуня вечарам да векавога дуба, прынц у яе і пытаецца:

- Ці надумалася жонкай маёй стаць?

- Калі ж мне думаць? - кажа Сямікрасуня. - І з бацькамі пагаварыць не паспела. Спраў у мяне і ў доме, і на двары столькі, што ўздыхнуць няма калі. Не да вяселля мне! Казала я табе раней і цяпер кажу: не магу табе згоды даць.

Толькі прынц ад Сямікрасуні не адступаецца. Просіць яе, моліць каралевай стаць, клянецца:

- Што б з табой ці са мной ні здарылася, буду табе вернасць хаваць, ніколі з другой не ажанюся.

Зразумела Сямікрасуня, як моцна ён яе кахае, і кажа:

- Згодна я!

Яна ж і сама даўно ўжо яго пакахала. Баялася толькі, што няроўня яму.

Пачалі прынц з Сямікрасуняй з таго дня кожны вечар пад дубам сустракацца. І такія яны былі шчаслівыя! Бачыліся яны, праўда, тайком ад караля. Баяліся, як бы ён не даведаўся, што сын з беднай дзяўчынай сустракаецца.

А пры двары жыла ліхая бабуля-чарняўка. Высачыла іх і каралю данесла.

Разгневаўся кароль, паслаў сваіх людзей дом Сямікрасуні падпаліць: няхай яна ў агні згарыць!

Сямікрасуня якраз ля акенца сядзела, вышывала. Раптам дом загарэўся. Падступіла да яе ў той жа момант полымя, выскачыла яна сама не свая з акенца ды проста ў пусты калодзеж і трапіла. А бедныя яе бацькі разам з домам згарэлі.

Узяла бедачыну туга: гаравала яна, журылася, з калодзежа выходзіць не хацела. Сядзіць дні і ночы навылёт у калодзежы ды плача.

Выплакала Сямікрасуня мала-памалу ўсе свае слёзы і выбралася з калодзежа. Прыйшла на пажарышча роднага дома і некалькі манет з попелу выграбла. Купіла на гэтыя грошы мужчынскае адзенне, апранула яго і пайшла ў каралеўскі двор. Просіць караля:

- Вазьмі мяне ў слугі, буду верна табе служыць, а завуць мяне Гаротнік Злашчасны.

Спадабаўся юнак каралю. Узяў ён яго ў слугі. Служыў Гаротнік каралю верна і старанна. Зусім мала часу прайшло - палюбіў стары кароль Гаротніка больш за ўсіх іншых слуг. Павінен быў ён пры ім неадлучна быць, нікому, акрамя Гаротніка Злашчаснага, не дазвалялася яго каралеўскай асобе прыслугоўваць.

А прынц ад гора сябе не памятаў. Як пачуў, што дом яго суджанай згарэў, замкнуўся ў сваіх пакоях і думае: «Пэўна, і нявеста мая, якая за сем дзяўчат прыгажэйшая, у доме згарэла». Кароль жа вырашыў сына ажаніць, каб ён Сямікрасуню забыў. Хацелася старому каралю дзяржаву сыну яшчэ пры жыцці перадаць. І без каралевы тут ніяк не абыдзешся. Хоць не мог прынц Сямікрасуню забыць, клятву парушыць, аднак давялося яму да дачкі суседняга караля пасватацца. Хочаш не хочаш, і заручыцца з ёю давялося.

Надышоў дзень вяселля. Прыехалі кароль з сынам па нявесту, а світа следам цягнецца. Сумны быў поезд, хоць і вясельны. Наперадзе прынц едзе, Сямікрасуню ўспамінае, слязамі горкімі абліваецца. Ззаду - Гаротнік, а на сэрцы ў яго быццам цяжкі камень ляжыць. Стараўся Гаротнік у хвасце вясельнага поезда трымацца. Не хацелася яму, каб людзі журбу яго заўважылі. А як стаў поезд да нявесцінага замка пад'язджаць, заспяваў Гаротнік, ды так чыста, так звонка:

 

Сямікрасуняю шчасліваю была,

Але Гаротнікам няшчасным стала я!

 

Пачуў прынц песню і пытаецца ў бацькі:

- Хто гэта так хораша спявае?

- Гаротнік, верны мой слуга, - адказвае кароль.

Завёў Гаротнік песню другі раз:

 

Сямікрасуняю шчасліваю была,

Але Гаротнікам няшчасным стала я!

 

Пачуў прынц песню Гаротніка і пытаецца ў бацькі зноў:

- Няўжо, шаноўны бацюхна, гэта і праўда Гаротнік, твой слуга, спявае?

- А хто ж яшчэ? - адказвае стары кароль. - Нікому болей так не заспяваць!

Як пад'ехаў поезд да самых варот замка, завёў Гаротнік песню трэці раз:

 

 

Сямікрасуняю шчасліваю была,

Але Гаротнікам няшчасным стала я!

 

Павярнуў тут прынц каня, падскакаў да Гаротніка, заглянуў юнаку ў твар і самлеў: «Сямікрасуня, ды і толькі!» Хаця і пазнаў ён сваю суджаную, але ні слоўца не вымавіў, толькі галавой ёй ласкава кіўнуў. Павярнуў каня і зноў наперад паскакаў.

Гасцей у нявесціным замку сабралася - не пералічыць. Усе падданыя з двух каралеўстваў прыехалі. Пачалі госці спяваць, скакаць, казкі расказваць. Вось нявесцін бацька і кажа:

- Давайце адзін аднаму загадкі загадваць, а жаніх няхай пачынае.

Загадаў прынц загадку:

- Была ў мяне шкатулка каштоўная, і неяк страціў я да яе ключык. Загадаў майстру новы вырабіць. Вярнуўся дамоў, гляджу - ранейшы ключык на стале ляжыць. Вось і адгадайце загадку, ваша каралеўская вялікасць, які ключык мне даражэй - ранейшы ці новы?

- Ясная справа, ранейшы! - адказвае нявесцін бацька.

Не ведаў ён, што сам дачцэ прыгавор вынес.

А прынц яму і кажа:

- Калі так, забірай сваю дачку назад. Не магу я яе за жонку ўзяць, таму што ранейшае маё каханне знайшлося.

Падышоў прынц да Сямікрасуні, за руку яе ўзяў, да бацькі падвёў.

Стары кароль нічога зразумець не можа:

- Ды гэта ж Гаротнік, верны мой слуга!

- Шаноўны бацюхна, не Гаротнік гэта, а Сямікрасуня, нявеста мая!

Адкрыліся тут у прыдворных вочы, убачылі яны, якая цудоўная дзяўчына ў мужчынскім адзенні.

Адзін кароль нічога чуць не жадае, усё сваё сцвярджае:

- Якая там Сямікрасуня! Слугі ж яе разам з домам спалілі. Гаротнік гэта, верны мой слуга!

Разгневаўся прынц, зразумеў, што бацька яго нявесту загубіць хацеў, што гэта ён яе бацьку з маці жыўцом спаліў. Узяў ён Сямікрасуню за руку і кажа каралю:

- Не магу дараваць табе тваю лютасць. Не патрэбна нам тваё багацце. Рукі-ногі ў нас ёсць, а на хлеб мы заўсёды заробім.

І пайшлі яны куды вочы глядзяць. Але баюць - шчасліва яны жылі, дружна, моцна адно аднаго любілі, ніякай працы не цураліся. Сямікрасуня ж майстрыхай была, ды і прынц рамяству навучыўся. Так што ні голаду, ні холаду яны не ведалі.

 



Пераклад: Віктар Гардзей