epub
 
падключыць
слоўнікі

Кэнэт Грэхэм

Лагодны цмок

Вельмі-вельмі даўно - шэсцьсот, а можа, і семсот год назад - у маленькім дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе дні (а часам і ночы) пастух праводзіў высока ў гарах, і за сяброў яму там былі толькі сонца, зоркі, бараны ды авечкі. А людзі жылі з другога боку даліны ў вялікай шумнае вёсцы.

Маленькі пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавіў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнігі, якія яму з радасцю давалі чытаць і тамтэйшы святар, і тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлівы, мілы і таму вельмі ўсім падабаўся. Бацькі таксама моцна любілі свайго сыночка і ганарыліся ім, хоць нічога такога ніколі пры ім не казалі. Яны заўсёды дазвалялі хлопцу займацца сваімі справамі і ставіліся да яго як да роўнага. Бацькі разумелі, што кніжныя веды часам вельмі добра прыдаюцца ў жыцці.

Больш за ўсё хлопчыку падабаліся кнігі па прыродазнаўству і казкі. Ён чытаў іх усе запар, адну за адной, нібыта складаючы сэндвіч (і нам яго метода падаецца даволі-такі слушнай).

Іх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што...

Адным вечарам пастух, які апошнім часам быў чамусьці нейкі знерваваны і заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукі ў яго дрыжалі ад жаху.

Жонка і сын сядзелі за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.

Пастух узрушана прамовіў:

- Усё, Марыя, хопіць з мяне. Я болей не магу хадзіць у горы, і ніхто мяне не прымусіць гэта рабіць.

- Ну што ты, супакойся, - сказала жонка (а гэта была вельмі разумная й разважлівая жанчына), - сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, і мы разам вырашым, што рабіць.

- Гэта пачалося некалькі дзён назад, - пачаў свой расказ пастух. - Ведаеце тую пячору на левым схіле? Я чамусьці заўсёды яе недалюбліваў. Дый авечкам яна ніколі не падабалася, а вы самі ведаеце, што калі ўжо авечкі што-небудзь не ўпадабаюць - нічога добрага чакаць не даводзіцца. Дык вось, апошнім часам з тае пячоры чуліся нейкія цяжкія ўздыхі, сапенне і дзіўны храп. Так, так, сапраўдны храп, які ішоў аднекуль здалёк і знізу. Вядома, я часам і сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусім не тое, разумееце?

- Я разумею, - ціха прамовіў хлопчык.

- Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзіць. Вельмі ўжо добрая там расце трава! І вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкі бліжэй. І там, побач з пячорай... О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!

- Убачыў каго? - запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.

- Дык я ж кажу: яго! - адказаў пастух. - Ён напалову высунуўся з пячоры і дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такі рамантычны выгляд... А велічынёй ён з нашую хату і ўвесь пакрыты буйною бліскучай луской, цёмна-блакітнай на спіне і бледна-зялёнаю на жываце. А калі ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць іскрынкі. Ён паклаў галаву на пярэднія лапы і ціха мармытаў, нібыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нічога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу - паводзіў ён сябе вельмі прыстойна. І выгляд у яго міралюбівы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калі паглядзець з іншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далібог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявіць, што мне гэта не прыснілася. Не, я ніколі да гэтага не прызвычаюся і ніколі ўжо не прымушу сябе зноў хадзіць у горы.

Хлопчык, які, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў і не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнігу, пазяхнуў і, пачухаўшы патыліцу, сонным голасам прамовіў:

- Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькі цмок.

- Усяго толькі цмок?! - раз'юшыўся бацька. - Начытаўся рознай дрэні! Я табе пакажу «цмок»! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!

- Але, гэта ўсяго толькі цмок, - паўтарыў хлопчык. - Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я - я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора - цмокава. Я быў упэўнены, што некалі яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзіся, тата, нічога дзіўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явіўся цмок. Я болей здзівіўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакінь гэтую справу мне і не турбуйся болей.

Я паспрабую схадзіць да пячоры заўтра зранку ці схаджу ўвечары, бо зранку, відаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, і ты ўпэўнішся, што ўсё добра і няма чаго хвалявацца.

Але ты павінен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзін. Бо ты зусім не разумееш цмокаў і выпадкова можаш яго пакрыўдзіць. А цмокі вельмі ўразлівыя і чуллівыя істоты.

- Наш сын мае рацыю, - разважным голасам сказала маці. - Ён шмат чытае і сапраўды ўсё ведае пра цмокаў і розных іншых жывёл, якія сустракаюцца ў кнігах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную істоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусім адзін, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовіцца няма з кім. Можа, мы маглі б што-небудзь зрабіць для яго. Ну, а калі раптам гэты цмок не зусім прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветліць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмі ветлівы, і звычайна ўсе любяць пагутарыць з ім.

Наступным вечарам, папіўшы гарбаты, хлопчык выправіўся ў горы. Ён ішоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалі толькі яны з бацькам.

Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, ляніва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.

Перад ягонымі вачыма распасціраўся цудоўны краявід: улева і ўправа хвалямі дыбіліся голыя горныя вяршыні, унізе, у даліне, можна было разгледзець белыя ніткі дарог, якія цягнуліся праз сады і прыгожыя палі, а на даляглядзе віднеліся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду і гуляў з маладой траўкай. У аксамітных цёмна-блакітных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзіка.

Не дзіва, што цмок быў у паэтычным настроі. Выглядаў ён вельмі задаволеным, а калі хлопчык падышоў бліжэй, дык са здзіўленнем пачуў, што цмок ціхенька нешта вуркоча.

«Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, - падумаў хлопчык. - Ніводная кніга не кажа, што цмокі вуркочуць».

- Прывітанне, цмок, - ціха сказаў хлопчык, падыходзячы зусім блізка.

Пачуўшы яго хаду, цмок зрабіў быў ветлівую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькі хлопчык, сурова насупіў бровы.

- Толькі паспрабуй мяне ўдарыць, - закрычаў цмок, - ці кінуць каменем, ці абліць вадой, ці яшчэ што-небудзь! Не смей гэтага рабіць, а то я...

- Ды не збіраюся я цябе чапаць, не бойся, - стомлена сказаў хлопчык і апусціўся на траву побач з жывёлай. - І, калі ласка, не кажы мне «не смей» - я ўвесь час толькі «не смей» і чую. А гэта так надакучвае, разумееш? Я проста зайшоў, каб даведацца, як твае справы. Можа, табе трэба што, ну й гэтак далей. Але калі я перашкаджаю, дык магу хуценька прыбрацца адсюль. У мяне шмат сяброў, і ніводзін не скажа, што я маю звычку каму-небудзь навязвацца.

- Ну, прабач, не крыўдуй на мяне, - хуценька перапрасіў цмок. - Мне будзе прыемна пагутарыць з табою. Калі ласка, не спяшайся сыходзіць. Я, ведаеш, удзень увесь час заняты, ніводнай вольнай хвілінкі няма, даражэнькі ты мой, ніводнай вольнай хвілінкі! Але ўвечары... Дый, паміж намі кажучы, увогуле бывае крыху сумнавата.

Хлопчык сарваў сцяблінку, пажаваў яе.

- Ты тут надоўга? - спытаў ён у цмока.

- Нават не ведаю, што адказаць. Пэўна яшчэ не вырашыў, - сказаў цмок. - Я ж тут зусім нядаўна, трэба добра агледзецца, памеркаваць, а тады ўжо вырашаць. Сам разумееш, што ўсталявацца надоўга - вельмі складаная і сур'ёзная справа. Але мясціны тут неблагія. І апроч таго павінен табе прызнацца (хоць ты пра мяне, напэўна, ніколі б так не падумаў, але ўжо што ёсць, то ёсць), - я страшны гультай.

- Ты мяне здзіўляеш, - ветліва заўважыў хлопчык.

- Так, так, гэта сумная праўда, - пацвердзіў цмок, уладкоўваючыся яшчэ ўтульней. Ён быў страшна задаволены, што нарэшце ёсць з кім паразмаўляць. - Я нават думаю, што трапіў сюды менавіта таму, што я гультай. Разумееш, усе астатнія былі такія жвавыя, такія дзейныя, яны вельмі сур'ёзна і адказна ставіліся да сваёй справы: увесь час буянілі ці ладзілі шалёныя бойкі, кідаліся ачышчаць пяскі ў пустэльні ці ўціхамірвалі марскія хвалі, а то палявалі на рыцараў ці выкрадалі прынцэс - чаго толькі яны не выдумлялі! Ну, а што да мяне, дык я заўсёды любіў есці строга па раскладзе - рэжым, ведаеш, вельмі істотная рэч, а тым болей для цмокаў. Пад'еўшы, я абапіраўся спінаю аб якую-небудзь утульную скалу і драмаў, а прачнуўшыся, разважаў пра нашае жыццё, якое цячэ, цячэ як рака... Таму, калі ўсё гэта здарылася, я нічога не паспеў зрабіць.

- Калі здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? - папытаўся хлопчык.

- А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзіне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькі нейкі моцны штуршок, жудасны шум, - і ўсё пачало валіцца ў пекла - поўны хаос. Я адразу самлеў, а калі апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, заціснуты з усіх бакоў. Але ж ліха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблівых у мяне няма, і я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся адзін у цішыні ды спакоі. Ніхто не чапляўся да мяне з прапановамі злётаць разам па якую прынцэсу ці прагуляцца за сотню міль, каб паплаваць у моры.

Мне было аб чым паразважаць там, у глыбіні, - мозг працаваў як ніколі, можаш паверыць. Але час ішоў, вакол зусім нічога не мянялася, і я патроху пачаў думаць, што было б цікава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю і рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.

Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявід прыгожы. Дый людзі, з першага погляду, неблагія (блізка я, праўда, з імі яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, відаць, тут і асяду, - скончыў цмок свой расказ.

- А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? - папытаўся хлопчык. - Мне гэта вельмі цікава.

Цмок крыху пачырванеў і пачаў уважліва разглядаць зорнае неба. Потым сарамліва прамовіў:

- Скажы, а ты ніколі - ну так, дзеля забавы - не спрабаваў пісаць вершы?

Хлопчык усміхнуўся:

- Ну, безумоўна, я пісаў вершы, і сякія-такія, на мой погляд, былі вельмі неблагія, але ведаеш, ніхто з маіх паэзіяй асабліва не цікавіцца. Маці заўсёды ўважліва слухае, калі я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк... Ну, не зусім...

- Як я цябе разумею! - радасна крыкнуў цмок. - Вось тое самае і са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробіш?! Але ж ты - ты іншы, я тваю адукаванасць і выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёміліся. І я вельмі хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякіх-такіх невялічкіх твораў, якія самі прыйшлі мне ў галаву, калі я сядзеў унізе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёміліся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што і іншыя суседзі такія ж мілыя і выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмі прыстойнага джэнтльмена, але ён, відаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.

- Гэта быў мой бацька, - растлумачыў хлопчык, - ён сапраўды добры. Калі хочаш, я калі-небудзь вас пазнаёмлю.

- Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? - парадаваўся цмок. - Вядома, калі вы нічым не занятыя, - дадаў ён ветліва.

- Дзякуй за запрашэнне, - усміхнуўся хлопчык. - Але, ведаеш, мы з бацькам ніколі не ходзім у госці без маці, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставіцца да цябе. Што ні кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. І калі ты кажаш, што збіраешся тут асесці ды цікавішся суседзямі, дык баюся, ты не зусім уяўляеш сваё становішча. Ты ж вораг роду чалавечага!

- Нічога падобнага! Ды ў мяне ва ўсім свеце ніводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такіх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другім, дык і сам іхнія вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?

- О, Божа! - уздыхнуў хлопчык. - Ну зрабі ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькі людзі даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамі, дзідамі ды лукамі. Яны палічаць, што ты мусіш быць знішчаны. Бо ты для іх - кара Божая, брыдкі яшчар, агідны монстр, жахлівая пачвара!

- Ва ўсім гэтым аніводнага слова праўды, - урачыста прамовіў цмок, пакруціўшы галавой. - Мая асоба вытрымае сама пільную праверку. Але слухай, калі ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзін невялічкі санет і быў бы ўдзячны, каб ты яго ацаніў.

- Калі не хочаш размаўляць сур'ёзна, - раззлаваўся хлопчык, устаючы, - дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма - мяне чакае маці. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты - жахлівы монстр, а то вокам міргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!

Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоіў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. І бацькі, якія давяралі меркаванням сына, адразу перасталі хвалявацца.

А праз пэўны час хлопчык пазнаёміў з цмокам свайго бацьку. Цмок і пастух нагаварылі адзін аднаму шмат прыемных словаў і рассталіся цалкам задаволеныя сустрэчай.

Але пастухова жонка так і не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок і што ў вёсцы яго ніхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесці ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь ці прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, які захапляецца паэзіяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмі непакоіла).

Маці дазваляла хлопчыку хадзіць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусіў не пазней за дзевятую гадзіну вечара.

Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры і вельмі прыемна бавіў са сваім сябрам час. Шмат ціхіх летніх вечароў правялі яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявідам і з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мінулыя часы, калі цмокаў было шмат, свет быў болей цікавы, а жыццё - поўнае нечаканасцяў і прыгод.

Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сціплы, ціхі і спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цікаўнасці, калі ён памерам з добрую хату і ўвесь пакрыты буйною луской.

Кожны вечар вяскоўцы збіраліся ў шынку і гутарылі толькі пра цмока. Яны абмяркоўвалі яго памеры, яго злосны нораў і страшны выгляд. Вяскоўцы былі напалоханыя, але ў той жа час ганарыліся - не кожная вёска можа пахваліцца сваім уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знішчыць і вызваліць край ад брыдкага яшчара, агіднага монстра і жахлівай пачвары!

На той факт, што за ўвесь час, калі цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, ніхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовішся, а калі ён не жадае паводзіць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!

Размовы размовамі, але героя, які ўзяў бы шчыт, меч і добрую дзіду ды вызваліў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўміручаю славай, - такога героя чамусь не знаходзілася. І таму кожны вечар жыхары вёскі разыходзіліся па хатах незадаволеныя.

А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымі заходамі, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканаліў старыя вершы ды складаў новыя.

Але аднойчы, калі хлопчык зайшоў па нейкіх справах у вёску, ён вельмі здзівіўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былі вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звінелі царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамі, а людзі, апранутыя ў святочныя строі, стаялі абапал дарогі, штурхаліся і радасна шумелі. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра і пачаў прабірацца да яго.

- Што здарылася? - закрычаў ён. - Каго чакаюць? Цырк? Ці мо яшчэ што?

- Усё цудоўна! - крыкнуў сябар яму ў адказ. - Ён едзе!

- Хто едзе? - перапытаў хлопчык.

- Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлі чуткі пра нашага цмока, і вось ён выправіўся ў дарогу, каб знішчыць жахлівага монстра і вызваліць нас з-пад ягонай улады, - растлумачыў сябар. - Уяўляеш, якая будзе бойка?!

Вось навіна дык навіна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца і пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад і, стаіўшы дыханне, пачаў чакаць.

І вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкі, а тады - тупат вялізнага каня. Сэрца ў хлопчыка забілася хутчэй, і ён радасна закрычаў разам з усімі, убачыўшы, як на вуліцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволі ехаў па вуліцы, не зважаючы на радасныя крыкі, мільгаценне рознакаляровых насовак, лямант і плач жанчын, якія на выцягнутых руках паднімалі насустрач герою сваіх немаўлят.

Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, і ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення - да такой ступені рыцарава хараство і грацыя пераўзыходзілі ўсё сама чароўнае, што бачыў ён у сваім жыцці.

Інкруставаныя золатам даспехі блішчалі на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, які звісаў з лукі сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакітныя вочы падаліся хлопчыку суровымі і няўмольнымі.

Святы Георг спыніўся каля шынка, і вяскоўцы кінуліся да яго ўсім натоўпам. Яны віталі героя, дзякавалі яму за прыезд, а болей за ўсё скардзіліся на жахлівую пачвару, якая нясе ім галечу і пагібель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абараніць іх і вызваліць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня і ўвайшоў у шынок, а натоўп паваліў за ім.

Хлопчык з усіх ног кінуўся да цмокавай пячоры. Ніколі яшчэ яму не даводзілася бегаць так хутка.

- Усё скончана, цмок! - закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра. - Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабіць што-небудзь!

Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам - ён старанна вылізваў сваю луску і паліраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава маці. Луска блішчала на сонцы, і цмок выглядаў проста чароўна - здалёк ён нагадваў гіганцкі кавалак бірузы.

- Што гэта на цябе сёння найшло? Хіба можна так крычаць?! - адказаў цмок, не паварочваючы галавы. - Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кіруе назоўнік, і тады скажы - хто прыйшоў?

- Я вельмі рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна, - кпліва сказаў хлопчык, - спадзяюся, ты застанешся такі сама спакойны і вытрыманы і тады, калі пачуеш маю навіну. У вёсцы аб'явіўся Святы Георг - вось так! Ён прыехаў паўгадзіны таму. Вядома, для цябе, такога вялізнага й дужага, бойка з ім - драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзіць цябе на ўсялякі выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднімецца яшчэ на золку, і ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай і востраю дзідай.

І хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.

- Бедны я, няшчасны, - застагнаў цмок, - як гэта жахліва. Не, я не прыму яго ні ў якім разе! Я з ім зусім не знаёмы. І я чамусьці цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павінен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмінова ад'язджаў. Я не магу забараніць яму напісаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць інтэрв'ю. Скажы, што я нікога не прымаю.

- Цмок! Ну, ты што?! - пачаў угаворваць яго хлопчык. - Хіба можна быць такім баязліўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з ім біцца, не сёння, дык заўтра, бо ты - цмок, а ён - Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? «Перш папрацуй, а тады й патанцуй». Зладзім бойку, а тады пішы сабе санеты, колькі ўлезе. Дый трэба ж і пра іншых думаць! Калі табе часам бывае сумна, дык уяві, як сумна бывае мне!

- Шаноўны мой сябар, - цырымонна прамовіў цмок, - я хачу, каб ты раз і назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу біцца, і я не буду біцца. Ніколі за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках і пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збіраюся. У былыя часы я заўсёды пакідаў бойкі іншым - лепшым за мяне, і я ўпэўнены, што менавіта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.

- Але калі ты адмовішся біцца, дык ён проста адсячэ табе галаву! - жахнуўся шаноўны сябар і вельмі засмуціўся: яму шкада было не ўбачыць бойкі і яшчэ болей шкада згубіць такога сябра.

- Ну, я не думаю, што ўсё ўжо гэтак дрэнна, - ляніва сказаў цмок. - Ты ж знойдзеш якое-небудзь выйсце. Я цалкам табе давяраю і ўпэўнены, што ты цудоўна ўсё ўладзіш. А цяпер, ідзі, даражэнькі мой, і як-небудзь там ужо дамоўся. Я на цябе вельмі спадзяюся.

Хлопчык, у маркотным настроі, не спяшаючыся, пацягнуўся да вёскі. Па-першае, ён быў засмучаны, што бойкі не будзе, а па-другое, ён быў расчараваны, што яго ўлюбёны цмок не паказаў сябе як адважны ваяр.

- «Знойдзеш выйсце», «уладзіш справы», - ледзь не плачучы, разважаў ён. - Цмок, пэўна, думае, што ад бойкі гэтак жа лёгка адмовіцца, як ад запрашэння на гарбату ці на партыю ў кракет.

Калі хлопчык прыйшоў у вёску, вяскоўцы ў цудоўным настроі разыходзіліся па хатах. Усе голасна абмяркоўвалі бойку, якая павінна была адбыцца на наступны дзень. Хлопчык скіраваў да шынка і, калі ўвайшоў, убачыў Святога Георга, які сядзеў за сталом. Той сядзеў у адзіноце, узважваючы свае шанцы ў заўтрашняй бойцы ды прыгадваючы сумныя, поўныя крыві і жаху расказы пра цмокавых ахвяраў (а такіх расказаў яму давялося выслухаць ніяк не меней за сотню).

- Святы Георг, можна мне ўвайсці? - ветліва запытаў хлопчык, спыніўшыся ля дзвярэй. - Я хацеў бы паведаміць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калі гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.

- Заходзь, заходзь, мілы хлопчык, - прыязна прамовіў Святы Георг. - Яшчэ адна сумная гісторыя, так я разумею? Жахлівы яшчар пакінуў цябе сірацінаю? Ці, можа, ты аплакваеш сястру ці брата? Суцешся. Хутка ён сплаціць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявінныя ахвяры!

- Ды нічога такога, - пачаў хлопчык. - Проста адбылося пэўнае непаразуменне, і я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта - добры цмок.

- Але, але, - усміхнуўся Святы Георг, - я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброі, што гэта не нейкі там ледзь жывы прадстаўнік гэтай шкоднай пароды.

- Ды я ж кажу, што ён зусім не шкодны! - узрушана крыкнуў хлопчык. - Божа, як людзі дурнеюць, забіваючы сабе галаву немаведама чым і не жадаючы думаць! Калі я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавіта, што ён добры! Гэты цмок - мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гісторыі пра тыя даўнія часы, калі ён яшчэ сам быў маленькі. Ён такі добры, што з ім пасябравала нават мая маці, і яна гатовая дзеля яго на ўсё. І бацька палюбіў яго, хоць бацька ў мяне не надта цяміць у мастацтве ды паэзіі і заўсёды засынае, калі цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся з ім, проста немагчыма яго не палюбіць! Ён такі чароўны, ды яшчэ такі даверлівы і просты - як дзіця!

- Вазьмі крэсла і сядай бліжэй, - сказаў Святы Георг. - Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, і, відаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасці, іначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусім не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем і гневам я выслухоўваў поўныя слёз і смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былі занадта эмацыянальныя і не заўсёды вельмі пераканаўчыя, але агульная карціна злачынстваў ясная. Гісторыя вучыць нас, мілы хлопчык, што шмат хто з сама адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваім крэўным і блізкім. Таму я лічу, што твой выхаваны і адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасці (якія заслужана выклікаюць тваю павагу і захапленне), павінен быць знішчаны як мага хутчэй.

- Дык ты паверыў усім гэтым байкам?! - расхваляваўся хлопчык. - Ну, вядома ж, ты тут чужынец і не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамітая сваімі выдумшчыкамі. А сказаць табе, што для іх сама галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам іх не кармі - падавай бойку! Усё роўна якую: сабакі - добра, пеўні - добра, цмокі - яшчэ лепш! Між іншым, нават цяпер у стайні яны трымаюць ні ў чым не вінаватага барсука. Яны збіраліся пазабавіцца з ім сёння ўвечары, але з'явіўся ты - яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкі пераконвалі цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму што будзеш змагацца за добрую справу. Ці не так? Але якраз у гэтую хвіліну яны б'юцца аб заклад і ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока!

- Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! - сумна прамармытаў Святы Георг і паклаў галаву на рукі. - Так, свет поўны зла, і часам падаецца, што яно існуе само па сабе і зусім не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. І ўсё ж, - Святы Георг насцярожана падняў галаву, - можа, каварная істота цябе сюды паслала з тайным намерам абяліць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?

Скончыўшы прамову, Святы Георг зірнуў на хлопчыка і, схамянуўшыся, пашкадаваў аб сваіх словах - у хлопчыка быў яўна расчараваны і непрыемна здзіўлены выгляд.

- Я клянуся табе, Святы Георг, - шчыра сказаў ён, - нічога такога ў яго чыста прыбранай пячоры няма. Цмок сапраўдны джэнтльмен - ад носа да кончыка хваста. І ён быў бы неверагодна шакіраваны і засмучаны, калі б пачуў, як вольна ты разважаеш пра рэчы, наконт якіх у яго вельмі кансэрватыўныя погляды.

- Ну, прабач, калі ласка, відаць, я сапраўды занадта даў веры ўсім гэтым гісторыям і пакрыўдзіў ні ў чым не вінаватую жывёлу. Але што нам рабіць цяпер? Паводле правілаў, мы з цмокам павінны прагнуць крыві і смерці адзін другога. Я не бачу ніякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзіш справу?

- Ну вось, тое самае сказаў цмок, - уздыхнуў хлопчык. - Ваш з цмокам давер вельмі мяне кранае, але што з таго... А ты не можаш проста ціхенька з'ехаць адсюль?

- Не, баюся, гэта немагчыма, - у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг. - Не па правілах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.

- Ну, тады вось што, - прапанаваў хлопчык. - Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзім да цмока і там абмяркуем нашае становішча. Ён жыве недалёка і будзе рады бачыць любога майго сябра.

- Гэта таксама не па правілах. Я ніколі не наносіў візіты цмокам, - адказаў Святы Георг, устаючы. - Але, напэўна, нічога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына, - дадаў ён, скіроўваючы да дзвярэй. - Не кожны можа пахваліцца такім сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, і ніякай бойкі не будзе.

- Але ж я спадзяюся, што будзе, - адказаў верны цмокаў сябар.

 

- Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! - гучна паведаміў хлопчык.

Цмок, які салодка драмаў, адразу прачнуўся.

- Я тут крыху задумаўся, - сказаў ён. - Вельмі прыемна пазнаёміцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор'е...

- Гэта Святы Георг, - абсек яго хлопчык. - Святы Георг, дазволь пазнаёміць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлі сюды, каб спакойна і сур'ёзна абмеркаваць нашае становішча. Таму я буду вельмі ўдзячны, калі ты забудзешся на ўсе свае высокія ідэі і тэорыі і падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому. Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае маці.

- Вельмі рады сустрэчы, Святы Георг, - знервавана пачаў цмок, - я чуў, што ты вядомы падарожнік, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, і калі цябе зацікавяць гістарычныя помнікі, якія захаваліся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем...

- Мне падаецца, - прыязна перапыніў яго Святы Георг, - што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра і паспрабаваць знайсці выйсце, якое б задаволіла і цябе, і мяне. Сама простае, на мой погляд, - зрабіць усё па правілах - зладзіць бойку, і няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, - дадаў ён, - там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.

- Цмок! Ну, пагадзіся, калі ласка! Як будзе цудоўна! - узрадаваўся хлопчык.

- Мой юны сябар, змоўкні зараз жа! - сурова спыніў яго цмок. - Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамі, маімі адзінымі сябрамі, просьбу. Але ж усё гэта - поўная бязглуздзіца, дзікунскія норавы і агульная тупалобасць. Уся справа выскваркі не вартая. Зразумейце: біцца я не збіраюся, і таму няма пра што нават гаворку весці.

- Але ж я, відаць, магу прымусіць цябе біцца?! - неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.

- Ні ў якім разе! - з трыюмфам адказаў цмок. - Я залезу ў сваю глыбокую нару і буду там спакойна адпачываць. І табе вельмі хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькі ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў - бо, шчыра кажучы, гэтыя мясціны прыйшліся мне даспадобы, і я думаю тут застацца.

Пэўны час Святы Георг моўчкі пазіраў на прыгожы краявід. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:

- Ты толькі паглядзі, якое чароўнае месца для бойкі! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугі гор, мае залатыя даспехі на фоне тваёй блакітнай скуры, якая ажно зіхціць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца відовішча!

- Напінаеш на мае мастацкія схільнасці? - усміхнуўся цмок. - Нічога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карціна магла б быць цудоўная, - дадаў ён, крыху завагаўшыся.

- Ну, нарэшце, - узрадаваўся хлопчык, - здаецца, мы пачынаем набліжацца да справы. Ты ж павінен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялікае жаданне зноў лезці ў гэтую старую брудную нару і сядзець там да скону.

- Цывілізаваныя людзі заўсёды могуць дамовіцца, - разважна сказаў Святы Георг. - Мне трэба будзе праткнуць цябе дзідай, тут ужо нічога не зробіш, але зусім не абавязкова рабіць табе балюча. Ты такі вялізны, што ёсць, прынамсі, некалькі неістотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмі балюча.

- Не, Георг, - засаромеўся цмок, - гэтае месца зусім не падыходзіць. Нават калі мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе і нават вельмі), але нават калі не будзе, дык будзе козытна - я зарагачу і ўсё сапсую.

- Добра, - цярпліва ўздыхнуў Святы Георг, - а калі вось тут, пад падбароддзем, - тут у цябе такія тоўстыя складкі ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.

- Так яно так, але ж ці здолееш ты патрапіць дзідай туды, куды трэба? - захваляваўся цмок.

- Ну вядома! - пакрыўджана запэўніў яго Святы Георг. - Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзіся на мяне.

- Менавіта таму я і хвалююся, што нічога іншага мне не застаецца, - крыху раздражнёна адказаў цмок. - О, я ведаю, ты будзеш вельмі шкадаваць, калі выпадкова, у спешцы, зробіш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, - дадаў ён па-філасофску, - часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.

- Паслухай, цмок, - незадаволена сказаў хлопчык, якому зусім не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакі, - нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павінна адбыцца бойка, вядома, ты павінен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?

- Святы Георг, - звярнуўся цмок да рыцара, - растлумач, калі ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?

- Ну, згодна з правіламі, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, - сказаў Святы Георг.

- Абсалютна верна, - падцвердзіў цмок. - А потым?

- Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў і прамоў, - працягваў Святы Георг. - Я растлумачу, што ты скарыўся і зразумеў усе свае мінулыя памылкі, ну, і гэтак далей.

- Так, так, - падганяў яго цмок, - а потым?..

- А потым... потым, відаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды...

- Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, - банкет - сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, - сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, - я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзіноты. Ніхто па-сапраўднаму мяне не ведае і таму не можа ацаніць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара і нашага агульнага сябра - Святога Георга, які так клапоціцца пра мяне, я збіраюся ўвайсці ў свет. Магу запэўніць, што ў мяне дастаткова якасцей, якія дазволяць мне быць як жаданым госцем, так і шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовіліся, і цяпер, калі вы не супраць... Я старамодны і зусім не хачу падацца няветлівым... але ўжо даволі позна...

- Глядзі, цмок, ты павінен выканаць сваю долю працы як след, - зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. - Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе - усякае там цмакаванне, полымевывярганне.

- З цмакаваннем усё будзе як мае быць, - даверліва адказаў цмок, - а вось полымевывярганне... Проста дзіва, як хутка знікаюць звычкі, калі няма практыкі. Але я паспрабую. Дабранач!

Святы Георг і хлопчык спусціліся з гары і падыходзілі ўжо да вёскі, калі Святы Георг спыніўся, як шыбануты маланкай.

- Які дурань! Як жа я мог запамятаваць?! - крыкнуў ён. - Павінна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памірае ад жаху і чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?

Хлопчык пазяхнуў і адмоўна пакруціў галавой.

- Я паміраю ад стомы, - прастагнаў ён. - Цяпер я ўжо не магу знайсці табе ні прынцэсы, ні каго б там ні было яшчэ. Мяне чакае маці, і яна, напэўна, пачала ўжо непакоіцца. Калі ласка, да заўтра не прасі ў мяне больш ні пра што.

Наступнаю раніцай, як толькі ўзышло сонца, людзі пачалі збірацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былі апранутыя ў святочныя строі і неслі з сабою кошыкі з ежай і пітвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволі складана, бо бойка ёсць бойка, і ў цмока быў такі самы шанец на перамогу, як і ў Святога Георга. І калі пераможа цмок... Нават тыя, хто паставіў на яго свае грошы, адчувалі, што наўрад ці цмок будзе разбірацца, хто падтрымліваў яго, а хто не. Таму месцы выбіраліся з перасцярогай - каб можна было даць драла, калі раптам выпадзе такая патрэба.

Першыя рады былі занятыя ў асноўным дзецьмі, якія здолелі ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, і, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качаліся па траве, куляліся, шчыкалі адно аднаго і зусім не зважалі на нервовыя заўвагі, якія ім наўзахапкі рабілі мацеркі з апошніх радоў.

Хлопчык заняў месца ў першым радзе, бліжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Ці можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульні? Ці, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без аніякіх рэпетыцыяў, і ў апошні момант пабаіцца высунуць з пячоры нос?

Хлопчык ні на хвіліну не адводзіў позірку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там ніякіх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары і сядзеў глыбока пад зямлёй.

Нарэшце, калі ўсе месцы на ўзвышшах былі ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкі, у паветра паляцелі капялюшы. Але хлопчык, які сядзеў бліжэй да пячоры, нічога не ўбачыў. І толькі праз хвіліну ён, як і кожны, змог разгледзець Святога Георга, які на вялікім баявым кані, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзіну пляцоўкі перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, і ён сам выглядаў чароўна і ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва і хвост разляталіся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехі блішчалі так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзіду, на кончыку якой трапятаўся маленькі белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, і конь знерухомеў.

Гледачы занерваваліся і крыху адсунуліся назад. Нават малыя хлапчукі перасталі тузацца і цягаць адзін аднаго за валасы. Усе стаілі дыханне. Запанавала цішыня.

«Давай, цмок! Давай!» - шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.

Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступені гульня захапіла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку і адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзі назад, што ён зноўку зрабіўся маленькім цмачанём, якое са сваімі братамі і сёстрамі гуляе на падлозе матчынай пячоры ў «святых і цмокаў», гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.

Раптам з пячоры данеслася басавітае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, і нарэшце ўся даліна запоўнілася жахлівым рыкам, які нібыта павіс у паветры. У гэтую хвіліну ўваход у пячору захінуўся воблакам дыму, і адтуль, як ракета, вылецеў зырка бліскучы, цёмна-блакітны цмок! Натоўп выдыхнуў: «Вооо-ох!» Цмокава луска зіхцела так, быццам з яе струменіліся промні святла, доўгі спічасты хвост біў па баках, вострыя пазуры дралі зямлю, і яе камякі разляталіся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валілі дым і агонь.

- Выдатна, цмок! - з захапленнем закрычаў хлопчык. - Ніколі не мог падумаць, што ў яго такі талент, - дадаў ён цішэй.

Святы Георг апусціў дзіду, нахіліў галаву і, уцяўшы каня шпорамі ў бакі, панёсся наперад. Цмок з рыкам і віскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакітная луска, залатыя даспехі, рык, дым, клацанне зубоў, агонь...

- Прамахнуўся!!! - залямантаваў натоўп.

Праз якую хвіліну клубок з залатых даспехаў і блакітнай лускі раскруціўся, і Святы Георг, патрасаючы дзідаю ў паветры, адляцеў на баявым кані ўбок і спыніўся толькі каля ўвахода ў пячору.

Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў і пачаў злосна брахаць.

«Першы раўнд скончыўся, - падумаў хлопчык. - Як цудоўна ў іх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!»

Нарэшце Святы Георг здолеў прымусіць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з ілба пот і агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усміхнуўся, падміргнуў яму і на імгненне падняў тры пальцы.

«Ага, значыць, у іх усё спланавана, - зразумеў хлопчык. - Будуць біцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглі б пагуляць і трошкі даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?»

Цмок выкарыстоўваў хвіліну перапынку, каб пацешыць публіку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, відаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмі проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялікім крузе і пускаць уздоўж пазваночніка хвалі - ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калі ўлічыць, што хвалі бягуць па цёмна-блакітнай лусцы, дык можна ўявіць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабіцца ў публікі поспеху, можна лічыць, спраўдзілася.

Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэліў на цмока дзіду і паволі рушыў наперад.

- Наперад!!! - грымнулі гледачы.

Цмок адразу перастаў цмакаваць і, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакі вялікімі нязграбнымі скачкамі і пры гэтым вішчаў, як чырванаскуры індзеец. Не дзіва, што такія паводзіны збянтэжылі каня, і ён так хутка і рэзка кінуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошні момант учапіцца за конскую грыву. Калі ён праносіўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамі і паспрабаваў ухапіць каня за хвост. Бедная жывёліна, напалохаўшыся ледзь не да смерці, паімчала наўзгалоп, зусім ужо не разбіраючы дарогі. У Святога Георга вылецела са стрэмені нага, і цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусіць каня спыніцца.

Пасля другога раўнда гледачы пачалі голасна вітаць цмока. Было відаць, што ім спадабаліся ягоныя спартовыя паводзіны. Да цмока, які гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзі і высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмі шчаслівы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.

Тым часам Святы Георг спешыўся і, падцягваючы папругу, з усходнім красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго і пра ўсіх яго сваякоў.

Хлопчык прабраўся да рыцара і, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзіду.

- Усё было цудоўна, Святы Георг, - выдыхнуў ён. - Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялі б?

- Не думаю, - адказаў рыцар. - Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вітаюць, раздзьмецца ад пыхі, і яшчэ невядома, што можа прыйсці яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.

Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзіду і ласкава ўсміхнуўся яму.

- Не хвалюйся, - сказаў ён, - я добра прыкмеціў, куды біць, а цмок са свайго боку зробіць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзіны шанец трапіць на банкет.

Святы Георг напусціў на сябе суровасць, зручней узяў дзіду і, прыціснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а ціхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся і заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы бліжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, і абодва змагары пачалі моўчкі кружыць па пляцоўцы. Гледачы баяліся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволі доўга - аж некалькі хвілін, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукі Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякі зямлі - усё змяшалася, і калі пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылі і кінуліся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпілены да зямлі дзідай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца і стаяў у цмока на пузе.

Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забіты, і, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калі ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хітра падміргнуў хлопчыку і зноў «знепрытомнеў». Ён быў сапраўды моцна прышпілены да зямлі, але дзіда патрапіла якраз у дамоўленае месца, так што крыві не пралілося ні кроплі.

- Хіба вы не збіраецеся адсячы яму галаву, сэр? - спытаў у Святога Георга адзін з тых, хто ставіў на цмока і цяпер, зразумела, прагнуў помсты.

- Мне здаецца, што сёння гэта рабіць не варта, - прыязна ўсміхнуўшыся, адказаў Святы Георг. - Цяпер жа гэта можна зрабіць калі заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з ім сур'ёзна пагутару і спадзяюся, ён зразумее свае памылкі.

Пачуўшы магічнае «падмацуемся», натоўп выстраіўся роўнымі шэрагамі і чакаў сігналу выступаць. Час, калі можна было балбатаць, вітаць, біцца аб заклад, мінуўся - настаў час дзейнічаць. Ухапіўшы дзіду абедзвюма рукамі, Святы Георг выцягнуў яе з зямлі і вызваліў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл і ўважліва агледзеўся - ці добра ён выглядае?

Нарэшце ўсе рушылі: наперадзе Святы Георг на баявым кані, следам утаймаваны цмок з хлопчыкам, і крыху за імі - усе астатнія. Так яны дайшлі да шынка.

Калі Святы Георг крыху падмацаваўся, ён выйшаў да жыхароў вёскі і выступіў перад імі з урачыстай прамовай. У прамове ён даводзіў, што, прыклаўшы шмат намаганняў, вызваліў іх з-пад улады злоснага монстра. Цяпер ім няма болей на што скардзіцца, і ў вёсцы павінен запанаваць мір і спакой. Рыцар зазначыў, што надта захапляцца бойкамі - непрыстойна, бо можа надысці час, калі ім давядзецца змагацца самім, а гэта зусім не тое, што глядзець на бойку здалёк. Святы Георг сказаў, што ведае пра барсука, якога яны трымаюць у стайні, і загадаў тэрмінова яго адпусціць. Потым ён паведаміў, што цмок адумаўся, зразумеў, што паводзіў сябе недаравальна, і абяцаў болей так не рабіць. Калі ж цяпер вяскоўцы пасябруюць з цмокам і папросяць яго застацца ў гэтых мясцінах, дык ён, можа, нават і пагодзіцца. Апроч таго, Святы Георг папярэдзіў, што хлусіць і выдумляць усякае рознае - вялікі грэх. На гэтым прамова скончылася. Тады цмок штурхануў хлопчыка ў бок і шэптам прызнаўся, што нават ён сам не здолеў бы сказаць лепей.

Нарэшце воплескі змоўклі, і ўсе разышліся па хатах рыхтавацца да банкету.

Банкеты звычайна - вельмі прыемная рэч, якая заключаецца галоўным чынам у смачнай ежы, пітве і добрай кампаніі. Але сама прыемнае тое, што банкеты ладзяць, калі нешта добра скончылася і ўжо няма пра што хвалявацца. А заўтрашні дзень тады падаецца вельмі далёкім.

Святы Георг быў шчаслівы, што бойка адбылася і яму не прыйшлося забіваць цмока, бо, шчыра кажучы, ён зусім не любіў забіваць, хоць нярэдка, на жаль, бываў вымушаны гэта рабіць.

Цмок таксама быў шчаслівы, што бойка адбылася і ён выйшаў з яе без ніводнае драпіны, ды яшчэ здабыўшы сабе папулярнасць.

І хлопчык быў шчаслівы, што бойка адбылася і, нягледзячы на гэта, абодва ягоныя сябры выдатна пачуваюцца і цудоўна ставяцца адзін да аднаго.

І ўсе астатнія былі шчаслівыя, што бойка адбылася, а больш ім нічога й не было трэба. Шчасце было поўнае!

Цмок паводзіў сябе вельмі шляхетна - ён са скуры вылузваўся, каб кожнаму дагадзіць і сказаць хоць некалькі прыемных словаў. Ён зрабіўся душою кампаніі, і складвалася нават уражанне, што банкет быў наладжаны менавіта ў ягоны гонар. Святы Георг і хлопчык былі ўсяго толькі цмокавымі гасцямі на гэтым свяце. Але цмок зусім не заганарыўся - наадварот, праз кожныя дзесяць хвілін, ён нахіляўся да хлопчыка і прасіў:

- Слухай! Ты ж правядзеш мяне дадому пасля банкету?! Ну, калі ласка!

І хлопчык кожны раз згодна ківаў, хоць абяцаў маці доўга не затрымлівацца.

Нарэшце банкет скончыўся, і ўсе пачалі разыходзіцца. У паветры гучалі запрашэнні, віншаванні, добрыя пажаданні. Развітаўшыся з апошнім госцем, цмок таксама выйшаў на вуліцу. Ён пачухаў патыліцу, сеў пасярэдзіне дарогі і ўтаропіўся ў зорнае неба.

- Якая чароўная ноч! - кепска артыкулюючы, прамовіў ён. - Чароўныя зоркі! Чароўнае месца! Не палезу я ні на якую гару, застаюся тут. Хлопчык абяцаў давесці мяне дадому - вось няхай і, вядзе. Я ні за што не адказваю. За ўсё адказвае ён.

Яго галава ўпала на моцныя грудзі, і цмок мірна заснуў.

- Уставай, цмок! - жаласна прасіў хлопчык. - Ты ж ведаеш, што мяне чакае мама! А ты прымусіў мяне паабяцаць, што я давяду цябе дадому. Каб я ведаў, што так будзе, ніколі б не згадзіўся!

Хлопчык сеў побач з цмокам і горка заплакаў. Дзверы з шынка адчыніліся, на дарогу ўпала палоска святла. Гэта Святы Георг выйшаў падыхаць халодным начным паветрам. Ён быў здзіўлены, убачыўшы перад сабой дзве постаці - вялізнага нерухомага цмока і маленькага хлопчыка, які быў у слязах.

- Што здарылася, маленькі мой сябар? - добразычліва папытаўся ён.

- Гэтая старая тоўстая бочка з элем! - рыдаў хлопчык. - Спачатку прымусіў мяне паабяцаць, што я давяду яго дадому, а цяпер кажа, што за ўсё адказваю я, і сам спакойна засынае! З тым жа поспехам можна завесці дадому тарпу сена! А я так стаміўся, і мяне чакае мама... - і ён зарыдаў яшчэ мацней.

- Не плач. Я табе дапамагу, - супакоіў яго Святы Георг. - Мы давядзем яго дадому разам.

- Зараз жа прачынайся, цмок, - рэзка загадаў ён і патрос цмока за локаць.

Той расплюшчыў вочы і сонна прамармытаў:

- Якая ноч, Георг, чароўная...

- Цмок! - сурова перапыніў яго Святы Георг. - Як табе не сорамна! Хлопчыку ўжо даўно пара спаць, што скажа яго маці, я нават уявіць не магу! Каб ты не быў такі эгаіст, дык адправіў бы яго дадому яшчэ дзве гадзіны назад!

- Ты маеш рацыю, Георг! - закрычаў цмок і рэзка ўстаў. - Беднае дзіця! Табе даўно пара спаць! Гэта недаравальна! Куды ты глядзеў, Святы Георг?! Ніякай адказнасці! Хадзем хутчэй. Я абапруся на твой плячук, Георг, а ты, хлопчык, дай мне руку.

Так яны і рушылі, рука ў руцэ. Святло ў вокнах дамоў знікла, але сябрам свяцілі зоркі ды месяц. Калі яны завярнулі за вугал і зніклі з вачэй, халодны ветрык данёс абрыўкі старой балады. Я не ўпэўнены, але мне здаецца, што спяваў яе цмок!

 

Пераклад зроблены з выдання: K.Grahame. The Reluctant Dragon. Armada Lions, 1973.



Пераклад: Алена Арлова