epub
 
падключыць
слоўнікі

Кэтлін Рэйн

Могілкі ў Шатландыі

Адна з найпрыгажэйшых лэдзі сёння адышла ў нябыт.

Спрадвеку ўсе тутэйшыя жанчыны

Такія ж мелі рысы твару.

А падабенства ў абліччы далося ёй у спадчыну,

Каб з гонарам свой род прадоўжыць,

І каб жыццё пражыць такое ж, як і продкі,

Якія сёння сустракаюць на тым свеце

Яе - стамлёную ад жарсцяў і жыцця.

 

Каменная сцяна, што адлучае прах

Забытых твараў, старых і маладых,

Ад шырыні палёў, нябёс і мора.

Куст эскалоніі схіляецца пад ветрам,

І спеў журботны тут гучыць вякамі.

Нашчадкаў рукі зрабілі тут прытулак,

Каб вечнай зеленню і пахам дрэў

Пасля дажджу без слоў сказаць,

Што памяць пра памерлых застанецца.

 

Маўчаць усе, хто песень ведаў многа.

Іх месца словы продкаў занялі,

Што нам пяюць на старажытнай мове

Пра моры, выспы, лодкі і даліны.

І гэтая мелодыя нас кліча у краіну,

Якая нібы ўваскрэсла,

Каб клікаць ўсіх Дзядоў на свята -

Напоўніць дом і смуткам, і пяшчотай.



Пераклад: Алена Таболіч