epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Хромчанка

Водгалас зведанага і перажытага

 

У незабыўны верасень 1939 года была зруйнавана ненавісная панская мяжа, якая на працягу доўгіх дваццаці гадоў раздзяляла адзінакроўных братоў-беларусаў. Над спакутаванай зямлёю Заходняй Беларусі ўзвіліся тады пурпуровыя сцягі свабоды, што прыйшла з усходу і разбіла ланцугі няволі і прымусу.

Разам з сваім мужным і нязломным народам змагаўся за гэтую свабоду і Піліп Пестрак, рэвалюцыянер-камуніст, паэт-трыбун, чыё палымянае слова было грознай зброяй у барацьбе працоўных за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. За яго плячамі быў ужо немалы жыццёвы шлях, адзначаны і згрызотнымі буднямі гаротнага сялянскага побыту, і доўгімі гадамі пакут у змрочных мурах астрожных казематаў, і суровымі сцежкамі падполля. Гэты вялікі запас уражанняў і назіранняў, вынесены з заходнебеларускай рэчаіснасці, з’явіўся арсеналам тэм, матываў і вобразаў для многіх твораў пісьменніка, вызначыў характар і асноўны напрамак яго далейшай літаратурнай творчасці.

З старонак шматлікіх паэтычных зборнікаў, кніжак апавяданняў, аповесцей, з раманаў П. Пестрака, напісаных у савецкі час, паўстаюць яркія і хвалюючыя карціны нядаўняга мінулага, поўныя сапраўднага гераізму, мужнасці і самаахвярнасці. У іх святле глыбей асэнсоўваюцца многія падзеі і з’явы нашай сучаснасці, больш поўна і ўсебакова раскрываецца вобраз працоўнага народа Заходняй Беларусі ва ўсёй яго гістарычнай велічы і значымасці.

Нарадзіўся Піліп Сямёнавіч Пестрак 27 лістапада 1903 года ў вёсцы Сакаўцы былога Косаўскага павета на Палессі ў сям'і селяніна. Бацька яго з-за недахопу зямлі часта вымушаны быў пакідаць гаспадарку і ісці працаваць на чыгунку. На невялікім надзеле ўпраўлялася маці з дзецьмі. У голадзе і нястачах праходзіла дзяцінства будучага пісьменніка.

Калі ж да Палесся дакаціўся фронт імперыялістычнай вайны, сям’я Пестракоў з абозам бежанцаў накіравалася па старой Брэст-Маскоўскай шашы на ўсход, у бок Бабруйска, а адтуль чыгункаю аж на Паволжа. Там і знайшла яна прытулак у вёсцы Максімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерні. Піліп працягваў вучобу ў двухкласным вучылішчы, якое і закончыў у 1917 годзе.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла для П. Пестрака, як і для ўсіх дзяцей працоўных, шырокую дарогу ў жыццё. Вучыўся ў гімназіі ў Бузулуку, затым перайшоў на рабфак у горадзе Чапаеўску, а ў 1920 г. паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага універсітэта. Гэта былі гады актыўнай грамадскай дзейнасці юнака-камсамольца, пара светлых мар і надзей.

 

Мы рыхтаваліся к сяўбе

На новай ніве пераможнай,

І кожны компас браў сабе,

Каб не зблудзіць ў далі дарожнай.

 

Так пісаў пазней паэт пра тыя часы ў паэме «Сын Кастрычніка»1. Але не суджана было тады збыцца яго марам. Голад і эпідэмія тыфу, што ахапілі Паволжа, прымусілі Пестракоў у лістападзе 1921 года вярнуцца на радзіму, у заняволеную польскімі панамі Заходнюю Беларусь. Тут у хуткім часе памёр бацька, затым сястра і брат.

З цяжкасцю знайшоў для сябе нядаўні студэнт працу рабочага на лесапільным заводзе, а крыху пазней, у 1924 годзе, пасаду лесніка ў купца-лесапрамыслоўца каля Слоніма. Спрабаваў зноў вярнуцца ў Савецкі Саюз, але беспаспяхова. Быў злоўлены на граніцы каля станцыі Гарадзея, этапным парадкам дастаўлены ў свой павет, пасля чаго месяц адсядзеў пад арыштам.

Вярнуўшыся з вайсковай службы, якую праходзіў у 1924—1926 гадах у горадзе Торунь, П. Пестрак стаў актыўным дзеячам Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, быў абраны членам Косаўскага павятовага камітэта БСРГ. У верасні 1926 г. ён уступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. З гэтага часу і пачаўся для яго нялёгкі шлях рэвалюцыйнай барацьбы, які правёў яго нялёгкімі сцежкамі падполля праз многія гарады і вёскі бунтарнай Заходняй Беларусі, праз этапныя дарогі і доўгія гады турэмнага зняволення.

Каля адзінаццаці гадоў правёў паэт-рэвалюцыянер за кратамі. Там ён таксама быў змагаром: кіраваў дзейнасцю турэмных партыйных камітэтаў, узначальваў барацьбу палітзняволеных за свае правы, прымаў удзел у нелегальным астрожным друку, выкладаў розныя навукі непісьменным і малапісьменным вясковым хлопцам.

Пісаць П. Пестрак пачаў у сярэдзіне 20-х гадоў, калі над заходнебеларускай зямлёй шумелі хвалі народна-вызваленчага руху, разгортвала сваю дзейнасць Грамада. Горача, пафасна заклікаў тады паэт сваіх прыгнечаных братоў змагацца за свабоду, за лепшую долю:

 

Уставай, галодны беларус,

Служыць радзімай справе,

Скінь з плеч прыгоны і прымус,

Дабудзь дарогу к славе.

 

«Наперад, гэй...», 1926.

 

Праўда, гэтая рамантычная ўзнёсласць, навеяная ўздымам рэвалюцыйнай барацьбы, знікне з разгромам Грамады. На змену ёй прыйдзе стрыманая цвярозая разважлівасць над лёсам свайго народа, шляхамі да яго вызвалення.

У паэзіі Пестрака канца 20-х і асабліва 30-х гадоў знайшло яскравае адлюстраванне цяжкае жыццё прыгнечанага панамі селяніна, побыт беларускай вёскі з мазольнай працай на вузкім загоне, з штодзённым змаганнем за кавалак хлеба («На гарэ маці жне», «Калыханка», «Агурэчны ўкроп», «Грэчка», «Ты збудзі мяне, маці, рана»). А побач з гэтым матывы пратэсту, усвядомленай барацьбы з несправядлівым панскім ладам, які павінен быць звергнуты («Над намі віхры выюць...», «Мацуйся!», «Моладзі», «На фронце»). Лірычны герой Пестрака ўжо не той гаротнік-селянін з масавай заходнебеларускай паэзіі, што толькі плаксіва наракаў на свой лёс, а мужны змагар, рэвалюцыянер-падпольшчык, «агітатар-салдат-масавік», якога не палохаюць ні суровыя выпрабаванні, ні астрожныя пакуты, ні сама смерць («На смерць барацьбіта»). «Хто ж, як не мы, галаву падыме горда, каб узысці на эшафот?!» — заяўляе паэт-камуніст вуснамі свайго героя ў вершы «Пасля прысуду».

Подыхам гэтага суровага часу абумоўлена разуменне аўтарам задач і прызначэння паэзіі як грознай зброі ў барацьбе з ворагамі. Паэзія — гэта магутны гром, заклік да бою, «меч прамяністы», нацэлены ў тых, «хто абуў жыццё нашае ў лапці,— у тую чорна-крывавую зграю!» («Паэзія»). Такім было палымянае слова і самога Пестрака, якое вырывалася з-за астрожных крат, пранікала пад саламяныя стрэхі сялянскіх хат, узнімала масы на барацьбу, усяляла ў сэрцы змагароў мужнасць і веру ў перамогу.

Давераснёўская паэзія П. Пестрака — адна з яркіх і цікавых старонак заходнебеларускай літаратуры. Большасць яго вершаў была напісана ў турмах, за кратамі. Занатаваныя па абрыўках паперы, цвіком на сцяне або захаваныя ў памяці таварыша па камеры, яны часцей за ўсё не маглі трапіць у друк. Калі ж ім удавалася вырвацца на волю, яны ішлі ў народ, станавіліся рэвалюцыйнымі песнямі, каб «калыхаць паходы» (В. Таўлай), жыць і змагацца за лепшае будучае.

Пад многімі вершамі П. Пестрака стаяць як адзнакі этапных дарог паэта назвы астрогаў — Гродзенскага, Лукішскага, Пружанскага і інш. Але гэтыя творы — не проста лірыка асабістых настрояў і перажыванняў паэта-вязня. Гэта — паэзія вялікіх мастацкіх абагульненняў, суровы гімн мужнасці і нязломнасці рэвалюцыянераў-барацьбітоў, якія ў адкрытым баі стойкасцю і цярпеннем перамагаюць ворагаў. «Мы не памрэм!» — асноўны матыў астрожных вершаў Пестрака. Праз суровы турэмны побыт, адзіночкі, карцэры, галадоўкі, здзекі і катаванні наглядчыкаў праносіць лірычны герой прагу да барацьбы і нязгасную веру ў перамогу.

 

Знаю — выйду вясною шумлівалістай,

Каб тысячы мук,

                        як сцягі, падняць! —

 

заяўляе ён у вершы «Мы не памрэм!».

Паэт, які сам ішоў шляхам рэвалюцыйнага змагання, да канца зведаў і будні падполля і цяжар астрожных пакут, здолеў праўдзіва перадаць настрой чалавека-барацьбіта, раскрыць яго самыя патаемныя думы і пачуцці. Выключнай дакладнасцю ў паказе жыццёвых рэалій, турэмнага побыту, у стварэнні псіхалагічнага партрэта лірычнага героя вызначаюцца такія яго астрожныя вершы, як «Сціхніце, зоры...», «Гадзіна мукі», «Голад», «Развітанне», «Гоман ночы свае чары рассеяў...», «На волю», «Пад Новы год» і інш. У іх П. Пестрак з вялікай мастацкай сілай увасобіў ідэю бессмяротнасці і непераможнасці народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне. Уласна ж перажытае, зведанае паэтам надавала творам асаблівую страснасць, эмацыянальнасць.

Сацыяльныя матывы, грамадзянскі пафас выступаюць на першы план у інтымнай і прыродаапісальнай лірыцы П. Пестрака. Каханая лірычнага героя — гэта або сялянская дзяўчына, якая, частуючы яго кашай картаплянай, «ў вокны жвава паглядала — ... за мяне дазор вяла, мяне — паўстанца — сцерагла!» («Пад роднай страхой»), або маладая камсамолка, таварыш па падполлю, «змагарная, шчырая, простая», з якою ідуць яны адной дарогай «у народ».

Паэта глыбока хвалюе лёс прыгнечанага народа, яго будучыня. У вершы «Дарожка» (1936) зварушлівы вобраз звілістай сцяжынкі вырастае да сімвала шляху, па якому бясконца брыдзе народнае гора. На рытарычнае запытанне, «калі ж багачкай вернешся, дарожанька мая?», паэт дае разгорнуты адказ у вершы «Сон аб аграноме» (1937). Ён малюе ўзнёсла-рамантычную карціну будучага, «...калі зары чырвонай шквал змяце сляды навалы панскай», і ён, праменны, прыйдзе «з той падарожы барацьбянай на свята трактарнае песні», дзе вясёлай песняй сустрэне яго «круглавіды, сінявокі, рассмеяны і жвавы піянер».

Дзеля гэтага будучага заклікае паэт усіх працоўных свету затрымаць крывавую руку фашызму, занесеную над Краінай Саветаў:

 

Люд увесь працоўны, барані Саветы

Ад усіх крывава-кіпцюроўскіх рук!

Там будуюць шчасце, долю ўсяму свету,

Для усіх народаў волю ў ім куюць.

 

«На штурм!», 1936.

Яго глыбока кранае трагедыя мужнай Іспаніі, над якой «навісла ворага агіда, як чорны смок».

Аднак паэт верыць, што справа, за якую пралілася кроў лепшых сыноў многіх народаў, не загіне. Жар іскраў на дымных вогнішчах Мадрыда збярэцца ў новую буру ўсенароднага змагання з ненавісным фашызмам.

 

Пасіянарыя!

Каваўся гнеў народны ў гарт паходаў,

І грудзі рвалі шум, імпэт і рокат сэрц —

Пароль! Яшчэ скуецца сталь рэспублік і народаў

І сцягам блісне нам вялікі СССР!

 

«Пасіянарыя», 1939.

Паэзія Пестрака канца 30-х гадоў прасякнута верай у перамогу камуністычных ідэй, у пераадоленне тых цяжкасцей, што ўзніклі перад заходнебеларускімі рэвалюцыянерамі пасля роспуску КПЗБ. У той складаны час трывожнага зацішша перад бурай паэт звяртаецца да гераічных падзей грамадзянскай вайны, успамінае, як чырвоная конніца граміла белапалякаў на беларускай зямлі, вызваляла яе ад акупантаў («Бой над Нямігай»).

Радасна вітаў П. Пестрак верасень 1939 года, тую светлую «зару збаўлення», якая заззяла з усходу, адчыніла астрожныя брамы, змыла «крывавы рубеж» і «руйнуе ўсе сляды народнае пакуты». Імклівы марш савецкіх танкаў выратаваў ад смерці і самога паэта, прыгаворанага ваенна-палявым судом да расстрэлу. Вызвалены з гродзенскай турмы, ён выйшаў на свабоду і з запалам камуніста-змагара аддаўся ўстанаўленню новага савецкага ладу. «Мы ўвесь час былі ў дазоры, амаль не спалі, паспявалі ўсюды, елі на хаду, клаліся адпачываць на крэслах»,— успамінае паэт пра тыя дні2. Ён быў сакратаром рэўкома ў Гродна, членам камітэта рабочай міліцыі, прымаў удзел у рабоце Народнага Сходу ў Беластоку, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, з верасня 1940 г. узначальваў Беластоцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1940 годзе выйшаў першы зборнік Пестрака «На варце», які быў складзены з адшуканых або адноўленых па памяці вершаў, напісаных паэтам у давераснёўскі час. Кніжка была цёпла сустрэта крытыкай і літаратурнай грамадскасцю. Савецкага чытача захаплялі ў ёй новыя тэмы і матывы — жывыя адгалосы народнай нядолі і мужнай барацьбы. Творам даравалася нават некаторая мастацкая недасканаласць, бо яна пакрывалася іх ідэйным гучаннем, высокім грамадзянскім пафасам.

У перыядычным друку тады часта паяўляліся вершы Пестрака, у якіх паэт асэнсоўваў новыя з’явы савецкай рэчаіснасці, выяўляў настроі вызваленага з няволі чалавека («Маўзалей», «Аб Леніне вялікім», «Даўні знаёмы», «Еду ў Мінск»). Яго захаплялі веліч сацыялістычнага будаўніцтва ў Заходняй Беларусі, радасць свабоднай працы ў дружнай сям’і савецкіх народаў («Мой першы Май», Слаўлю»). Пра гэта ён шмат пісаў тады ў артыкулах, гаварыў у выступленнях перад працоўнымі Беластока, Гродна, Мінска, перад таварышамі па пяру на пісьменніцкіх сходах.

А затым грымнула вайна. Трывожныя дні ў напружанай працы па эвакуацыі насельніцтва Гродна, вывазу прамысловага абсталявання, адступленне пехатой на ўсход і, нарэшце, глухая вёсачка на акупіраваным ужо мазырскім Палессі, дзе апынуўся паэт разам з сям’ёю ў сярэдзіне верасня 1941 г. Праз некаторы час ён наладзіў сувязь з партызанамі, уступіў у атрад. Быў радавым байцом у злучэнні генерала А. Сабурава, якое базіравалася ў Лельчыцкіх лясах, затым працаваў у рэдакцыі газеты «Партизанская правда».

У перапынках паміж баявымі аперацыямі, вартавой службай пісаў паэт-партызан вершы пра гераічныя справы народных мсціўцаў, раскрываў унутраны свет мужных змагароў, якія ўзняліся на абарону сваёй Айчыны («На варце», «Маці», «Пад зорным карагодам», «Перастрэлка пад ракой»). У ліпені 1943 г. Пестрак быў выкліканы Цэнтральным Камітэтам КПБ у Маскву і прызначаны начальнікам Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўнаркоме БССР, дзе і працаваў да 1946 года.

Вялікая Айчынная вайна дала пісьменніку багаты матэрыял для мастацкай творчасці. Асноўнае месца ў яго вершах ваеннага часу, якія ўвайшлі ў зборнік «За сваю Айчыну» (1946), займае тэма Радзімы. Любоў да роднай Бацькаўшчыны ў паэзіі Пестрака спалучаецца з глыбокай верай у перамогу, у светлае будучае свайго народа («Слухайце, пушчы, паляны», «Павей, вецер», «Рыцар Айчыны», «Прыпяць», «Дзядзька-беларус»). У вершы «Ткачыха» паэт стварае яскравы вобраз Беларусі, якая і ў час ваенных пажараў «тчэ неаглядныя мары» аб міры і будучым шчасці людзей.

Падзеі вайны знайшлі сваё адлюстраванне ў многіх пазнейшых творах Пестрака. Звяртаючыся да новых тэм, услаўляючы мірную стваральную працу савецкіх людзей («Ляснік», «Новы дом»), шчаслівае маленства дзяцей («Хлопчыку»), паэт не забывае, што ўсё гэта здабыта нашым народам у цяжкім змаганні з ворагам, заваявана цаною вялікіх ахвяр («Голас у пушчы»).

У сярэдзіне 40-х гадоў у перыядычным друку былі апублікаваны першыя апавяданні П. Пестрака на тэмы з партызанскага жыцця. З гэтага часу проза паступова займае ўсё большае месца ў творчасці пісьменніка, а затым і выходзіць на першы план. Праўда, Пестрак не пакідае канчаткова і паэзію.

Асноўнай тэмай першых празаічных твораў пісьменніка з'явілася барацьба беларускага парода супраць фашысцкіх акупантаў, матэрыялам — падзеі, асабістыя назіранні і ўражанні аўтара ў часы партызаншчыны. Вайна з яе суровасцю, трагізмам, ахвярамі выявіла ў народзе і кожным чалавеку многія раней невядомыя якасці, абудзіла вялікую энергію і волю да супраціўлення захопнікам. Пісьменнік у сваіх творах і раскрывае гэтыя рысы народа, паказвае здольнасць простага чалавека на подзвіг, на гераізм і самаахвярнасць. Такімі з’яўляюцца героі апавяданняў «Дзед Кандрат», «Гараць вёскі», «Аўдоцця і яе ўнучак» і інш.

П. Пестрак праўдзіва малюе вясковы побыт часоў фашысцкай акупацыі, раскрывае ўнутраны свет сваіх герояў, прыкмячае тое новае, адметнае, што выяўляла або нараджала ў псіхалогіі чалавека вайна. Само жыццё навучыла старога селяніна стрыманасці, асцярожлівасці. Не адразу адкрывае ён душу невядомаму начному госцю, хаця той і ў форме савецкага генерала («Генерал»). І толькі калі генерал бярэ з рук старога лапаць і пачынае падплятаць («Спрытна падкалупваў, саджаў палосінку, браў яе ў зубы, тады зноў падкалупваў...»), дзядзька канчаткова ўпэўніўся, што гэта «наш» генерал.

Пісьменнік імкнецца пісаць лаканічна. Замест доўгіх апісанняў, разважанняў ён ахвотней ужывае важкую, ёмістую дэталь, трапны, характэрны штрых. Умела карыстаецца П. Пестрак дыялогам, які ў яго творах часцей за ўсё яркі, дынамічны, дапамагае развіццю дзеяння.

Лірыка-рамантычная манера пісьма П. Пестрака найбольш яскрава выявілася ў апавяданнях «Пад славацкія песні» і асабліва «Лясная песня». Тут увага пісьменніка засяроджваецца не на паказе падзей, а больш на раскрыцці ўнутранага стану герояў, іх пачуццяў, перажыванняў, настрою. Так, удала выкарыстаны ў «Лясной песні» прыём мастацкага паралелізму дазволіў аўтару стварыць яркія, запамінальныя вобразы партызана Сцяпана Хомчыка і маладой хутаранкі Аксені, раскрыць іх глыбокае і прыгожае каханне.

Гэтая ўдала пачатая і несумненна плённая традыцыя ў далейшай празаічнай творчасці П. Пестрака, на жаль, не знайшла свайго паглыблення і развіцця.

Авалоданне майстэрствам апавядальніка ў творчай практыцы П. Пестрака адбывалася паступова. Не заўсёды і не адразу пры асэнсаванні жыццёвых падзей узнімаўся ён да мастацкіх абагульненняў. У асобных яго творах адчуваўся даволі спрошчаны паказ народнай барацьбы, калі за апісальнасцю, знешнімі праявамі дзеяння недастаткова раскрываўся чалавечы характар. Ды і самі падзеі, баявыя справы партызан выглядалі часам не зусім праўдападобна, як, напрыклад, у апавяданнях «Закон лесу», «Непаразуменне» і некаторых іншых.

На матэрыяле Вялікай Айчыннай вайны напісаны аповесці П. Пестрака «Муж і жонка» (1945) і «Пачатак» (1946). У першай аб’ектам аўтарскага даследавання з’явіўся канфлікт паміж селянінам Макарам і яго жонкай Аленай, якая ў складаных абставінах барацьбы апынулася ў варожым стане.

У аповесці «Пачатак» аўтар ставіў за мэту паказаць партызанскі рух як заканамерны і глыбока ўсвядомлены пратэст савецкіх людзей супраць фашысцкага заняволення. Пісьменніку ўдалося праўдзіва перадаць атмасферу народнага жыцця ў часы гітлераўскай акупацыі, намаляваць яркія карціны вясковага побыту. Цікава намечаны ў творы асобныя вобразы, хаця стварыць яркія, паўнакроўныя чалавечыя характары Пестрак так і не змог.

Адначасова з тэмай нядаўняй вайны ўвагу П. Пестрака ў канцы 40-х гадоў прыцягвала і тое новае, што ўзнікала ў жыцці і свядомасці заходнебеларускіх працоўных у першыя пасляваенныя гады. У сваіх апавяданнях гэтага часу «Першыя ўсходы», «На світанні», «Яе перамога» і інш., якія ўвайшлі ў зборнік «Першыя ўсходы» (1951), пісьменнік паказаў, як разам з вялікімі сацыяльнымі пераўтварэннямі змяняліся людзі, вырастаў новы чалавек, свядомы будаўнік камуністычнага грамадства.

Станаўленне калгаснага ладу ў Заходняй Беларусі адбывалася ў жорсткай барацьбе з варожымі сіламі, якія імкнуліся вярнуць старое, запалохаць сялянства, адштурхнуць яго ад калгасаў. Актыўным змагаром за новае і выступае ў апавяданні «Першыя ўсходы» былы падпольшчык, камуніст Станіслаў Тарасевіч, які здолеў з’яднаць вясковы актыў і зламаць супраціўленне ворагаў.

Тагачасная крытыка станоўча ацаніла апавяданні П. Пестрака. Б. Бур’ян у рэцэнзіі на зборнік адзначаў, што «Піліп Пестрак здолеў даволі выразна ўвасобіць у жывых мастацкіх вобразах першыя ўсходы савецкага светапогляду ў свядомасці тых, хто нядаўна яшчэ жыў у зусім чужым для нас грамадстве, у свеце буржуазнай маралі, нацыянальнага ўціску, сацыяльнай няроўнасці»3.

У 1948 годзе пісьменнік прыступае да напісання буйнога эпічнага твора — гісторыка-рэвалюцыйнага рамана «Сустрэнемся на барыкадах» — пра мінулае свайго народа, які на працягу двух дзесяцігоддзяў мужна змагаўся супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і ў барацьбе здабыў свабоду і шчасце.

Новы твор П. Пестрака, над якім аўтар працаваў каля пяці гадоў (1948—1952), выйшаў асобным выданнем у 1954 годзе. Ужо на падставе першых часопісных публікацый рамана Г. Шчарбатаў рабіў вывад, што «ў асобе П. Пестрака беларуская літаратура мае пісьменніка, які можа вырашаць складаныя творчыя задачы»4.

«Сустрэнемся на барыкадах» — адзін з першых і найбольш значных у нашай мастацкай прозе твораў пра жыццё і барацьбу працоўных Заходняй Беларусі. П. Пестрак зноў вяртаецца ў ім да незабыўных гадоў мінулага, да тых хвалюючых падзей, што засталіся ў памяці і сэрцы як невыказны боль перажытых пакут, самаахвярнай барацьбы за шчасце свайго народа. Ён аддае даніну глыбокай павагі мужнасці і гераізму лепшых сыноў народа, якія, не шкадуючы сіл і жыцця, змагаліся за вялікую справу вызвалення.

Раман П. Пестрака ў значнай ступені аўтабіяграфічны. Праз вобраз галоўнага героя Андрэя Касцевіча пісьменнік паказаў многае ўласна перажытае або бачанае ім самім у часы заняволення Заходняй Беларусі польскімі панамі.

А. Адамовіч ацэньвае «Сустрэнемся на барыкадах» як «праўдзівае мастацкае слова рэвалюцыянера аб перажытым ім самім і яго народам, слова мастака-публіцыста, які і ў літаратуры застаецца змагаром»5.

Менавіта гэтым абумоўлена мастацкая структура твора. Гістарычная дакладнасць жыццёвых з’яў і падзей, глыбіня аўтарскага пранікнення ў сутнасць чалавечых характараў арганічна спалучаюцца ў ім з надзвычайным лірызмам, якім сагрэты многія вобразы і мастацкія карціны. Дзеянне дасягае ў творы часам такога высокага эмацыянальнага напалу або драматычнага напружання, што аўтар, як бы ўмешваючыся ў ход падзей, пачынае гаварыць ад сваёй асобы. Тады ў рамане паяўляюцца прачулыя лірычныя адступленні або ўзнёсла-рамантычныя маналогі-роздумы, у якіх гучыць шчыры голас самога пісьменніка. Прыгадаем хаця б аўтарскі зварот да шляху, што злучае Брэст з Масквою. У ім выказана глыбокае пачуццё еднасці беларускага і рускага народаў, увасоблена вера працоўных Заходняй Беларусі ў дапамогу іх савецкіх братоў. «Данясіце ж, бясконцыя правады, данясі ты, шлях стралісты, наш гоман аж да Масквы, раскажы, як тут нам жывецца, як здзіраюць з нас скуру паны ельскія, паны малачэўскія і іншыя і іншыя п’яўкі, як паліцэйскія бізуны свішчуць па нашых спінах і ўдзень і ўначы, як груганнём павіснуў страх над вёскамі. Прынясі нам, дарога, дарагую вестку,— калі ж будзе канец нашым пакутам? Мы сабраліся магутнай сілай, мы гатовы да бою — з дымам пажараў пусціць да неба ўсё панскае, усё шляхецкае, што вякамі высмоктвала нашу зямлю, сушыла наш народ. Зброя ў нас у руках. Камандзіра нам дайце, камандзіра, эх, ды такога, як Чапаеў, Качубей, як Шчорс... Мы каменя на камені не пакінем, мы знішчым панскую няволю навекі!..»

У рамане праўдзіва адлюстравана дваццацігадовая гісторыя народа, які ва ўмовах жорсткага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту не страціў веры ў сваё вызваленне і светлае будучае, узняўся на рэвалюцыйную барацьбу, выстаяў і перамог. Усё гэта паказана пісьменнікам ярка і захапляюча, праз складаныя чалавечыя лёсы, на шырокім фоне грамадскага жыцця, гістарычных падзей, з выкарыстаннем багатага фактычнага матэрыялу, які арганічна ўключаецца ў сюжэтную тканіну твора. Жыццёвая праўда спалучаецца ў ім з выключнай мастацкай пераканаўчасцю.

«Станоўчы бок рамана,— адзначаў Я. Шарахоўскі,— у тым, што ў ім амаль за кожным героем адчуваецца прататып, амаль за кожным эпізодам — выпадак з сапраўднага жыцця. Таму, калі чытаеш раман «Сустрэнемся на барыкадах», часам забываеш, што перад табой літаратурны твор, здаецца, што гэта само жыццё цячэ перад табой магутнай і нястрымнай плынню»6.

У выніку з старонак «Сустрэнемся на барыкадах» паўстае яркая, рухомая карціна народнага жыцця ў гэты надзвычай складаны перыяд гісторыі. З глухой палескай вёскі Запалянкі, куды вяртаецца з Савецкай Расіі сям’я Касцевічаў, пісьменнік паступова выводзіць свайго галоўнага героя Андрэя Касцевіча на шырокі прастор грамадскага жыцця, уключае ў бурлівы вір падзей, кідае ў розныя куткі Заходняй Беларусі. У рамане шырока адлюстраваны перакаты народнай барацьбы, яе прылівы і адлівы на розных этапах рэвалюцыйнага руху. Гэта — і запозненае рэха грамадзянскай вайны — партызаншчына пачатку 20-х гадоў, хораша паказаная праз гераічныя справы хлопцаў-малойцаў Сцяпана Каваля, і дзейнасць Грамады, і сялянскія хваляванні, і выступленні гарадскога пралетарыяту, і барацьба палітзняволеных у турмах у час разгулу фашысцкага тэрору.

Рэвалюцыйная барацьба выступае ў творы як масавы ўсенародны рух, які ахоплівае ўсё большае кола ўдзельнікаў, прымушае кожнага выявіць свае адносіны да яе, стаць на той або іншы бок барыкад. На шлях змагання з ненавісным капіталістычным светам становяцца рабочыя і сяляне, гарадская інтэлігенцыя і вясковая моладзь, людзі розных узростаў, схільнасцей, характараў. Рознымі дарогамі прыходзяць да рэвалюцыйнай барацьбы Дзям’ян Гарагляд, Захар Зубец, Арцём Світка, Таццяна Ціханчук, Макар Краўчук, Анупрэй Чарняк, Пятрусь Хадыка. Марцін Шапко, Сцяпан Касцевіч. Надзеленыя сваімі адметнымі рысамі характару, усе разам яны ствараюць абагульнены вобраз працоўнага народа Заходняй Беларусі, нязломнага ў горы і мужнага ў змаганні.

Арганізатарамі і кіраўнікамі народнай барацьбы былі камуністы, лепшыя сыны народа, якія ў служэнні рэвалюцыйнай справе бачылі свой важнейшы абавязак. Такім паказаны ў рамане верны сын ленінскай партыі Іван Паддубны, прадстаўнік ЦК КПЗБ таварыш Васіль. Ярка намаляваны мужны камсамолец Саша Грынявіцкі, які ў час суда распраўляецца з правакатарам, спрактыкаваны важак моладзі Надзя Харашэвіч, Пеця Ціханчук, Грыша Плотка і іншыя прадстаўнікі маладога пакалення барацьбітоў.

Шлях ад простага сялянскага хлопца да рэвалюцыянера-прафесіянала, кіраўніка падполля праходзіць Андрэй Касцевіч. Нялёгкі, цярністы гэты шлях, нямала на ім розных нечаканасцей, выпрабаванняў і перашкод. Але, ступіўшы на яго, герой ідзе па ім цвёрда і непахісна. На гэтым вобразе пісьменнік раскрывае складаны працэс выхавання характару рэвалюцыянера, фарміравання светапогляду камуніста. Прычым паказана гэта ў творы як жывая біяграфія чалавека з яе адметнасцю, індывідуальнай непаўторнасцю.

Аўтару ўдалося знайсці ўнутраную логіку развіцця характару героя, якая і вызначае напрамак яго думак і паводзін у кожнай канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.

Шырока прадстаўлены ў рамане варожыя сілы, тыя, што на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў душылі працоўны народ Заходняй Беларусі. Гэта і пыхлівы нашчадак старадаўняга шляхецкага роду буйны землеўласнік граф Ельскі, і ксёндз-іезуіт Абнорскі, і кулак Мікіта Лазун, і шматлікія шпікі, даносчыкі, правакатары, турэмныя наглядчыкі, урадавыя чыноўнікі, асаднікі, на якіх трымаўся прагнілы дзяржаўны лад буржуазна-памешчыцкай Польшчы.

Найбольшай удачай П. Пестрака ў стварэнні адмоўных персанажаў з’яўляецца вобраз кулака Лазуна. Пісьменнік намаляваў закончаны тып крывасмока-эксплуататара, з сваім уласным светапоглядам, звярынай філасофіяй уласніка, раскрыў аблічча агіднага панскага паслугача. У пагоні за нажывай, багаццем ён страчвае ўсё чалавечае, нават любоў да сына.

Раман «Сустрэнемся на барыкадах» прасякнуты гарачай любоўю пісьменніка да свайго народа, да працоўных людзей іншых нацыянальнасцей, якія разам змагаюцца за свабоду і шчасце. Цікавымі і захапляючымі з’яўляюцца тыя старонкі твора, дзе паказваецца агульная барацьба за свае чалавечыя правы працоўных палякаў, украінцаў, яўрэяў, якіх яднае з беларускімі рабочымі і сялянамі класавая салідарнасць, адзінства мэт і задач. Адной дарогай рэвалюцыйнага змагання ідуць у рамане палякі Вацлаў Санкоўскі і Станіслаў Барвіна, украінец Антон Данілюк, яўрэй Грыша Плотка, разам здабываюць яны свабоду і шчасце. Шчыра і прачула гучаць у творы словы беларускага селяніна Дзям’яна Гарагляда: «Значыць, і польскі рабочы і селянін нам не вораг. І яны ў бядзе жывуць, як і мы, прыгнятаюцца памешчыкамі і капіталістамі... І ўкраінскі рабочы і селянін нам прыяцелі, і літоўскі... Ну, а рускі... рускі наш брат ужо вызвалены і думае аб нас... Кажучы па-простаму, рабочыя людзі ўсіх краін толькі тады перамогуць паноў, значыць, гэтую буржуазію, калі будуць у моцным саюзе паміж сабою».

Першы буйны эпічны твор П. Пестрака быў прыхільна сустрэты літаратурнай грамадскасцю і шырокімі коламі чытачоў. Ужо на часопісную публікацыю «Сустрэнемся на барыкадах» у рэспубліканскім друку паявілася звыш дзесяці рэцэнзій. Выказваліся самыя розныя думкі, меркаванні, уносіліся прапановы, даваліся шматлікія парады аўтару. Пры гэтым крытыка адзінадушна прызнавала, што раман Пестрака — значная падзея ў беларускай мастацкай прозе, што сіла твора — ва ўмелым спалучэнні глыбокага гістарызму і мастацкасці. Паводле сваёй жанравай прыроды і сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твор «Сустрэнемся на барыкадах» быў вызначаны як гісторыка-рэвалюцыйны раман.

На дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1955) пра раман П. Пестрака гаварылася як пра пэўнае дасягненне ўсёй савецкай многанацыянальнай літаратуры (А. Мар’ямаў, В. Ажаеў, З. Кедрына, Л. Шабунін, І. Сярэбраны, М. Златагораў). Ус. Іванаў, у прыватнасці, адносіў твор да «своеасаблівай плыні ў развіцці савецкага рамана»7.

Высокую ацэнку раману ў лісце да яго аўтара даў А. Фадзееў. «Сустрэнемся на барыкадах» быў адразу ж перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы. Надрукаваны ў ленінградскім часопісе «Звезда», выдадзены ў Маскве, Кіеве, ён атрымаў шырокае прызнанне ва ўсесаюзнага чытача. І пазней, з даволі значнай дыстанцыі часу, крытыка ацэньвала раман П. Пестрака як з’яву прыкметную і самабытную. «Сустрэнемся на барыкадах»,— пісаў А. Яскевіч,— у нашай празаічнай традыцыі заняў сваё месца не толькі як адна з яркіх старонак рэвалюцыйнай мастацкай гісторыі беларускага народа, але і як пэўны вопыт нашай прозы ў асваенні форм мастацка-біяграфічных, жанру рамана-хронікі»8.

Пасля рамана «Сустрэнемся на барыкадах» увагу пісьменніка ўсё больш прыцягвае сучаснасць, асабліва будаўніцтва новага жыцця ў заходніх абласцях рэспублікі. Гэтая тэма і з’яўляецца асноўнай, цэнтральнай у апавяданнях, якія былі напісаны ў 50-я гады і ўвайшлі ў зборнік «Лясная песня» (1958).

Адметнай рысай гэтых твораў было тое, што аўтара цікавілі ў іх не столькі жыццёвыя з’явы, падзеі, колькі змены і пераўтварэнні ў свядомасці простага чалавека. Змрочнае мінулае паклала свой адбітак на псіхалогію заходнебеларускага селяніна; многія прыйшлі ў сённяшні дзень з цяжарам старых паняццяў і ўяўленняў, вызваліцца ад якіх удаецца не адразу. Так, герой апавядання «Вярнуўся» Данілка Цецярук яшчэ з часоў панскай улады цвёрда засвоіў, што каля начальства «заўсёды можна пажывіцца». Ён спрабуе прытрымлівацца гэтага правіла і тады, калі яго аднавяскоўцы пачынаюць ужо жыць па-новаму. Так, на сходзе ў прысутнасці сакратара райкома ён выступае з гарачай агітацыйнай прамовай за стварэнне калгаса, першы запісваецца ў яго. Але калі трэба было везці на агульны двор інвентар, ён ніяк не можа расстацца са сваім дабром. А «няўдзячнае» начальства чамусьці не хоча ўлічваць, што Данілка ўжо зрабіў «паслугу» калгасу сваім выступленнем на сходзе. Спатрэбіўся немалы час, каб гэты селянін перамог у сабе ўласніцкія звычкі і зразумеў сэнс новага жыцця. «Не, цяпер начальства іншае,— разважае ён,— не такое, як пры панах. Дагэтуль здавалася, што ўвесь свет на няпраўдзе пабудаваны... А цяпер... не, нешта не так...»

Не адразу ўдаецца вызваліцца ад рэлігійнага дурману маладому міліцыянеру Станіславу Бутрымовічу («Раздвоены»). Стоячы на пасту, на гарадской вуліцы, ён доўгі час аднолькава аддае чэсць і сакратару райкома і ксяндзу. У галаве гэтага вясковага хлопца, выхаванага ў духу каталіцкай веры, ніяк не ўкладваецца тое, што ксёндз, які «ведае ўсялякія таямніцы свету», можа быць звязаны з варожымі элементамі. Калі ж у час аблавы на бандытаў Станіслаў пазнае сярод затрыманых ксяндза, ён канчаткова вызваляецца ад заблуджэнняў. «Цяпер, ойча, я табе адсалютую інакш... Мне ўсё зразумела...»

Героем апавяданняў Пестрака ўсё часцей з’яўляецца новы чалавек, свядомы будаўнік камуністычнага грамадства, які па-інакшаму глядзіць на жыццё. Гэта — калгасны кладаўшчык Іван Кляшчэвіч, які не хоча ўжо карыстацца старым і нязграбным бязменам з ненавіснымі пудамі і фунтамі, а патрабуе сапраўдных вагаў, якія, на яго думку, неабходны калгасу, як для скрыпкі струны («Як для скрыпкі струны...»); руплівы рахункавод Сцяпан Чаравака, для якога службовыя абавязкі важней за асабістыя інтарэсы («Путавод»); стары пчаляр Іван Падабед, які ведае і любіць сваю справу, у працы знаходзіць сапраўдную паэзію («Імунітэт»).

Пісьменнік умее гаварыць пра сваіх герояў з лагодным гумарам, часам незласліва пасмяяцца над асобнымі іх недахопамі, ставіць іх у камічныя сітуацыі, недарэчныя абставіны. У гумарыстычным асвятленні паказаны хітраваты балбатун Данілка з апавядання «Вярнуўся», а таксама раўнівая Кацярына, якая без усякіх падстаў падазрае свайго мужа ў заляцаннях да маладой удавы Аляксандры («Путавод»), скупаватая Юстына, што шкадуе свайму Максіму яек на снеданне («А гудок гудзеў...»), або недаверлівая свякруха Таццяна, якой увесь час здаецца, што яе маленькая ўнучка Валечка зусім не падобна на свайго бацьку, яе сына Антося («Дзіця»). У асобных творах П. Пестрак узнімаецца да гнеўна-сатырычнага выкрыцця чалавечых заган або адмоўных з’яў жыцця, выступае за выкараненне старога, шкоднага, што замінае руху нашага народа наперад («Дзед за сцяною», «Уяда»).

Амаль ва ўсіх сваіх творах пра сучаснасць Пестрак застаецца па-ранейшаму верным заходнебеларускай тэме. Многія вобразы, падзеі, эпізоды ў яго апавяданнях падсвечваюцца водбліскам мінулага. Памяць зноў і зноў вяртае пісьменніка да былога, да зведанага і перажытага, якое раптам ажывае ў творы ў нейкім новым асвятленні праз чый-небудзь успамін або захапляючы расказ пра мінулае, пра чалавечую мужнасць, душэўнае хараство. Так, у апавяданні «Гумно без варот» размова пра старую будыніну наводшыбе сяла абуджае ў кожнага з прысутных цёплыя згадкі пра нешта сваё, запаветнае, а аднаго з герояў, Сяргея Баравога, які праз многа год прыехаў у родныя мясціны, прымушае яшчэ раз прайсці ў думках дарогамі свайго юнацтва.

Святлом давераснёўскіх падзей азорана і выпадковая сустрэча ў калгасным клубе двух некалі блізкіх людзей, журналіста Лазовіча і сакратара калгаснай партарганізацыі Соні Вярбіцкай у апавяданні «Не, не загубленая...». Рамантычна прыўзнята, з замілаваннем малюе Пестрак сваіх равеснікаў, людзей складанага жыццёвага лёсу, якія вынеслі на сабе цяжар вайны. Такім паказаны герой апавядання «У змаганні» былы партызанскі камандзір Аляксандр Іванавіч Сідарчук, чалавек моцнага характару, не падуладны шэрай паўсядзённасці жыцця.

З яркай жыццёвай біяграфіяй і герой апавядання «Апошні крыж». Сорак пяць гадоў правёў на чужыне ў Амерыцы Дзяніс Калывайка з беларускай вёскі Цівуны. Там на заводах Форда растраціў ён свае сілы, каб цяпер дажываць астатак гадоў у багадзельні. І вось пацягнула чалавека на радзіму, да той роднай зямлі і людзей, што так многа перажылі за час, калі ён развітаўся з імі. І Дзяніс вярнуўся, каб памерці тут, быць пахаваным побач з тымі, каго знішчылі ў вайну фашысты.

Асобнае месца ў творчасці Пестрака займае аповесць «Камень» (1954), твор, які сведчыць аб шматграннасці таленту пісьменніка, аб яго вялікіх творчых магчымасцях. Аўтар услаўляе людзей моцнай волі і цвёрдых перакананняў, людзей, якія здольны на пратэст, на самаахвярнасць у імя высокіх ідэалаў. Твор вызначаецца яркасцю і цэласнасцю створаных у ім чалавечых характараў, вастрынёй і дынамічнасцю, выразнасцю моўных характарыстык.

У 1963 г. выходзіць у свет новы раман П. Пестрака «Серадзібор», напісаны на матэрыяле калгаснага жыцця першых пасляваенных гадоў. У ім, як падкрэсліваў А. Адамовіч, аўтар «страсна і па-сучаснаму ставіць не новую, але вельмі актуальную праблему зямлі і чалавека-працаўніка, чалавека-гаспадара на зямлі»9. Твор поўны глыбокага роздуму аб чалавеку, зямлі, аб тых хвалюючых праблемах грамадскага жыцця, што заўсёды паўстаюць перад нашым народам у яго няспынным руху да светлай будучыні — камунізму.

Непаспешліва, засяроджана вядзе пісьменнік зацікаўленую гаворку пра справы і турботы людзей палескага краю, пра тых, што вынеслі на сваіх плячах цяжар нечуванай вайны, фашысцкай навалы і цяпер бяруцца за аднаўленне разбуранай акупантамі гаспадаркі. Вясна перамогі ўдыхнула ў іх новыя сілы. «Серадзіборскія сады пачала ўжо ўкрываць белая духмяная квецень. Разам з вясной да людзей прыйшлі супакаенне, уцеха ад хараства людзей, ад чакання, што заўтра будзе лепш. Жыццё ўваходзіла ў свае нормы, і пачынала здавацца, што яно так было і ўчора і заўсёды. Гэта тыя нормы, калі сонечныя дні ў росквіце прыроды напаўняюць людзей ахвотай да працы і сваёй цеплынёю супакойваюць, абнадзейваюць, клічуць».

Але перажытае не забываецца, яно ўвесь час дае сябе адчуваць. Вайна прайшлася па зямлі Палесся, як і ўсёй Беларусі, слядамі руін, папялішчаў, свежых магіл. Глыбокія раны пакінула яна і ў душах многіх людзей, яшчэ больш загартаваўшы іх або спустошыўшы да канца. Нялёгкая праца прадстаіць савецкаму народу. «У шуме аднаўлення», у барацьбе з усім чужым, шкодным, варожым жывуць і працуюць героі рамана — сакратар райкома Сцяпан Малашкін, сельскі ўрач Вера Лукашэвіч, начальнік раённага аддзела дзяржбяспекі капітан Рыбін, малады вучоны аграном Платон Грушка, журналіст Аляксей Жарнавік, стары земляроб Несцер Падкова, былы партызанскі камандзір Васіль Чаравака, машыністка Саша Іванкевіч і іншыя простыя савецкія людзі, якім пад сілу не толькі залячыць цяжкія раны вайны, але і вывесці калгаснае сялянства на шырокую дарогу новага жыцця.

Не закрываючы вочы на тыя адмоўныя з’явы, што мелі месца тады ў калгасным будаўніцтве, у кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, аўтар выступае за новыя формы савецкага агульнажыцця, за чулыя, уважлівыя адносіны да чалавека працы, славіць магутны саюз зямлі і навукі, які павінен пераўтварыць не толькі суровую прыроду Палесся, але і саміх людзей. Пісьменнік узвышае чалавечую дабрыню, шчырасць, сумленнасць, паэтызуе прыроду роднага краю, працу земляроба, які стаў гаспадаром свайго лёсу. Выгадаваная на ўчарашніх балотах пшаніца радуе душу селяніна. «Стары Несцер ходзіць па мяжы, не можа адарваць вачэй ад гэтага залатога палетка, і на сэрцы такое шчасце, што ажно плакаць хочацца. Ці хто думаў, што ў нашай пескавой, балотнай няўдаліцы ды можна зрабіць з полем такое дзіва? Залатыя людзі ёсць на свеце і залатыя ў іх рукі. Так думаў Несцер і браў колас і клаў, не зрываючы, на сваю жорсткую далонь земляроба і разглядаў яго, любаваўся. Потым адпускаў: расці, налівайся, спей!..»

Раман «Серадзібор» узнімаў важныя і актуальныя пытанні сучаснага жыцця нашага народа і вырашаў іх з прынцыповых пазіцый будаўніцтва новага грамадскага ладу. У 1964 годзе ён быў удастоены рэспубліканскай прэміі імя Якуба Коласа.

П. Пестрак шмат падарожнічаў. Ён пабываў у многіх рэспубліках нашага Саюза, неаднаразова выязджаў за мяжу, дзе знаёміўся з жыццём, гісторыяй, культурай народаў іншых краін. Вынікам гэтых паездак з’явіліся яго дарожныя нататкі «Падарожжа па Народнай Польшчы» (1956) і зборнік паэзіі «Падарожнае» (1962). У цыклах вершаў з гэтага зборніка «Сягоння і ўчора», «Сябрам па-сяброўску», «Нарач», «Латышскія сустрэчы», «З чэхаславацкага дзённіка», «Пад небам Францыі», а таксама пазнейшых сваіх вершаваных творах аўтар вучыць чытача ісці праз жыццё чыстай дарогай, любіць свой край і народ, шанаваць яго гераічнае мінулае, паважаць братоў-суседзяў, не забывацца пра тых, хто і сёння яшчэ пакутуе ў няволі.

Усё часцей звяртаўся паэт да такой вершаванай формы, як санет, які даваў яму магчымасць лаканічна і надзвычай вобразна асэнсоўваць важныя з’явы і падзеі сучаснасці, выяўляць свае да іх адносіны, паказваць мінулае свайго народа. Санеты Пестрака прасякнуты шчырай любоўю да роднай зямлі, яе чароўнай прыроды. Яны напоены духмяным водарам палявых кветак, пахам жытніх каласоў, меданоснымі сокамі верасовых палян, свежасцю ранішняй расы на палескіх абшарах. У іх чуецца кукаванне зязюлі, усплёскі нарачанскіх хваль, развітальны крык жураўлёў, што адлятаюць у чужыя краіны, колерамі вясёлкі зіхацяць сонечныя пералівы свіцязянскіх вод і празрыстая роўнядзь ціхай, задуменнай Прыпяці.

У 1968 г. выйшла асобным выданнем паэма П. Пестрака «Слова пра Мінск». Гэта была першая і адзіная яго закончаная паэма. Праўда, да гэтага жанру Пестрак звяртаўся і раней, пра што сведчаць урыўкі з яго паэм 30-х гадоў «Шум сасон», «Закатаваныя», «Ганцы», «Сын Кастрычніка», але самі творы да нас не дайшлі. Новы твор паэт прысвяціў 50-годдзю Савецкай Беларусі. Але напісаны ён быў яшчэ ў канцы 40-х гадоў, пра што сведчаць пастаўленыя самім аўтарам даты — 1949—1950 гг.

У «Слове пра Мінск» П. Пестрак у лірычна-публіцыстычнай форме расказвае пра лёс беларускага народа ў пераломны перыяд яго гісторыі, прыводзіць важнейшыя падзеі, звязаныя з мінулым беларускай сталіцы, барацьбой яе жыхароў за свабоду, за перамогу Савецкай улады. Многія гістарычныя факты прапушчаны праз прызму лірычнага ўспрыняцця паэта, пастаўлены ў сувязь з яго ўласнай жыццёвай біяграфіяй, што надае твору асаблівую эмацыянальную настраёвасць. Паэма ўспрымаецца не толькі як паэтычная гісторыя Мінска, хроніка яго жыцця і барацьбы, але і як шчырая споведзь самога аўтара, прызнанне ў любові да роднай Беларусі, яе народа.

Пестрак быў частым і жаданым госцем у калгасах, на будоўлях, дзе ён заўсёды ахвотна гутарыў з людзьмі, цікавіўся іх жыццём, працай, дапамагаў парадамі. Былі ў пісьменніка і свае любімыя мясціны, куды ён прыязджаў з найбольшай ахвотай. Гэта — Палессе, край, асабліва блізкі і дарагі яго сэрцу, пераўтвораны сёння рукамі і воляй савецкіх людзей.

Шматлікія паездкі, новыя знаёмствы, асабістыя ўражанні давалі пісьменніку багаты матэрыял для мастацкіх твораў. Так былі напісаны яго выдатныя мініяцюры з цыкла «Сярод чаротаў» (1963), у якіх аўтар з хваляваннем і любоўю расказаў пра тое новае, што прыйшло на палескую зямлю і ў душы людзей, абудзіла ў іх вялікую энергію, жаданне зрабіць свой край яшчэ багацейшым і прыгажэйшым. Пісьменнік любуецца гэтымі людзьмі, іх працавітасцю, шчырай прастатой, душэўным хараством, захапляецца прыгажосцю прыроды. Гэтае захапленне вылівалася ў прачулыя паэтычныя роздумы-маналогі аўтара, поўныя любові і замілаванасці да свайго краю, яго людзей, у своеасаблівыя гімны роднай зямлі:

«Я спыняюся і ўслухоўваюся ў перашэпты чаротаў. А яны, перашэпты, такія выразныя, вострыя і жорсткія, быццам нажавыя. Выраслі ж яны на суровай зямлі, прабіліся к сонцу з першабытных глыбінь. І цяпер расказваюць пра свой жорсткі шлях. Казка іх доўгая, бясконцая. Вокам акінуць — яны ўсё шэпчуць і шэпчуць. І здаецца, толькі я адзін заслухаўся ў іх перашэпты».

Так з глыбінь народнага жыцця вырастала і творчасць П. Пестрака. Напоеныя сокамі гэтага жыцця, яго творы ўзнімаюцца да вышынь сапраўднага мастацтва, каб несці людзям вялікую сілу праўды. Толькі расказваюць яны пра гэтую праўду не шэптам чаратовым, а шчырым пранікнёным мастацкім словам, якое натхняе чалавека на велічныя справы, абуджае ў ім імкненне стаць лепшым, служыць свайму народу, Радзіме.

У 60-я гады ўвагу П. Пестрака ўсё больш прыцягвала тэма партызанскай барацьбы на акупіраванай фашыстамі беларускай зямлі. Памяць усё часцей вяртала пісьменніка да тых суровых і велічных дзён гераічнага змагання. Пра іх нагадвалі таксама частыя сустрэчы з былымі сябрамі-партызанамі, абуджалі ўспаміны шматлікія помнікі-магілы, што засталіся на лясных прасторах Беларусі. У яго была задума напісаць твор пра мужных народных мсціўцаў — трылогію «Камісар Шчупак». Пестрак карпатліва збіраў матэрыялы, вывучаў дакументы архіваў партызанскага руху. У друку паяўляліся ўжо асобныя ўрыўкі з будучага твора. Аднак на гэтым праца была спынена. Аўтар як бы ўвесь час адчуваў неабходнасць запоўніць той своеасаблівы прабел у стварэнні мастацкай біяграфіі народа Заходняй Беларусі, якім з’яўляліся перадваенныя гады. І ён пачынае працу над раманам «Лесавічанка», якая працягвалася да канца жыцця пісьменніка.

Храналагічна твор ахоплівае перыяд з верасня 1939 года да першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Раскрываючы жыццёвы лёс галоўных герояў Лены Лесавічанкі і Паўла Верасовіча ў часы ўстанаўлення Савецкай улады ў Заходняй Беларусі, аўтар засяроджвае ўвагу на складанасці многіх з’яў і працэсаў, што адбываліся тады на гэтай нядаўна вызваленай зямлі. Паспяховаму будаўніцтву новага жыцця тут часам перашкаджала тое, што гэтая справа была даручана людзям непадрыхтаваным, палітычна непісьменным, а то і проста несумленным. Яны і праводзілі тут сваю лінію без уліку мясцовых абставін, ствараючы атмасферу падазронасці, недаверу ў адносінах да былых членаў КПЗБ. Супраць такіх праяў парушэння законнасці, за камуністычную мараль і выступаюць сапраўдныя камуністы Якаў Славінскі, Веньямін Башкоўскі, таварыш Вяргіня, Аляксей Варанюк. Яны рашуча змагаюцца з абыякавасцю да лёсу чалавека, кар’ерызмам, дэмагогіяй такіх, як Зарубін, Канчалаў і іншыя. Аднак асноўны пафас рамана ў паказе таго новага, што трывала ўваходзіла ў жыццё і свядомасць заходнебеларускіх працоўных з устанаўленнем Савецкай улады.

На многіх жыццёвых фактах, падзеях раскрывае аўтар, як гэтае новае станавілася сваёй, кроўнай справаю і простага палескага селяніна, што душою адчувае перавагу калгаснага ладу, і студэнта Верасовіча, які ўпарта штурмуе ў Маскве вяршыні філасофскай навукі.

Раман «Лесавічанка» пры жыцці аўтара не друкаваўся. Ён быў апублікаваны толькі ў 1980 годзе ў скарочаным варыянце.

П. Пестрак спрабаваў свае сілы ў розных галінах літаратурнай творчасці. Шмат увагі аддаваў ён інсцэніроўкам рамана «Сустрэнемся на барыкадах», пісаў п’есы пра жыццё і рэвалюцыйнае змаганне працоўных Заходняй Беларусі («Перад вызваленнем»), ствараў кінасцэнарыі, оперныя лібрэта, займаўся мастацкімі перакладамі. Ён перакладаў вершы польскіх паэтаў — С. Дабравольскага, Е. Путрамента, У. Бранеўскага, Яна Гушчы, украінскіх — Л. Украінкі, М. Рыльскага, П. Тычыны, У. Сасюры, Л. Первамайскага, П. Усэнкі, А. Підсухі, Я. Шпорты, літоўскіх — В. Сірыёс-Гіры, В. Гіедры, латышскіх — Ф. Рокпелніса, Б. Сауліціса, празаічныя творы І. Франка, Э. Ажэшкі, Л. Кручкоўскага і многіх іншых пісьменнікаў.

Выступаў П. Пестрак і як літаратурны крытык, публіцыст, жыва адклікаўся на важнейшыя падзеі грамадскага і літаратурнага жыцця. Нямала цікавых і слушных думак было выказана ім у розны час пра творчасць А. Міцкевіча, С. Жаромскага, У. Бранеўскага, У. Маякоўскага, М. Шолахава, В. Ажаева, Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, І. Мележа, П. Труса, В. Таўлая, Я. Брыля, М. Машары, Т. Хадкевіча, А. Вялюгіна, А. Зарыцкага, Р. Сабаленкі, У. Шахаўца, Я. Васілёнка, А. Русака, І. Дуброўскага, У. Корбана, Р. Барадуліна, Д. Бічэль-Загнетавай і іншых пісьменнікаў.

Надзвычай уважліва ставіўся ён да маладых літаратараў, падтрымліваў іх творчыя пачынанні. Яго агляды паэзіі маладых, рэцэнзіі на першыя зборнікі вызначаюцца не толькі дакладнасцю ацэнак, але і добразычлівасцю, глыбокай заклапочанасцю лёсам роднай літаратуры.

Творчая спадчына Піліпа Пестрака — надзвычай яркая, непаўторная старонка гісторыі беларускай літаратуры. Звыш пяцідзесяці гадоў працаваў ён у розных галінах мастацкай творчасці і ўзбагаціў нашу літаратуру многімі каштоўнымі набыткамі. З вышыні вялікіх ідэйна-эстэтычных дасягненняў сучаснай мастацкай культуры няцяжка заўважыць, што не ўсё ў творчасці гэтага цікавага і самабытнага мастака было раўнацэнным.

Аднак, што заўсёды адрознівала Пестрака як пісьменніка, дык гэта выключная прынцыповасць, бескампраміснасць, нязменнае адчуванне высокай адказнасці перад сваім народам, глыбока ўсвядомленае імкненне служыць мастацкім словам вялікай справе пераўтварэння жыцця і ўдасканалення чалавека. Менавіта на гэтай ідэйна-этычнай аснове і нараджалася ўсё тое лепшае, што вызначае яго творчае аблічча, што трывала ўвайшло ў скарбніцу нашай нацыянальнай літаратуры.

 

К. Р. Хромчанка,

кандыдат філалагічных навук

1 Рукапіс паэмы загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Вядомы толькі ўрывак з яе пад назвай «У Маскве».

2 Пестрак П. Дарогаю жыцця. — Полымя, 1959, № 12, с. 148.

3 Беларусь, 1952, № 8, с. 30.

4 Шчарбатаў Г. Раман аб вызваленчай барацьбе народа. — Літ. і мастацтва, 1951, 17 лют.

5 Адамовіч А. М. Беларускі раман: Станаўленне жанру. — Мн.: Выд. АН БССР, 1961, с. 274.

6 Шарахоўскі Я. Шчырае слова. — Беларусь, 1954, № 1, с. 22.

7 Зб. «Декада белорусского искусства и литературы в Москве». — Мн.: Государственное издательство БССР, 1955, с. 330.

8 Каваленка В., Мушынскі М., Яскевіч А. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы: Агульны рух і галоўныя тэндэнцыі.— Мн..: Навука і тэхніка, 1972, с. 210.

9 Адамович А. Становление жанра: Белорусский роман. — М.: Сов. Писатель, 1964, с. 329.




Тэкст падаецца паводле выдання: Пестрак П. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 1. Вершы, паэма, апавяданні, аповесці/ Аўт. прадм. К. Р. Хромчанка; Падрыхт. тэкстаў і камент. Т. Р. Строевай. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 430 с., 4 л.іл., 1 л. партр.