epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аб Эдуарду Самуйлёнку

Прайшоў год з дня смерці Эдуарда Самуйлёнка, і да жудасці цяжка аб гэтым думаць. Час — найлепшы доктар, але год — занадта малы час, каб залячыць смутак аб дарагім і выдатным чалавеку. І яшчэ быццам чакаеш, што прыйдзе ён і, са звыклай сваёй ноткай жарту, скажа:

— Здароў, стары, ну, што парабляеш? А ведаеш, каб яны гарэлі, з маёй галавы не вылазяць мае землякі. Нават аднаго я сніў.

Яго «землякі» — гэта тыпы, якія ён калі-небудзь бачыў у жыцці, якія пэўнымі сваімі рысамі назаўсёды засталіся ў яго памяці. Тут былі і сапраўдныя землякі, сяляне з Полаччыны, але многа было і людзей з іншых мясцовасцей, дзе прыходзілася іх бачыць. Многа было ленінградцаў (у гэтым горадзе Эдуард Самуйлёнак жыў некалькі год у часы свайго маленства). Ён падоўгу, бывала, расказваў аб гэтых сваіх «земляках», і з выразу яго твару, і з тону слоў можна было бачыць, што да рэальных рысаў жывога чалавека, якога ён ведае, усё больш і больш дадаецца фантазіі расказчыка і... тут пачынаецца ўжо творчасць. Смешная рыса вырастае ў непамерны камізм, звычайная непрыемнасць ператвараецца ў вялікае гора. Так умеў ён рысаваць карціны людскіх спраў.

Аднойчы ён сказаў:

— Адна толькі вёска, дзе я нарадзіўся і вырас, можа даць тыпаў на паўсотню раманаў. Ты не палохайся, што гэта з адной вёскі і раманы могуць выйсці аднародныя сваім матэрыялам. Перш за ўсё, гэта чалавечыя тыпы, якія можна ставіць у розныя ўмовы і сітуацыі.

Ён насіў у сабе вялікія магчымасці, гэта быў сапраўдны талент. Гэта быў інжынер, які глядзіць на кавалак металу і думае аб тых магчымасцях, якія затоены ў гэтым кавалку. У фантазіі інжынера ўстаюць машыны і прылады, што будуць зроблены з металу. Малады пісьменнік думаў аб тых карцінах жыцця, якія ён нарысуе ў сваіх раманах.

Творчыя планы Эдуарда Самуйлёнка былі вельмі шырокія, і ў гэтых планах ён перш за ўсё быў рэалістам. Яго, напрыклад, цікавіў тып селяніна, які некалькі год упарта не хацеў ісці ў калгас, але жыў побач з калгасам, у роднай яму вёсцы, і з дня ў дзень наглядаў усё, што рабілася ў калгасе. Ён сам таго не заўважаў, што душой сваёй даўно ўжо стаў калгаснікам. Яму вельмі добра былі відны тыя непаладкі, што былі ў калгасе. Іх ён заўважаў, можа, лепш, як хто іншы. І, нарэшце, ён не вытрымаў. Сумленне сказала яму, што ён павінен ісці ў калгас, каб навесці там сапраўдныя парадкі. Эдуард Самуйлёнак расказваў пра гэткага чалавека, які сапраўды вельмі многа карысці прынёс калгасу. Ён гаварыў, што гэты тып, ці, як ён казаў, «гэты мой зямляк», цікавіў яго як тып «звычайнага чалавека».

— Вось тып, на аснове якога я ствару вобраз савецкага патрыёта. Часамі чалавек быццам бы чым-небудзь і незадаволен, нешта бурчыць сабе пад нос, а калі прыйдзецца да справы,— ён выявіцца як сапраўдны патрыёт радзімы. І за яе аддасць жыццё.

У Эдуарда Самуйлёнка гэта былі самыя першапачатковыя абрысы аднаго з тых твораў, якія ён меркаваў напісаць. Тут яшчэ не было канкрэтных раманных сітуацый, быў толькі пачатак ідэйнага замыслу, які ўзнік тады, калі пісьменнік пазнаёміўся дзесьці на Полаччыне з успамянутым вышэй калгаснікам.

Аб сваіх творчых планах на самы бліжэйшы час Эдуард Самуйлёнак, незадоўга да сваёй смерці, так пісаў: «Гэты год — найбольш прадукцыйны ў маёй творчасці. У сакавіку я скончыў работу над першай кнігай рамана «Будучыня». Зараз заканчваю п’есу «Пагібель воўка», прызначаную для Дзяржаўнага драматычнага тэатра. Яшчэ ў гэтым годзе мяркую распачаць работу над сцэнарыем для кінастудыі «Савецкая Беларусь».

Але мы ўсе добра ведалі, што Эдуард меркаваў неўзабаве брацца за другую кнігу рамана «Будучыня», а пасля гэтага,— часта казаў ён,— будуць раманы, дзе будуць дзейнічаць «мае землякі». Заўчасная смерць не дала здзейсніцца гэтым планам. Раман «Будучыня» ён пісаў ужо хворым. Ён жыў тады ў Пухавічах, ён прыехаў сюды, каб, як сам казаў, «застацца аднаму са сваім раманам». Ужо тады ён вельмі хутка стамляўся і не мог падоўгу сядзець за працай. А п’есу «Пагібель воўка» ён пісаў ужо вельмі і вельмі хворым. Ён спяшаўся чым найхутчэй давесці да канца працу над п’есай, быццам бы адчуваючы блізкую смерць. Аднак ён бадзёрыўся да самага канца. Звыклы яму гумар не пакідаў яго.

У яго былі планы і яшчэ на адну п’есу. Апошнімі гадамі ён усё больш і больш уваходзіў у сферу сваіх літаратурных замыслаў,— так прыйшла яго творчая спеласць і сталасць. Гэта быў талент, які многа зрабіў бы для нашай літаратуры.

Ужо зусім хворы, ён не пакідаў працы бадай да самай смерці. І «Будучыню» і «Пагібель воўка» ён напісаў, перамагаючы хваробу. Гэта быў высокі гераізм, варты таго, каб яму наследаваць.

У жыцці ён цікавіўся ўсім. Запас ведаў у яго быў вялікі. Як сапраўдны знаўца рэчаў, ён мог гаварыць і аб раслінах, і аб звярах, і аб гатунках глебы, і аб мінулых гістарычных падзеях, і аб якасцях тканін. Прыроду ён любіў вельмі моцна. Перад акном яго кватэры расло некалькі маладых садовых дрэў. Яго заўсёды радаваў гэты кавалачак прыроды ў горадзе. Ён любіў расказваць аб прыродзе Полаччыны — мясцовасці, дзе ён нарадзіўся і вырас. Адчуванне хараства прыроды клала свой след і на яго творчасць. Цудоўнае яго апавяданне «Паляўнічае шчасце» напісана з такім адчуваннем прыроды, што ўсё яно гучыць, як музыка зімы ў полі і ў лесе. Успомнім ноч, снег і лес, калі герой апавядання начуе ў лесе, каб злавіць звера.

Вялікае замілаванне да «простых савецкіх людзей» гучыць ва ўсёй яго творчасці. З якой шчырасцю ён выпісваў вобразы калгаснікаў у сваіх апавяданнях і ў п’есе «Пагібель воўка». Чалавек чыстага сумлення і высокай прынцыповасці — вось якім рысуецца мне вобраз Эдуарда Самуйлёнка — савецкага грамадзяніна, пісьменніка.

Светлая памяць аб табе, дарагі і любы Эдуард, ніколі не згасне ў сэрцы!


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан