epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аб зборніку «Гартаванне»

Замілаванасць да роднай краіны і злітнасць з ёю чалавечай асобы нараджаецца ў чалавеку з маленства, фармуецца, вырастае да найвялікшай сілы і пераходзіць у чалавечую свядомасць праз гады маленства і юнацтва. Чулы ў гэтую пару свайго жыцця на ўражанні чалавек на ўсё жыццё назапашвае ў сабе і пакідае ў сваёй псіхіцы карціны жыцця роднага народа на роднай зямлі, адлюстраванне з’яў і рэчаў і адчуванне сваёй неадрыўнасці ад роднае бацькаўшчыны. Усё гэта астаецца навек у чалавечых эмоцыях і вызначае тую старану ў душы чалавека, што выяўляецца вялікім і высокім пачуццём, імя якому — патрыятызм. Тут і ёсць вытокі той плыні ў нашай паэзіі, якую льга назваць «патрыятычная лірыка».

Ужо само слова «лірыка» вызначае характар гэтай плыні. Эмацыянальна ўзнятая душа, поўная адзінага вялікага пачуцця, замілаванасці да радзімы і дзейнай нянавісці да ворагаў яе. Вось абсяг (сфера) вобразаў гэтай паэзіі. У гэтым плане нас цікавіць выхад з друку асобным выданнем вершаў Цімоха Крысько «Гартаванне». Тэма патрыятызму яднае ўсе сабраныя ў зборніку вершы, і кніга гэтая ёсць адно лірычнае цэлае.

Вытокі лірыкі Цімоха Крысько, лірыкі патрыятычнай тэмы, узоры якой мы бачым тут, гэта глыбокае пачуццё злітнасці чалавека з радзімай. Злітнасць гэтая нарадзілася ў маленстве, напоўніла на ўсё жыццё душу чалавека і яшчэ больш стала, калі настаў час «горкага выраю». Вораг запаланіў нашу родную зямлю. Чужынцы навалакліся на яе і топчуцца на тых мясцінах, якія чалавеку «святое-святых». Зняважаныя пачуцці чалавека гнеўна выклікалі на паверхню душы вобразы роднай зямлі і роднага народа, як самае дарагое з усяго, што ёсць у чалавека, і што трэба ратаваць ад ворага, і за што помсціць яму.

У кніжцы лірыкі Цімоха Крысько Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбокіх вобразаў. Гэта не паасобныя, больш ці менш удала «знойдзеныя» вобразы, ці, як проста часам кажуць модным словам, «знаходкі». Гэта прырода душы самога паэта, таму тут стыхія поўнай і сапраўднай паэтычнай шчырасці і жывой праўды.

Каваль Валадым гартуе ў кузні жалеза. Пад сінім небам восені ўздымаецца ўгару на канцы вясковай вуліцы калодзезны журавель, і над ім птушкі ляцяць у вырай. Улетку, у сонечны дзень, цяжкія ад набранага з кветак мёду чмялі падаюць на траву. На роднай Случчыне дзесьці расце знаёмая алешына.

 

Заросшыя даўнія сцежкі,

Выхаджаныя дарогі

Ад палыновага ўзмежка

Да бацькавага парога.

 

Усё там роднае, дарагое, кожная травіна каля ног абуджае ў душы і ў памяці вобразы з маленства, юнацтва і сталасці. Сярод гэтых з’яў і рэчаў чалавек вызнаваў сябе самога і меў шчасце жыць пад родным небам.

Ёсць трапнае слова ў гэтай кнізе — «на выгодзе». Так названы тут цэлы раздзел. Слова гэтае вырастае ў вобраз. Жыццё на роднай зямлі — гэта было жыццё на выгодзе. І на векі вечныя

 

Быць табе усюды неразлучнаму

З першымі ўспамінамі жыцця.

 

Туга па запалоненай ворагам роднай краіне робіцца гнеўным болем. Крывавымі дарогамі вайны людзі ішлі з родных хат у лясы і збіраліся ў партызанскія атрады. Пасірочаныя ворагам дзеці пакінулі спустошаныя хаты. Адбылося як бы вялікае перасяленне. Цэлыя нашы беларускія заводы разам з тысячамі рабочых былі эвакуіраваны далёка на ўсход, каб не быць у руках ворага і каб дзень пры дні працаваць на варожую гібель. Гэта сапраўды быў «горкі вырай». Упартае змаганне народа з узброеным да зубоў ворагам пачыналася з горкім пачуццем. Таму і гнеў быў большы.

 

Але сэрца не просіць

Злітавання ў чужынца.

 

Ёсць у зборніку верш, трэці ў раздзеле «Горкі вырай»:

 

Вучыся у ракі. Ручво змялела,

І душна раўчука знясіленаму целу,

Яна ж ніколі не паддасца зморы

І ўсё бяжыць, усё спяшае ў мора.

 

Грызе жарству, гарачы крышыць камень,

За кожны куст хапаецца рукамі,

Каб толькі вузкае не перасохла горла,

Каб толькі прагнасць не памёрла.

 

Гэта паэтычны вобраз упартасці і волі да жыцця, да змагання і да перамогі. Гэты матыў у кнізе нараджаецца з вобразаў жыцця ў роднай краіне сярод блізкіх з’яў, рэчаў і прыроды. Нараджаецца з горычы дзён, калі на родную зямлю ступіла нага чужынца, да якога накіраваны словы, гнеўныя і жорсткія. Яны ёсць няўхільны вынік развіцця пачуцця: замілаванасць да радзімы нараджае ўпартасць змагання і бязлітаснасць да ворага. Без нянавісці не можа быць змагання:

 

Што заслужыў — не абмінеш. Прымай:

Прымай, сусветны кат, нянавісцю кляймёны!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Той судны дзень у твар табе глядзіць

Бязлітаснымі прагнымі вачыма.

Дык падніміся ж, помста, і ідзі

Па ўсёй айчыне.

І ўсюды, дзе засцігнеш, папялі

Апошніх вылюдкаў, увесь іх нарад.

Ты гнеў людскі збяры з усёй зямлі,

Ляж цяжкай хмарай.

 

З сапраўдным паэтычным густам і парадкам логікі вобразаў складзена гэтая кніжка вершаў. Сама ў сабе яна ёсць стройнае цэлае і ў магутнай сімфоніі сучаснай беларускай паэзіі — важны, уздымны, мілагучны і гучны акорд. Маючы на свой пачатак чалавечую душу, навек уражаную вобразамі роднай краіны, лірыка «Гартавання» даходзіць да эмоцый чытача. Гэта лірыка беларуская, нацыянальная ў самым канкрэтным сэнсе гэтага слова. Яна ідзе ад найканкрэтнейшых, самых выразных з’яў і рэчаў. Усё тое, ад чаго яна ідзе, роднае беларускаму чытачу, які любіць Беларусь за сваё маленства, юнацтва і сталасць, за сіняе беларускае неба, за пах і шум хвойнага лесу, за свой вялікі народ, за хараство прыроды, за «карэц халоднага бярозавага соку», за «хмурынку, што на Случчыну імкнецца», дзе ўвосень «бывае, ліст прысохне да кары», дзе родны дом, дзе

 

Зазелянеў магутны ляс,

І зноў вясна склікае нас,

 

дзе

 

На дарожным схіле, паміж кветак,

Між травы закрасавала: «Сталін».

 

Тут усё, аб чым будзіць думкі гэтая кніжка, што выклікае з самых глыбокіх эмоцый, усё адно за адным у вялікім адзінстве. Гэта адчуванне вобразаў роднай зямлі і жыцця там, у маленстве, юнацтве, сталасці. Уяўляюцца прасторы поля, сонечныя дні, восень, вясна, вёска з калодзезным жураўлём і кузняю, працавітасць людзей, і сярод усіх гэтых шматлікіх з’яў фармуецца натура, характар таго, хто ў нашы дні вялікага змагання гнеўна падняў руку на наглага чужынца. Бо нельга беспакарана рваць у чалавека з душы тое, што ёй навек дарагое.

Накіраванасцю да патрыятычных пачуццяў таго, хто адчувае радзіму самымі глыбокімі сваімі эмоцыямі ад дзён свайго маленства, і вызначаецца аблічча зборніка вершаў Цімоха Крысько «Гартаванне».


красавік 1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан