epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Абаронцы нямецкай тыфознай вошы

Немцы ператварылі Віцебск у чорныя руіны. Няшчасныя жанчыны яшчэ і цяпер адкопваюць з-пад руін трупы сваіх дзяцей. У разбураным нямецкім гадаўём Віцебску пануе сыпны тыф. Вашывая нямецкая салдатня навалакла сюды тыфозных вошай. Кожны дзень уміраюць людзі многімі дзесяткамі. Смерць, трупы, калецтва — гэта кожнадзённая з’ява ў абгнюшаным немцамі Віцебску. Ад голаду, ад пошасцей, ад катаванняў, ад зверстваў людзей косіць смерць.

І ў той жа час нямецкія шэльмы і іхнія падбрэхачы, мусіць, дзеля большага яшчэ здзеку з віцебскага насельніцтва, у сваёй газетцы пішуць, што вельмі ж ужо добрая ў іх ахова здароўя ў горадзе. Яны пішуць, што ў горадзе нават ёсць больніца, дзве аптэкі, што ў больніцы ёсць нават венерычнае аддзяленне. А як жа! Фрыцы валакуць з сабой не толькі сваю тыфозную вош. Без публічнага дома немец непаўнацэнны фрыц. Дзе ж яму лячыцца ад арыйскай венеры, каб дзеля яго не адкрылі венерычнага аддзялення?

Далей брудны фашысцкі лісток, у якім наперабой брэша паўдзесятак галаварэзаў і вісельнікаў, выхваляецца, што на санітарнай станцыі захавалася ад грабяжоў абсталяванне. Сапраўды, трэба дзівіцца, як фрыцы не расцяглі яго.

Санітарныя атрады,— захлёбваецца газетка,— у любы час выязджаюць на ліквідацыю ачагоў эпідэмічных захворванняў.

Быў слаўны, прыгожы, багаты, шчаслівы горад Віцебск. Быў ён без эпідэмічных захворванняў, без грабяжоў, без тыфу, без немцаў, без вошай, без публічных дамоў. Былі ў гэтым горадзе цудоўныя клінікі, амбулаторыі, больніцы, медінстытут. Прыпаўзло нямецкае звяр’ё, і ў горадзе з’явілася смерць, тая самая, што нарысавана на рукавах эсэсаўцаў. Хто яе прынёс — з тым яна і пойдзе і таму астанецца навек.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан