epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Андрэй Клыга (Чырвоныя штрыхі)

На жаўтаватым твары яго адбілася нешта надзвычайна сур’ёзнае.

Гаварыў ён так, што зразу відаць было, што ўсякае слова яго — гэта вера яго.

Гаворачы, ён паволі хадзіў па краю сцэны, грузна згінаючы ногі ў каленях і бразгаючы па сухіх дошках адстаўшымі падковамі ботаў.

Яго слухалі сотні дэлегатаў з’езда Саветаў рэспублікі — перад ім, а за ім, ззаду, прэзідыум з’езда, у якім быў і самы вышэйшы «саноўнік» — галава ўсяго ўрада, і старая вясковая кабета ў новых лыкавых лапцях і шарачковай вопратцы.

А збоку, каля сцяны, у глыбіні памяшкання, сярод «гасцей», сядзеў пасол суседняй буржуазнай стараны і шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на нявіданае ім нідзе з’явішча: на «кангрэсе» прадстаўнікоў усяе стараны расхаджвае на падмостках мужык і гаворыць, як і што павінен рабіць самы вышэйшы ўрад краіны. Ідзе ад гэтага небывалага прамоўцы «дух» — пахне ад яго ні то свіронкам, ні то сечкаю-паранкаю, і словы яго, цяжкія і грузныя, аддаюцца ў вушах, як бы павольны стук яго каравых кулакоў па чым-небудзь дзеравяным і пустым.

Чуецца ў яго прамове пра «корт на вопратку», «пра наша дзерава і жыта і іхнюю вату» і многа чаго другога гэтакага, на чым адвеку будаваліся і будуюцца «вялікія ўсясветныя маркоты і радасці».

* * *

Праз пяць дзён пасля таго, як Андрэй Клыга гаварыў прамову на з’ездзе Саветаў рэспублікі, яго жонка Мар’я з сваёй глухой вёскі хадзіла за дзве вярсты у мястэчка на пошту па пісьмы ад мужавага брата з горада. Яна ішла вузкаю палявою дарогаю і прыглядалася, як сям-там, на ўзгорках, пазыходзіў ужо ад сонца снег, і зелянела там маладое жыта. Грукаючы па мёрзлай яшчэ зямлі тоўстымі дзеравянымі падэшвамі чаравікаў, яна ішла паволі і, гледзячы на шырокае панскае поле, засеянае летась мужыкамі, думала аб Андрэю на з’ездзе Саветаў і ціха ўсміхалася сваёю задумёнаю добраю жаночаю ўсмешкаю.

— Няма яшчэ Андрэя з горада?! — гукнуў ёй весела, праязджаючы непадалёку з мястэчка, сусед Макар Канцавы.

Ён ведаў, што Андрэя яшчэ няма, але яму хацелася загаварыць аб суседу Андрэю, які паехаў у вялікі горад вырашаць дзяржаўныя справы.

— Не, няма яшчэ,— гукнула Мар’я і, азірнуўшыся, паглядзела, як ён, весела свіснуўшы, устаў на санях і пагнаў мацней каня.

«Такі і праўда, доўга няма Андрэя, можа і ад яго што ёсць на пошце»,— думала Мар’я, ідучы далей.

* * *

У той дзень загадчык паштовай местачковай канторы, быўшы чыноўнік, быў, як заўсёды, хмурны. Ён сядзеў у канторы за сталом, заваленым раскіданымі газетамі, і барабаніў пальцамі левай рукі па краю стала...

— Пісем у вёску Сычанку? — сказаў ён Мар’і і настаражыўся.

— Але можа і на маё імя ёсць.

— А як прозвішча?!

— Клыга.

— А мужык на з’ездзе?!

— Чаму, можа і ад яго што ёсць? — запытала нецярпліва Мар’я.

— Пагледзімо,— адказаў, крыва ўсміхнуўшыся, загадчык і, пазваўшы паштальёна, сказаў яму пашукаць пісем у вёску, а сам пачаў перагортваць газеты.

Там, на першай старонцы, надрукавана была прамова Андрэя Клыгі. Загадчык канторы глядзеў на гэтыя дробныя, густа насыпаныя літары і ўсё задумёна патрасаў галавой.

Потым, як Мар’я, узяўшы пісьмы і газеты ў вёску, пайшла, ён, пакінуўшы кантору, хадзіў па вуліцы і, гледзячы, як, весела гаворачы, з’язджаліся людзі на кірмаш, стараўся дадумацца, ці ёсць на свеце прычыны для пастаяннай чалавечай радасці. Потым ён хмурна сядзеў у сваёй кватэры, маўчаў і маркотна пазіраў на сцены. Белаю, мяккаю рукою ён гладзіў бародку і думаў:

«Калі ёсць які-небудзь сэнс у жыцці, дык ён у «вышэйшай маркоце сусветнай».

 

А Мар'я ішла дадому і не знала, што ў газетах, якія яна нясе, надрукавана прамова Андрэя і што ён лічыўся ў спісе выбраных у ЦВК.

Яна трохі пагаварыла на рынку з людзьмі аб сваіх справах, пасядзела ў знаёмай хаце і пайшла па залітай сонцам пачарнеўшай дарозе. І тое, што кагадзе яна гаварыла з людзьмі, што ідзе па дарозе, што возьмецца дома за работу, што Андрэй недзе там у горадзе на з’ездзе,— давала ёй нейкую радасць, якую яна нават не разумела, а толькі адчувала ў сабе.

І, ідучы, яна весела азіралася вакол.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан