epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Аўтабіяграфія

Я радзіўся ў 1900 годзе ў маёнтку Боркі, на Случчыне (цяпер Чырвонаслабодскага раёна), дзе мой бацька служыў парабкам у пана Вайніловіча. Ён найшоў у парабкі таму, што меў усяго адну дзесяціну зямлі, ды і тая была падзелена напалам з яго бацькам, маім дзедам. Жыць з сям’ёй на паўдзесяціне зямлі не было як. Калі мне споўнілася восем год, бацькі мае пачалі думаць пра тое, што добра было б, каб я павучаўся як-небудзь грамаце. Каля маёнтка Борак школ блізкіх не было, і з гэтай прычыны бацька кінуў службу і пераехаў на сваю радзіму ў мястэчка Цімкавічы, Капыльскага раёна. Але як пражыць на паўдзесяціне зямлі? Ні каня, ні каровы ў нас не было — не было за што купіць і на чым трымаць. Бацька ведаў плотніцкае рамясло і пачаў хадзіць на падзённую працу з сякераю. Гэтым ён займаўся да 1920 г., калі пасля адыходу палякаў і прыходу Чырвонай Арміі нам далі зямлю паводле ліку душ у сям’і. З 1930 г., з моманту масавай калектывізацыі, бацька мой стаў калгаснікам. Ён памёр зімой 1938 г. на 73-м годзе жыцця.

Маці памерла ў 1921 г. ад сухотаў, на 45-м годзе жыцця. Нас было пяцёра чалавек дзяцей. Адзін брат мой настаўнік, другі — тэхнік-меліяратар, адна сястра фельчарыца, другая — калгасніца. Я скончыў Цімкаўскае народнае вучылішча, пасля чаго рыхтаваўся да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, у якую паступіў у 1916 г., калі мне было 16 год. У настаўніцкую семінарыю я пайшоў таму, што гэта была найбольш зручная школа для тых, хто не меў за што вучыцца: там не бралі платы за навуку, а лепшым вучням, якія добра вучыліся, давалі стыпендыю. Закончыць асвету ў настаўніцкай семінарыі мне не ўдалося з той прычыны, што зімой 1919 г. палякі закрылі семінарыю, а пасля адыходу палякаў Нясвіж застаўся на польскай тэрыторыі.

З лета 1920 г. (з прыходам Чырвонай Арміі) я працаваў у Цімкавіцкім валасным рэўкоме, у ваенным аддзеле, а пасля быў пераведзен на працу ў Слуцкі павятовы ваенны камісарыят на канцылярскую работу.

Звольніўся з працы ў ваенкамаце я ўлетку 1922 г. Увосень 1923 г. я паступіў у Мінскі універсітэт на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта. У гэты ж час я друкаваў свае творы ў мінскіх газетах. Першым, а значыцца, і самым важным маім літаратурным настаўнікам быў Змітрок Бядуля. Ён многа зрабіў для мяне сваімі парадамі і памог мне, тады маладому і пачынаючаму пісьменніку, стаць на творчую дарогу.

У гэты ж час я пачаў працаваць літаратурным работнікам у газеце «Беларуская вёска», і тады ж у мяне з’явіліся першыя адзнакі туберкулёза. Я быў пасланы ў Крым на лячэнне. Мне ўдалося вылечыцца.

Прайшоў я два курсы універсітэта. Пакінуў працаваць у рэдакцыі ў 1928 г. З таго часу займаюся толькі літаратурнай працай. За гады маёй літаратурнай працы мною напісана звыш 15 кніг — сюды ўваходзяць раманы, аповесці і многа апавяданняў. Апрача таго, мною напісана не мала артыкулаў на літаратурныя тэмы. Найбольш спелымі з маіх твораў я лічу п’есу «Бацькаўшчына», раманы «Трэцяе пакаленне», «Люба Лук’янская», «Трыццаць год» і апавяданні апошніх год. Цяпер я заканчваю раман «Судны дзень» і адначасова працую над п’есай на тэму аб вызваленні з-пад панска-польскага панавання народаў Заходняй Беларусі — на тэму аб вялікіх гістарычных падзеях восені 1939 г. Пасля сканчэння гэтых твораў буду працаваць над сканчэннем рамана «Вялікае выгнанне», які ў большай частцы ўжо напісан.

Раманы «Трэцяе пакаленне», «Люба Лук’янская», «Судны дзень», «Вялікае выгнанне» ўваходзяць у задуманы мною цыкл раманаў, у якіх я імкнуўся ў меру маіх сіл і здольнасцей нарысаваць у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа за часы ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён — эпоха сацыялізма і рух народаў да камунізма. Самымі важнымі, можна сказаць, цэнтральнымі, момантамі ва ўсім гэтым цыкле раманаў будуць: першая імперыялістычная вайна, падрыхтоўка рэвалюцыі, Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і грамадзянская вайна да моманту яе заканчэння (трылогія «Вялікае выгнанне»); стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ператварэнне жыцця ў ёй на сацыялістычны лад, выкарчоўванне рэштак капіталізму з свядомасці чалавека, панаванне над Заходняй Беларуссю панскай Польшчы, вызваленне Заходняй Беларусі і з’яднанне навекі беларускага народа ў адзінай Савецкай Беларускай рэспубліцы (раманы «Судны дзень», «Трэцяе пакаленне», «Люба Лу’янская» і яшчэ два задуманыя мною раманы).

Гэта частка майго замыслу, на выкананне якога спатрэбіцца многа год пільнай і ўпартай працы. Я цвёрда спадзяюся, што мне ўдасца выкапаць гэтую сваю працу. Я ўспамінаю жыццё сваіх бацькоў і сваё маленства. Гэта быў жудасны час, калі кавалак хлеба і палатняная рубашка — адна на год, здаваліся шчасцем. Так жылі ўсе тыя людзі, сярод якіх я вырас і выгадаваўся. Так жыў народ. Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей. Я стаў пісьменнікам. Больш таго, я пішу на мове тых простых людзей, сярод якіх і вырас. Гэтыя людзі сталі шчаслівымі на зямлі, іх мова стала дзяржаўнай мовай. Я пішу аб гэтых людзях у сваіх кнігах.

Вялікае шчасце для пісьменніка пісаць аб народзе і яго шчасці і самому быць шчаслівым разам з народам. За гэта няспынна гарыць у душы шчырая і сардэчная ўдзячнасць партыі вялікага Леніна.


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6 т. Т. 4. Раман, аповесці, п'еса, публіцыстыка, 1930 - 1940.- Мн.: Маст. літ., 1989.-463 с., [4] л.іл.
Крыніца: скан