epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Беларуская проза і драматургія часу Айчыннай вайны

Беларускі народ ідзе цяпер праз новы рубеж свае гісторыі. З таго моманту, які мы сёння перажываем, астанецца навекі новы гістарычны вопыт нашага народа, таксама як астануцца навекі сляды той крывавай драмы, якая разыгралася сёння на беларускай зямлі. Набытыя ў жорсткай практыцы вялікага змагання з нямецкім захопнікам, з ненавісным чужаземным прышэльцам на нашу зямлю, новыя рысы ўдасканаляць наша аблічча, узбагацяць нас новымі якасцямі. Нацыянальныя рысы беларускага народа з новай сілай і новымі сваімі гранямі выступаюць сёння перад усім светам. Вядомая з старадаўніх часоў гераічнасць беларускага народа выяўляецца сёння ў новай сваёй магутнасці. Справядлівасць, чуласць, працавітасць, замілаванне да свае радзімы — гэтыя нацыянальныя рысы беларускага народа выліліся сёння ў цярплівае ўпартае змаганне, у непахіснасць і непакорнасць перад ворагам. Воля народа нагартована да апошняй вастрыні. І калі яшчэ ў мінулую імперыялістычную вайну беларускі чалавек меў часам некаторыя адзнакі пакутніка-бежанца, які зносіў сваё нацыянальнае гора, то сёння пакуты нарадзілі бурны пратэст, гнеў і нястрымную волю да крывавай расправы з нямецкай навалаччу, якая павалаклася на святую для ўсіх нас родную беларускую зямлю, каб стаптаць яе, здушыць ланцугамі няволі народ і дамагацца знішчэння яго непаўторных нацыянальных асаблівасцей, дзеля ператварэння народа ў масу парабкоў без твару і імкненняў. Не ўдалося і не ўдасца гэта праклятаму чужынцу. Непакорнасць і змаганне да поўнай перамогі — вось што стала сёння самай яркай нацыянальнай беларускай рысай. Нянавісць да ворага і ўсеабдымная прага пераможна вярнуцца зноў у сям’ю народаў Вялікага Савецкага Саюза — гэта сённяшняя асаблівасць жыцця і дзейнасці беларускага народа. Перажытая апошняя чвэрць стагоддзя ўзняла беларускі народ да вялікай гістарычнай дзейнасці. Існаванне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ўзвысіла беларускі народ да свае нацыянальнай дзяржаўнасці. Вялікая партыя Леніна вывела народ беларускі на вялікія прасторы нацыянальнай, гістарычнай дзейнасці. І гэтага ад народа ўжо ніхто не адбярэ. Гэта ніколі не загіне. Яно дало народу новыя сілы і акрэсліла яго мэты для сённяшняга вялікага змагання з гітлераўскім звяр’ём. Праз сваё змаганне, праз свае перамогі, праз блізкае вызваленне беларускі народ шпаркай і магутнай хадою ідзе да свае новай славы і новай радасці.

Сярод вобразаў беларускай літаратуры, як манумент, узвышаецца трагічны вобраз Міхала з «Новай зямлі» Якуба Коласа. Неўміручая сіла гэтага вобраза, яго манументальнасць у той жыццёвай праўдзе, з якое ён радзіўся пад магутным пяром нашага вялікага пісьменніка. Трагедыя Міхала гэта, можна сказаць, былая нацыянальная трагедыя беларускага чалавека да рэвалюцыі, калі ён на сваёй роднай зямлі не быў гаспадаром яе, а прымушан быў яшчэ шукаць яе. Царскае чыноўніцтва і мясцовае панства ўладалі тым, над чым ён паводле свайго права ад бацькоў і прадзедаў павінен быў бы быць законным гаспадаром. Дамагаючыся і шукаючы ў сваёй роднай краіне сабе месца і прытулку, гэты чалавек надрываў свае сілы і ў той момант, калі ў яго вачах паўставалі цьмяныя абрысы нейкага нязведанага яшчэ берага, да якога ён даплываў у апошніх сваіх намаганнях, перад туманнымі засціламі гэтага міражу ён уміраў знясілены. З найвялікшай сілай Якуб Колас адлюстраваў той гістарычны перыяд у жыцці беларускага народа. Усё тут сышлося ў трагедыі Міхала. А з гэтай трагедыі, з лёсу гэтага чалавека, нараджалася разнавіднасць і самая багатая разнастайнасць, гаворачы ў пэўным сэнсе, дзеячаў народа — малых і вялікіх, заўважных і незаўважных бунтароў, паўстанцаў, пратэстуючых парабкоў, бедных сялян. Нараджаўся тып у жыцці чалавека, які зганяўся нават з тае малое зямлі, якую ён і меў. Ён ішоў у гарады шукаць спосабу жыць. Гэта быў просты беларускі люд, выяўлены ў мільёнах разнавіднасцей, індывідуальнасцей. З гэтай жывой народнай крыніцы нараджаліся і ствараліся нашымі пісьменнікамі іншыя тыпы і вобразы нашай літаратуры, усё яе вялікае рэалістычнае багацце. Твар нашай літаратуры заўсёды вызначаўся той акалічнасцю, што сапраўдныя яе творцы, самыя лепшыя нашы пісьменнікі прыходзілі да свае дзейнасці з народных мас і праз усё сваё жыццё заўсёды былі з народам, ніколі не былі адшчапенцамі ад народа, і гэта давала ім сілу тварыць, гэта надавала аблічча іх творчасці. Айчынная вайна, якую мы цяпер вядзем з паганым нямецкім захопнікам, яшчэ раз пацвердзіла гэта. Ніводзін беларускі пісьменнік не астаўся служыць немцам, ніводзін не пайшоў супраць народа.

Беларуская літаратура нарадзілася ў змаганні гераічнага беларускага народа за сваю сацыяльную і нацыянальную незалежнасць і свабоду. Яна ўзнялася да сваіх вышынь у шчаслівыя годы савецкага жыцця. Вялікасць беларускай савецкай літаратуры ў тым, што яе ідэі — гэта жыццё народа, шчасце яго і роднай беларускай зямлі, яго вялікае і пачэснае месца сярод брацкіх народаў Вялікага Савецкага Саюза, яго месца і значэнне ў чалавецтве. Беларускую літаратуру тварылі і твораць таленты, якія выйшлі з народа. Мэта ўсяго іх жыцця — служыць народу. Гэтай сваёй вялікай мэце яны асталіся вернымі назаўсёды. Яны былі з народам у яго шчаслівыя часы, яны з народам і ў сённяшні пакутны і гераічны час змагання з подлымі нямецкімі чужынцамі, якія, як чорная хмара, навалакліся на нашу зямлю, каб ускласці на наш народ страшнае ярмо няволі і здзеку. І гэта традыцыі Якуба Коласа.

Зноў вісне над нашым народам здань трагічнага лёсу, з такой сілай адлюстраванага Якубам Коласам праз вобраз Міхала з «Новай зямлі». Сёння гэты персанаж нашай літаратуры стаў яшчэ больш жывы і рэальны: мільёны беларускіх людзей выганяюцца захопнікамі з родных хат, зямлёй іх хоча ўладаць нямецкая прыблудная навалач. Замест царскага чыноўніка на шыі нашай хоча абгрунтавацца гітлераўскі гаўляйтар. І вось пад пяром беларускіх пісьменнікаў нарадзіліся новыя вобразы, якія выйшлі з тых жа вытокаў, з якіх чэрпалі сваё творчае натхненне Янка Купала і Якуб Колас — з самых глыбінных народных нетраў. Гэтыя вобразы ёсць народныя тыпы, народныя характары. Усе яны ёсць тыя сапраўдныя вобразы, важныя і тыповыя, на якіх развівалася і развіваецца беларуская літаратура. У сваёй лагічнай паслядоўнасці яны развіваюць далей літаратуру, уваходзяць у бесперапынны працэс яе жыцця і развою, яны выяўляюць сабой новыя, ужо ў сённяшнюю эпоху народжаныя і адкрытыя грані жыцця народа. І ў той жа самы час маюць непарыўную сувязь з ранейшымі вобразамі беларускай літаратуры. І тут мы можам з радасцю сцвердзіць: працэс развіцця і росту беларускай літаратуры не спыніўся ў часе вайны. Беларуская літаратура жыве і творыцца, развіваецца далей. Яна ёсць магутная і вострая зброя супраць ворага беларускай зямлі і беларускага народа. Мужнае слова беларускіх пісьменнікаў гучыць у народзе, як кліч да змагання, гучыць на фронце, дзе доблесная Чырвоная Армія вядзе няспыннае змаганне. У нашы дні народнага гераізму, у дні подзвігаў народных герояў, у дні змагання з чорнай гітлераўскай навалай, беларуская літаратура жыве і гучыць магутным сваім словам. І новыя яе вобразы паўстаюць перад намі ва ўсім багацці сваіх нацыянальных рыс, ва ўсёй сіле свае народнасці, паводле традыцый усяго працэсу развіцця беларускай літаратуры.

Беларуская проза і драматургія за апошні год узбагаціліся новымі творамі, якія ёсць выдатная з’ява як у агульналітаратурным сэнсе, так і ў тым, што яны з вялікай сілай адлюстроўваюць бязмежную гераічнасць беларускага народа ў сённяшнім яго змаганні. Адной з самых яркіх з’яваў нашай літаратуры сёння з’яўляюцца навелы Міхася Лынькова. Міхась Лынькоў напісаў цыкл навел, частка якіх ужо апублікавана. У гэтых навелах Міхась Лынькоў паглыбляе далей свае індывідуальныя творчыя асаблівасці: аналіз чалавечай душы, часам самы незаўважны ў вонкавым сваім выяўленні рух яе. Перад намі ў навелах Міхася Лынькова праходзяць вобразы таго ж, кажучы старым словам, простага народа — тыповыя персанажы і найцікавейшыя літаратурныя вобразы. Старэйшы сваяк іх, Міхал з «Новай зямлі» Якуба Коласа, калісьці раскрыў перад намі сваю тагачасную трагедыю. Гэтыя вобразы раскрываюць перад намі сваю страшную драму, жудасную і крывавую — сённяшнюю драму ўсяго беларускага народа. Перад намі праходзіць тып самаахвярнай вялікай беларускай жанчыны, душа і сэрца якой месціць у сабе гэтулькі справядлівасці, дабраты і ласкі, што яе хапіла б на ўвесь свет. І вось гэтыя вялікія чалавечыя с/пачуцці раптам нарадзілі сваю супрацьлегласць — ні з чым непараўнаную нянавісць. Нянавісць няўмольная і няспынная, якая не ідзе ні на якія кампрамісы, нарадзілася таму, што з самай сваёй прыроды беларуская жанчына, сястра і маці, адвеку ўстае перад намі, як увасабленне чыстаты, благародства, вялікай душы і вялікага сэрца. Вайна не давяла нашага чалавека да грубасці. Наадварот. Ніколі так, як цяпер, не выяўляецца чулая чалавечнасць душы нашых людзей, мужчын і жанчын, суровых нашых воінаў і іх сёстраў і матак. Чалавек узняўся на знішчэнне звера ў асяроддзі чалавецтва. У імя жыцця чалавека чалавек павінен зрабіць смерць двуногаму зверу, які прыйшоў на нашу зямлю і сам прынёс нам нашу нянавісць да яго, да немца. І той, хто робіць смерць яму, хто задушыць гада, каб не даць яму задушыць нявіннае дзіця, той выростае перад намі у постаць благародную і чулую. І калі на гэты подзвіг ідзе жанчына-маці, яна выростае перад намі ў святое-святых нашай зямлі. У беларускай літаратуры гэта вобраз пакутнай і велікадушнай жанчыны, падзвіжніцы і гераіні. Гэты вобраз з вялікай сілай ажыў перад намі ў навеле Міхася Лынькова «Ірына». Гэты вобраз не засланяе сабой іншых вобразаў з новых навел Міхася Лынькова, але ён такі значымы і такі глыбокі, што ўяўляецца нам, як нейкі цэнтральны вобраз, ад якога могуць адыходзіць усе іншыя вобразы навел Лынькова. Гэты вобраз быццам бы пакідае рамкі навелы і вандруе ў часе і прасторы. Нам уяўляецца Ірына ў даўно мінулыя часы, калі яна ў гарачыню на панскім полі закалыхвала сваіх дзяцей, спяшаючыся хутчэй да работы, каб не ўгнявіць панскага прыганятага. Яна тады ўдзельнічала ў сялянскіх паўстаннях. Дзеля шчасця сваіх дзяцей яна, усім сваім добрым вялікім сэрцам, ненавідзела праклятага пана. Яна пасля аплаквала свайго сына, які пакутаваў у царскай турме. Цяпер яна ўбачыла паганага немца, які працягнуў крывавую лапу да яе дзяцей. І яе гнеў стаў святым пачуццём. Яна стала носьбітам помсты і змагання. У хаатычным грукаце ўзарванага ёю нямецкага поезда мы чуем музыку яе роднага голасу. «Нешта хацела сказаць Ірына і не паспела. Усё ўзнялося ў вогненным смерчы, патанула ў грукаце, скрыготах». Так скончылася тое, што пачалося тады, калі Ірына, маці, убачыла, «калі суседкі ўнеслі і моўчкі палажылі на ўслончык пасінеўшы дзіцячы трупік» Ірынінага дзіцяці, забітага немцамі.

«Вочанькі вы мае ласкавыя... Нежывыя вы». Гэта смутак усёй беларускай зямлі, і ён канчаецца бурнымі выбухамі гневу.

Гэта характэрнае апавяданне для ўсяго цыкла апавяданняў, напісаных Міхасём Лыньковым. У гэтых апавяданнях усе чалавечыя персанажы вырысаваны у моманты найбольшага абвострання іх пачуццяў і думак, тады, калі ад чалавечых помыслаў адыходзіць тое, што ў звычайны час бывае як неабходнасць, а цяпер робіцца нецікавым, няважным, як дробнае непатрэбства. Бо прыйшла пара самага важнага, сапраўды цяпер адзінага, ад чаго залежыць усё іншае. Гэта — жалезная неабходнасць сцерці з твару зямлі лютага крывавага звера. Адсюль і ўсе персанажы апавяданняў Міхася Лынькова нарысованы ў моманты найвышэйшага напружання іх душэўных сіл і ва ўсім іхнім благародстве, у імкненнях да самых высокіх мэт чалавека. Пісьменнікам выпісаны вобразы нашых жанчын і дзяцей, і суровых мужчын, у душах якіх гарыць многа ласкі і дабраты, тым больш што ў гэтыя моманты яны адданы дзейнай нянавісці да звера. У гэтыя моманты ў гэтых людзей на вялікім уздыме лепшыя іх чалавечыя пачуцці — каханне, смутак аб страчаным, замілаванне да блізкіх людзей і да роднай зямлі... І пад знакам расплаты за гэтае сваё вялікае, чалавечае, яны не шкадуюць нават самога свайго жыцця ў змаганні з ворагам. Асабліва характэрны гэтым навелы «Салют», «Пацалунак», «Ірына», «Васількі». Жывыя вобразы нашага гераічнага народа адчуваем мы, чытаючы гэтыя навелы. Мы бачым самаахвярнасць нават дзяцей. І гэта жывая праўда аб нашым народзе, які ніколі не будзе ў няволі і які скора ўбачыць пад сваімі нагамі свайго ворага.

У гэты ж час з’явілася ў друку апавяданне Якуба Коласа аб беларускім чалавеку, які стаў партызанам. Гэтае апавяданне мае ўсе адзнакі тае эпічнасці, якая так характэрна ўсім творам Якуба Коласа. Сваімі асаблівасцямі апавяданне быццам бы мае свае вытокі дзесьці ў аповесці «Дрыгва» і ў ранейшых літаратурных вобразах Якуба Коласа. Ціхі чалавек жыве сваім працавітым жыццём. Сваёй працай ён аздабляе родную зямлю, удасканальвае жыццё на ёй. Ён носьбіт чыстага сумлення, працавітасці, дабраты і справядлівасці. І раптам звыклы парадак яго жыцця парушае нямецкая навалач — гітлераўскі тып, істота змрочная і абсалютна супрацьлеглая таму чалавеку, жыццё якога ён прыйшоў задушыць, шчасце ў якога адабраць і шчаслівы лёс якога ператварыць у страшную трагедыю. І ціхі чалавек робіцца гнеўным, няўмольным мсціўцам, ярасці якога няма межаў. Воля яго загартоўваецца для адной толькі мэты: сцерці з твару зямлі таго, хто з звярыным сваім абліччам явіўся сюды. .....

Тэма ўпартасці нашага чалавека, яго волі да змагання, яго цвёрдасці праходзіць праз усе новыя творы беларускіх пісьменнікаў. Чалавек не гнецца, чалавек дамагаецца свайго. І ў якія б умовы ён ні трапляў, ён усюды знаходзіць, што яму рабіць дзеля ўсё той жа адзінай цяпер яму справы. Гэтая тэма асабліва характэрна для цыкла апавяданняў, напісаных Алесем Стаховічам. І Васіль з апавядання «Васільковы бярэт», і Марыся з аднайменнага апавядання, і Дзёмка (апавяданне «Груша»), і доктар Сымон Ігнатавіч (апавяданне «Неспакойны гарадок») — усе яны носяць у сабе вялікую ўпартасць. Ніхто і нішто іх не пераканае супроць таго, што яны носяць у сваёй душы. Яны ўпэўнены ў сваёй праўдзе, і іх вера ў сябе і ў свае справы вядзе іх на подзвігі, на геройскія ўчынкі, прымушае іх не думаць пра небяспеку і быць у імя перамогі самаахвярнымі. Васіль знаходзіць у сабе кемлівасць, каб дапасавацца да тых умоў, у якія ён трапіў, і так выратавацца і зрабіць шкоду ворагу. Марыся кідае перад тварам ворага гнеўныя словы, накіраваныя сваім людзям на тое, каб яшчэ больш узняць іхні гнеў:

«Няхай немцы выпрастаюцца на нашай зямлі, пакуль пачуюць хоць адно добрае для іх слова».

Дзёмка — малы падростак, хлопчык, носіць у сваёй душы нянавісць, яна не дае яму спакою, пакуль ён не дае ёй выхаду ў тым, што робіцца змагаром з ворагам. Доктар Сымон Ігнатавіч становіцца бургомістрам дзеля таго, каб выкарыстаць гэты свой стан дзеля партызан, дзеля змагання супраць акупантаў. Гэта ўсё людзі цвёрдай волі і цвёрдых пераконанняў, і яны перамагаюць і канчаткова перамогуць. Жыццё належыць ім, яны яго гаспадары і ў змаганні яны возьмуць верх. Са старонак гэтых твораў павявае аптымізмам. Гэта творы, якія сцвярджаюць тую адвечную праўду, што вера ў сваю праўду, яснасць мэты і воля да перамогі прыносяць чалавеку завяршэнне яго мэт і імкненняў. І гэтая плынь характэрна і для ўсіх новых твораў, якія з’явіліся апошнім часам у беларускай прозе.

Трэба адзначыць бурнае развіццё беларускай публіцыстыкі, бліскучую трапнасць яе слова, сапраўднае высокае майстэрства ў гэтым жанры беларускіх пісьменнікаў і публіцыстаў. Беларуская публіцыстыка і з даўніх часоў была высокім узорам гэтага жанру. Але ў часе Вялікай Айчыннай вайны публіцыстыка асабліва стала нашым папулярным жанрам. Гэта бадай што самы рухавы і аператыўны від моўнай творчасці. Тут непасрэднае слова гучыць больш востра. Публіцыстыка стала цяпер магутнай зброяй нашага змагання. Успомнім артыкулы і фельетоны Міхася Лынькова і Кандрата Крапівы, артыкулы нашых байцоў і партызанскіх атрадаў, якія пішуць свае. звароты і адозвы да насельніцтва. Успомнім, нарэшце, нашы беларускія лістоўкі. І, нарэшце, самай найвялікшай увагі заслугоўвае ваенная публіцыстыка нашых народных паэтаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Нашы народныя паэты за час вайны многа разоў выступалі з сваімі прамовамі, зваротамі да народа і артыкуламі. Яны, нашы народныя трыбуны, агністым сваім словам заклікалі народ загартоўваць сваю волю і сілы да канчатковай перамогі над нямецкімі захопнікамі. Успомнім прамову Янкі Купалы на беларускім мітынгу, прамову Якуба Коласа на Усеславянскім мітынгу. Гэта ўзоры нашага магутнага беларускага слова.

Нядаўна Кандрат Крапіва закончыў драму «Проба агнём». Для гэтай п’есы характэрны глыбокі аналіз чалавечай душы. Я б назваў п’есу псіхалагічнай. Гэта вызначаецца хоць бы сабе тым, што ў ёй як быццам бы і няма многа якіх бы там ні было чыста вонкавых вялікіх падзей, хоць п’еса і напісана на ваенную тэму, на тэму Айчыннай вайны. Толькі ў трэцяй дзеі адбываюцца падзеі, якія так ці інакш набліжаюцца да батальных сцэн, хоць і гэта трэба сказаць умоўна. Усё ж іншае, што мы бачым у п'есе,— гэта чалавечая душа, чалавечыя імкненні ў сваёй суладжанасці і ў сваіх супярэчнасцях. Асноўны канфлікт, вакол яго разгортваецца драматычная сітуацыя, гэта канфлікт псіхалагічны. І тым большая ад гэтага наша цікавасць да гэтага драматургічнага твора. Гэта сведчыць аб высокім узроўні беларускай савецкай драматургіі, аб яе спеласці. Мы чытаем п’есу ад пачатку да канца з напружанай цікавасцю. Мы тут маем справу з людзьмі, якія носяць у сабе пачуццё вялікага абавязку перад Радзімай у сённяшні цяжкі час жорсткіх выпрабаванняў. Гэтаму пачуццю ў іх падначальваецца ўсё. Усе іх помыслы накіраваны на тое, каб кожнадзённымі сваімі справамі служыць радзіме. І ўсё асабістае адступае перад гэтым кудысьці на задні план. Гэта і адзіны і магутны матыў усёй п’есы. І разам з тым, дзеля гэтага матыву, дзеля яго гучання, на сцэне праходзяць перад намі як бы чыста асабістыя справы: каханне. У гэтым якраз і майстэрства драматурга, і праўдзівасць паводзін яго герояў. Чалавечае жыццё не спыняецца ні на момант. Чалавек заўсёды мае свае інтарэсы, ён імі жыве, яны ёсць яго прыналежнасць, і, дзеля іх завяршэння, дзеля завяршэння сваіх імкненняў, ён робіць вялікую агульную справу, якая, у сваю чаргу, месціць у сабе ўсё індывідуальнае, што ёсць у кожнага. Паняцце радзімы — гэта не паняцце, адцятае ад чалавека. Радзіма — гэта і звыклы з маленства колер неба, і знаёмае дрэва, і вырыс пейзажу, і магілы продкаў, і дзяржаўны лад, і дачыненне да блізкіх і родных людзей, і кожнадзённая патрэба прачынацца раніцой і працаваць, і смак вады ў гарачыню, і каханне да любай жанчыны, і ціхія колеры неба на захадзе сонца. Гэта кожны па-свойму ўспрымае, але з гэтага складаецца ў кожнага жыццё, яго прывязанасці, яго асаблівасці, яго імкненні: гэта жыццё. Гэта радзіма. І калі ўсяму гэтаму пагражае вораг, кожны з свайго індывідуальнага, я б сказаў, месца ідзе на вялікае змаганне, усе з'ядноўваюцца ў адно цэлае. Гэта агульнанародны арганізм — вялікая сіла жывых людзей, адданых адзінай справе. Усе падначальваюць свае душы адной, агульнай для іх справе. Баронячы ад ворага агульную справу, кожны зліваецца з ёю ўсім сваім індывідуальным. Мне здаецца, што ў некаторай ступені так льга ахарактарызаваць галоўныя матывы п’есы «Проба агнём», дзе людзі жывуць сваімі як быццам індывідуальнымі інтарэсамі, а мы бачым перад сабой карціну змагання за радзіму.

На маю думку, адзін з самых яркіх носьбітаў гэтага ў п'есе Кандрата Крапівы ёсць персанаж п’есы Караневіч. Праўда, у п’есе ёсць і не менш важны персанаж лейтэнант Перагуд, які, па сваёй значымасці і па сваіх, калі льга так сказаць, ідэёвых функцыях, можа нават прэтэндаваць на тое, каб лічыцца самай важнай, можа нават цэнтральнай, асобай ва ўсім замысле п’есы. Але мне здаецца, што камандзір палка Караневіч выходзіць у п’есе на першы план таму, што тыя пачуцці, якія так характэрны і Перагуду, у Караневіча не астаюцца бездапаможнымі, на грані чаго часта стаяць пачуцці Перагуда. Караневіч — гэта і пачуццё, і розум. І такім парадкам мы з вялікім хваляваннем чакаем яго на сцэне і прыслухоўваемся да кожнага яго слова. Проста-такі вялікай сілай у гэтым персанажы гучыць тое, што калі ён памірае, ранены, перад намі вырысоўваецца ў яго вобразе, у Караневічу, да якога мы прывыклі ўжо,— вобраз такога чалавека: як індывід ён страціў ужо ўсё, ён неўзабаве памрэ. Але не страціў і не можа страціць ён толькі аднаго: пачуцця радзімы. Усё кожнадзённае, што ў такую хвіліну стала дробным і не важным, паглынаецца гэтым вялікім. З гэтага выходзячы, нават стушоўваецца і тая, чыста тэатральная сцэна, калі ён благаслаўляе каханне паміж яго жонкай і Перагудам. Можна гаварыць аб тэатральнай умоўнасці ў гэтым моманце, але вобраз Караневіча вырысоўваецца перад намі ў такі вобраз, які мае вялікую значымасць у нашай літаратуры. Гэтым, вядома, не вычэрпваецца поўная ацэнка новай п’есы Кандрата Крапівы, п’есы цікавай сваім глыбокім псіхалагічным рысункам і сваёй ідэяй: Радзіма вышэй усяго, інтарэсы кожнага з нас — гэта інтарэсы патрыётаў Радзімы і змагароў за яе.

Віталі Вольскі нядаўна закончыў лібрэта для оперы «Несцерка». Аўтар напісаў лібрэта паводле сваёй, раней яшчэ напісанай, камедыі «Несцерка». Аўтар пісаў сваё лібрэта паводле беларускага фальклору. У цэнтры ўсёй дзеі — вясёлы і разумны Несцерка, прататып якога мы знойдзем у шматлікіх беларускіх казках, апавяданнях. Ён повен аптымізму, з прычыны свайго розуму, свае кемлівасці ён заўсёды выходзіць з поспехам з усякіх злых прыгод. Усімі намі чакаецца вельмі цікавая опера на аснове гэтага лібрэта.

Беларуская літаратура жыве. Яна — вострая зброя ў руках беларускага народа ў справе яго змагання з ворагамі, з подлымі нямецкімі акупантамі. На аснове сваіх класічных традыцый яна расце і развіваецца далей, узбагачаецца новымі творамі і займае сваё вялікае месца ў жыцці беларускага народа, у яго вялікім змаганні.

Вялікі беларускі народ жыў і жыць будзе. Ворагі лягуць пад яго ногі. На вызваленай ад паганага немца беларускай зямлі неўзабаве запануе зноў радасць і шчасце. Беларускія пісьменнікі прыйдуць да яснага дня вызвалення з новымі сваімі творамі. Ім, верным сынам беларускага народа, ужо ёсць што прынесці роднай краіне к таму светламу блізкаму дню.

Няхай жыве вялікая беларуская літаратура! — гэта лозунг працы беларускіх пісьменнікаў.

Смерць нямецкім акупантам! — гэта тое пачуццё, якім яны гараць сёння ў сваёй творчасці.




Беларуская Палічка: http://knihi.com