epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Беларускае мастацтва ў часе Вялікай Айчыннай вайны

Яшчэ ў даўнія часы было сказана: мастацтва — душа народа. Беларускае народнае мастацтва заўсёды здзіўляе яго знаўцаў — вялікай сваёй глыбінёй і шчырасцю. Беларуская народная песня, якая праз стагоддзі нараджалася, бытавала і развівалася ў самых глыбокіх народных нетрах, і ў народным быту была часта як першапачатковы прымітыў, мела ў сабе такія найвялікшыя магчымасці і патэнцыі, на аснове якіх з вялікай сілай і за вельмі кароткі час @lt нрз @gt вышэйшыя формы беларускай музыкі.

Пачатак гэтай пары належыць да першых год рэвалюцыі. За гады Савецкай улады ў Беларусі стварылася і атрымала высокае прызнанне шырока за межамі рэспублікі беларуская опера, беларуская філармонія. Была створана і выхоўвала дзеячаў беларускай музыкі Беларуская кансерваторыя. Музычны геній беларускага народа атрымаў @ltзакр.@gt, выйшаў на прасторы вялікіх сваіх магчымасцей і выявіўся з новай сілай.

Усе галіны беларускага мастацтва дайшлі да высокіх ступеней свайго развіцця. Беларускі жывапіс і беларуская скульптура займалі пачэсныя месцы на мастацкіх выстаўках і ў мастацкіх музеях Савецкага Саюза і заўсёды мелі высокую ацэнку. Беларускія драматычныя тэатры стаялі ў першым радзе тэатраў драмы Савецкага Саюза. Беларуская драматургія вызначалася сваімі сапраўды народнымі чалавечымі характарамі і атрымала поўнае прызнанне і высокія ацэнкі на ўсесаюзных конкурсах і ў самых лепшых тэатрах Савецкага Саюза.

І вось цяпер беларускія тэатры ляжаць у руінах. Майстэрні беларускіх скульптараў і жывапісцаў разбураны, і мастацкія працы, якія былі ў іх, апаскуджаны або раскрадзены гітлераўскімі вандаламі. Беларуская песня змоўкла. Па беларускай зямлі ходзяць нямецкія дзікуны.

Беларускі народ падняўся на сваё вялікае змаганне за сваё жыццё, за сваю радасць, за свой лёс. І тыя людзі, якія больш, як хто, бачылі і чулі глыбокую душу свайго роднага беларускага народа — работнікі беларускага мастацтва, не маглі не астацца вернымі свайму народу ў часіну яго горкага выпрабавання. Работнікі беларускага мастацтва асталіся з народам і разам з ім, як гарачыя патрыёты радзімы і змагары за яе, пайшлі супраць ненавіснага ворага.

У беларускім мастацтве за час вайны з новай сілай загучалі матывы бязмежнага замілавання да радзімы і страшнай сваёй сілай нянавісці да яе прыгнятальнікаў — нямецкіх акупантаў. Работнікі беларускага мастацтва з першых жа дзён вайны дзейна ўключыліся ў змаганне за шчасце радзімы. Частка з іх знаходзіцца непасрэдна ў Чырвонай Арміі, на фронце, частка ў тыле працуе над новымі творамі і над далейшым развіццём беларускага мастацтва.

На фронце, сярод байцоў і камандзіраў, працуе ўвесь час мастацкая брыгада — франтавы ансамбль беларускай песні і пляскі пад кіраўніцтвам т. Прагіна. Артысты жывуць баявым франтавым жыццём. У перапынках паміж баямі і на блізкіх адлегласцях ад фронту ансамбль выступае перад байцамі. Выконваюцца беларускія народныя песні і новыя баявыя песні, створаныя ў ваенны час беларускімі кампазітарамі і паэтамі.

Беларускія кампазітары нястомна працуюць над новымі творамі. Кампазітар Я. Цікоцкі напісаў многа песень, сваім зместам прысвечаных геройству Чырвонай Арміі і народа ў змаганні з ворагам. Напісаны песні на словы беларускіх паэтаў — П. Броўкі, А. Астрэйкі, М. Машары, Я. Коласа. Цяпер Я. Цікоцкі разам з паэтам П. Броўкам працуюць над операй. Кампазітар пачаў пісаць ужо музыку першага акта. Змест оперы — гераізм народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кампазітар Багатыроў напісаў шмат патрыятычных песень і рыхтуецца да працы над операй.

Ужо ў поўным складзе сабраўся ў г. Горкім Беларускі ордэна Леніна дзяржаўны тэатр оперы і балета і пачаў сваю працу. Тэатр рыхтуе новыя пастаноўкі і аднаўляе свае ранейшыя лепшыя спектаклі.

Народная артыстка БССР Л. Александроўская ўвесь час выступае на канцэртах і радыёканцэртах з выкананнем беларускіх песень і сольных нумароў з беларускіх опер. У другой палове красавіка месяца адбыўся ў Маскве вялікі радыёканцэрт беларускай песні і музыкі. Горда і магутна гучэла ў выкананні народных і заслужаных артыстаў БССР музычнае мастацтва беларускага народа — народа непакорнага і непакоранага ворагам, народа-героя, песня і музыка якога зараз прагучыць гімнам канчатковай перамогі і вызвалення.

Кампазітар І. Любан, будучы многа месяцаў на самых перадавых лініях фронту як камандзір, у самай баявой абстаноўцы напісаў новыя баявыя песні, якія сталі дастаяннем байцоў-франтавікоў. Гэта характэрна для нашага мастацтва, якое заўсёды было сапраўды народным у самым лепшым сэнсе гэтага слова. Народная артыстка БССР Млодэк і заслужаны артыст БССР Мурамцаў удзельнічаюць у радыёканцэртах як выдатныя беларускія салісты.

18-га мая адбудзецца ў Маскве вялікі канцэрт беларускай песні і музыкі. Яшчэ і яшчэ загучыць беларускае музычнае мастацтва, як паказнік таго, што створаныя народам яго нацыянальныя духоўныя багацці не могуць ніколі загінуць, якія б выпрабаванні ні выпадалі на долю парода. Бо народ жыве вечна, таксама як асуджан на пагібель кожны, хто пасягае калі-небудзь на жыццё і шчасце свабодалюбівых народаў.

У поўным сваім складзе эвакуіраваны ў глыб краіны і вядуць сваю творчую працу беларускія драматычныя тэатры. Першы Беларускі ордэна Працоўнага Сцягу дзяржаўны драматычны тэатр працуе ў г. Томску. Тэатр стварыў некалькі новых спектакляў, працуе над новымі пастаноўкамі. Другі Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр працуе ў г. Уральску. Тэатр аднавіў некаторыя свае ранейшыя пастаноўкі і стварыў новыя спектаклі. Абодва гэтыя тэатры карыстаюцца вялікім поспехам у гледача.

Для драматычных тэатраў пішуць новыя п’есы на тэмы аб Вялікай Айчыннай вайне беларускія драматургі К. Крапіва і К. Чорны.

Усе беларускія тэатры дзейна рыхтуюцца да моманту свайго звароту ў вызваленую ад нямецкіх акупантаў Беларусь. Тэатры прыедуць з новымі спектаклямі.

Асобна трэба сказаць аб творчай рабоце беларускіх скульптараў. Скульптары 3. Азгур і Грубэ працуюць над серыяй партрэтаў герояў Айчыннай вайны.

Як жыве і змагаецца вялікі і гераічны беларускі народ, так жыве і яго мастацтва. Работнікі беларускага мастацтва асталіся вернымі народу і ўсе сілы і таленты свае аддаюць радзіме. І разам з народам яны неўзабаве будуць мець ясную радасць перамогі і вызвалення.

Няхай жа хутчэй загучыць на роднай Беларускай зямлі ўрачысты гімн народнай радасці, свабоды і шчасця.




Беларуская Палічка: http://knihi.com