epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Беларускі народ змагаецца з акупантамі!

Грабежніцтвы
Здзекі і забойствы
Расстрэлы
Народная помста


Грабежніцтвы

У Любанскім і Старобінскім раёнах, як і ва ўсіх іншых акупіраваных месцах, немцы па-зверску гаспадараць і чыняць здзекі з насельніцтва.

Сваіх прадуктаў у акупантаў няма. Яны стараюцца жыць за кошт нашага сялянства, забіраюць у яго апошняе.

Быў такі выпадак. Жанчына толькі што пасадзіла ў печ хлеб. У хату ўвайшлі немцы і дасталі з печы сыры хлеб.

Там, дзе немцы пастаялі дзён 10, там яны паспявалі аграбіць усё, аставалася толькі тое, што людзям удавалася схаваць. Навакол сябе немцы ўсё глумяць і разбураюць.

 

Здзекі і забойствы

Невыкананне самага нязначнага загаду немцы караюць расстрэлам. За тое, напрыклад, што гаспадыня не дасць фунта масла (калі ў яе нават масла няма), яе расстрэльваюць.

Старшыні калгаса «Ударнік» немцы загадалі прывезці ім сена. Сена прывезлі, але з невялікім спазненнем. За гэта нямецкія звяры да смерці збілі старшыню.

Грамадзянка з Любані Гідрыновіч не захацела ўпакаваць тыя прадукты, якія забралі ў яе немцы. За гэта яе так білі, што яна ледзь асталася жывая.

 

Расстрэлы

Многа людзей замучылі, забілі і расстралялі немцы ў Любаньскім і Старобінскім раёнах.

Загадчыцу калгаснай фермы Каратчэню Ганну немцы застрэлілі за тое, што яна накарміла падарожных людзей.

Немцы расстралялі старшыню Асавецкага сельсавета Клімовіча, дырэктара МТС Бондарава, кладаўшчыка калгаса «Чырвонае Палессе» Вішнеўскага.

Старшыню Турокскага сельсавета Прушака немцы прымусілі капаць самому сабе яму і над ямай расстралялі яго.

Народ ненавідзіць акупантаў.

Аднойчы дарогай ішоў партызан, а насустрач яму стары селянін. Паабапал дарогі паспяваў багаты ўраджай. Гэта ўсё было на асушаных балотах Любаньшчыны. Партызан запытаў у старога:

— Тут, здаецца, раней былі балоты?

— Вялікія балоты былі,— адказаў чалавек,— я сам бывала выносіў з іх панскае сена. А вось прыязджала да нас нядаўна нейкая нямецкая сволач і брахала, што нас нібыта Савецкая ўлада ашукала. А хто нам гэтыя балоты асушыў, як не Савецкая ўлада? Мы сталі багатымі людзьмі. І ўсё таму, што ў нас была Савецкая ўлада. Яна ў нас і далей будзе.

Гэты селянін выказаў тое, што жыве ў душах людзей. Людзі ненавідзяць немцаў і працівяцца ім. Найбольш актыўная частка насельніцтва змагаецца з акупантамі.

Народную нянавісць да сябе немцы бачаць у кожным чалавечым позірку, а яшчэ больш у дзейнасці партызан.

 

Народная помста

Як толькі пачынае змяркацца, немцы спыняюць усякі рух на дарогах. Яны баяцца ночы. Уначы іх хутчэй насцігае народная помста.

Немцы баяцца лясоў і кустоў. Кожны прыдарожны лес, кусты немцы заўсёды абстраляюць, перад тым як прайсці каля іх.

У калгасе імя БВА партызанскі атрад быў акружаны немцамі. Быў бой. Партызаны забілі 12 немцаў, ранілі каля 25, забілі афіцэра.

За Любанню партызаны закідалі гранатамі групу матацыклістаў. Партызаны жорстка распраўляюцца з нямецкімі стаўленікамі, якія назначаюцца з былых кулакоў або з угалоўнікаў.

Усе чакаюць моманту, калі паганыя гітлераўскія гады пачнуць уцякаць з нашай зямлі. Настрой сялянства такі, што ніводнаму немцу не ўдасца выратаваць сваю галаву.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан