epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Блізак час расплаты

На Беларусі ад Брэста і да Оршы, і ўздоўж усяго гіганцкага фронту ад Ленінграда і да Адэсы, па ўсіх раёнах, часова захопленых акупантамі, — усюды-ўсюды тырчаць перад вокам магілы і насыпы над масавымі магільнікамі нямецкіх салдат. Ужо звыш двух мільёнаў гітлераўцаў гніюць у нашай зямлі.

У гэтыя дні найвялікшых баёў, на полі вайны, і на поўначы і на поўдні, ляжаць непахаванымі дзесяткі тысяч немцаў. Побач з гнілымі разбухлымі трупамі, над якімі кружыцца груганнё, ляжаць тысячы раненых і хворых, вывезці якіх нямецкае камандаванне не можа з прычыны недахопу транспарту і лячыць якіх не можа з-за недахопу медыцынскага персаналу. Магільныя чэрві ядуць тут і мёртвых і жывых, і смурод ідзе ад гэтых чыстакроўных арыйцаў і вісіць над полем.

Арыйскі шал сядзіць у галаве нямецкага ваякі толькі тады, калі ён грабіць мірныя вёскі, замучвае насмерць нашых жанчын, страляе нашых дзяцей і адсылае к сабе ў Германію награбленыя туфлі і шаўковыя плацці. Упаўшы на лініі фронту, з дзесяткамі тысяч яму падобных, ад нашага агню, гэтая недабітая гадзіна ператварылася ў кучу гною, напоўненую адным толькі жывёльным страхам. Гэта не чалавек памірае за вялікую сваю ідэю! Уся душа гэтай навалачы вычарпалася ў тым, што ён паслаў дадому некалькі пасылак награбленага дабра.

Яго бялявая немачка, атрымаўшы пасылкі, не можа прыняць да сэрца тое, што гэтыя рэчы здзёрты з акрываўленага цела замучанага чалавека. Яна шчаслівая. А як жа! Яна ж належыць да «вышэйшай» расы. Яна нават пісала на фронт свайму Фрыду, каб ён там пабольш набраў для яе. Такіх пісем многа бывае ў кішэнях палонных гітлераўцаў. Што там цырымоніцца! Там жа «ніжэйшая раса»! Горыч душы толькі тады яе апануе, калі прыйдзе паведамленне аб смерці яе Фрыда. І вось яна надзене сарванае Фрыцам з акрываўленай беларускай дзяўчыны плацце, а на рукаў таго ж плацця начэпіць жалобную павязку па Фрыду. Атручаная гітлерызмам і закаранелая ў ім, яна з гэтага абсягу не выйдзе.

Яна яшчэ не ведае, што чалавечая справядлівасць, выліўшыся ў форму бязлітаснай помсты, неўзабаве засцігне яе ў самой Германіі.

У Германіі не ведаюць, што сапраўды робіцца на палях вайны. Толькі найбольш ясныя галовы здагадваюцца аб праўдзе па тым, што ўсё больш і больш «фрыцы» пакідаюць слаць «пасылкі» і пісьмы, і без канца ідуць эшалоны з раненымі. Усё іншае затуманьвае гебельсаўская прапаганда.

Цяпер адбываюцца гіганцкія сражэнні, якім не было роўных у гісторыі. Перад тварам зімы і зацяжкі вайны фашысцкія орды ідуць на апошнія патугі, каб як найхутчэй дабіцца чаго-небудзь рашучага. Гітлер бесперапынна кідае ў пекла смерці свае дывізіі. Няма таго дня, каб нямецкія салдаты не лажыліся дзесяткамі тысяч. Іншага выхаду нямецкаму камандаванню няма. Пасля таго як лягло звыш двух мільёнаў гітлераўцаў і скрозь у тылах узнялася супроць іх народная нянавісць і паўстанні — пасля ўсяго гэтага нічога не астаецца, як лезці на ражон. І так дзень за днём кладуцца нямецкія дывізіі.

Час вядзе Гітлера да пагібелі. Ён захапіў некаторую частку нашай тэрыторыі, а перамогі няма. Наадварот, з кожным днём ён слабее, яго полчышчы сцякаюць крывёю, а Чырвоная Армія мацнее.

Гэтымі днямі Чырвоная Армія заняла горад Ельню, дзе немцы стварылі ўмацаваны плацдарм для руху на Маскву. Там Гітлер палажыў 8 сваіх дывізій, мізэрныя астачы якіх, кінуўшы ўсю зброю, беглі далёка ў тыл без аглядкі, чуючы за сабой магутны рух чырвонаармейскіх часцей.

Блізіцца час, калі Чырвоная Армія ачысціць ад нямецкай погані нашу зямлю. І, страціўшы арыйскую прывычку грабіць і забіваць жанчын і дзяцей, двуногая нямецкая жывёла папрэ назад, другі раз угнойваючы нашу зямлю сваімі трупамі. Таксама як і «фрыц» цяпер пад Адэсай, якога зажыва ядуць чэрві і дзяўбуць груганы, бялявая яго немачка страціць тады сваё «арыйства» і, апанованая жывёльным страхам, сарве з сябе плацце беларускай дзяўчыны. Але будзе позна. Расплата не міне і яе.

Расплата будзе не толькі ад аплёваных цяпер Гітлерам народаў. І сам просты нямецкі народ, калі толькі ён зразумее, якая вялікая адказнасць ляжыць на ім за тое, што на яго зямлі выраслі зграі двуногіх звяроў, якія так многа зрабілі пакут і няшчасця многім народам свету,— і сам нямецкі народ расправіцца з усімі гітлераўскімі пазадкамі.

Чырвоная Армія рыхтуе прыход дня вялікай расплаты.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан