epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Брыгадзірава памылка

І
ІІ
ІІІ
IV


 

І

Самая гаваркая ў гурце была Волечка — бялявая малая жанчынка. Яна спявала, гаварыла, заўсёды звінела на ўсё поле і на ўсю вуліцу. Цяпер, ідучы з поля, яна ўсё жартавала з жылатварага маладога мужчыны Ёсіфа Катлубайскага. Жартавала наконт таго, што ён сумысля сёння ўсё стараецца трымацца бліжэй да яе, бо ці не думае адбіць яе ад мужа? Сам пануры Ёсіф Катлубайскі ўцягнуўся за дарогу ў жарты, сам пачаў жартаваць. Такая ўжо ёсць густавалосая Волечка: любіць смяяцца і жартаваць. За ўсімі следам клыбаў высокі і тонкі стары — дзядзька Гельскі.

— А дзе, кажаш, будуць дзяліць мануфактуру? — пытаў ён ужо нешта шосты раз Ёсіфа Катлубайскага.

Але той з-за Волечкі не мог адказаць.

Як прыйшлі з работы, сабраліся ўсе ў свайго брыгадзіра Косціка Раўтовіча, каб падзяліць мануфактуру. Мануфактуру гэтую кааперацыя адпусціла на ўсю брыгаду. Яе было гэтулькі, што ўсім прыйшлося па кавалку і яшчэ асталася адна хустка, добрая, вялікая, з жаўтаватага паркалю і ў кветкі.

Неяк гэтак выйшла, што не прыйшлося нічога з гэтай мануфактуры адной толькі жанчыне, Марылі. Праўда, яна апошнія дзён шэсць не хадзіла разам з усімі жаць жыта, але не таму, што не хацела, а таму, што ёй даручылі варыць есці дзецям у яслях. Можна сказаць, не то што даручылі, а проста-такі ўпрасілі, бо яна доўга не хацела станавіцца на гэтую работу. Гэта трэба заўважыць, бо пра гэта цяпер, увечары, у Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю.

Сам розум дыктаваў даць гэтую паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. І кожны гэтак думаў. Усё так ішлося, што адразу гэтак і зрабіць трэба было, аднак жа гэтага не зрабілі.

Мануфактуру дзялілі паміж сабой, вядома, тыя, што працавалі ў брыгадзе. Праца была цяпер цяжкая. Жанкі жалі сярпамі жыта, а мужчыны дакошвалі купістую сенажаць. Сярпамі жалі жыта не таму, што ў калгасе не было жняярак. Дзве жняяркі, простыя, і снопавязалка жалі ў іншым палетку. А сярпамі жалі там, дзе быў засаджан сад. Маладыя яблынькі адно самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта. Пусціць туды жняярку — значыцца зглуміць сад і жняярку сапсаваць: шчэпы былі паабгароджваны калкамі.

Работа жанкам на жніве была цяжкая. Дык з-за гэтага і пайшоў гармідар.

— Што будзем рабіць з хусткаю? — падаў голас брыгадзір Косцік Раўтовіч, калі падзялілі мануфактуру.

Бачачы, што ўсе маўчаць, ён падказаў сваёй брыгадзе, куды павярнуць гэтую хустку.

— Што будзем рабіць з Марыляю? — сказаў ён.

Тады абазвалася з свайго месца маленькая жанчына Волечка:

— Даць Марылі гэтую хустку.

— Даць, даць! — пачулася некалькі галасоў.

Косцік ужо ўзяў хустку з табурэта, што стаяў пасярод двара і на якім мералі мануфактуру, і хацеў ужо даць яе Марылі. Але Марылі ён перад сабою не бачыў.

— Марыля,— сказаў ён,— бяры хустку.

— Марылі няма,— адказаў хтосьці.

— А дзе ж яна?

— Яна з самага пачатку, як толькі пачалі дзяліць, пайшла дадому: там яна адно дзіця пакінула. Яна мне сказала, каб я ўзяла яе частку і занесла ёй. Давайце сюды хустку,— гэта сказала Волечка, і ўсе глянулі на яе.

— А-а, якраз і няма яе,— сказаў Косцік, рушыўшы да Волечкі, каб перадаць ёй хустку.

— Узяла б дзіця на рукі і прыйшла б сама,— пачуўся раптам бурклівы голас.

Гэта сказаў дзядзька Гельскі. Ён заўсёды і пра ўсё гаварыў гэткім тонам — ці рад чаму, ці не рад, тон яго заўсёды аднолькавы, бурклівы. Раз, напрыклад, ён убачыў, як араты спыніў коні і адвярнуўся ад ветру прыкурыць папяросу. Левы конь за гэтую паўхвіліну паспеў ублытацца ў пастронкі. «Каб на табе, хлопча, шэрсць курэла з

тваім курывам разам,— сказаў дзядзька Гельскі,— бачыш, копь ублытаўся?.. Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Усё пракурана!» — і сказаўшы гэта, дзядзька Гельскі здорава пыхнуў махорачным дымам з вішнёвага папяросніка. Другі раз было гэтак: хтосьці прынёс на сенажаць біклагу вельмі добрага хлебнага квасу. Дык і дзядзька Гельскі такі ніштавата пацягнуў з біклагі разам з усімі. Ужо як падменчваў касу, прабурчаў сабе пад нос: «От каб квасу, канечне! А вады з-пад гнілое купіны не хочаш?»

Дык і цяпер гэтаксама прабурчаў ён пра Марылю, што яна, не дачакаўшыся канца дзяльбы, пайшла дадому.

— Я ж кажу, што я ёй занясу хустку,— яшчэ раз сказала Волечка.

— Занясі, занясі,— бацькаўскім тонам сказаў Гельскі.

Дык тут і пачалася гаворка. Перш за ўсё падаўся крыху наперад Ёсіф Катлубайскі. Ён падаўся наперад гэтулькі, каб яго добра заўважыў сам брыгадзір Косцік Раўтовіч. Але і не на гэтулькі ён вылез наперад, каб вельмі аддзяліцца ад натоўпу. Усё было зроблена неўзаметку і ў меру.

— Даць гэтую хустку Косцікавай Галене.

Гэта значыцца — Косцікавай жонцы. А гэтая Косцікава Галена нешта ўжо блізка месяца на работу не хадзіла. Сама яна стаяла цяпер тут жа.

Волечка ад гэтых слоў уся ўстрапянулася, але ў справу спачатку не ўмяшалася, не думаючы, каб справа сапраўды павярнулася ў гэтакі бок. І без яе тут абыдзецца, а сказаць што-небудзь супроць Галены таксама нядобра, бо заўсёды ж яны жылі як блізкія таварышкі.

Бачачы ж, што ўсе на момант прыціхлі, яна сказала гэтак, каб не пакрыўдзіць Галены:

— Чаму гэта не даваць хусткі Марылі?

Ёсіф Катлубайскі ўставіў вочы сабе ў боты і ўпарта буркнуў:

— Каб ёй патрэбна была гэтая хустка, яна была б тут.

— У яе дзіцё малое.

— Магла б узяць дзіцё на рукі і прыйсці сюды.

— Як жа гэта будзе, усім што-небудзь прыйшлося, а Марылі нічога?

— Эт, усе на полі робяць да сёмага поту, а ёй там дзецям есці наварыць — невялікая работа. Яшчэ і сваіх дзяцей там лепш прыкорміць.

Тут і пачалася спрэчка. З аднаго боку, дзе задавала тон Волечка, крычалі:

— Яна не хацела ісці ў яслі! Яна лепш бы ахвотная была разам з усімі на полі.

— А есці варыць дык гэта не работа? Яна раней за цябе ўстае зранку: пакуль збярэ з чаго варыць!

— Тут не ідзе гаворка пра гэтае варыва, а пра Марылю. А яна нават лепш за ўсіх рабіла. Яна, як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала.

На гэта не было чаго сказаць, дык з таго боку, дзе задаваў тон Ёсіф Катлубайскі, адно чуваць было раз-пораз:

— Ат, цацка вялікая — паркалёвая хустка! Гэтулькі крыку з-за няма чаго. Шкада, каб хустку ўзяла Галена! От бо народ! Бяры, бяры, Галена, хустку!

Нарэшце ўжо справа павярнулася гэтак, што важна было не тое, што Марылі не прыйдзецца хустка, а тое, як гэта Галена возьме хустку, калі яна на поле не ходзіць рабіць, тады калі ўсе, што дзялілі мануфактуру, робяць дзень пры дні на полі.

— Вазьму хустку,— апраўдвалася Галена,— а пасля ўсе гаварыць будуць, што калі жонка брыгадзіра, дык і хустку узяла.

— А брыгадзіравай жонцы хусткі не трэба, ці што? — рубам паставіў справу Ёсіф Катлубайскі, і косці ў ягоных сківіцах заварушыліся.— Бяры, бяры, Галена, хустку.

Галеніны вочы проста-такі гарэлі, як кідала яна позіркі на хустку, ёй вельмі хацелася гэтую хустку ўзяць.

— Ліха ведае, што рабіць? — гаварыў адно раз-пораз збянтэжаны Косцік.— Не хачу я гэтае хусткі. Пасля адно крыўды не абярэшся.

І ён паклаў хустку на табурэт.

— Бяры, бяры, Галена, бяры! — крычаў усё Ёсіф Катлубайскі.

Але Галена чакала, каб ёй хто даў гэтую хустку ў рукі.

— А як жа Марыля будзе? — крычала Волечка. А пасля страсянула кулакамі: — Галена, не бяры хусткі!

Хустка ўсё ляжала на табурэце. Ніхто яе не чапаў. Усе пакрысе адступаліся ад табурэта. Нарэшце, па аднаму пачалі разыходзіцца, бо было позна, даўно змеркла, і толькі захад яшчэ ўсё ружавеў. Так усе і разышліся. Волечка ішла дадому, крычучы сваім:

— Катлубайскі думае, што калі Косцік брыгадзір, дык ужо і начальнік. Мы ж яго самі выбралі за брыгадзіра. Гэта ж гэтак падлізвацца к Косціку! От чалавек! Падлізваецца! Падхлебнік нейкі, а не чалавек!

Усе ведалі, што гэта і сапраўды так. Таксама ведалі, што няма ніякай патрэбы Ёсіфу Катлубайскаму падлізвацца да Косціка Раўтовіча.

Але раз хустка ўжо асталася на дварэ, а кожны сваё атрымаў, а тым часам позна было, а заўтра, ледзь дзень нахопіцца, уставаць трэба будзе, дык усе разыходзіліся, пачынаючы ўжо гаварыць пра сваю кожнадзённую работу. Адна толькі Волечка ўсё гаварыла пра «падхлебніка Ёсіфа Катлубайскага», а як адышлася далей, дык загаварыла і пра Галену.

— Сквапная якая! Няма, каб сказала, што не трэба мне, значыцца, гэткае хусткі, дык не — каб самой глынуць.

Неўзабаве ўсе разышліся, толькі некалькі мужчын і хлапцоў спынілася на вуліцы закурваць на адыходак. І от яны ўбачылі, як Косцік з вельмі гаспадарлівым і заклапочаным выглядам прайшоў паўз іх да калгаснага двара з метроўкаю (меркаю) на плячы. Гэтаю метроўкаю ён цэлы той дзень мераў палеткі: разбіваў аратым дзялянкі і правяраў скошаныя сенажаці.

Так гэта было ці не так, але некаторым здалося, што Косцік гэта сумысля і без патрэбы пайшоў гэткі заклапочаны на калгасны двор, каб паказаць, што ён вельмі многа стараецца, многа мае клопату. А значыцца, няма вялікае ў тым бяды, калі жонка яго ўзяла хустку. Так падумалі людзі. І ўзбіў людзей на гэтую думку дзядзька Гельскі.

— Узяла Галена хустку ці не?— сказаў паціху хтосьці.

Усе адступілі пад Косцікавую хату. У хаце гарэла газовачка. Яна ледзьве асвятляла гэтую старую, трухлявую, як склеп, хацінку. Малюсенькае люстэрачка вісела ў ёй на сцяне, і Галена стаяла перад ім у той самай хустцы на галаве, углядаючыся, ці да твару ёй гэтая хустка.

Убачыўшы гэта, усе і разышліся. І пра ўсё гэта назаўтра забыліся.

Не забылася толькі адна Волечка. Ёй не давала спакою гэтакая няпраўда.

 

ІІ

Папоўдні было на вуліцы пуста. Спёка стаяла ў паветры. Сонныя вароны відны былі на жардзяных загарадзях ля паплавоў.

Ля самай старой хаты ў вёсцы была прытульная мясціна: хата стаяла крыху ў глыб двара, і перад ёю раслі клёны і каштаны... На прызбе, у халадку, і сядзеў цяпер дзядзька Гельскі. Шырока, але няцвёрда (нездаровілася яму гэтыя дні) паставіўшы ногі на зямлю, ён, здавалася, урос у гэтую прызбу. Саломінкаю ён калупаў зубы.

Неўзабаве выйшаў з хаты сам гаспадар, мажны чалавек з вусамі — Пракоп.

— Хутка трэба ісці, — сказаў ён.

— Пойдзем зараз,— адказаў Гельскі.

— Сёння бадай-што мы гэтае сена і высушым.

— Можа быць.

— У мяне зуб у граблях зламаўся. Дык ты пасядзі тут, а я пайду зуб гэты ўставіць; і тады пойдзем.

— Ідзі ўстаў, а тады пойдзеш.

— Я марудзіць не буду. Я от зараз. Яшчэ не позна, яшчэ ніхто нават і снапы вязаць не ішоў пасля абеду.

Гельскі астаўся адзін. Неўзабаве падышла да яго калгасніца Рыва.

— Ішлі ўжо жанкі снапы вязаць? — запытала яна.

— Уг-га,— заспяваў Гельскі,— даўно пайшлі.

— Не можа быць! — перапалохалася жанчына.

— От табе і не можа быць,— холадна прабубніў Гельскі.

— У каторы ж яны палетак пайшлі? — аж калацілася жанчына.

Гельскі спачатку яшчэ памучыў: ён спакойна калупнуў зубы, пачухаў за каўняром і дастаў тытунь з кішэні. Пасля ўжо даў адказ:

— Не ведаю, галубка, у які яны палетак пайшлі.

І твар яго быў спакойны, нічога на гэтым холадзе ў гэты момант не адлюстравалася.

— У які ж палетак бегчы?

— А што я, галубка, ведаю!

Жанчына пабегла. Гельскі курыў і калупаў у зубах. Пракоп выйшаў з граблямі.

— Пойдзем? — сказаў Пракоп.

— У цябе, здаецца, квас добры, вынесі з паўкварты.

Пракоп вярнуўся ў хату вынесці Гельскаму квасу.

Увечары, як варочаліся з сена, Гельскі яшчэ зайшоў да Пракопа выпіць квасу. Пракоп, пакінуўшы яго аднаго ў хаце (жанкі з поля яшчэ не прыйшлі), выйшаў у сенцы цадзіць з кадушкі квас. Сеўшы на карачкі над кадушкай, ён злаваў потайкам:

— Каб цябе халера, гэтага чалавека. Сам не можа квасу паставіць. Няма, кажа, посуду гэткага, каб квас ставіць. Каб ты гэтак жыў, як у цябе няма посуду! Яшчэ старасвецкіх кадушак поўна прыгрэбка. Каб ты смалы напіўся!

— Ты квасу камусьці шкадуеш? — абазвалася жонка, стоячы ў дзвярах. (Яна ўвайшла і чула Пракопа.)

— Не шкадую, а сабачае хцівасці цярпець не магу.

У хаце Гельскі піў квас і ўсё гаварыў, што няма часу сабраць рассыпаную кадушку, каб паставіць квасу. Пракоп нічога не адказваў: натура ў яго гэткая, што любіць ён, каб усё добра і ціха было, вылаяць чалавека ў вочы не можа: цяжка яму і словам зняважыць чалавека.

Гельскі даў дабранач і пайшоў дадому. У хаце зусім ужо было цёмна, мухі ледзьве гулі, усаджваючыся на столі, пакуль не запаляць агонь.

— Каб ты ведаў, што з Рываю сёння было,— сказала Пракопіха.

І яна расказала, што Рыва дала ў той дзень ходу, шукаючы вязальнікаў. Яна абегла два палеткі і нідзе нікога не знайшла, бо ніхто яшчэ не выходзіў вязаць. Яна ўбачыла, што з яе пакпіў Гельскі, што вязальнікі яшчэ не прыйшлі на работу пасля абеду. І яна адна пачала вязаць снапы. Нейкі час яна вязала і, бачачы, што ніхто не прыходзіць, кінулася ў другі палетак. Там ужо ішла работа.

— Позна прыходзіш,— сказалі ёй жанкі.

— Я раней за ўсіх прыйшла. Я ў тым палетку вязала,— пачала даводзіць яна.

— Чаму ж ты разам з усімі не прыходзіш? Трэба раней гэты палетак звязаць, а там — сырое, можа паляжаць.

Рыва пачала расказваць, як з яе пакпіў Гельскі. Расказваючы, яна заплакала.

— Чаго ты плачаш, дурная? — пацешыла Рыву Волечка.— Плюнь.

— Каб жа ён блазан, а то стары! — крыўдзілася Рыва.

— Паскуда гэткая! — вылаяла Волечка Гельскага. Пракопіха расказала пра гэта здарэнне з Рываю, пра тое, як Волечка цешыла Рыву і злавала на «старога гада» Гельскага.

Пакуль павячэралі, ціхманы Пракоп сам укінуў некалькі слоў у гаворку — не спагадных да Гельскага: «Хоць ён мне крыўды і ніякае не зрабіў, але...»

Пракоп пайшоў спаць у адрыну. На захадзе неба яшчэ ўсё ружавела — захад быў відзён праз разабраны шчыт. Але пачало хмарыцца, і захад пачарнеў. Пачаў узнімацца вецер, здаравей стала, прапала духата. Пракоп можа з паўгадзіны драмаў, пакуль заснуў. Дрымота замчала яго нешта за чвэрць века ў глыб часу. Думкі, успаміны, уяўленні — усё ішло, блыталася, стаяла, варушылася, зноў ішло.

Нейкі хмурны і здаровы дзень быў у пачатку восені. Суха было. Гельскі і Юзік Кірбуць (цяпер нябожчык ужо — дрымотная Пракопава думка на Кірбуцю доўга не стаяла) — яны ўдвух вярнуліся з горада на Гельскага кані і прывезлі повен воз у саломе ўсялякага дробнага (а на сваё мястэчка нават і нядробнага) тавару. Там была бочка піва, скрыня з крамнымі кілбасамі, другая бочка з селядцамі, мяшок з цукерачнымі пакуначкамі і яшчэ ўсяго падобнага там шмат было: ні то крамку, ні то «піцейную кватэру» трымалі яны ў хаўрус у мястэчку. А маючы свайго каня — часта льга было ездзіць у горад па гэткі «піцейны» тавар. Маючы сваю гаспадарку, льга свіней пад кормліваць. А падкормліваючы свіней, ёсць што падаць свайго на закуску ў «піцейнай кватэры». Так пакрысе гандаль і ішоў. На гаспадарцы рабіў парабчук.

Дык Гельскі з хаўруснікам прыехалі былі з горада. Тавару ім пашэнціла купіць выгадна, і з гэтай прычыны Гельскі быў вясёлы, узбуджаны. Нават, што мала калі здаралася, гаварылі хаўруснікі паміж сабою па-сяброўску, у руку адзін аднаму, паджартоўвалі адзін з аднаго: вельмі ж ужо гладка, як выгаблявана шархеблем, было ў іх і ў галаве і ў сэрцы. Яны прыехалі папоўдні, надвечар, і кожны пабег дадому папалуднаваць. Гельскі нават дома перад сваёю сям’ёю рызыкаваў і нават на большай, як заўсёды, адлегласці ад сябе трымаў жонку. Быў ён тады яшчэ здаровы, у самай моцы. Росту ён страшэнна высокага і танклявы (цяпер, пад старасць, сагнуўся адно ў хударлявых плячах сваіх).

На змроку хаўруснікі сышліся зноў у Гельскага гумне — здымаць з воза тавар.

Кожнаму суседу хацелася падысці паглядзець на гэтую іхнюю работу, але ўсе ведалі, што не любяць яны гэтага. А злашча Гельскі, што верыў у нядобрае людское вока.

Ён будзе маўчаць, надзьмуўшыся, а Кірбуць — дык той гатоў проста аблаяць. Дык толькі самы блізкі сусед прыйшоў, ды і то дабраў прычыны: прынёс пазычаную на тым тыдні сякеру. Пракоп, тады яшчэ малады, нядаўна жанаты чалавек, таксама трапіў быў на двор да Гельскага: ішоў якраз вуліцаю і зайшоў. Убачыў, што хаўруснікі, як сугняі, соўгаюцца каля воза, разбіраючы яго, ён доўга там не стаяў. Пайшоў, а як выйшаў на вуліцу, мацюгнуў хаўруснікаў за тое, што яны ёсць яны.

Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. І заарандавалі тую зямлю тыя самыя ўсё хаўруснікі: Гельскі і той другі...

Тут ужо зусім Пракопавы думкі сцьмелі, некалькі абрыўкаў прайшло яшчэ.

Заарандаваўшы папоўскую зямлю, Гельскі неўзабаве кінуў гандаль. Папоўскую зямлю здаў напалавіну людзям. Гэтак цягнулася аж некалькі год. Пасля папу зноў самому зажадалася трымаць гаспадарку... Але пакуль гэты гешэфт з папом раскідаўся, Пракоп, разам з іншымі, рабіў Гельскаму напалавіну папоўскую зямлю.

Даўно гэта было, можа больш за чвэрць стагоддзя прайшло ўжо ад таго.

Гельскі пасля таго многа перапрабаваў камерцыйных і ўсялякіх іншых спраў, але ўсё нейк сышло. Як ішлося на тое, каб быў ён цяпер калгаснікам: ніводнай справы доўга не трымаўся. А перад вялікаю вайною вольны быў ад гэткіх спраў: пачаў рабіць дома — стальмашыў, а для зямлі — трымаў хлапчука-парабчука. Пад гэты час прыпадае росквіт яго стальмашнага рамяства: пачаў нават перарастаць у механіка: нанава адбудаваў папсаваны пажарам вятрак млынару Аляксандру Паціеўскаму. На гэтым этапе сваёй дзейнасці ён раз, падвыпіўшы, убачыў, як праз мястэчка прамчаўся панскі аўтамабільчык (першая навіна на ўсю акругу). Дык Гельскі тут жа на месцы пачаў хваліцца, што каб ён адно паглядзеў зблізку гэтую машыну, дык сам такую ж зрабіў бы. Местачкоўцы не далі веры, але слухалі...

І заўсёды Гельскі меў прывычку вельмі бедніцца.

Сон агарнуў Пракопа як мае быць.

 

ІІІ

Волечка сцялася грызціся з Гельскім:

— Вы стараліся, каб Косцік узяў хустку! Не павінен ён быў яе браць.

— Каб не ўзяў, дык быў бы дурань! — не маргнуў нават і вокам Гельскі.

— Чаму дурань?

— А таму, што хустка павінна астацца яго жонцы.

— Чаму гэта? Яна ж на работу не хадзіла.

—- Як жа яна пойдзе, калі ў яе дзіця малое.

— Ну дык от жа.

— Ну дык і от жа! Не ходзіць яна на работу, дык сам Косцік, як чорны вол, удвая робіць. Ты думаеш, за брыгадзіра лёгка быць?

— Але ж яму за брыгадзірства большыя працадні налічваюцца.

— А ты хочаш, каб не налічваліся? Ён жа і ўначы спакою не мае. Ты ж сама можа не сляпая і бачыла, як ён, небарак, плішчыў на калгасаўскі двор метроўку, аж вочы ў яго на лоб вылазілі, тады ж, уначы, як падзялілі былі мануфактуру.

— Вы смяецеся, дзядзька, з Косці! Метроўку малое дзіця панясе! Гэта кпіны не з Косціка! Гэта з чагосьці іншага!

— Я смяюся? Я гавару, што бачыў. А калі я не пускаю слёз, гаворачы, дык гэта ўжо бяда? Плакаць трэба? Я плакаць не буду. Гэта ты летась казала, што ў калгасе дрэнна.

— А што, добра было летась, калі калгас ледзь не раскідаўся?

— Ды ныючы не паправіш. Не ныць трэба, а рабіць. Папрывыкалі вы ныць!

— Я ведаю вашы хітрыкі!

— Ну, бо ў цябе ж галава разумная.

— Хустка ў Косці, Марыля цяпер кляне ўсе нашыя парадкі... Ёй памагае Рыва.

— Усім не ўнаровіш. Ты думаеш, брыгадзір дарэмна павінен за ўсіх рабіць? Чужая праца табе не страшна?

— Чужую працу абараняць узяўся!

— Косця табе не які-небудзь элемент. Ён. франты прайшоў, ён порах нюхаў, а хто дзе аддзякаваў яму? У яго натура такая — сам не возьме, пакуль не ўгаварыць яго. Гатоў сам сябе ў крыўду пусціць.

— Чужую крыўду бароніш, а сам...

— Што сам! Кулак я раскулачаны, ці што? У калгас пралез? Маёмасць схаваў?

— А можа і схаваў.

— Схаваў? А сама ты многа схавала?

— Я — гэта я. Я да калгаса ледзьве пражывала на свеце.

— А я? Можа яшчэ я за цябе бяднейшы быў! Дробна ўсё ў мяне ішло.

— Дробна? Дробны, ціхенькі, у ціхім балоце чэрці вядуцца.

Тым часам Ёсіф Катлубайскі гаварыў Косціку:

— Ты запісаў, браце, там быў мне тыя пяць дзён у працапоўдні. Праўда, мне тады прыйшлося было да паўдня рабіць тыя дні. Але — запішы на поўныя дні, што табе значыць? Ты вінаваты не будзеш. Праўда, не плаціць багаты, а вінаваты, гэта так, але — братка ты мой! Я на тое месца наганю работаю. Пастараюся. Раней за ўсіх выйду калі на работу, пазней астануся. Ад мяне калгас крыўды мець не будзе.

— Як жа я запішу?

— Вазьмі ды запішы.

— Падумай, што ты гаворыш!

— Гавару... Вазьмі ды запішы, па-свойму. Свая справа.

— Свая справа?

— Ад мяне калгас крыўды бачыць не будзе. Не такі я чалавек. Я ж кажу.

Брыгадзір не бачыў спакою і ад Волечкі. Гэтая ўвішная жанчынка раз запарвала яго на вуліцы:

— Ты рад, што каля цябе стараюцца ўсялякія гады і падхлебнікі. Ты слухаеш. А Марыля ўсім гаворыць, што яе пакрыўдзілі. І ўсе за яе. Бо і праўда. Большае права яна мае на хустку за тваю жонку.

І нешта Косця пачаў заўважаць, што Гельскі ветлівей, як заўсёды, пачаў вітацца з ім. Разам з тым ён сапраўды ўбачыў, што нешта нядобрая выходзіць з гэтаю хусткаю справа. Некаторыя нават паглядаць на яго крыва пачалі, нейкае як бы недавер’е пачаў заўважаць ён сярод людзей да сябе. Вядома, тут яму магло ўжо больш як было здавацца, але ўсё ж штосьці і сапраўды было. Вельмі ж Ёсіф Катлубайскі паддаў яму думак: «Значыцца, яму трэба было да мяне падлізацца, каб пасля смела прасіць мяне пайсці з ім на нячысты гешэфт. Напішы яму поўных пяць дзён! От на што ён угаварваў мяне, каб я ўзяў гэтую чартоўскую хустку! Але чаго тут стараўся Гельскі? У калгас ён не пралазіў, а пайшоў смела. Ён не кулак, бо ў яго нават у апошні год і каня не было».

Адзін раз Гельскі зноў сядзеў на Пракопавай прызбе. Косця падышоў туды ж. Гэта, як і той раз, была пара полудня. Неўзабаве меліся выходзіць у поле.

— Квас у цябе добры,— сказаў Гельскі Пракопу.

— Быў, ды няма,— адказаў Пракоп.

— Дзе ж ён дзеўся?

— Дай рады. Выцек, усе сенцы заліў. Клёпка адна была зломаная. Да часу сяк-так ліпела, пакуль не адвалілася... То ты хіба ідзі бяры граблі, я цябе пачакаю і пойдзем.

— А-а, шкада, што квас прапаў... Такі пайду па граблі. Я зараз прыйду...

Гельскі пайшоў. Як толькі ён крыху адышоўся, Пракоп пайшоў у сенцы і вынес сабе і Косціку квасу.

— Квас жа выцек?

— Каму выцек, а каму і не. Ого! Ён усё бедніцца. Гнецца. Увесь век прывык гнуцца, тужыць, што ў яго нічога няма, што ён бедны, дробнае ўсё ў яго... А некалі гандляваў... Не памятаеш ты, малы быў... На паўпанскі капыл выраўняцца стараўся. Дармо, што ён як бы бядняк — нават каня не было апошні год. Капяні ты яго, дык у яго на дваццаць год хопіць, нічога не рабіўшы. Я гэткіх жміндаў ведаю! Цярплівасці мае не хапае з гэтым чалавекам. Чалавек гэты — юха добрая. Ты чуў, як ён з Рывы насмяяўся? Цяпер тая крыўдзіцца, што ўсё нядобра, што ў калгасе здзекуюцца з яе... Ведама, баба цёмная...

Гельскі прыйшоў з граблямі і ўбачыў у конаўцы недапіты квас.

— Квас? — сказаў ён.

— Квас,— весела засмяяўся Косця.

Яны ўтраіх пайшлі на сенажаць, і Гельскі ўсю дарогу маўчаў. Назаўтра ж было вось што.

З самага рання, калі яшчэ не выганялі на поле жывёлу, Волечка прыбегла да Марылі. Тая збіралася ісці ў абору па малако ў яслі. Яна стаяла перад люстэркам і ўглядалася ў яго — ці да твару ёй новая паркалёвая хустка. Волечка хацела расказаць Марылі пра справы з хусткаю і не толькі расказаць, а заявіць, што яна гэтай справы так не пакіне. Але яна як бы пачала пазнаваць хустку, што была на галаве ў Марылі.

— Якая гэта хустка? — запытала Волечка.

— А гэта мне толькі што Косцік прынёс.

— Што ён гаварыў? — не сцярпела Волечка.

— А ён гаварыў, што ўсе паднімалі гаворку, каб гэтую хустку даць не мне, а ягонай Галене. Але раз Галена на работу цяпер не ходзіць, а я раблю, дык ён гэтую хустку прынёс мне. Не хачу, кажа, блытацца з Гельскім і Катлубайскім.

— Я адразу казала, я яшчэ тады казала, што так трэба зрабіць. Дык мяне тады не слухалі! А цяпер — дык самі... Каб я тады не пакрычала, дык так і асталося б,— весела гаварыла Волечка.

 

IV

Сакратар ячэйкі гаварыў калгаснаму старшыні:

— Даўно ўжо я думаю, што ў цябе Гельскі не калгаснік, а гніда.

— I я гэта ведаю,— адказаў старшыня.

— Чаму ж ты яго не выкінеш?

— Я не маю за што ўчапіцца.

— Учапіцца? Учапіся за ўсяго яго, за Гельскага.

— А прычына?

— А прычына сам Гельскі. Склікаць трэба сход і пагаварыць пра Гельскага. Я нюхам чую, што ён не калгаснік.

— Пачакай,— сказаў старшыня,— цяпер нядаўна пра Катлубайскага працадні, пра паркалёвую хустку нейкія гутаркі былі. Пакуль не забыліся — можа з гэтага пачаць? Можа што выявіцца.

У той жа дзень, увечары, вось што было:

— Ага, ты здагадаўся? Дадумаўся-такі нарэшце! — крычала Волечка ў самы твар брыгадзіру Косціку Раўтовічу.— Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж твой раней розум быў? Табе трэба паказаць пальцам, а сам дык ты не можаш бачыць? Аддаў хустку, дык маладзец! Але можа крыху запозна? Цяпер хочаш, каб усё ціха было, калі Марыля папакрычала, што ў калгасе ўсё гэтак: хто сабе грабе, таго і права. Гэта яна папакрычала. Крычала яна не таму, што сама ў гэта верыць, а таму, што яна адразу павіннабыла мець гэтую чартоўскую хустку, няхай бы яна згарэла!

— Я сам спачатку не хацеў браць. Я сам гаварыў, каб даць хустку Марылі.

— Дык трэба было і рабіць гэтак. Ніколі з свае думкі не збівайся. А то ты паслухаў Гельскага і Катлубайскага.

— Паслухаў, гэта праўда. Але ж і не адны яны гаварылі.

— Іх сёй-той падтрымаў. А ты і раскіс. Рад, што табе хустку даюць! Ты ведаеш, што ты зрабіў? Цяпер і Гельскаму добра і можа яшчэ каму. Чым большы неспакой, крык і крыўды тут у нас, тым...

— Я ведаю. Пракоп гаварыў пра Гельскага.

— А хоць бы гэты і Пракоп! Дома ў запечку дык і ён гаворыць, а дзе на людзях, дык...

Гутарка гэтая адбывалася на тым жа ўсё самым Косцікавым двары. Народу ўсё збіралася больш. І ўсе адчувалі, што пара ўжо забыцца на гэтую хустку, бо штосьці большае вырастае тут.

Як прыйшоў Ёсіф Катлубайскі, Косцік адразу загаварыў да яго, сцішыўшы ўсіх:

— Я гавару перад усімі: ты ўгаварваў мяне, каб я табе напісаў лішніх працадзён. Ты думаў, што я гэта зраблю табе за тое, што ты даваў мне хустку? Дык я зрабіў памылку, узяўшы хустку. Яе я аддаў Марылі, ёй яна павінна была належаць з самага пачатку.

— Ты прагуляў пяць працадзён,— закрычала Волечка,— і думаў, што табе запішуць за поўныя дні? І за гэта падлізваўся да брыгадзіра? Прызнавайся!

А пасля Косцік загаварыў да Гельскага.

— Ты мог, скажам, па шчырасці спрыяць мне з гэтаю хусткаю,— сказаў Косцік,— але вось!

І ён паказаў на Рыву. Рыва выйшла наперад, каб гаварыць.

— Пакуль тут яна сёння скажа пра цябе,— закрычала Волечка,— дык гаварыла яна, што ў калгасе бегала, шукала гурту і калгас лаяла. Вось яна зараз скажа пра цябе!

— Я па шчырасці спрыяў табе наконт хусткі.

— Па шчырасці спрыяў? — перабіла Волечка.— А пасля нагаварваў, што Косцік больш хваліцца работай, чым робіць. Памятаеш, што ты казаў пра метроўку? Каб зрабіць выгляд, што вельмі стараецца, дык і метроўку панёс уначы? Гэта абы хустка яму асталася?

— Пракоп, што ты мне казаў пра Гельскага? — сказаў Косцік да Пракопа.

Усё было скончана. Справа перамагла натуру. Пайшоў Пракоп малоцца пад грамадскі камень. Справа павярнулася гэтак, што трэба было ісці на адкрытую. І Пракоп выйшаў наперад.

— Ну, што ж, я скажу,— загаварыў ён,— самі ведаеце. Ён бедніцца, гнецца, а капяні ты яго, дык у яго... я казаў і кажу... А як ты тут яго раскулачыш, калі ў яго нават і каня не было? А тым часам — нагандляваў калісьці, быў яму час... Паглядзіш, як ён цяпер жыве... А як ён раней жыў!..

— Гавары, гавары, дзядзька Пракоп,— не магла ўстаяць на месцы Волечка — бялявая, густавалосая, маленькая жанчынка.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан