epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Будзем адзінадушнымі і непахіснымі

Браты беларусы!

Па нашай зямлі ходзіць няшчасце і гора. Па нашай роднай зямлі топчацца двуногая нямецкая жывёла, тупая і азвярэлая. Нашы беларускія гарады ляжаць у руінах. Вецер узнімае хмары халоднага попелу там, дзе жыў чалавек у шчасці і радасці.

Наша поле было багата ўраджаем. Нашу краіну ўзбагачалі нашы заводы і фабрыкі. Пры Савецкай уладзе беларускі народ моцна стаў на ногі.

Але гітлераўская навалач не дала нам жыць. Банда прахвостаў і жулікаў хоча падняволіць сабе вялікі беларускі народ, народ мужнага Каліноўскага, народ шматлікіх змагароў за нацыянальную самастойнасць свае Радзімы — Андрэя Блажко, дукорскіх партызан, слуцкіх партызан, усіх іншых вядомых і невядомых герояў; народ, які ў самыя цяжкія часы сваёй гісторыі заўсёды быў самім сабою.

Гітлераўская Германія вымуштравала зграі тупых салдафонаў, якім убіта ў галаву, што яны маюць права жыць на шыі ўсіх народаў. І вось зграі гэтых атупелых людаедаў рынуліся на нашу зямлю. Яны скалечылі маленства нашых дзяцей. Яны спапялілі душы нашых сёстраў, жонак і матак, якія бачылі смерць сваіх дзяцей у агні і громе. Я быў разам з народам, бачыў яго пакуты, яго кроў, яго пакутнікаў. Па дарогах ад Мінска і да Смаленска я бачыў чатырохгадовых і васьмігадовых дзяцей, якія паднімалі ўгару замест рук акрываўленыя косці і крычалі: «мама». Мы ўсе бачылі няшчасную маці, вялікую беларускую жанчыну, якая ў гэты самы момант канала на дарозе пад кулямі арыйскага прахвоста, напоўненага прагнасцю на нашых касцях здабыць сабе ў Беларусі маёнтак. Я бачыў дзесяцігадовых і дванаццацігадовых дзяцей, якія неслі на руках меншых, не могучы адарваць вачэй ад дарагога твару забітай маці.

Я бачыў, як трашчалі ў агні беларускія кнігасховішчы, як гінула гордасць нашай рэспублікі і гордасць Савецкага Саюза — Ленінская бібліятэка ў Мінску. Я бачыў, як гарэла і гінула ў агні беларуская кніга, як падала ў руіны сталіца нашай рэспублікі — Мінск, як гінуў Гомель і Віцебск і іншыя нашы гарады.

Але разам з тым, перад усім светам, збіраўся на вялікае змаганне наш народ, вечна непакорны перад ворагам.

Браты беларусы! Кожны, хто любіць сваю беларускую зямлю, хто сын свайго народа, ведай, што вялікая няслава і ганьба таму, хто не выйдзе на расправу з ворагамі і на помсту.

Час расплаты пачаўся!

Наша слаўная Чырвоная Армія ўжо гоніць немцаў з савецкай зямлі. Нямецкія зграі ўжо коцяцца назад. Яны хацелі ўзяць Маскву, а замест гэтага знайшлі сваю пагібель.

Будзем адзінадушныя і непахісныя ў змаганні і помсце ворагу. Ніводзін немец не павінен астацца на нашай зямлі. Як паганая сука будзе кожны з іх лізаць свае раны і здохне пад няўмольным позіркам нашага чалавека. Косці яго сатлеюць пад вятрамі. Чорная кроў яго ўгноіць наша поле. Не павінен ён вынесці галавы з нашага дома! Як толькі можам, будзем рабіць смерць кожнаму з іх. Калі хто з іх выць будзе аб літасці, не павінна адгукнуцца яму чалавечае сэрца!

Ніводнаму немцу нічога не павінна быць дарована! Адна слязіна беларускай жанчыны аб замучаных дзецях перацягне на вазе справядлівасці ўсю гітлераўскую Германію, гэтую дзяржаву двуногай жывёлы.

Вечна жыў і вечна жыць будзе вялікі беларускі народ на сваёй, вызваленай ад нямецкай гадзіны, беларускай зямлі!

Браты беларусы! Усе, дзе б хто з нас ні быў — і хто на роднай зямлі перажыве яе пакуты, і хто выйшаў ад нямецкай навалачы! Ведайце, усе ведайце: скора мы зноў збяромся дома, на радзіме, на сваёй зямлі ў шчасці і радасці. Гэты час падыходзіць.

Смерць кожнаму немцу на нашай зямлі!

Няхай жыве наша родная зямля, наша Радзіма — Беларусь, наш вялікі беларускі народ!

Няхай жывуць вялікія магутныя савецкія народы, якія куюць нашу перамогу!

Няхай жывуць вялікія і магутныя — рускі і ўкраінскі народы, якія з намі плячо ў плячо робяць нашу перамогу!

Няхай жыве наша слаўная, грозная ворагу Чырвоная Армія!




Беларуская Палічка: http://knihi.com