epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Буланы

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII


I

 

Зямля, зямля! Прасторы ў вятрах - чорныя, з вясёлым зяленівам расцвету...

Бярозы і хвоі ў вольную восень... Думаюць думу дарогі, гоняць ваду ціхія рэчкі... І ў цішыні буры, і ў бурах - цішыня...

Хмурна думаць пачало неба, і тады ж зямля весялілася ветрам. Пад дзень пабялела зямля, а днём заснуў пад хвоямі вецер, і заплакала восень снегавымі слязамі. Падала вострая музыка капель і, як сплыў снег, заглядзелася мокрая зямля ў тонкае неба, і ў саду ўсміхнуліся апошнія лісты голае ліпы.

Так і было мокра цэлы дзень ды сумна-весела ад ясна-туманнага неба.

І тады раптам павеяла з поля вялікаю воляй - неабдымнаю і нявызначанаю, як пачуццё: можа гэта пахла поплавам, ці гаварылі хвоі за полем, ці то гэта сляды соннага ветру, - толькі пацягнула тады Буланага з хлява ў паплавы. Ён аж памахаў аблезлым хвастом ды пацёрся свярбячаю спінаю аб сцяну. Пасля абнюхаў «качалкі» неперажованага старымі зубамі сена, утоптаную салому пад нагамі ды сцяну, што аддавала сухім гноем ды трухлінай. Тады ўставіў у вакенца бяздонна-чыстыя, як крыніца, вочы і ўбачыў: салома мокрай страхі, над ёю галіна з варонай і вясёлае неба. Усё гэта было як бы некім фонам, цьмяна адчуваемым глыбінёю істоты, незразумелым ні ў цэлым, ні сваімі асобнымі часцінамі.

Буланы падступіў да дзвярэй, пашараваўся аб іх старыя дошкі губамі і пасля ткнуўся ў іх. Дзверы трохі прачыніліся, так што можна было высунуць на двор галаву. Буланы так і зрабіў. А тут раптам запахла вялым аерам, і няможна ўжо было не выйсці на двор. Але Буланы яшчэ пастаяў трохі, бо павольнасць давала асалоду старому целу; і з вуліцы смешна відна была яго галава, так што Янка Самахвал, які вельмі добра ведаў Буланага і якога Буланы таксама ведаў і заўсёды здалёк пазнаваў па нейкаму канапляна-тытунёваму паху, прыпыніўся на вуліцы і сам сабе глыбакадумна сказаў:

- От, чорт яго ведае, чаму гэта Раман Драгун каня гэтага не збудзе. Падла ледзьве ногі цягае, а ён яго дзяржыць.

- Што ты кажаш? - абазваўся з свайго двара Юзік-сусед.

- Раман, кажу, каня не прадае.

- Не хоча за бесцань аддаваць, - заявіў Юзік і палажыў бараду на плот.

На гэтым гаворка магла б і скончыцца, бо ні аднаму, ні другому не было часу, але Буланы раптам вылез з хлява і, растапырыўшы ногі, паволі пачаў абнюхваць мокрую зямлю, зацярушаную саломай і сенам. Тады ўжо Янка Самахвал, як належыць, стаў напроціў двара і пачаў глядзець на Буланага.

- Эх, конь, быў конь. Што гэта быў за ко-о-о-нь - а-я-яй! - сказаў ён і трагічна паківаў галавой.

Юзік Жур падышоў да Янкі і сказаў:

- Гэта ж я яму памог гэтага каня купіць.

- Я ж ведаю.

- Я не кажу, што не ведаеш. Дзіва што ты ведаеш - гэта ўсякі ведае... Тады дык Раман усё шкадаваў, што пераплаціў, а пасля што ён мне пападзякаваў - страх. Бывала, які воз ні налажы, гара не гара - ідзе Буланы, а гэта зусім на няма нічога з'ехаў.

Так і гаварылі аб Буланым. І ад таго, што гаварылі і стаялі на вуліцы, брала цікавасць таго, хто не гаварыў і не стаяў на вуліцы, а толькі бачыў усё гэта праз акно. Так выйшаў на вуліцу Костусь-муляр, які ніколі не меў сваіх коней і не цікавіўся імі, але мог гаварыць аб іх колькі хочаш. І ў звязку з тым, што раптам выйшаў на вуліцу Костусь, у спешным парадку з'явіліся і іншыя, бо была ў іх цікавасць да ўсяго таго, што б дзе ні рабілася і ні гаварылася.

І гаворачы аб Буланым і трохі думаючы аб ім, думалі і аб многім іншым. Гледзячы на вылезшую шыю Буланага, Янка Самахвал быў падумаў: «Галава ж у мяне вельмі свярбіць, трэба будзе пайсці ў суботу ў лазню».

І ў звязку з лазняю і суботаю падумаў аб тым, што гэта ж пасля суботы будзе нядзеля, а тады пойдзе ён аглядаць новую малатарню, якую прывязлі за сорак вёрст з саўхоза і паставілі ў Юрасёвым гумне. І не то, што ў гэтым самае важнае, але ўсё разам узятае: і лазня, і субота, і малатарня, і гаворкі, якія пры гэтым будуць весціся, - нешта блізкае і патрэбнае. Юзік жа, гледзячы здалёк Буланаму на галаву між вушэй, падумаў: «Чаму гэта ў яго нек зеленавата там? Ці гэта ён у некую цвіль упэцкаўся, ці гэта шэрсць ад старасці ў яго такая стала».

І тады ўжо з'явілася ў яго вось якое адчуванне: «Гэта ж якраз такі бывае мох на старых бярозах. І нават тая бяроза, ускочваючы якую на воз год дзесяць таму назад, я сарваў жывот, уся была абросшая гэтакім самым мохам».

І пасля гэтага пайшлі гуляць думкі вольнымі пуцінамі. Падумалася аб тым, як сумаваў ён доўгі час па сваім жываце. Пасля гэтае адчуванне растала ў наступным: падобны колер яшчэ бывае ў раннюю восень пад рабінаю, напроці рэчкі. Сядзіш бывала там, а вада бяжыць ды бяжыць.

- Колькі гэта я гэтага Буланага перапасвіў, - сказаў раптам Юзік пад густым наплывам думак.

- Усяму свая пара, - адказаў голас.

А Раман Драгун, стоячы ў хаце каля стала і гледзячы на акно, падумаў: «Чаго гэта людзі напроці майго двара сабраліся? Ці не зрабілася гэта што ў мяне ў двары?»

Трохі нават як бы спалохаўся чаго і закурыў зразу, а пасля, бачачы, што тыя як стаялі, так і стаяць, сам выйшаў на вуліцу і разам з усімі моўчкі глядзеў на Буланага.

А Буланы ўсё нюхаў зямлю, а пасля пацягнуўся паволі ў сад. А там пад разгатаю грушаю ляжаў пажоўклы і мокры аер, дзён пяць таму накошаны Раманам Драгуном каля рэчкі, пахнуў ён моцна, быў вакол расцярушаны, нават трохі быў ускладзены на дзве тоўстыя галіны грушы. Вакол ён быў, гэты аер. Уваходзіў ён Буланаму ў адчуванні і выглядам, і пахам, і ў ім губілася неяк трава, збітая і малая, што разам з чорнымі лісцямі макрэла пад яблынямі. Буланы папрабаваў жаваць аер - нясмачны, так што не варта было яго і нюхаць. Але сваім пахам і выглядам у многа раз павялічыў ён Буланаму адчуванне вольнага прастору рэчак, паплавоў ды вільготнага ветру. І раптам раздзьмуў ноздры Буланы, так, як раздзьмуваў іх у маладыя гады. Яшчэ махнуў хвастом, папрабаваў страсянуць грываю, але грывы ўжо амаль не было, і выйшла гэта неяк смешна: проста пацеляпаў неяк шыяю і пабег паволі дваром на вуліцу.

- Ку...-куд-ды, а-а-а! - растапырыў быў рукі Юзік, а Раман Драгун, уцяміўшы раптам становішча рэчаў, сказаў:

- Надвор'е прачысцілася, то няхай, от, пацягаецца па паплавах, хоць абветрае трохі.

- А што ты думаеш, - адказалі яму.

На гэтым уся іх гаворка і скончылася. Яны разышліся, несучы кожны ў сабе думкі, ужо не блізкія да Буланага. А Буланы прабег па вуліцы да трэцяе хаты, ды раптам адчуў, што баляць ногі. Тады ўжо паволі пайшоў, не пакідаючы раздуваць ноздры - ці то гэта ад адчування блізасці поплаву, ці ад стомленасці.

Так выбег ён за агароды і стаў грызці дробную траву, і затым, што быў ён конь і не было ў яго таго, што выразна завуць думкамі, амаль згладзілася ў яго тое ўсё, што было кагадзе, як бы гэта не было для яго мінуўшчыны, не было яе выразна ў адчуваннях. Яна была ў жыцці і выяўлялася, напрыклад, у тым, што вось ад старасці, ад быўшае працы і жыццёвай нягоды ногі сталі часта балець і вочы закарваць гноем, але гэта не была свядомасць, якое не было, а быў далёкі ад разумення і ўяўлення факт...

Ужо не плакаў дзень снегавою вадою, бо знік ужо снег, толькі стаялі ціха ў ручаінах гэтыя слёзы - як бы гэта дзень выплакаўся, і стала зусім яму лёгка. Змыў ён слязьмі каламутнасць, што няпрошанаю прыйшла да яго, разагнаў волава хмар і пачаў смяяцца - ясна і ціха.

А тут яшчэ гусі, прагергетаўшы ўсю сваю сталасць на агародах, падняліся ды белымі камякамі шуганулі цераз платы ў поле. Цяжка было ім плаваць у высотах, бо былі яны сытыя і сталыя, як тыя сцены, у якіх начавалі; так яны і пападалі на зямлю і пачалі там шукаць нечага.

Буланы грыз траву, а яны нечага шукалі, і была ў іх сталая вясёласць, зусім не такая, як у Буланага. У яго проста было некае цьмянае жаданне. То цягнула яго некуды ісці, падняўшы галаву, то страшна хацелася, ліха ведае адкуль, набраць повен рот травы ды ўсмак пажаваць яе. Проста гэта было тое самае, што застаўляла яго ў маладыя гады ляцець, задраўшы хвост, па загонах. Аж стогне зямля, аж енчыць дарога пад капытамі. Толькі пыл слупамі ходзіць там, дзе скача, бывала, Буланы. Як ужо яго ні путаў Раман Драгун - ніводнае пута не трымала яго: парве ды калі залапоча...

І якое дзіва, што цяпер Самахвал Янка, убачыўшы Буланага, заўсёды трасе галавою ды выводзіць павольным голасам чуць не на дванаццаць тэмпаў:

- Што гэта быў за ко-о-о-онь - а-яй!..

От, не папытаў тады Янка Самахвал у маладога Буланага: «Куды ты так мчышся, задраўшы хвост?» І не меў Буланы чалавечага розуму ды языка, каб адказаць яму на гэта...

Гусі сабе вялі гаворку, а Буланы падняў галаву ды пайшоў паволі вузкаю дарогай туды, дзе чарнелі кусты.

 

II

 

Было гэта даўно ў чалавека, і больш яно ўжо ніколі не з'яўлялася; пачало забывацца, і нават сляды яго сплывалі ўжо па хвалях часу. А тады было яно моцнае, было яно вялікае, як усё тое, што ёсць у чалавека, разам узятае, у пачуццях і думках. Бо праз яго тады праходзіла і пераламлялася ў ім адчуванне і ўяўленне ўсяго таго, што існуе.

Быў Раман Драгун малодшы і мацнейшы, і думкі меў вастрэйшыя, але яны сталі слабымі...

Ціха было ў тыя дні ў хаце і на двары. І ён усё стараўся што-небудзь рабіць, чым-небудзь займацца па-за хатаю, каб не бачыць таго, што было ў хаце. Ляжала там яго хворая жонка і пакутавала. І гэта напаўняла ўсё, выходзіла за адчуваемыя абшары і было ва ўсім. Так, гэта ён адчуваў. Была гэта ненармальнасць, быў хаос, і чалавек, заўсёды праціўны яму, шукаў гармоніі. Выяўлялася гэта ў яго ў імкненні бачыць вакол сябе ўсё нармальнае, у сваіх берагах. Хоць бы ўявіць як, што гэта ўсё так і ёсць. Хадзіў ён па двары, па ўтоптанаму снегу, і былі ў яго дзве вышыні настрояў. То хацелася яму як бы сціснуцца ў адзін маленькі жмут, быць непрыметным, і каб такім стала ўсе. Бо гэта была б процілегласць таму ненармальнаму, страшнаму і вялікаму.

Змрокам дзён ён з вялікім здавальненнем заносіў Буланаму сена і стаяў там падоўгу, прыпёршыся плячом да сцяны.

Буланы быў яшчэ зграбны і ў самай сіле. Жаваў ён сена ў цёмным хляве спакойна, без тых бур, якімі кіпеў чалавек, а чалавек стаяў каля яго і ашукваў сябе: «Дык гэта ж усё так, як трэба, - Буланы жуе сена, стоячы на чорнай ад змроку саломе; тут жа прытульна і цёпла. І я стаю і гляджу ў ціхую адзіноту зімовага вечара».

Так находзіла на чалавека супакаенне. Пасля думкі вызывалі тое, што ёсць, і ўяўлялася як бы немагчымасць чалавека цішынёю пазбавіцца. Тады ўзнімалася бура, трывогі і жаданні будзілі ў чалавеку бунт проці неабходнасці цяжкіх перажыванняў, проці смутку. Бунт ачышчаў дарогу да нечаканых уздымаў радасці... У чалавека напружваліся і дзейнічалі думкі. Пасля ізноў гэта ўсё ападала. Так і было, так ішла барацьба ў настроях. Так усё то кіпела, то роўна плыло. І было яно ўвесь час з рознаю сілай, пакуль не сплыло...

А Буланы еў сабе паволі, спакойны затым, што сена было смачнае, здаволена цёрся губамі аб жолаб, і свет з бурамі і цішынёю быў для яго тым, што можа можна папрабаваць выказаць словамі: павольнае здавальненне.

Для яго не было ні Рамана, што стаяў пры ім, ні ўсякіх там адценняў усяго.

Раман жа быў повен усім. Твар яго быў тады больш жывым, як заўсёды, і адбіваў на сабе змены адчуванняў, і загэтым выразы яго былі нешта адналікае з вакольным, і ўжо ў гэтым сама па сабе з'яўлялася процілежнасць хаосу; было імкненне.

І недасяжна было для Буланага тое, што Раман пасля паспакайнеў, як усё сплыло на хвалях часу: бо яно пачало забывацца, раставаць у бясконцасці...

І вясною, калі араў Раман на Буланым поле і дзьмуў сухі вецер, зусім не было ў яго жадання сціснуцца ў адзін жмут, зрабіцца малым, а было імкненне, звязанае з нейкім адвечным чалавечым бунтам - як бы вырасці, каб быць прыметным усяму, так, як шырокі вецер і гулкія зыкі.

Ад гэтых гуллівых і несвядомых жаданняў было тое, што Буланы часта атрымліваў па спіне і ўжо злаўчыўся баяцца Раманавага гуку:

- Эй ты, малы! Фюйць!..

І гэта Раман рабіў без жадання пакрыўдзіць Буланага, гэта так толькі ўмеў ён выявіць тое, што было ў ім.

Калі Раман выпрагаў Буланага і пускаў яго грызці межы, а сам лажыўся каля воза жаваць абветраны хлеб ды ціха сабе думаць, у Буланага з'яўлялася ў першы момант якраз тое, што людзі ў сабе называюць уздымам радасці.

Так яно ішло заўсёды раўналежна - у Рамана і ў Буланага.

Цэлы дзень той валачыўся Буланы па полі. Нічога ён там не пад'еў, толькі змёрз, бо к канцу дня захаладала і змрок стаў імглістым. І як чорны быльнік і голыя кусты пачалі злівацца з зямлёю, прыйшоў ён дадому, калі ўжо Раман Драгун збіраўся ісці па яго.

 

III

 

Два дні ляжаў на зямлі снег - неглыбокі і вільготны, і адной раніцы паслужыў ён тэмаю для гаворкі.

- Зямля не замерзла, а снег ляжыць, - сказаў Раман Драгун, стоячы ў саду пад грушаю, і, прымеціўшы на другі бок плота Янку Самахвала, яшчэ сказаў: - Нялюдская некая зіма.

- Ат, якая гэта зіма, - адказаў Янка Самахвал, не думаючы, да яго гэта гавораць ці не, - хіба гэта снег - гэта гразь, а не снег.

Раман Драгун угледзеў каля плота трухлявы пянчук, летам яшчэ прывезены ім з лесу, і падумаў: «От валяецца, яшчэ горш згніе. Трэба пасеч - то згарыць у печы».

Тады пайшоў у сені, узяў сякеру і пасек пянчук, а пасля гэтага сказаў сам сабе:

- Карысці з каня няма жаднае. Не будзе на вясну ім рабіць як усё роўна. Прадаць яго трэба, хоць ты што хочаш.

І ўжо як седзячы за сталом, засыпаным хлебнымі крошкамі, еў, усё думаў, якую гэта цану за яго прасіць. А пасля паволі і нек асцярожна закурыў, сеў на Буланага, і паехаў за пяць вёрст.

Там нейкія людзі, у доўгіх крамных світках і чорных кажухах, падпяразаныя шэрымі і чырвонымі паркалёвымі паясамі, з бародамі і без бародаў, доўга тузалі Буланага, абмацвалі яго, праганялі паміж вазоў, ляпалі па ім рукамі і пугамі, крычалі нешта ў яго перад мордай, пасля таксама ляпалі па плячах Рамана Драгуна, тузалі і яго, білі па руках і ўсё траслі галавамі. І нарэшце зусім пакінулі і Буланага, і Рамана Драгуна. Пасля яшчэ падыходзіў нейкі высокі чалавек у зрэбных портках і суконнай жакетцы. Ён два разы ляпнуў Буланага па заду, пасля правёў рукою па шыі і галаве, да болі расцягнуў яму верхнюю губу, каб глянуць на зубы, і раптам адышоўся.

А Раман Драгун пасля ўсяго гэтага стаяў і думаў: «Нічога не будзе: скура і дзела з канцом».

Было тады ў яго нешта падобнае да злосці, і як бы гэта на Буланага, што ніяк выгадна не прадаць яго ўжо.

- Ну ты, скура, - сказаў ён з вяліка-сталым выглядам і пачаў на яго садзіцца...

Конна на Буланым ехаў вастратвары Раман Драгун; усё тоўк Буланаму заднікамі шырокахалявых і нізенькіх рыжых ботаў пад чэрава ды пасвістваў:

- Фюй-фюйць!..

А Буланы і вухам не вёў. Праўда, ён то гэтыя вушы натапырваў, але нагамі перабіраў павольна. Толькі калі часамі вельмі ўжо моцна свісне Раман Драгун, дык тады Буланы нек спрытна, але стала шавяліў задам ды яшчэ крывіў набок морду. Морда крывілася лёгка, і быў выраз усяго гэтага такі, як бы гэта Буланы хацеў сказаць Раману Драгуну:

«Свішчы, свішчы, фюйкай сабе паволі, ці як сабе хочаш. Што ж з гэтага, ты - Драгун, а я Буланы. Ты сядзіш на мне, а я іду - а дарога сабе макраватая, пасля дажджу».

Так гэта нек уяўлялася, што гэтак-так думаў Буланы. На самай жа справе ён нічога не думаў, бо не ўмеў думаць. Нек трохі блыталася недзе ў ім, у глыбіні галавы, ці то гэта так недзе ў істоце, а дзе, хто яго ведае, - што гэта, як хваціў быў ён нядаўна на двары ў Сымона Шрота аўса, да якога Раман Драгун па дарозе заехаў на ім (што Сымон Шрот зваўся Сымонам Шротам, таксама Буланы не ведаў), дык вельмі ж пасля гэтай жмені аўса пагнала яго сліну, і хацелася тады больш хваціць аўса, але Сымон Шрот, узяўшы ражку з аўсом і аблаяўшы курэй, якія зазіралі яму ў вочы, недзе знік. Сліну гнала некалькі хвілін, а пасля і гэтая работа заціхла, але жаданне жаваць авёс і цяпер засталося.

Пасля Сымон Шрот пагладзіў Буланага па шыі, паглядзеў яму ў зубы, пасля нечага пацерабіўся трохі каля хваста і сказаў Раману Драгуну:

- Я сягоння закалоў два япрукі. Адзін япрук Юрасёў, а другі Ўладзеў, дык вечарам пайду на свежыну, а цяпер мне час ёсць. Дык я, што робячы, ражку аўса думаў у жорнах змалоць на вобмешку. А тут бачу - ты едзеш... Дык я, паглядзеўшы на твайго Буланага, проста кажу, што з гэтага каня нічога не будзе - стары і дыхавічны; я табе кажу, калі ты хочаш ведаць.

Раман Драгун у гэты час выдзьмухваў з вусоў пыл, які яшчэ з самага ранку пазалазіў туды, але, пачуўшы словы Сымона Шрота, забыўся пра гэтую работу і заявіў:

- То я гэта табе набіваюся з канём гэтым, ці што? За каго ты мяне лічыш?

- Я не кажу, што ты мне набіваешся з гэтым канём. Я не кажу, што ты не можаш набівацца. Набівацца ты можаш, але нашто гэта табе - каня гэтага я ўсё роўна не куплю. Што ты, розуму ў галаве не маеш, ці што; я табе кажу, калі ты хочаш ведаць...

Раман Драгун паволі сеў на Буланага і накіраваў яго на вуліцу. А на вуліцы пачуў голас Сымона Шрота:

- А дзе ты Каштана дзеў?

- Прадаў, - адказаў Раман Драгун і паехаў.

На гэтым гаворка і скончылася, і Буланы цяперка ішоў сабе і ледзь прыметна адчуваў, як яму хочацца аўса, ды яшчэ тое, што так жа не будзе, некуды дайшоўшы, нешта будзе есці...

Раман жа Драгун аб ядзе не думаў. Перш, як толькі ад'ехаў ён ад Шротавае хаты, дык адчуў думку аб тым, што шыракаверхая старая салдацкая шапка ўсё наязджае на лоб. А пасля прыпомніў свае справы, што вось трэба будзе гэтага самага каня прадаваць ды купляць другога; а гэта - чорт яго ведае, вельмі ж клопату многа. Няхай бы ён быў сабе і быў, гэты Буланы, і не старэў, і не трэба было яго са свету зводзіць. І як бы нешта падобнае да злосці шавяльнулася ў ім на Буланага. Праўда, яно то за жыццё прывыклася да гэтага клопату, але нек цяпер вельмі ж многа яго - усякія гэтыя дробязі збіраюцца ў адно, дык вельмі ж мучаць яны. А тут яшчэ ўсякія думкі апаноўваюць.

А пасля і гэтая думка сплыла. І тады прыпомнілася самае важнае, што ўсё рупіла неяк несвядома, знаходзілася недзе ў глыбіні істоты і не афармлялася ў думках, а цяпер неяк раптам выплыла, з'явілася і выявілася ўжо як моцнае настойнае разуменне: «Гэта ж Буланага, калі ніхто не купіць, трэба будзе пусціць пад нож на шкуру, яно то ўсё роўна яму ўжо канчацца, але...»

І тут раптам ужо была новая думка: «А можа яго і купіць хто...» І тут жа выявілася яшчэ новая думка: «То ўсё роўна ж яго на шкуру купяць...»

І тады ўжо гэта пачало пераходзіць з думак у пачуцці.

- Яно то лепш не думаць аб гэтым, - сказаў паціху Раман Драгун, мала ўжо разбіраючыся аб тым, аб чым гэта не думаць.

А пачуццё было. Было гэтае яно цьмянае і некае новае. Тады, як раніцаю калоў ён трухлявы пянчук у саду, тады аб Буланым думаў таксама, як і аб гэтым пенчуку: «От пянчук раскалю, а Буланага прадам», а цяпер Буланы раптам як бы вырас сваёй істотаю для думак. І на адзін, на адзін толькі момант стаў ён як бы мяжою між двума адчуваннямі свету.

Утварылася вострае раздзяленне між пенчуком і Буланым: матэрыял і істота; матэрыял для жыцця і жыццё; і матэрыял для жыцця ад жыцця. Глядзі ты на матэрыял - што скажа жыццё? Глядзі ты на жыццё, каб цвіло - Буланы робіцца матэрыялам...

А тут якраз пачалі пералятаць цераз дарогу вароны, пачалі шукаць нечага на ёй і адцягнулі ўбок Раманавы думкі; уявілася, што вароны пахнуць ветрам, а вецер пахне мокрымі кустамі. А ў кустах, пэўна, яшчэ відна з-пад мокрага снегу мокрая і зжаўцеўшая трохі за восень трава. Дык тады і ўявілася яшчэ, што гэта і хаты там скрозь стаяць, і людзі там вакол ходзяць, і дарогі пад мокрым снегам ляжаць, і ўсё гэта ж прывычнае і блізкае. Гэтае ўяўленне прывычна і натхнёна заўладала раптам пачуццямі зусім і цераз глыбіню істоты разагнала папярэднія думкі, і тады ўжо ясна адчулася: дык Буланы гэта стары, яму ўжо канец падыходзіць. «Гэты канец прыйдзе, зробіцца неяк, адыдзе, а я пра яго забуду, а сам буду жыць, бачыць усё. І не мной гэта ўсё зроблена, і не мной будзе перароблена».

І раптам, як бунт некі, выбухнула вастрата думкі: «А ці не павінен я ў гэтым рабіць што? Чаго ж гэта еду я спакойна, калі вакол так?»

Але гэта думка засталася няскончанай і нават зусім не сфармаванай, бо раптам прыпомніў неяк, што заўтра нядзеля, і пры гэтым уявілася, што ўсё будзе такім, якім будзе.

А пасля зноў з'яўляцца стаў нейкі непакой як бы ад таго, што Буланаму падыходзіць канец.

- Чорт яго ведае, от разбярыся тут, - сярдзіта плюнуў Раман Драгун і ткнуў Буланаму заднікі ботаў пад чэрава.

Гэта работа навяла яго на звычайнае, і з'явіліся новыя думкі аб тым, як гэта ён на Буланым і на Каштане вазіў гной, а вецер свістаў у вушах. Была восень, разбівалі гной, птушкі ляцелі.

І раптам зноў засвістаў Раман Драгун:

- Фюй-фіць.

А пасля захацелася яму заспяваць, ды не мог прыдумаць ён песні. І ўжо неяк як бы дзівіўся - як гэта ён мог думаць аб усім тым, аб чым нядаўна думаў. Што гэта ж Буланы стары, дык таквеле бяды: папрацаваў на ім некалькі год, даў ён карысць, а гэта будзе добрая шкура - матэрыял добры, значыцца...

А Буланы ішоў сабе паволі і не думаў і не ведаў, што над яго галавою ў чужой галаве некалькі раз змяняліся настроі. Буланы раздуваў свае старыя ноздры, трохі нават, як бы гэта прыпамінаючы лета, памахваў аблезлым хвастом ды ўсё ішоў.

Усё ішоў ды ішоў...

 

IV

 

Маўкліваю дарогаю паволі прыйшоў дзень. Перш думаў ён нешта над соннаю вадою рэчкі і слухаў. Пасля азірнуўся і ўбачыў: у шэрым холадзе маўчала зямля. Застыў яе смутак белаю мерзлатою і падышоў ужо да мяжы з радасцю: як развіднела, пачаў насіць вецер над зямлёю зыкі, ці то гэта сам моцна расказваў, ці то гэта нейкае выяўленне жыцця развяваў у прасторах...

Тады пабялеў і прамёрз у саду скошаны аер, і весяліліся ўжо вочы не ім, а сухімі паленнямі сіняватай хвоі каля сцяны пад страхою. Нагадваў гэты сіняваты колер роўнасць шуму зялёных калюшак, а зыкі таго дня змагаліся з гэтым уяўленнем...

І ад гэтага трудна было ўстанавіцца ў парадах пачуццям, загэтым і дзень той быў, як нейкая мяжа між абсалютным спакоем душы і роспаччу, як розніца між радаснай цішынёю і беспрытульным холадам...

Ішоў сабе дзень паволі, у бязмернай далячыні ад таго, як ён уяўляецца ўсяму, што можа ўяўляць. От ішоў сабе, як хадзіў каля платоў Буланы. Было ў ім тады роўнае адчуванне жованага кагадзе сена, ветру, што коўзаўся па яго рэбрах...

Панюхаў Буланы сырыя дубцы, якімі ўвіты быў плот, пацерабіў трохі губамі іх сухое лісце, уцягнуў быў у рот некалькі нават гэтых лістоў, паклычыў трохі дзяснамі ды выкінуў назад. Пасля стаў пад грушай, ды так і стаяў, шавелячы адным вухам і апусціўшы ўніз галаву. Не было яму холадна і было нек усё абы-якім. Не веяла, значыцца, палявою воляй, а мінуўшчыны для адчуванняў не было, была моцная мяжа ў іх між тым, што ёсць, і тым, што было. На адзін бок мяжы ўсё было запоўнена тым, што ёсць, па другі бок, там, дзе павінна было быць тое, што было, - было пуста. Гэтая пустая заўсёды палавіна часам прапускала праз сябе для раптоўнага ўяўлення нешта вельмі тонкае і надзвычайна вострае, што заўсёды рабіла раптоўны ўздым таго, што застаўляла Буланага паднімаць угору, наколькі хопіць старых сіл, галаву, падкінуць задам ды страсянуць шыяю. Апошні раз гэта было ўчора вечарам, як Раман Драгун палажыў у жолаб сена. У цемені раптам запахла сенам, і ў першы момант улавіў быў Буланы ў гэтым паху нешта ад роснае травы ў летні вечар. Тады нек самі раздзьмуліся ноздры, страсянулася шыя, а ў вачах, па цемені хлява, прамчалася некая лагчына з куп'ямі, алешнікам ды роснаю травою. Ды яшчэ, але ўжо ў меншай меры, ружовасць сонечнага захаду. А пасля ўжо сена пахла сенам, і Буланы спакойна жаваў, так як цяпер спакойна стаяў у садзе...

Стаяў усё ды стаяў.

Не быў гэта сум жывое істоты, а роўны спакой: цягнецца паволі час, вецер дзьме, і калі я стаю, то, значыцца, я стаю. Гэта быў такі выгляд у Буланага, як бы гэта ён злёгку разважаў: «Усё такое, якім яно ёсць».

І ў той самы час, тут жа вельмі блізка, за дзеравянаю сцяною, у хаце, чалавек разгладзіў вусы, пацягнуўся ўсёю сваёю постаццю і з некай фаталістычнай упэўненасцю сказаў ні то сам сабе, ні то каму іншаму:

- Мусіць, годзе ўжо з гэтым канём важдацца... Не будзь я Раман Драгун, калі я на ім што страчу.

На лаве каля сцяны сядзела дачка яго - худая і вастраносая жанчына. У яе заўсёды быў клапатлівы настрой. Яна памаўчала трохі, а пасля роўным голасам сказала:

- Гэтага каня трэба папхнуць к чорту.

І тады ў хаце гаворка аб гэтым была ўжо скончана.

Раман Драгун ужо ўявіў, што рабіць і куды ісці. Ён ужо весела закурыў і паглядзеў з хвіліну праз акно, здалёк, як сплываў патроху белы дзень...

 

Кароткі быў ён, гэты дзень. Пакуль у хаце пагаварылі і падумалі, пачаў ён канчацца. І калі ён канаў, агарнуўшыся сіняватым змрокам, Буланы піў каля калодзежа ваду так, як і заўсёды. Усё ішло сабе так, як і дагэтуль. І ўсё было так, як і заўсёды, - і сумна, і радасна.

 

V

 

Карась быў худы і шчуплы стары.

Кожную раніцу падоўгу любіў ён мыцца. Доўга цер ён пры гэтым свае маленькія гладкія вушы і такі ж маленькі белы нос. Чухаў у круглых сівых вусіках і рэдкай бародцы, а пасля адзяваўся ў нешта чорнае і доўгае, што раней зваў сурдутам, а цяпер ніяк не зваў, бо з цягам часу яно зусім змяніла сваю форму.

Любіў ён вельмі маўчаць ды вечна цягнуць сабе пад нос некую вялую мелодыю, як бы гэта ён хацеў гэтым выявіць роўны, без бур і цішы ход свайго жыцця. І ўсё, што рабіў, ён рабіў упэўнена, не думаючы аб другіх і не гледзячы на тых, хто глядзеў на яго. Як бы гэта не адчуваў ён нікога на свеце, апрача сябе ды таго, што рабіў.

Год пяць таму папаўся на яго жыццёвай дарозе адзін чалавек, які толькі некалькі першых дзён як бы прабаваў увайсці ў гэтае вяла бясконцае жыццё, а пасля як бы стаў пры гэтым жыцці, плывучы сам сабою, і толькі на кароткія моманты спатыкаўся цесна і востра з ім. Гэта быў Мікалай Бяляк. У жыцці гэтага чалавека самым важным, самым найвышэйшым здарэннем было тое, што служыў ён некалі ў салдатах, сам браў, а пасля здаваў некую карпацкую крэпасць. Гэтае важнае здарэнне ў яго жыцці навучыла выяўляць яго чалавечую моц, смелым стараннем свой вялы ад прыроды голас зрабіць зычным і заўсёды дзе трэба, дзе не трэба хваліцца кожнаму, што ніхто так не знаецца каля коней, як ён. Быў ён сыты, але косці меў шырокія, і загэтым твар яго здаваўся худым, ступаў ён цвёрда, моцна стукаў нагамі і маленькую галаву на сухой шыі трымаў трохі на левы бок. Нешта было агульнае ў ім і ў Карасю. Яно не было ў тым, што абодва яны невысокага росту, нават гэта хутчэй магло адрозніць іх аднаго ад другога - белы твар Карася насіў у сабе ўсе адзнакі старасці, а гэты быў яшчэ малады і моцны, твар меў гладкі і цвёрды, нейкага шэрага колеру. Была гэтая агульнасць і не ў тым, што Карась трохі гарбаты, а ў гэтага круглыя плечы трохі прыгнуты. Гэтая агульнасць была неяк у глыбіні іх істотаў, неяк часам вочы адналькова свяцілі, як бы хацелі выявіць дзве падобныя плыні жыцця. Што плывуць двое людзей ці ў чым-небудзь варушацца, і тут для кожнага больш добрага, нават многа яго, чым кепскага: яно ёсць, то што тут больш гаварыць - і добра...

Можа гэтая агульнасць з'явілася ў працэсе жыцця. Можа яе дало тое, што рабілі яны ў жыцці. Хоць рабілі яны адно і тое неаднолькава. Работа была адна, і можа гэта самае важнае.

Карась рабіў так: калі дасць ён нажом каню ў грудзі, то, значыцца, конь скора кончыцца, і гэта ніяк неяк не ўспрымалася: вецер шуміць сабе, за ўзгоркам дарога маўчыць, а там нехта праехаў, вечарам сонца заходзіць, а я каня кончыў - ну, то што тут такога?!

От так гэта тады Раман Драгун пянчук той калоў, а пасля аб Буланым думаў. Дык у гэтага ўсё жыццё было такім. Не было нічога ні ніжэйшага, ні вышэйшага, нават як бы патрэбнага і непатрэбнага. Усё было роўным, усё было на сваім месцы. Б'ю коні - бо гэта мне патрэбна, каб жыць... І слёзы не з'яўляліся ні радасцю, ні тугою - гэта тое, што з вачэй льецца...

Можа і з'яўлялася што ў яго, што абуджвае пачуццё аб выяўленні ў слёзах радасці ці смутку, але дні ішлі, плылі сабе, і ўсё плыло, рабілася, варушылася. Пускаўся ў дзела амаль кожны дзень нож, прывыклася бачыць цёплую кроў, таксама, як прывыклася бачыць, што вакол цябе ходзяць людзі, на градах растуць гуркі, што калі тупы нож, дык ім трудна арудаваць і што наогул, калі ён тупы, то, значыцца, тупы...

Мікалай жа Бяляк востра жыў момантамі. Як памагаў ён Карасю на шырокім поплаве ці дзе ў полі ў рабоце каля коней, вельмі хацеў, каб хто гэта і чым пабольш людзей бачылі гэтую работу. І каб гаварылі аб гэтым, бо тут жа і было аб чым гаварыць - гэта ж колькі вакол тысяч людзей жыве, а толькі яны ўдвух тут робяць гэта.

І з вялікім захапленнем Мікалай Бяляк расказваў пасля, як часам ад першага ўдару не падаў конь і загэтым было каля яго тады больш работы - работы важнай, нават вялікай у сваім значэнні, такой важнай, як няважна ўся работа ўсіх тых, хто яго слухае...

Ні ён, ні Карась доўга не гаварылі з Раманам Драгуном. Вырашылі яны справу ў двух словах. Вырашэнне гэтых спраў ляжала галоўным чынам на Мікалаю Беляку, і ён зараз жа ва ўсім, у чым хацеў, упэўніў Рамана Драгуна і назаўтра пасля гаворкі забраў у яго Буланага і павёў у поле, куды Карась неўзабаве прыйшоў вузкаю, абветранаю за восень сцежкаю...

І тут, у вялікім прасторы, сярод неабдымнасці зямлі, павінна было адбыцца тое, што ёсць самае важнае для разумення ці адчування істоты: што жыццё - бязмернае і неабдымнае, і перад адчуваннем яго нішто абшары свету, і сэнс яго - у радасці; адчуваючы смутак, істота адчувае і не забывае, што існуе радасць і што ў ёй і ў вечным імкненні да яе - апраўданне жыцця.

 

VI

 

Пяць дзён пад вятрамі ляжала зямля, а пасля гэтыя ж вятры пагналі з захаду мяккія хмары, а ад хмар цямней стала на зямлі, і тады прапалі вятры. І як бы хмары прыняслі цяпло - растала трохі падмёрзлая зямля, і зеляней, і весялей стаў выглядаць мох у задумёных кустах.

А хмары ўсё ішлі ды ішлі, усё паўзлі па нізкаму небу і неўзабаве пачалі прападаць за даляглядам. І ўжо відаць стала шэрую яснасць неба; зноў пачалі ўпарта зваць у свае далі дарогі, зноў пачала далечыня зямных абшараў здавацца прывабнай, і зноў нараджаліся жаданні ўсё ісці ды ісці.

Гэта так было на зямлі для людзей.

А тым часам Буланы бег паволі, наколькі дазвалялі старыя ногі ды нейкая, ніколі раней невядомая, трывога. Была яна недзе ў глыбіні істоты, неяк хадзіла па ўсіх жылах і паменшвала моц ног, але разам з тым і застаўляла бегчы. З'явілася яна раптам, зразу пасля таго, як Мікалай Бяляк хваціў яго за морду, а ў руках Карася бліснуў нож. Тады раптам рвануўся Буланы, і некая сіла, зусім незнаёмая ўжо на старасці год, панясла яго па вузкай дарозе... Толькі ногі паднімаліся ды капыты чапляліся за высокія межы асенніх палеткаў... Пасля пайшлі за полем ціхія кусты, а за кустамі бліснула срэбрам вады вузкая рэчка. Буланы пабег цераз яе. Трохі нават падскочыў, перакінуў пярэднія ногі на той бераг, а заднімі боўтнуў у самае дно. І тады нешта цьмянае шавяльнулася недзе ў адчуваннях: «Гэта ж, мусіць, дагналі ды зрабілі нешта». І тады ўжо залапатаў-забоўтаў нагамі ў вадзе, з усіх сіл рвануўся наперад і зноў пайшоў ва ўвесь дух па пустых паплавах. Пасля выбег у некую лагчыну, а там направа і налева кусты. Пад кустамі мох зялёны, пад нагамі балотная трохі трава.

Ціха было, спакойна, і ад гэтага паспакайнеў Буланы. Стаяў ён доўга на адным месцы, адчуваў, як хадзілі ў ім ад удушша пад шкурай рэбры, ды ўсё, задзёршы галаву, цягнуў у сябе паветра.

Стаяў усё ды дыхаў, узнімаў высока бакі...

І ўсё спакайней ды спакайней. На хвіліну нават уявілася, што зараз вось прыйдзе Раман Драгун, забярэ яго ды павядзе дадому, а там падкіне сена.

І тады ўжо пачаў хадзіць Буланы паволі ды грызці вільготную і халодную ад восені траву...

Гул нейкі, як бы крык, ішоў па лагчыне. Брахаў недзе за кустамі сабака, а пасля і ён выбег на лагчыну ды, задзёршы галаву, брахаў усё, стоячы на адным месцы.

Грызучы траву, пайшоў Буланы ў кусты. А на той бок рэчкі хадзілі ўжо Карась з Беляком. Хадзілі ды шукалі месца, дзе б пералезці цераз рэчку, ды ўсё гаварылі аб тым, як гэта мог так спрытна ўцячы Буланы - стары і дыхавічны.

Бяляк скроб усё ў валасах на шыі пад барадою ды злаваў трохі на тое, што не ўдалося вось зразу кончыць маленькую і прывычную справу - забіць Буланага.

«Прыйдзецца шукаць, а пакуль знойдзеш, а там і вечар надыдзе, - думаў ён сярдзіта, - дык, ліха на яго, спазніцца можна на жалобную вячэру - памінкі пасля Яна Барыкі».

- Тфу, няхай ты згары, гэткая работа, - вылаяўся Бяляк ды яшчэ раз плюнуў, а пасля ўпікнуў Карася:

- Калі бо ты колеш чорт ведае як, ці гэта гэтак калоць? Гэта ж табе не курыца, а конь. Хоць стары, але ўсё ж сілу мае.

- А ты дык вельмі разумны, як пагляджу я на цябе, - абазваўся Карась, - на каго любім усё ўскладаць, а сам дык як трымаў - хваціў за морду ліха ведае як. Калі не ўмееш трымаць, дык трэба было не брацца. Гэта табе не жарты - каня з-пад нажа выпусціць. Цяпер шукай ветру ў полі.

І ўсё ўпікалі адзін аднаму, шукаючы Буланага, каб забіць яго.

Хадзіў Буланы ціха сабе па лагчыне, грыз траву, адчуваў вясёлую млявасць ад прайшоўшага непакою, слухаў брэх сабакі ды не адчуваў, што шукаюць яго. Хадзілі двое людзей па беразе рэчкі, і быў у іх непарадак у настроях, бо парушана было гатовае, раней ужо ў думках складзенае.

І ніхто з гэтых трох істот не адчуваў усяе глыбіні моманту, што была тут блізка смерць. Будзе, як і раней, пахнуць у лагчынах травою, будуць у сонечныя дні вятры гнаць пыл па дарогах, будуць хмары паліваць зямлю дажджом, а пасля глядзець на макрату ды смяяцца сонцу. Будзе ўзнімацца ў свеце ў істотах радасць, будзе ападаць, да смутку, зноў пасля ўзнімацца... А ў той час Раман Драгун скажа суседу:

- Быў у мяне конь Буланы, от цягавіты быў, пакуль не з'ездзіўся.

Грыз сабе Буланы траву...

«Спазніўся на вячэру, - думаў Бяляк, - чорт яго ведае, як шкода, ах каб ты згарэла, каб ты... гэткая работа».

«Хутчэй бы знайсці ды кончыць, - думаў Карась, - а тады вечарам запрагу каня, ды ехаць трэба ў горад».

 

* * *

 

Няпэўная пара - восень. Зноў узнімацца пачаў вецер, зноў пагнаў ён хмары. Ды ўжо сагнаў іх усе за далёкія лясы, за зямныя далі.

І глянула на зямлю зусім яснае неба. Як бы гэта летняя шырыня адчулася ў ім. Як бы гэта прасторы свету разгарнулі некую вялікую думку.

Беглі па зямлі зыкі, чуўся з дарогі звон тэлеграфных дратоў, стукалі недзе калёсы ды гаварылі людзі. Можа гэта Карась з Беляком выказвалі сваё нездавальненне, а можа так гаварылі аб сваім іншым...

І ўсё дзьмуў ды дзьмуў вецер, і ўсё ясней і ясней рабілася на зямлі ад яснага неба, бо зусім зышлі хмары.

Яны ўдвух падышлі да дарогі. Раптам выйшлі да яе праз кусты. А там відаць ужо была вёска, а за ёю бегла далёка ржышча.

- Хто яго ведае, - сказаў раптам Бяляк, - от неяк не разабраць, як паглядзіш - ці гэта восень, ці вясна.

- Дай закурыць, - адказаў Карась.

Пры дарозе на каменнях яны селі і пачалі курыць. Курылі сабе паціху, курылі, а пасля ўсталі ды зноў пайшлі шукаць Буланага. І можа гэта ад таго, што спакойна на каменнях пакурылі яны, прапалі ў іх сляды злосці на Буланага за тое, што ўцёк з-пад нажа, і на саміх сябе, што няспрытна кожны рабіў тое, што трэба.

Так і шукалі Буланага...

Знайшлі яны яго за кустамі каля дарогі. Ён стаяў на некай пакарпанай раллі і выгрызаў нешта з аднаго месца - можа да смаку яму прыйшлася халодная трава, з'едзеная раней каровамі. Ён не даваўся ім - яны зноў прабудзілі ў ім некую, аб нечым і ад нечага трывогу, і ён кінуўся бегчы, а пасля як бы раздумаўся, адчуў раптам, што ногі неяк дрыжаць і слабыя і недзе ў глыбіні жывата нешта моцна сціснулася. Як бы паплыло што над ім, цераз яго галаву, і ад гэтага галава сама апусцілася ўніз, але занечым трэба было трымаць яе ўгары. Тады ён толькі вушамі пашавяліў трохі ды раптам стаў.

- Кось-кось, - пазваў яго Бяляк, - косенька Буланы...

І раптам хваціў яго за валасы, што звесіліся над левым вухам.

І тады павялі яго.

З такою ж трывогаю ва ўсёй сваёй істоце і з такою ж цяжкасцю ў жываце пайшоў ён за імі, некалькі разоў спатыкнуўся аб высокую мяжу... І ўсё ж скрозь трывогу калацілася ў ім нешта падобнае да адчування, што пасля поля гэтага і гэтых людзей будзе нешта вельмі добрае - пачынаў канчацца дзень, і загэтым інстынкт прывык да спакойнага начлегу... І па меры таго як ішлі яны, усё спакайнеў ён - адчувалася ўжо ім нешта добрае, звычайна-спакойнае.

Канчаўся дзень, як яны прыйшлі...

 

VII

 

Бяляк забыўся, што вакол адзіноцтва асенняга дня, поле ды вецер, - як бы гэта адчуў ён вакол сябе тысячы людзей, тысячы зацікаўленых вачэй, і сам ён у цэнтры ўсяго. Свет прыслаў вялікіх сваіх прадстаўнікоў, каб бачыць тое, што робіць тут Бяляк Мікалай. І ён мацней, як тады, хваціў Буланага за морду.

У Карася быў такі выгляд, як бы гэта ён стаяў адзін, ахвачаны цеменню ночы, так што ніхто яго не бачыў, ніхто аб ім не ведаў і не думаў. Ён спакойна, з каменным выразам твару, дастаў з халявы нож, папрабаваў пальцам вастрату яго і, як бы што раптам уцяміўшы, даў гэтым нажом Буланаму ў грудзі...

Буланы не то што каб гэта адчуў боль, яе неяк асабліва і не было. У першую хвіліну было нейкае як бы непаразуменне перад усім тым, што робіцца, што робяць, што ёсць... У наступную хвіліну далечыня зямлі, якая відна была, паплыла ўгору, пасля пайшла нек набок, і па ёй забегалі чорныя кроплі. Пасля ўсё стала цёмна-шэра-сінім, паплылі ў ім чырвоныя лапіны, з нейкаю страшною зеленню ды яшчэ з нечым такім, што і ўсё, і нічога; тады моцна застукала нешта шумнае і тупое ў вушы, і раптам, у тры, пяць момантаў усё пачало рабіцца нічым. І ўсё стала нічым.

І стаў такі выгляд у Буланага: чаму гэта яму канечне сагнуць пярэднія ногі ў каленях, каб апусціць на зямлю, чаму не ўпасці яму проста, як стаяў, і чаму яму канечне трэба падаць?!

Бяляк азірнуўся на кусты і плюнуў убок, бо было яму прыемна пляваць. Карась абцёр нож аб шыю Буланага і зноў папрабаваў пальцам яго вастрату.

Канчаўся дзень.

Буланы абсунуўся неяк наперад, ткнуўся мордаю ў зямлю...

За кустамі ляжала дарога. Была яна шырокая і шэрая і неяк яшчэ белая на фоне асенняй зелені, вясёлай пустаты ржышча ды задуменнасці чорнай раллі. Гэта яна, раней трохі, гэтым сваім выглядам весяліла вочы двух чалавек.

Цяпер яны, блізка тут, здзіралі з Буланага шкуру.

А па дарозе шэраю масай праехалі конна сотні шэрых людзей... Адзін, што меў у той час уладу над чужымі настроямі, уздумаў раптам, што існуе на свеце вясёласць неабдымная, нястрыманая, радасць нявымераная. Ён падняў угору руку, патрос ёю там, пасля раптам ускінуў яе яшчэ вышэй, як бы гэта піхнуў ёй угору некі цвёрды, як дыямент, жмут, з якога павінна рассыпацца па свеце тая вясёласць.

І раптам ажыло ўсё, што здавалася нежывым, што было нежывым: загаварыла ўсё, што маўчала дагэтуль; заслухалася ўсё, што не слухала дагэтуль. Пабег нястрыманымі хвалямі той фон, на якім павінна была развярнуцца тая вясёласць. І на ім загаварылі флейты. Зверху яны беглі ўніз у зыках сваіх і, не дабегшы туды, а ўжо будучы там, каціліся ўвыш, і ўсё насілася і крывымі, і простымі лініямі ўшыр. І мог з'явіцца смутак, што гэта калі-небудзь скончыцца...

Выйшаўшы на дарогу, Мікалай Бяляк раптам адчуў, як яму, як перад смерцю, жыць захацелася, усё тое, што ў тую хвіліну чуў, адчуў і ўявіў схваціць, каб паказаць усяму свету або самому растаць у ім. Не было ўжо больш ні таго, што трымала дагэтуль думкі ў няволі, ні таго, што вось кагадзе зрабіў важную справу з канём. Як бы расцвіла гэта зямля ўсім сваім хараством і радасцю над усім тым, што было кагадзе смуткам...

Так і насілася ўсё гэта над абодраным і цёплым яшчэ, крывавым Буланым.

Карась улажыў у халяву нож і сказаў:

- Але ж коні ў іх якія сытыя. О, гэта дык коні!..

Мікалай Бяляк нічога не адказаў яму і пайшоў у свой бок, куды яму трэба было.

 

VIII

 

На вйсну на тым месцы, дзе ўпаў Буланы, вырасла густая трава. Яшчэ восенню мяса яго, у першую ж ноч, з'елі ваўкі, косці расцяглі сабакі, і цяпер ляжаў толькі адзін чэрап, глыбока схаваны ў кусце сіняй травы. У гэтым чэрапе мурашкі заснавалі свой горад і жылі сабе там. У кусце травы расцвіў высокі чартапалох, над якім гулі пчолы. На самых яго карэннях, у траве, птушкі некія звілі сабе гняздо, але сабакі, якія прабягалі дарогай, мелі патрэбу, а можа толькі проста жаданне (хто іх ведае) прыпыняцца каля гэтага куста травы і перашкодзілі птушкам вывесці птушанят. Загэтым птушкі хутка пераляцелі жыць на той бок канавы, у куп'я.

Каровы не хацелі есці гэтай травы, і яна сінела высокім кустам сярод папарнага поля... Янка Самахвал, ідучы раз з касою цераз гэтае поле, стаў, падумаў і сказаў:

- От цяпер яны яе не ядуць, дык я вось адно вазьму ды скашу яе. То яна як высахне, дык тады зімою ці ўвосень з'ядуць за мілую душу.

 

1925

 

 

Каментары

 

Друкуецца па зборніку «ІІачуцці» /Менск, БДВ, 1926/. Упершыню апублікавана ў часопісе «Маладняк», 1926, № 11. Урыўкі з апавядання друкаваліся ў газеце «Савецкая Беларусь», 1925, 23 лістапада пад загалоўкам «Раман Драгун», 6 снежня таго ж 1925 года і 19 студзеня 1926 года. Датуецца 1925 годам.




Крыніца: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.

Беларуская Палічка: http://knihi.com