epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Цудоўная педагогіка

Жонкі і маці гітлераўскіх фрыцаў вельмі ахвотна благаславілі сваіх мужоў і сыноў на ваяўнічы паход супраць народаў. Гэтыя «жаночыя душы» нават і не спрабавалі задумацца над тым, што ёсць на свеце французская, чэшская, беларуская і ўкраінская жанчына — сястра свайго брата, маці сваіх дзяцей. Для гітлераўскай немкі гэта былі і не жанчыны, і не дзеці, а нейкая туманная для яе разуменняў «ніжэйшая раса». На рабскай працы невядомай ёй беларускай ці чэшскай жанчыны гэтая немка думала гадаваць сваіх дзяцей, любіць, як умее, свайго фрыца і піць асалоду германскай сытасці.

Яна аставалася глухой да стогнаў і енкаў нашых дзяцей, якіх яе фрыц кідаў жывымі ў агонь. Яна не хацела бачыць ні з чым непараўнанага гора беларускай і ўкраінскай жанчыны, калі яна, праколаная фрыцавымі штыхамі, умірала над трупамі сваіх дзяцей. Немка франціла ў плаццях, садраных фрыцамі з плеч замучаных нашых жанчын.

Што такое вайна — яна не ведала. Вайна адбывалася на чужой для яе зямлі, дзе чужыя ёй «ніжэйшыя» людзі.

На другім месяцы вайны з СССР яна пісала свайму фрыцу на фронт: «Падумаць толькі, што робіць нямецкая зброя! Слава і гонар!»

Мы памятаем той месяц на беларускай зямлі. Яшчэ дыміліся ў агні руіны разбамбёнага і спаленага фрыцамі Мінска. Яшчэ палаў агнём Гомель. Яшчэ на беларускіх дарогах ляжалі непахаванымі натоўпы бежанцаў, перастраляных з самалётаў фрыцамі дзеля вясёлай забавы.

Зімой, калі фрыц пакінуў слаць пасылкі з «трафейнымі» туфлямі і калі Германія да адказу напхалася бязногімі і бязрукімі «заваёўнікамі СССР», у немкі прачнулася трывога. Яна напісала фрыцу: «Калі ж ты, нарэшце, вернешся дадому?»

Але фрыц не вярнуўся. На яго месца паслалі другога. Лёг і гэты. Гітлер пачаў выскрабаць старых і малых. Трывога ў немкі павялічылася, але розум і пачуццё асталіся тыя самыя.

Цяпер ад англійскіх бамбардыровак Кёльн і Эсэн лажацца ў руіны і гараць агнём. Вайна прыйшла ў самую Германію ўпершыню за гэты час. Сваімі вачыма гітлераўская немка ўбачыла, што значаць бомбы над яе горадам.

Як сука, падтуліўшы хвост, яна пабегла з сваімі дзецьмі.

Яна пазнае, што такое бежанства, што такое бяздомнасць.

Гітлераўскі кат Гейдрых ляжыць прутам ад кулі чэшскага патрыёта. Польскі народ, пра якога гітлераўская газета пісала, што «ён не мае права мець жыццёвы ўзровень, роўны палавіне нямецкага», зброяй паказвае немцам сваё сапраўднае права. Англічане штодзень крышаць нямецкія прамысловыя гарады авіябомбамі. Чырвоная Армія гатова да апошняга ўдару нямецкаму гадаўю. Амерыка гатова для яшчэ большых удараў, якія нядаўна зрабіла Англія.

Калі вызваленыя народы ў скорым часе вынесуць справядлівы і бязлітасны прысуд Гітлеру і яго бандзе, немка да таго моманту яшчэ больш што пазнае і яшчэ большае адчуе. Мазгі яе тады стануць на месца. У яе з’явіцца і сапраўднае чалавечае пачуццё. Яна будзе рваць на сабе валасы і праклінаць сваю ранейшую бесчалавечнасць.

Ёсць усякія спосабы выхавання. Ёсць слова. Але ёсць авіябомба і гармата. Для сапсаваных Гітлерам немцаў — гэта найцудоўнейшая педагогіка.




Беларуская Палічка: http://knihi.com