epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дарахвеевы порткі

Наш Дарахвей Крываблоцкі вельмі фацэтнік вялікі. Не сказаць, каб гэта ён наўмысна лез у якое-небудзь штукарства, а так у яго ўсё выходзіла, што з яго парагочуць, а ён і не шманае. Нейк, незадоўга да вайны было, апароў Дарахвей на гары нейкія свае старыя порткі з вырваным крэслам. Здавалася — ліха іх бяры, няхай валяюцца. Дык не, Дарахвею фантазія падшыбла — каб гэтыя порткі ў глум не пайшлі — залатаць крэсла і хадзіць у гэтых портках з сеткаю рыбу лавіць. І рыбак невялікі быў Дарахвей, а бач ты, падбаў і аб гарнітуры. Хадзіў ён у рыбу не часцей як адзін раз на год. Адзенецца, бывала, у якую-небудзь старызну і боўтаецца паўдня па горла ў вадзе. Здаралася, што якіх пару плотак і ўбярэ за дзень. А было часам, што і цэлых тры плоткі браў. А вечарам гаворка ішла. Вельмі ж расказваць любіў Дарахвей. У яго ўжо з плотак шчупакі выходзілі, і не тры, а трынаццаць. Дык якое дзіва, што яму рупела мець адмысловыя порткі, каб хадзіць у рыбу. А ў яго ў шафе віселі тры новыя гарнітуры. Дык жонка не захацела яму тых портак латаць. Тады ён сам узяўся і на ўсё крэсла прышыў лату з чырвонага мультану. Такія ўжо выйшлі порткі, што хоць ты іх на выстаўку вязі. Аднаго разу Дарахвей прыйшоў з рыбы, хутчэй зняў з сябе мокрыя порткі і ўскінуў на плот, каб яны ацяклі і высахлі. Нейк пайшло так, што не сабраўся ён доўга ў рыбу, дык порткі больш як год па плоце і правіселі, свецячы на ўсё мястэчка чырвоным крэслам. Нават у нас і прымаўка за гэты час пайшла: «Блішчыць здалёк, як Дарахвеевы порткі».

Пачалася вайна, навалакліся немцы, і ў нашым мястэчку з’явіўся камендант. Дарахвею стала не да рыбы. Ён разам з усімі намі даўно ўжо быў у атрадзе.

Камендант у нашым мястэчку быў нейкі Адольф Пфайлендгэль — чысцёха, бязлітасны кураед, франтаваты бабнік, забіяцкі ваяка каля чужых жонак і гаспадарлівы злодзей. Колькі ён пасылак адправіў да сябе ў Германію, усе з нашага дабра! Мы наляцелі ўночы на камендатуру, і к чорту матары дагары нагамі пайшло ўсё.

Ніводнага фрыца ў мястэчку не асталося, і толькі не ведалі мы, дзе падзеўся Пфайлендгэль. Уцёк, ліха яму,— бедавалі мы.

Прайшло нешта з месяц. Бачым раз — нешта чырвонае варушыцца паміж кустамі. Пачалі прыглядацца — соўгаецца нехта. А тут Дарахвей як закрычыць:

— Браткі, гэта ж мае порткі!

Абкружылі мы гэтага дзівака ў Дарахвеевых портках і ўзялі жывога. Што вы думаеце? Гэта быў камендант Пфайлендгэль. Калі мы напалі на камендатуру, ён схаваўся і ўцёк. Калі ўсё сціхла, ён бадзяўся і туляўся, баючыся людзей і свае каменданцкае адзежы. Ён адзічэў, абкаўтунеў і ўхапіўся за ратунак: украў недзе ў чалавека ватоўку і зняў ціхом з плота Дарахвеевы порткі. Выфранціўся і смел: думаў, што яго ніхто не пазнае і яму ўдасца дабрысці дзе да сваіх.

— Нашто ты ўкраў мае порткі? — зарагатаў Дарахвей.

— Я, я, я...— пачаў заікацца Пфайлендгэль.

— Я ведаю, што гэта ты.

— Я чалавек... я іду...

— Які ты к чорту чалавек, калі ты немец, ды яшчэ ў чужых портках.

Мы зарагаталі.

— Але ж і ты, Дарахвей, сабе порткі быў прыдбаў.

— А каб яны былі згарэлі, гэтыя порткі,— сказаў Дарахвей.— Аж самому брыдка. Вось я іх зараз прастрэлю, каб яны больш не рэзалі майго вока.

Дарахвей ускінуў вінтоўку і стрэліў у зад з чырвонага мультану. Так што Адольф Пфайлендгэль пакінуў прыглядацца да баб.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан