epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дубовая галава і сабачая натура

Збіраючы нямецкую моладзь у банды для нападу на нашу радзіму, Гітлер сказаў:

— Наша моладзь павінна быць гнуткай не розумам, а целам.

Калі, такім парадкам, у нямецкай моладзі Гітлер адбіў розум, Гімлер сказаў:

— Прадстаўнік германскай моладзі павінен быць адданы фюрэру, як сабака.

Калі, такім парадкам, маладыя немцы сталі сабакамі, Гебельс сказаў:

— Нямецкі хлопец павінен быць стройны, як дуб. Ён не павінен думаць. Ваяўнічы дух павінен ап’яняць яго мазгі, як маладое віно.

Пасля гэтага нямецкі дуб, без розуму і п’яны ад ваяўнічага духу, рушыў у паход. Але тут дуб спаткаўся з людзьмі, якія і думаюць, і ведаюць, што такое чалавек і што такое сабака. І раптам нямецкі дуб працверазіўся. З таго часу яго мазгі пачалі падпойваць ужо не маладым віном ваяўнічага духу, а старым саракаградусным шнапсам. І дубы пачалі хадзіць у атаку п’яныя ўдрызг.

Аднак жа камандзір СС брыгады Фегелен, напалоханы тым, што палавіна яго дубовых салдат адубела ў Пінскіх балотах пад кулямі беларускіх партызан, напісаў слязлівае данясенне свайму начальніку:

«Захоп і знішчэнне гэтых найдрабнейшых партызанскіх груп з'яўляецца немагчымым».

А генерал Роквес паслаў шырэйшае данясенне вышэйшаму камандаванню, у якім ныў, што:

«У асобе партызан мы сустрэлі вельмі дзейнага, рухавага і рашучага праціўніка, які выдатна ўмее карыстацца мясцовасцю і, дзейнічаючы ў сваёй уласнай краіне, падтрымліваецца насельніцтвам. Мы павінны навучыцца такой жа спрытнасці і рухавасці, якімі ўладаюць партызаны...»

Прыемна чытаць гэтае данясенне нямецкага генерала Роквеса аб тым, што беларускія партызаны не даюць яму спакою і што ён марыць хоць каб як-небудзь падвучыцца ў партызан ваяваць. У такой жа меры прыемна бачыць, што нашы балоты ўсцілаюцца нямецкім дуб'ём.

Пакуль гэтыя данясенні дайшлі да вышэйшага нямецкага камандавання, яны апынуліся ў руках партызан, разам з нямецкім штабам. У гэтай сваёй новай аперацыі партызаны, як людзі гнуткія і розумам і сілай, добрасумленна пацвердзілі данясенне генерала Роквеса, што яны не даюць немцам спакою. Што праўда, тое праўда. Супраць фактаў не пойдзеш. Нямецкага ап’янення ваяўнічым духам занадта мала перад цвярозым ваяўнічым духам савецкіх людзей, якія любяць сваю Радзіму, як людзі, тады калі нямецкія зграі навучаны быць адданымі Гітлеру, як сабакі.

Нездарма Гімлер з скуры вылазіў, каб укласці ў нямецкага салдата сабачую натуру. Сабачае сумленне памагае нямецкаму салдату грабіць і забіваць жанчын і дзяцей. Сабачая рухавасць языка памагае Гебельсу весці сваю прапаганду. Нямецкія загады і паведамленні можна ўпусціць у адно вуха і тут жа выпусціць праз другое, і ад гэтага яшчэ большая карысць будзе.

У Сіроцінскім раёне на Віцебшчыне немцы навывешвалі многа загадаў і паведамленняў. У адной такой паперцы напісана, што савецкія войскі ўсе як ёсць знішчаны і партызаны ўсе пералоўлены. А ў другой паперцы, тут жа побач з гэтай, загад аб тым, каб усе, хто толькі там жыве, памагалі немцам лавіць і знішчаць партызан.

Як усяму свету вядома, сабака брэша не думаючы. Нямецкаму салдату загадана быць верным фюрэру, як сабака, і, барані божа, каб не думаць. Гебельс брэша не думаючы. Не думаючы, нямецкія каменданты пішуць і вывешваюць свае загады. Бо каб сіроцінскі камендант думаў, ён ведаў бы, што няма ніякай патрэбы лавіць партызан, калі яны даўно, як ён кажа, пералоўлены. Але дзе ўжо яму думаць, калі ён дрыжыць ад страху.

Затое нашы людзі думаюць. Яны ведаюць цану і нямецкаму загаду, і яго аўтару. Цана яму грош, таксама як і яго загаду, як яго дубовай галаве, як яго сабачай натуры. Яго галава пачынае думаць толькі тады, калі ён здыхае ад партызанскай кулі нашага чалавека. Такім парадкам да кожнага немца ў нашай зямлі рана ці позна з'яўляецца патрэба падумаць, але думаць тады яму ўжо занадта позна. Таксама як позна нямецкаму генералу Роквесу прыйшла ў галаву думка павучыцца ваяваць у нашых партызан.

У чалавека можа вучыцца толькі чалавек. Дубіна ж з сабачай натурай праходзіць навуку ў Гітлера, Гімлера і Гебельса.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан