epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дух прагнасці

І так жа яму хочацца далезці да нашай нафты. І так жа яму хочацца пажэрці ўсё наша масла, глынуць усю нашу пшаніцу, напхаць сваю вантробу нашым дабром. Пнецца з усіх жыл. Лезе, як толькі можа. Аж пара з яго верне. Аж пот з яго гоніць і ўсякае паскудства з яго прэ. Дух каля яго стаіць такі, што дыхнуць цяжка.

Вісіць над яго галавою наша зброя, наша ўпартасць. Адапхнуць ён хоча яе ад сябе. Штурхане крывавай лапай, а тут, з размаху — бац яму ў чэрап! Штурхане зноў, а яму з размаху — трах у спіну, у капыты, у морду! Кроў з яго ручаём свішча, а ён усё стараецца адапхнуць ад сябе наш удар і плішчыцца з усёй патугі.

Пакуль яшчэ паўметра вышэй дапаўзе, дык з яго арыйскі дух выйдзе.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан