epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Думкі і імкненні народа

У творчасці Янкі Купалы сышліся і знайшлі сваё выражэнне надзеі, імкненні і парывы беларускага народа. Усё тое, што мы называем цудоўным жыццём народа, раскрываецца ў паэзіі вялікага паэта, паэта народнага ў самым поўным і непасрэдным сэнсе гэтага слова.

Да рэвалюцыі, калі беларускі народ быў у цяжкай сацыяльнай і нацыянальнай няволі, паэт убіраў у сябе імкненні і парывы душы народа і ператвараў іх у высокую якасць сваёй паэзіі. Яе ён аддаваў народу, клічучы яго да змагання за чалавечыя правы — «людзьмі звацца» і ісці «да сонца і да зор». Бунтарства супроць прыгнятальнікаў было тады магутным матывам паэзіі Янкі Купалы. І ў гэтым было адлюстраванне душы народа, які ніколі не мірыўся з няволяй.

Беларускі парод стварыў сабе шчаслівае жыццё ў магутнай сям’і шматлікіх савецкіх народаў. І Янка Купала, заўсёды будучы з народам, выражае душу народа сваёй новай паэзіяй.

Беларускі народ разам з усімі іншымі народамі Савецкага Саюза творыць свае нацыянальныя багацці для агульначалавечай культуры. І нацыянальная глыбіня паэзіі Янкі Купалы ёсць той элемент, праз які яна робіцца здабыткам не толькі беларускага народа. Нацыянальная форма паэзіі Янкі Купалы надае ёй сілу для выражэння думак беларускага народа, а гэтыя думкі ёсць разам з тым і думкі ўсіх савецкіх народаў. Мы ведаем вершы Янкі Купалы, што ў перакладзе на рускую мову друкаваліся ў «Правде». Яны хутка сталі любімымі-песнямі ўкраінскага народа, які пераклаў іх на сваю родную мову. Змест гэтай паэзіі глыбока інтэрнацыянальны.

Асабліва вялікая заслуга Янкі Купалы ў справе фармавання беларускай літаратурнай мовы.

Янка Купала і Якуб Колас сталі пачынальнікамі беларускай літаратурнай мовы, той мовы, якая ляжыць у аснове сучаснай беларускай літаратуры. Ужо з самых першых вершаў мова паэзіі Купалы загучала як мова вялікага народа, які мае сваё законнае нацыянальнае жыццё; з самага пачатку мова вершаў Купалы загучала ўсёй сілай сваёй народнасці. Хіба словы першага купалаўскага верша «... Бо я мужык, дурны мужык...» не гучаць суровай магутнай іроніяй чалавека, які поўны аптымізму і ведае: «я буду жыць, бо я мужык!». У тым і асаблівасць вялікага паэта, што ён заўсёды тонка адчувае душу народа і выдатна перадае яе ў сваёй паэзіі. Самую тонкую лірыку, самыя найтанчэйшыя адценні перажыванняў чалавечай душы, таксама як і выражэнні самага бурнага праяўлення народнага гневу або радасці, выразіў Янка Купала мовай таго ж самага «простага народа», аб якім і ад імені якога гаварыў. Багацце нацыянальнай формы і поўная яе злітнасць са зместам, які выводзіць літаратуру за вузка нацыянальныя межы,— гэта характэрна і для Янкі Купалы, і для Якуба Коласа.

Паклаўшы ў аснову сваёй творчасці ўсё тое, што мы разумеем пад словам «народнасць», Янка Купала стаў вялікім паэтам. Творачы сваё паэтычнае слова з мовы народнай, паэт узводзіў родную мову ў новую якасць, у якасць мовы літаратурнай. Збіраючы моўны скарб, паэт нават самыя «этнаграфічныя» і «мясцовыя» элементы яго ператвараў у новае гучанне.

Шчаслівы паэт, які, прайшоўшы такі вялікі і складаны шлях, бачыць такія багатыя вынікі сваёй дзейнасці. Шчаслівы паэт, які разам са сваім народам прыйшоў да «сонца і да зор», які бачыць радасць свайго народа і сваім паэтычным словам гаворыць аб гэтай радасці.




Беларуская Палічка: http://knihi.com