epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Думкі пра Паўлюка Труса

Дзесяць год таму назад, на дваццаць пятым годзе жыцця, памёр выдатны беларускі паэт Паўлюк Трус. Гэта была вялікая страта для беларускай літаратуры, якая адчуваецца і сёння. Паўлюк Трус быў выдатным талентам, ён рос бурна і моцна, ён ужо дайшоў да сваёй спеласці, ужо быў на грані свайго вялікага росквіту, ён ужо раскрываўся ва ўсёй сваёй шырыні. Перад гэтым талентам і ў ім былі вялікія магчымасці.

Паўлюк Трус прыйшоў у літаратуру ў 1924 годзе. Гэты талент быў тады яшчэ стыхіяй, ён, як крыніца, бурна выходзіў з нетраў народнага жыцця і плыў кіпучым струменем. І вельмі скора ён пачаў уваходзіць у роўную шырыню берагоў паэтычнай дзейнасці.

Самай важнай і цікавай рысай паэзіі Паўлюка Труса была яе народнасць. Ён быў увесь у сучаснасці. Рэвалюцыя, родная прырода, народны быт — вось тыя моманты, якія поўным голасам гучаць у яго паэзіі. Тонкая лірыка і эпічнасць з глыбокімі адценнямі народнага гумару — здабыткі яго паэтычнага слова.

Момант з’яўлення ў беларускай паэзіі Паўлюка Труса быў часам, калі ў нашай краіне толькі што скончылася грамадзянская вайна, калі вызвалены і шчаслівы народ, пасля вялікіх сваіх ваенных перамог, браўся за мірную працу па пераўтварэнню сваёй радзімы. Гэту радасць перамогі востра адчувала душа паэта.

 

 

Гасне цемры панаванне,

Шчасцем поўніцца душа,—

 

 

гучыць музыка Трусавай паэзіі (верш «Асенняя праца»).

Якія элементы ўваходзяць у паняцце «народнасці» паэзіі і наогул літаратуры? Трэба памятаць, што народ не ёсць штосьці абстрактнае. Рэвалюцыя — гэта ёсць канкрэтная дзейнасць народа. Народ жыве ў пэўных прыродных умовах. Народ мае свой быт. Народ мае сваю мову. Творчасць Паўлюка Труса мела гэтыя моманты за свае вытокі. Яго творчасць грунтавалася на матывах рэвалюцыі. Гэта былі вершы і паэмы, у якіх рэвалюцыйныя матывы не гучалі абстрактна. Гэта была сама канкрэтнасць, выражаная мастацкім словам. Народ робіць рэвалюцыю ў пэўных умовах і ў пэўным часе. І калі паэт піша аб «краіне бяссмертнага Леніна» («Сёмая гадавіна»), калі ён піша:

 

 

...Гэта звоніць кужэльная вёска,

Да Кастрычніка туліцца ўся...—

 

 

то гэта ідзе ад самой прыроды Трусавай паэзіі, якая заўсёды была звязана з канкрэтным бытам народа. У тыя часы вёска была яшчэ кужэльная, яна толькі што яшчэ скінула з сябе панскае панаванне і:

 

 

На ўлонні тых жывых, чырвоных гоняў,

Дзе ўчора бура нам спраўляла баль,—

Жыццё хвалюецца і пеніцца сягоння,

З грудзей зямлі змывае смутак-жаль...

«Золак вясны»

 

 

Чытаючы вершы Паўлюка Труса аб рэвалюцыі, мы адчуваем, што гэта адбываецца дзесьці тут, блізка, каля нас, што тут дзейнічаюць людзі, нам добра вядомыя, мы адчуваем усёй душой, што гэта ідзе да новага шчаслівага жыцця родны нам чалавек-просталюдзін, аптымізмам і радасцю якога поўніцца ўсё навакольнае. Мы адчуваем, што ў гэтым працэсе быццам бы (і сапраўды!) удзельнічаюць і палі, і лясы, і азёры, і рэчкі, і ветры, і шырокія разлогі. Больш таго, мы адчуваем нават каларыт пары года і пах быту. Мы бачым палявыя дарогі і ўзлескі, чуем гоман лясоў і гукі машын, мы чуем мову, поўную высокай лірычнай узнятасці і тонкага бытавога гумару. Паўлюк Трус, гэты тонкі лірык, быў у той жа час і самым сапраўдным эпікам, і вельмі часта ў адным і тым жа творы гэтыя дзве плыні зліваліся ў адно музычнае гучанне.

Вобразы Паўлюка Труса заўсёды канкрэтныя. Вобраз правадыра ў яго паэтычным мысленні асацыіруецца з жыццём і бытам народа. Ён мысліць правадыра ў народзе:

 

Песню «Ленін» красулі-дзяўчаткі

Прапяюць у жніво пад капною,—

Прапяе і пастух каля статку

Пад зялёнакудравай вярбою...

«На смерць Леніна»

 

 

Дзіўная рэч, але наша крытыка чамусьці заўважала толькі адзін бок паэзіі Паўлюка Труса, яе лірычнасць, тады калі нельга поўнасцю ацаніць яе, ігнарыруючы яе эпічнасць. Тым больш гэта дзіўна, што гэтыя дзве плыні ў творчасці Труса нельга аддзяліць адну ад другой.

Многія вершы Паўлюка Труса ёсць апавяданні аб пэўных здарэннях і падзеях, многія яго вершы — гэта жанравыя карціны, карціны быту, карціны працы.

Паўлюк Трус быў такім талентам, які бурна рос і фарміраваўся. Ён убіраў у сябе лепшыя здабыткі літаратуры. Літаратурныя густы Паўлюка Труса лішні раз выяўляюць прыроду яго таленту. У літаратуры яго цікавіла тое, што было сапраўды народным. Вось чаму ён так любіў Тараса Шаўчэнку. Яго вабіла да сябе лірыка-эпіка вялікага ўкраінскага паэта. Паўлюк Трус дэкламіраваў на памяць «Макара Чудру» і «Песню аб Сокале» Максіма Горкага і цэлыя раздзелы з «Новай зямлі» Якуба Коласа. Пушкінскую «Палтаву» ён называў недасягальным шэдэўрам. Някрасаў быў яго любімым паэтам. Сваім вострым паэтычным чуццём ён адчуваў сапраўдную вялікую паэзію. Адным з яго любімых паэтаў быў і Максім Багдановіч.

Бадай самым выдатным творам Паўлюка Труса была паэма «Дзесяты падмурак». У гэтым творы грамадскія матывы гучаць найбольш шырока. Паэма напісана да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта быў час, калі пачыналася вялікае індустрыяльнае будаўніцтва, калі краіна ўжо залячыла раны пасля войнаў, голаду і разрухі.

 

 

Дні прайшлі, адшалясцелі зоры

На гарачых крыллях навальніц.

І пульсуе радасць у прасторах,

Залатыя свецяцца агні.

 

 

Асоба паэта раствараецца ў жыцці краіны:

 

 

І тады я стану пад гарою,

Каб пазбыцца смутку і журбы,

Буду слухаць песні Асінстрою,

Захаплюся музыкай турбін.

 

 

У гэтай паэме поўна выяўлена лірычнае «я» паэта, і лірыка паэмы знайшла і знаходзіць водгук у пачуццях масавага чытача, яна раствараецца ў настроях яго. І ў гэтым сіла і важнасць паэмы.

Яго лірыка чаруе чытача. Вы можаце чытаць яго вершы аб прыродзе, дзе, здавалася б на першы погляд, ёсць толькі адно захапленне паэта хараством прыроды, і ў працэсе чытання вы пачынаеце адчуваць гэта як штосьці вельмі важнае і неабходнае. Гэта — захапленне роднай прыродай чалавека, які бачыць, што рэвалюцыя прынесла шчаслівае жыццё ў родную краіну, дзе чалавек зжыўся з хараством яе прыроды.

Сярод гэтай прыроды спяваюць жнеі, выходзяць на працу хлопцы-юнакі, «яна», гэта значыць вясковая жанчына, пачувае сябе гаспадыняй на сваёй савецкай зямлі:

 

 

Яе сёння шырокае поле

Грамадзянскаю працаю кліча...

 

 

І ўсюды чуецца:

 

 

Звон шырокі, сэрцу родны,

Звон глыбокі, малады,—

 

 

гэта гукі вольнай, радаснай працы. І ўсё гэта сярод роднай прыроды. Гэта нацыянальны момант у творчасці Паўлюка Труса.

Шмат месца ў творчасці паэта займала змаганне са спадчынай старога свету — былой вясковай цемрай, са старым бытам. Паўлюк Трус працаваў у штодзённай прэсе, актыўна жыў «злобай дня».

Творчасць і грамадская праца характарызуюць паэта. У вершы «Пасля буры» чытаем:

 

 

Сціхлі грымоты сярдзітыя,

Сэрца не страшыць іх водгулле,

Дожджыкам буйным абмыты, я

Смела вяслую ў прыволле.

 

 

У гэтым вершы, можа, паўней як дзе раскрываецца асоба самога паэта. Адгрымелі громы рэвалюцыі — і гэта была ачышчальная сіла. Свет стаў чыстым. Абмыты гэтым буйным дажджом, паэт-юнак плыве ў шчаслівае прыволле радаснага жыцця.

У паэме «Дзесяты падмурак» паэт гаварыў:

 

 

...О, край, калі ж ты станеш

Краем фабрык дымных і машын?

 

 

Заўчасная смерць не дазволіла паэту дажыць да нашых дзён, калі БССР стала краем фабрык дымных і машын, калі краіна стала індустрыяльнай і магутнай, калі гераіня адной з паэм паэта, сірата Алеся, стала знатным, шчаслівым чалавекам, калі жыццё стала цудоўным і поўным, калі здзейсніліся лепшыя мары паэта — тое, што ён бачыў і адчуваў у зародках і што вітаў усёй душой.

Мы любім Паўлюка Труса як выдатнага, таленавітага паэта і чыстага душой чалавека, як чалавека і паэта нашай савецкай радзімы. Мы шануем яго слаўную памяць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com