epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дзень добры, беларуская зямля!


Каментарыі


На Беларускай зямлі адбываецца апошняя дзея крывавай драмы, якая бадай за два з паловай гады напаіла яе крывёй і ўкрыла папялішчамі. Ідзе вызваленне Беларусі ад крывавых гітлераўцаў. Надыходзіць канец нямецкай акупацыі. Чырвоная Армія, раён за раёнам, ачышчае нашу родную беларускую зямлю ад нямецкай навалачы. Ужо вызвалены беларускія гарады — Клімавічы, Крычаў, Чэрыкаў, Нова-Беліца, Добруш, Гомель. Блізка дзень поўнага ачышчэння нашай бацькаўшчыны ад паганых чужынцаў.

Вялікі гераічны рух савецкіх народаў давёў Айчынную вайну да пералому на поўны разгром фашысцкіх захопнікаў.

Пачалося пад Сталінградам, прайшло праз Арол і Данбас. На ўсіх франтах, усюды слаўныя савецкія дывізіі і палкі б’юць ворага насмерць і ўкрываюць нашы сцягі новай славай. Можа ніколі так востра, як цяпер, не выяўляўся вялікі сэнс і разумны прынцып савецкай дзяржаўнай сістэмы, калі цесны саюз народаў, як вечная скала, стаў непахісны перад ворагам і калі разгром ворага на зямлі аднаго саюзнага народа ёсць перамога на шчасце другога народа. Блізасцю вызвалення адгукнуліся на Беларусі і разгром немцаў пад Сталінградам, і перамогі Чырвонай Арміі на Кубані і на Каўказе, і ўзяцце Харкава і Кіева.

Беларусь першая прыняла на сябе ўдар закаванага ў жалеза нямецкага цемрашала. Такі ўжо гістарычны лёс Беларусі. Можна сказаць: гэта было нашай нацыянальнай трагедыяй, што час ад часу на нашай зямлі адбываліся крывавыя падзеі Еўрапейскай гісторыі. Але, разам з тым, гэта было нашым гартаваннем і нашым нацыянальным фармаваннем. Гэта ж на вачах нашага толькі пакалення беларускі чалавек з пакутніка стаў ваяўнічым дзеячам свае радзімы. На вачах нашага пакалення на беларускай зямлі разыграліся дзве крывавыя драмы. Вайна з немцамі 1914—1918 гадоў. Тады стварыўся і астаўся як вобраз у нашым нацыянальным жыцці беларускі выгнанец, бежанец. Прайшла чвэрць стагоддзя, і зноў вайна з немцамі, але ўжо не параўнаная ні з якімі войнамі, Вялікая Айчынная вайна. І нездарма чвэрць стагоддзя існавала і жыла поўным жыццём Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Ужо няма пасіўнага пакутніка-выгнанца. Ёсць, як здабытак нашай нацыянальнай гісторыі, беларускі партызан — дзейная, нацыянальна-свядомая асоба.

Вобраз Гастэлы — вось вобраз беларуса. Ён, з пагардай да смерці, рынуўся адзін на вялікія сілы ворага. Перамог і, хоць фізічна загінуў, стаў бяссмертным, вечна жывым у народзе. Беларусы генералы, палкоўнікі, лейтэнанты, байцы, Героі Савецкага Саюза б'юцца з ворагам у радах Чырвонай Арміі.

У крывавым канфлікце на нашай зямлі скрыжаваліся дзве сілы: дэмакратызм Еўропы поплеч з найвышэйшымі дасягненнямі прагрэсіўнага чалавецтва — савецкімі прынцыпамі жыцця і ладу з аднаго боку, і цемрашальства фашызаванай Нямеччыны — з другога. Беларуская нацыянальнасць, беларускі народ усімі сваімі пластамі гераічна змагаецца з цёмнымі сіламі германскай навалачы. Верныя сваім гераічным традыцыям, мы, беларусы, чэрпаем сваю нязломнасць у змаганні ў вялікім замілаванні да свае роднае зямлі, у бязмежнай да яе адданасці і ў непарушным сяброўстве з братамі нашымі — рускім і ўкраінскім народамі. Партыя Леніна выгартавала нас і вывела на шлях нашай дзяржаўнасці.

Ужо як мае быць выяснілася наша перспектыва: наша зямля ачышчаецца і неўзабаве ачысціцца ўся ад крывавых чужынцаў — немцаў. Месяц за месяцам і год за годам — і ўдзірванеюць выбітыя нямецкімі бомбамі і гарматнымі набоямі яміны на нашай зямлі, а ў ёй сатлеюць трупы нямецкіх заваёўнікаў. З новай сілай адродзіцца жыццё, і навекі астанецца новы гістарычны вопыт нашага народа, які праз новую практыку крывавага змагання ўзняўся на новую ступень свайго развіцця, свае гнуткасці, сілы, цвёрдасці і гістарычнай непахіснасці.

Мы святкуем 25-годдзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў часы новага беларускага ўваскрошання — у часы ачышчэння Беларусі ад нямецкай навалачы. І тым большае наша нацыянальнае свята. 25 год Савецкай Беларусі — гэта чвэрць стагоддзя нашай дзяржаўнасці і нашай волі.

На Беларускай зямлі Напалеон злез назаўсёды з свайго імператарскага каня і перасеў у мужычыя сані, каб абы толькі выратаваць сваю галаву. На месцы той напалеонаўскай трагедыі ўжо тлеюць косці гітлераўцаў. На Беларускай зямлі скончылася і першая ўсясветная імперыялістычная вайна з немцамі. Нямецкія ваякі ўжо з таго часу паспелі спарахнець пад Баранавічамі. Праз Беларусь вызначылася і дарога Савецкай Арміі туды, дзе хутка завершыцца змрочны лёс Гітлера і кожнага, хто ішоў за ім. Гэтае месца — на германскай тэрыторыі.

Многія гарады нашы ляжаць у руінах. На месцы сёл і вёсак вецер узнімае халодны попел. На месцы дамоў тырчаць з асмалкаў абкуродымленыя печышчы. Раз'юшаная зграя нямецкіх заваёўнікаў пасіраціла нашых дзяцей і абязвечыла душы нашых матак, адабраўшы ад іх дзяцей жыццё. Мы адбудуем свае паселішчы. Узнімем з руін гарады.

З перажытай крывавай драмы мы зробім свае вывады. Перш за ўсё — будаваць і надалей наша нацыянальнае жыццё пад слаўным сцягам вялікай партыі Леніна. Пад гэтым непераможным сцягам і надалей быць адзінадушнымі і нязломнымі ў будаўніцтве нашага жыцця, нашай культуры. Заўсёды змагацца за шчасце наша — за нашу Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў вялікай сям'і савецкіх народаў, у вялікім СССР. Мы будзем і надалей будаваць сваё савецкае нацыянальнае адзінства, адзінства нашага народа і нашай тэрыторыі і дбаць аб шчасці сваёй роднай бацькаўшчыны, і каб ніякія граніцы ніколі больш не рэзалі яе. І высока трымаць сваю нацыянальную волю і гордасць, ажыццяўленне якіх мы знайшлі ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, сцяг якой хутка ўзвіецца над усёй нашай беларускай зямлёй. Чырвоная Армія ўжо на Беларусі і ачышчае яе ад чужацкай навалачы. Няхай жа гэтае ачышчэнне будзе навекі.

Добры дзень табе, родная, любая наша бацькаўшчына Беларусь!

 

 

Каментарыі

Беспадстаўна рэпрэсіраваны, К. Чорны ў 1938 годзе выйшаў з турмы цяжка хворым. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго здароўе пагоршылася, але пісьменнік усе свае сілы і талент аддаваў барацьбе за вызваленне бацькаўшчыны ад фашысцкай няволі. К. Чорны напружана працаваў у розных жанрах. Публіцыстыка, апавяданні і раманы, напісаныя К. Чорным у гады вайны, з'яўляюцца сведчаннем шырокіх творчых магчымасцей празаіка. Усе творы пісьменніка прасякнуты трывожнай думкай пра гістарычны лёс беларускага народа. К. Чорны ўжо ў гады Вялікай Айчыннай вайны асэнсоўваў уклад беларускага народа ў перамогу над нямецкім фашызмам. У нататцы «Аб сваім новым рамане» (1942) К. Чорны пісаў: «Несучы на сваіх плячах цяжар, з крывавымі ранамі ў сэрцы і душы, у пакутах і смутку, савецкія народы сілай свайго ўдару па ворагу расчышчаюць шлях усяму чалавецтву да шчасця і радасці. Беларускі народ з гонарам стаіць у першых радах гэтага вялікага наступлення на армію вырадкаў і вылюдкаў, якія нарадзіліся ў нетрах фашысцкай Германіі».

Глыбока перажываючы трагедыю ваенных год, К. Чорны разам з тым гаварыў пра рост нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. У 1944 г. у артыкуле, падрыхтаваным для часопіса «Беларусь», К. Чорны выказаў думку, што «нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькі парою пакуты, але і парою ўзвышэння, гартавання і гістарычнага ўзняцця народа як нацыі і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці».

Напісаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны творы К. Чорнага — гэта мастацтва вялікай мабілізуючай сілы і глыбокіх філасофскіх абагульненняў. У публіцыстычных артыкулах К. Чорны гаварыў пра самаахвярнасць і веліч народнай душы. У шэрагу артыкулаў пісьменнік расказаў пра гераічных сыноў беларускага народа: генерала Л. Даватара, студэнтак Жэню Палтаўскую і Шуру Луковіну-Грыбкову, якія змагаліся ў тыле ворага і загінулі. Разам з тым К. Чорны ні на хвіліну не забываў пра подзвіг «ціхага» чалавека — працоўнага беларуса, для якога жыццё з працы сваіх рук заўсёды было няпісаным законам і ўсеагульнай нормай маральнасці.

У гады Айчыннай вайны, аднак, народ сутыкнуўся з нашэсцем «вырадкаў і вылюдкаў», вызваленых ад маралі. Фашызм, гаварыў К. Чорны, можна перамагчы толькі сілай і згуртаванасцю. Зброяй павінны стаць нават прылады працы — такі маральны імператыў мастацкай прозы і публіцыстыкі К. Чорнага ваенных год. Ціхая працавітасць — гэта вельмі пахвальная рыса, але час патрабуе, каб народ стаў змагаром. І вось самыя простыя прылады працы — лом, рыдлёўка, нож, якім рэзалі хлеб,— у руках мірных працаўнікоў становяцца зброяй — сродкам змагання з фашысцкаю пошасцю.

У апавяданнях К. Чорнага мастацкая сітуацыя падпарадкавана задачы адлюстравання псіхалагічных зрухаў, што адбываюцца ў свядомасці народа-працаўніка, якому далей немагчыма быць толькі пастухом. Спасціжэнне трагічнага характару эпохі ў творах малой формы К. Чорнага спалучаецца з шырокімі філасофскімі абагульненнямі. Пісьменнік часта выкарыстоўвае сімвалічныя вобразы. У апавяданні «Вялікае сэрца» такім сімволіка-алегарычным вобразам з’яўляецца вобраз дуба. Гэтае магутнае дрэва было ўцехай і прадметам гордасці людзей усёй акругі. Гледзячы на яго, цешыўся і спачываў душою Пархвен Катлубовіч. Ён спадзяваўся, што яго ўнук таксама будзе моцна трымацца карэннямі за родную зямлю і вырасце такім стройным і крэпкім, як дуб на дзедавым пляцы. Спадзяванні Пархвена не спраўдзіліся. Фашысты застрэлілі ўнука, а скалечаны імі дуб падобен на асмалак. Праўда, маленькі зялёны парастак усё ж пакідае надзею на тое, што дрэва яшчэ ажыве, што на ім могуць вырасці жалуды. Вобраз дуба ў апавяданні «Вялікае сэрца» — гэта сімвал гістарычнага лёсу беларускага народа.

У апавяданні «Прасторны дом» сімволіка таксама адыгрывае вялікую ролю. Збудаваны з добрага смалістага дрэва новы дом Банадыся Татарынчыка становіцца сімвалам роднага краю, бацькаўшчыны, аздобленай рукамі працавітых гаспадароў. У гады вайны ў ім сталі гаспадарыць ненавісныя чужынцы. Банадысь Татарынчык знайшоў выйсце: ён замкнуў рабаўнікоў і падпаліў свой дом. Калі вораг гаспадарыць у тваім доме, то спалі яго разам з домам — такі маральны загад нясе ў сабе ідэя апавядання. Характары і сюжэтныя калізіі, якія К. Чорны распрацоўваў у сваіх творах ваенных год, насычаны істотным філасофска-пазнаваўчым сэнсам. Яны атрымалі далейшую мастацкую распрацоўку ў беларускай прозе пасляваенных год. У творах В. Быкава «Знак бяды» і «Аблава», як і ў творах К. Чорнага, таксама ў цэнтры ўвагі знаходзіцца лёс беларуса-працаўніка, цярплівага і працавітага, але нязломнага ў змаганні з крыважэрнымі чужынцамі і іхнімі паслугачамі.

К. Чорны ўжо ў дні вайны змог па-наватарску паказаць адзінства чалавеканенавісніцкай практыкі сталіністаў і гітлераўцаў. Пра гэта пісьменнік расказаў у пачатай аповесці «Смага», якая друкуецца, захоўваючы правапіс, па рукапісе, што знаходзіцца ў Р. М. Раманоўскай — дачкі празаіка.

У цэнтры ўвагі аўтара тут з’яўляюцца яго любімыя героі — ціхія і працавітыя людзі, пазбаўленыя права на прытулак на сваёй роднай зямлі. Парабак Мікалай меў характэрнае прозвішча — Цішкевіч. Працавітую і маўклівую Тэклю называлі без’языкай. Пазбаўленыя класавым грамадствам права на паўнацэннае жыццё, яны насуперак злому лёсу сталі мужам і жонкай. Пасля рэвалюцыі яны перасталі жыць кутнікамі, але шчасце не было поўным: Тэкля памерла, і Мікалай Цішкевіч сам гадаваў сваю дачку. Вялікім шчасцем для бацькі было тое, што Алеся станавілася сталаю дзяўчынай, вучылася ў тэхнікуме, што яна добра разумела клапатлівую душу свайго маўклівага бацькі.

Ціхае шчасце бацькі і дачкі было, аднак, нядоўгім. Раённы начальнік Віктар Лагіза не меў намеру заставацца доўга ў ціхім і паэтычным мястэчку Якубавічы. Яго вабілі вышэйшыя пасады, і ён вырашыў ісці да мэты прасцейшым шляхам — вышукваць класавага ворага. У трыццатых гадах усяляк заахвочваліся даносчыкі і паклёпнікі, якія «праяўлялі пільнасць». Віктар Лагіза выбраў у якасці ахвяры Мікалая Цішкевіча і яго дачку.

Рукапіс аповесці «Смага» абрываецца на незакончаным сказе. Тым не менш ёсць дастаткова падстаў, каб адзначыць пэўную агульнасць лёсу Мікалая Цішкевіча з аповесці «Смага» К. Чорнага і Хведара Роўбы з аповесці В. Быкава «Аблава»: абодва яны ў гады культу страцілі права на бацькаўшчыну і свабоду. Тое, што дало працоўнаму чалавеку права рэвалюцыі, нібы ўкраў вялікі злодзей.

Напісаныя ў розныя гады лісты К. Чорнага да П. Глебкі таксама прасякнуты пачуццём трывогі і адказнасці за лёс беларускай культуры, за маральнае і палітычнае аблічча інтэлігента, за стан літаратуры. Упершыню яны былі апублікаваны І. Чыгрынам і Я. Кісялёвай у № 5 часопіса «Беларусь» за 1980 год.

«Што з Трусам сталася...» — незадоўга да таго група пісьменнікаў, у тым ліку К. Чорны, П. Глебка і П. Трус, выйшлі з літаратурна-грамадскага аб’яднання «Маладняк» і ўтварылі творчае аб'яднанне «Узвышша», якое П. Трус неўзабаве пакінуў, вярнуўшыся ў «Маладняк». Як цяпер выявілася, П. Трус мусіў гэта зрабіць пад націскам пэўных, меўшых уладу асоб.

«У іх адбыўся пленум...» — пленум Цэнтральнага бюро «Маладняка».

Крыніцын Аляксандр Іванавіч (1894—1937) — у той час першы сакратар ЦК КП(б) Беларусі.

Гесен С. М.— загадчык Агітпропа ЦК КП(б)Б.

«Верш твой у «Вёсцы» ужо выдрукаваны...» — у газеце «Беларуская вёска».

Адам Бабарэка (1899—1938) — беларускі крытык.

А. Траецкі — пісьменнік, аўтар аповесці «Старасельшчына» («Узвышша», 1930, № 1, 2, 3).

Адамовіч Антон (н. 1909) — крытык, празаік. Пасля Айчыннай вайны ў эміграцыі.

«Працую вечарам у гасцініцы» — К. Чорны выязджаў у творчую камандзіроўку на Навабеліцкую запалкавую фабрыку (Гомельшчына).

«Звяга» — апавяданне К. Чорнага. Упершыню — часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1933, кн. 10.

Францкевіч — персанаж апавядання «Звяга».

«...узяў у Кандрата...» — гаворка ідзе пра Кандрата Крапіву.

«Надзея Назарэўская» — рабочая назва рамана «Трэцяе пакаленне».

Нонік — хатняе імя Пятра Глебкі. Так яго звалі і сябры.

«...каб ты мне быў у тэатры на «Салаўі...» — маецца на ўвазе інсцэніроўка аднайменнай аповесці Змітрака Бядулі.

«Білеты табе і Ніне...» — Ніна Іларыёнаўна — жонка Пятра Глебкі.

«Чытаў я тваё пісьмо, напісанае і Петрусю...» — гаворка ідзе пра Петруся Броўку.

Айзік — сапраўднае імя пісьменніка Алеся Кучара.

«Вашу газету я атрымліваю...» — падчас Айчыннай вайны Пятро Глебка працаваў у франтавых газетах «За Савецкую Беларусь» і «За свабодную Беларусь».

Лявон Бушма — псеўданім Іллі Гурскага (1899—1972).

Іосіф Дорскі (1911—1964) — беларускі драматург, доўгі час быў загадчыкам літаратурнай часткі БДТ-2 (цяпер т-р імя Якуба Коласа). Тэатр у часе вайны працаваў ва Уральску.

Ільінскі Аляксандр Канстанцінавіч (1903—1967) — народны артыст СССР, акцёр т-ра імя Я. Коласа.

«Што ж да майго рамана...» — хутчэй за ўсё маецца на ўвазе раман «Вялікі дзепь».

Віталь Вольскі (1901—1988) — беларускі пісьменнік.

«Атрымаў я быў пісьмо ад вашага Пеці Бялькевіча. Ён разам з Насцяй...» — Бялькевіч Пётр Іларыёнавіч (н. 1007 г.), член-карэспандэнт АН БССР (1953 г.), хімік-тарфянік — швагер Пятра Глебкі. Насця — жонка П. І. Бялькевіча.

«...патроху папраўляюся...» — пасля інсульту (24.11.1942).

Гораў Канстанцін Васільевіч (1904—1988) — тагачасны прэзідэнт АН БССР.

«Якар» — гасцініца ў Маскве.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан