epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дзень добры, беларуская зямля!

На Беларускай зямлі адбываецца апошняя дзея крывавай драмы, якая бадай за два з паловай гады напаіла яе крывёй і ўкрыла папялішчамі. Ідзе вызваленне Беларусі ад крывавых гітлераўцаў. Надыходзіць канец нямецкай акупацыі. Чырвоная Армія, раён за раёнам, ачышчае нашу родную беларускую зямлю ад нямецкай навалачы. Ужо вызвалены беларускія гарады — Клімавічы, Крычаў, Чэрыкаў, Нова-Беліца, Добруш, Гомель. Блізка дзень поўнага ачышчэння нашай бацькаўшчыны ад паганых чужынцаў.

Вялікі гераічны рух савецкіх народаў давёў Айчынную вайну да пералому на поўны разгром фашысцкіх захопнікаў.

Пачалося пад Сталінградам, прайшло праз Арол і Данбас. На ўсіх франтах, усюды слаўныя савецкія дывізіі і палкі б’юць ворага насмерць і ўкрываюць нашы сцягі новай славай. Можа ніколі так востра, як цяпер, не выяўляўся вялікі сэнс і разумны прынцып савецкай дзяржаўнай сістэмы, калі цесны саюз народаў, як вечная скала, стаў непахісны перад ворагам і калі разгром ворага на зямлі аднаго саюзнага народа ёсць перамога на шчасце другога народа. Блізасцю вызвалення адгукнуліся на Беларусі і разгром немцаў пад Сталінградам, і перамогі Чырвонай Арміі на Кубані і на Каўказе, і ўзяцце Харкава і Кіева.

Беларусь першая прыняла на сябе ўдар закаванага ў жалеза нямецкага цемрашала. Такі ўжо гістарычны лёс Беларусі. Можна сказаць: гэта было нашай нацыянальнай трагедыяй, што час ад часу на нашай зямлі адбываліся крывавыя падзеі Еўрапейскай гісторыі. Але, разам з тым, гэта было нашым гартаваннем і нашым нацыянальным фармаваннем. Гэта ж на вачах нашага толькі пакалення беларускі чалавек з пакутніка стаў ваяўнічым дзеячам свае радзімы. На вачах нашага пакалення на беларускай зямлі разыграліся дзве крывавыя драмы. Вайна з немцамі 1914—1918 гадоў. Тады стварыўся і астаўся як вобраз у нашым нацыянальным жыцці беларускі выгнанец, бежанец. Прайшла чвэрць стагоддзя, і зноў вайна з немцамі, але ўжо не параўнаная ні з якімі войнамі, Вялікая Айчынная вайна. І нездарма чвэрць стагоддзя існавала і жыла поўным жыццём Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Ужо няма пасіўнага пакутніка-выгнанца. Ёсць, як здабытак нашай нацыянальнай гісторыі, беларускі партызан — дзейная, нацыянальна-свядомая асоба.

Вобраз Гастэлы — вось вобраз беларуса. Ён, з пагардай да смерці, рынуўся адзін на вялікія сілы ворага. Перамог і, хоць фізічна загінуў, стаў бяссмертным, вечна жывым у народзе. Беларусы генералы, палкоўнікі, лейтэнанты, байцы, Героі Савецкага Саюза б’юцца з ворагам у радах Чырвонай Арміі.

У крывавым канфлікце на нашай зямлі скрыжаваліся дзве сілы: дэмакратызм Еўропы поплеч з найвышэйшымі дасягненнямі прагрэсіўнага чалавецтва — савецкімі прынцыпамі жыцця і ладу з аднаго боку, і цемрашальства фашызаванай Нямеччыны — з другога. Беларуская нацыянальнасць, беларускі народ усімі сваімі пластамі гераічна змагаецца з цёмнымі сіламі германскай навалачы. Верныя сваім гераічным традыцыям, мы, беларусы, чэрпаем сваю нязломнасць у змаганні ў вялікім замілаванні да свае роднае зямлі, у бязмежнай да яе адданасці і ў непарушным сяброўстве з братамі нашымі — рускім і ўкраінскім народамі. Партыя Леніна выгартавала нас і вывела на шлях нашай дзяржаўнасці.

Ужо як мае быць выяснілася наша перспектыва: наша зямля ачышчаецца і неўзабаве ачысціцца ўся ад крывавых чужынцаў — немцаў. Месяц за месяцам і год за годам — і ўдзірванеюць выбітыя нямецкімі бомбамі і гарматнымі набоямі яміны на нашай зямлі, а ў ёй сатлеюць трупы нямецкіх заваёўнікаў. З новай сілай адродзіцца жыццё, і навекі астанецца новы гістарычны вопыт нашага народа, які праз новую практыку крывавага змагання ўзняўся на новую ступень свайго развіцця, свае гнуткасці, сілы, цвёрдасці і гістарычнай непахіснасці.

Мы святкуем 25-годдзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў часы новага беларускага ўваскрошання — у часы ачышчэння Беларусі ад нямецкай навалачы. І тым большае наша нацыянальнае свята. 25 год Савецкай Беларусі — гэта чвэрць стагоддзя нашай дзяржаўнасці і нашай волі.

На Беларускай зямлі Напалеон злез назаўсёды з свайго імператарскага каня і перасеў у мужычыя сані, каб абы-толькі выратаваць сваю галаву. На месцы той напалеонаўскай трагедыі ўжо тлеюць косці гітлераўцаў. На Беларускай зямлі скончылася і першая ўсясветная імперыялістычная вайна з немцамі. Нямецкія ваякі ўжо з таго часу паспелі спарахнець пад Баранавічамі. Праз Беларусь вызначылася і дарога Савецкай Арміі туды, дзе хутка завершыцца змрочны лёс Гітлера і кожнага, хто ішоў за ім. Гэтае месца — на германскай тэрыторыі.

Многія гарады нашы ляжаць у руінах. На месцы сёл і вёсак вецер узнімае халодны попел. На месцы дамоў тырчаць з асмалкаў абкуродымленыя печышчы. Раз’юшаная зграя нямецкіх заваёўнікаў пасіраціла нашых дзяцей і абязвечыла душы нашых матак, адабраўшы ад іх дзяцей жыццё. Мы адбудуем свае паселішчы. Узнімем з руін гарады.

З перажытай крывавай драмы мы зробім свае вывады. Перш за ўсё — будаваць і надалей наша нацыянальнае жыццё пад слаўным сцягам вялікай партыі Леніна. Пад гэтым непераможным сцягам і надалей быць адзінадушнымі і нязломнымі ў будаўніцтве нашага жыцця, нашай культуры. Заўсёды змагацца за шчасце наша — за нашу Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў вялікай сям'і савецкіх народаў, у вялікім СССР. Мы будзем і надалей будаваць сваё савецкае нацыянальнае адзінства, адзінства нашага народа і нашай тэрыторыі і дбаць аб шчасці сваёй роднай бацькаўшчыны, і каб ніякія граніцы ніколі больш не рэзалі яе. І высока трымаць сваю нацыянальную волю і гордасць, ажыццяўленне якіх мы знайшлі ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, сцяг якой хутка ўзвіецца над усёй нашай беларускай зямлёй. Чырвоная Армія ўжо на Беларусі і ачышчае яе ад чужацкай навалачы. Няхай жа гэтае ачышчэнне будзе навекі.

Добры дзень табе, родная, любая наша бацькаўшчына Беларусь!


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.