epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дзесяць год

Дзесяць год жыве і развіваецца БССР — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. За гэтыя дзесяць год беларуская культура, культура беларускіх рабочых і сялян, прайшла слаўны і вялікі шлях свайго развіцця. Беларусь — тая краіна, якая была доўгія вякі ў няволі, у якой нават забаранялі ўжываць беларускую мову, гэтая краіна цяпер стварыла сваю Акадэмію навук — гэты найвышэйшы кіраўнічы і творчы цэнтр культуры.

Шпаркімі крокамі ідзе развіццё гаспадаркі, навукі, літаратуры. Усе нацыянальнасці, як роўныя браты, сярод якіх няма ні лепшых, ні горшых, развіваюць, твораць кожны сваю культуру — нацыянальную ў форме і пралетарскую ў змесце. Беларусь — родная сястра іншых савецкіх рэспублік, раўнапраўны член моцнае, магутнае сям’і Саюза Савецкіх рэспублік! Гэта спраўдзіліся словы Янкі Купалы, што Беларусь ідзе, каб «людзьмі звацца». Бо да Кастрычніцкае перамогі працоўных Беларусь была бяспраўнаю, прыціснутаю з аднаго боку расійскім царскім самаўладствам, расійскім чыноўніцтвам, якое здзекавалася над беларускаю моваю, старалася зрусіфікаваць Беларусь, знішчыць, задушыць беларускую культуру. Гэта Беларусь была пад нацыянальнай няволяй. З другога боку — тут панавала няволя сацыяльная. Гэта паны ўладалі зямлёю, а фабрыканты прадпрыемствамі. А працоўны чалавек быў у іх наймітам; мужык быў бяспраўным парабкам у пана.

Заходняя Беларусь і цяпер гэтак жыве. І цяпер там нашы браты працуюць на пана, на асадніка, якія трымаюць пад сабою ўсю зямлю. Польская панская навала там душыць беларускую культуру. Мы ведаем, што там нават паліцыя разагнала Таварыства беларускае школы. Замест школ там паны будуюць турмы.

За дзесяць год савецкага будаўніцтва беларускае культуры мы маем гэтакія дасягненні, пра якія не маглі нават і думаць тыя беларускія працаўнікі, якія ў часы царскае ўлады, перамагаючы страшэнныя цяжкасці, вялі культурную беларускую працу. І Беларуская Акадэмія навук, і Беларуская сельскагаспадарчая Акадэмія, і Беларускі універсітэт — усё гэта нашы дасягненні за гэтыя гады. Таксама — развіццё тэхнікумаў, іншых вышэйшых, сярэдніх і ніжэйшых школ! Развіццё гаспадаркі, Асінаўская электрычная станцыя, палепшанне і абнаўленне форм сельскае гаспадаркі — усё гэта паказвае на наш вялікі і паспяховы размах у будаўніцтве.

Перамагаючы ўсе цяжкасці, бадзёрыя і моцныя, мы ўваходзім у другое дзесяцігоддзе БССР.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан