epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Дзённік

2 ліпеня 1944 г.
4 ліпеня 1944 г.
5 ліпеня 1944 г.
8 ліпеня 1944 г.
9 ліпеня 1944 г.
10 ліпеня 1944 г.
8 жніўня
9 жніўня
20 жніўня 1944 г.
21 жніўня 1944 г.
25 жніўня
6 верасня
8 верасня 1944 г.
10 верасня 1944 г.
29 верасня 1944 г.
3 кастрычніка
4 кастрычніка
5 кастрычніка
6 кастрычніка
11 кастрычніка
22 лістапада


 

 

2 ліпеня 1944 г.

Можа заўтра, а можа паслязаўтра наша армія забярэ Мінск. Падыходзіць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, і хвароба мая пакрысе пакідае мяне. Ад часу, калі я хварэў, прайшло ўжо год і сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынілася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае, і гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо і цяпер як мае быць, лёгка і многа, як і да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! Гэтымі днямі я заўважыў, што ўжо добра бачу ліст паперы ўвесь так, каб пісаць на ім роўным радком, які б шырокі ліст паперы ні быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць «Пошукі будучыні», мне была пакута выпісаць роўна загаловак і першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цімкавічы паштоўку, хоць там можа яшчэ і немцы. Але пакуль паштоўка туды дапаўзе, то напэўна ўжо берлінскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На дварэ мокра. Я пішу, бачу з акна мокры дах, і ў душы маёй ціхая радасць, вялікая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзін перад вечарам. Дома са мной толькі адна Іра, любая мая ўцеха! Заўтра да паўдня трэба напісаць артыкул для «Известий». Цяжка мне пісаць па-руску, а ў іх няма перакладчыка з беларускай мовы... Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (і тае вельмі мала) я апошнім часам аслабеў.

 

4 ліпеня 1944 г.

Учора нашы забралі Мінск. Нямецкая навалач прэ з Беларусі на ўсе застаўкі. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабраліся: я, Цімох Крысько, Алеся Александровіч. Больш нікога няма, усе нашы ў Гомелі. Я выпіў добрую шклянку віна, гэта ўпершыню пасля хваробы. І нічога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі... Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пішучы пра Скіп’ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп’ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп’ёўшчынай і Ліхадзіёўшчынай, мілае Малое Селішча, хараством якога заўсёды захаплялася мая маці-нябожчыца.

 

5 ліпеня 1944 г.

Яшчэ няма шасці гадзін. Толькі што званілі з радыё. Ледзьве адпрасіўся, каб не пісаць сягоння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымі Баранавічаў. Жаночы голас быў упарты і непадатлівы. Значыцца, Баранавічы, відаць, ужо забраны. Раз перадача для заграніцы, то трэба напісаць аб беларускай нацыянальнай трагедыі, рэштках старых акопаў, былой польскай граніцы...

 

8 ліпеня 1944 г.

Вострае ўзбуджанне з прычыны вызвалення Мінска ападае. Я ўжо спакайней працую. За ўчора і сёння давёў да канца другі раздзел «Скіп’ёўскага лесу». Мучуся ад паняверкі, што батальныя сцэны мае не што іншае, як глупства. Хоць бы хутчэй ужо дапасці да таго, калі можна будзе на ўсе бокі паказваць душу Канстанціна Прыбыткоўскага. Думаў многа пра тое, што трэба вырысоўваць разнастайныя тыпы нашага народа. Буду кіравацца сам сваімі думкамі, якія сфармуліраваў у сваіх артыкулах — перадавых у № першым часопіса «Беларусь» «Дзень добры, Беларуская зямля» і № трэцім «За шчасце народа». Учора ўвечары быў нешта ў трывозе і неспакоі.

 

9 ліпеня 1944 г.

Зранку ездзіў з Цімахом у Ізмайлаўскі парк. Тры гадзіны мы адседзелі на пнёх. Я расказваў што-нішто з гісторыі мястэчка Цімкавіч і характар і паходжанне цімкаўцоў і іх прозвішчаў. З сямі да дзевяці пад вечар пісаў «Скіп’ёўскі лес». Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў «Правде» «Взятие Великошумска», і паняверка мая, што «Скіп’ёўскі лес» пішацца вельмі дрэнна, зменшылася. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пісаць, як хачу і магу.

 

10 ліпеня 1944 г.

Сёння рана пайшоў у рэдакцыю. Там пісаў, пакуль нікога не было. Цяпер каля шасці гадзін па паўдні. Сумна, пайсці няма да каго, нашы бадай-што ўсе ўжо то ў Гомелі, то ў Мінску. Адзіная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калі ўжо заеду ў Мінск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пісаць трэба.

 

8 жніўня

Колькі чаго парабілася за месяц! Ужо і ў Мінск незадоўга. Можа ўжо будзе свой сталы прытулак, і можа мне суджана яшчэ пабачыць мілыя Цімкавічы. А што, калі хата мая асталася і стаіць? Гэта будзе вялікае шчасце. Там жа, у ціхім жыцці, можна будзе ачуняць як мае быць і напісаць усе задуманыя раманы. Прыязджала з Мінска Х. Яна асталася такая ж мілая, разумная і практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё ўмее і можа зрабіць і ўсё ацаніць праўдзіва. Яна сказала: адна з вашых сёстраў увосень сорак першага года прыязджала ў Мінск шукаць вас. Анюта гэта ці Маша? Мілая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як маці. У часы ўсіх маіх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна і Рэня — самыя мае блізкія. Калі жыва яна цяпер і здарова! Ужо больш як месяц ніяк не магу напасці на яе след. Апошнія дні вельмі трывожыўся аб гэтым. Зімою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пісаў аб ёй у дзённіку.

 

9 жніўня

Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялікі горад не дасць мне як мае быць ачуняць. І жыць не ў Беларусі больш не магу. А дзе жыць у Мінску? І як там жыць на попелішчы? Што там ёсць? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога не было, пісаць перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напісаны, але рэдактар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу пайшло людзей, падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю. Сазваніўся з Глебкам у выдавецтве.

 

 

 

20 жніўня 1944 г.

 

 

Ужо больш за тыдзень прайшло, а яшчэ не сышло з мяне зусім уражанне ад мае гаворкі з П. К. Панамарэнкам. На тым тыдні ў пятніцу папрасіўся на прыём. Я не мог больш цярпець. Я падрыхтаваў тэзісы і хвілін сорак дакладваў яму: 1) аб Д., якая мову беларускай літаратуры хоча перайначыць на свой лад, 2) аб тым, што я не маю магчымасці пісаць свае раманы і 3) што я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устанаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашысцкіх, скажам, з’ездаў, друкуюцца ў зборніках. (...) А я хаджу спрацованы і хворы і жыву ў катуху. Гаворка ішла гадзін тры, да паўночы. Я паставіў пытанні проста. П. Панамарэнка ў часе гаворкі сказаў, што ён вызначае мерапрыемствы: адчыненне пры Акадэміі навук двухгадовых курсаў Інстытута мовы. Сабраць туды такую нізавую інтэлігенцыю, як сялянскіх маладых настаўнікаў, і зрабіць з іх ахавальнікаў чыстаты беларускай мовы ў школах і нізавым друку. Адчыненне пры Беларускім універсітэце факультэта журналістыкі. Панамарэнка сказаў, што здыме з пасады Д. (...) Уражанне ад гаворкі было добрае, я паспакайнеў і крыху супакоіўся. Я паказаў яму забракаваны мой перадавы артыкул у № 5 «Беларусь». Там — аб тым, што нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькі парою пакуты, але і парою ўзвышэння, гартаваныя і гістарычнага ўзняцця народа як нацыі і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці. Народ пакінуў быць пастухом і стаў генералам. Наша шчасце, што мы належым да СССР, каб не — то што было б з намі? Панамарэнка сказаў, што гэта яго думкі, «артыкул бліскучы». (...) Гаварылі пра ўсякую драбязу, але мне важную: я папрасіў памагчы мне ў Мінску дастаць, дзе жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклікаў з Мінска Лынькова. Чакаю хуткага пераезду ў Мінск, паспакайнець там душою, узмацнець целам і пісаць раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш. Нешта такі ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзіць Глебка.

Ужо дзён чатыры як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Міхала і Юрася, мусіць, няма жывых. Пісьмо з Цімкавіч. Маша і Анюта жывы. Дом згарэў. Каб быць у Мінску ў сваім ціхім кутку і пісаць!

 

21 жніўня 1944 г.

Грып. Слабасць. Хіліць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкі мучаць. І Рэня адчувае сябе дрэнна. І ёй вельмі нездаровіцца. Небарака, яна ператамілася, гэтулькі ёй клопату і працы! (...)

Сённяшні момант беларускай гісторыі важан не толькі выгнаннем з Беларусі немцаў. Беларусь — усходняя славяншчына. Немец тут ніколі не будзе панаваць. Вельмі важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў — гэта ўжо малое зло. Наўрад ці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі Польшча будзе сунуцца зноў рабіць на Беларусі сваю граніцу, хоць спробы даводзіць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там ні было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калі-небудзь павінен быць напісан. Пісаць буду, ужо здаўшы ў друк «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Скіп’ёўскі лес», «Смагу», кнігу аповесцей «Сумліцкая хроніка», «Млечны Шлях», «Лявончыкава Ліда і якубаўскі карчмар Сымоп Біруля», раман «Сыны Хведара Нявады» і драма.

Каб не выветрылася з памяці, запішу аб рамане пра Рыгора Сухменьчыка.

Асобы рамана:

1. Залеўскі (Эдвард Вайніловіч?), зямельны магнат.

2. Рыгор Сухменьчык, аканом, праваслаўны мужык з Кудзінавіч, салдат.

3. Сухменьчыха. Каталічка.

4. Анця. Дачка.

5. Яраслаў. Сын.

6. Фэлька, Сухменьчышын брат, Сцяпура.

7. Яго жонка.

8. Юрась, іх сын.

9. Бацька Фэльчыхі, сарвэтнік у Сумлічах — Папры, Жупранах.

10. Другая жонка Залеўскага ў эміграцыі (у Польшчы).

11. Сын Залеўскага ад другой жонкі.

12. Васіль-Лукаш Брандэцкі.

13. Сцяпан Хлябцэвіч.

14. Хлябцэвічыха.

15. Зоя Хлябцэвіч.

16. Студэнт Адамчук, яго трагічная смерць пасля.

17. Муж Зоі Хлябцэвіч.

18. Фэлькава дачка, Юрасёва сястра.

Дзе адбываюцца падзеі рамана.

1. Рачкевічы, Залеўскага ўладанне.

2. Мястэчка Сумлічы, адкуль родам Фэлькава жонка.

3. Сцяпура Фэлька родам з Якубаўшчыны. Там на вузкіх палосах паміж двух лясоў паставіў сабе хату і жыў там. (Гэта калі пашыралася пасля рэвалюцыі мястэчка Сумлічы).

4. Міроўшчына, прададзеная Залеўскім, дзе Рыгор Сухменьчык купіў сабе рату зямлі.

5. Горад Нясвіж. Каля яго дробны маёнтачак Раткава, дзе знайшоў сабе другую жонку з грашыма Залеўскі, пасля лета 1920 года.

6. Мінск.

7. Варшава.

 

1. У рамане павінна быць добра і дакладна сказана аб мясцінах і пунктах, дзе адбыліся падзеі ў розныя часы і дзе завязаліся і развязаліся справы.

2. Павінен быць распрацаваны дакладна лёс кожнага персанажа.

3. Распрацаваць квадры — абсягі — малюнкі рамана.

4. Часткі рамана. Раздзелы. Змест іх усіх і нумарацыя.

5. Назва рамана. (...)

 

 

25 жніўня

Здароўе крыху як бы лепш. І настрой лепшы. Працаваў сёння над «Скіп’ёўскім лесам». Ужо гэта адно добра, бо тыдняў тры ўжо не браўся за яго. Заўтра пастараюся як-небудзь паслаць у Мінск міламу Максіму Лужаніну пісьмо. А бліжэйшымі днямі параю добрых слоў падзякаваць П. К. Панамарэнку за добрую гаворку. Назбіраюцца справы — зноў пайду да яго вырашаць. Гэта будзе ўжо не раней зімы або ў канцы яе.

 

6 верасня

Сёння скончыў трэці раздзел «Скіп'ёўскага лесу». Можа добра, а можа і вельмі дрэнна. Такі я змучаны і духам і целам і так цяжка жыву, што не адчуваю. Патрэбен доўгі час у цішыні і спакоі.

 

8 верасня 1944 г.

За шэсць дзён пераклаў «Позняе каханне» Астроўскага — так гнаў мяне ў карак тэатр. І ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст, і не забіраюць. Гэта ўсё азіятчына ў еўрапейскай краіне Беларусі. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а Чорнарабочы. Колькі за свой век я зрабіў гэтых перакладаў і напісаў усяго, што без майго подпісу запоўнівае старонкі ўсёй нашай прэсы! І ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усіх нас пасушыць.

Быў сёння ў ГИХЛе. Дагаварыўся аб «Скіп'ёўскім лесе» і зборніку апавяданняў. Каб хоць у Мінск, цішыня і спакой, хоць і на попелішчы. Абы ціхі кут і штодзень спакойна пісаць.

 

10 верасня 1944 г.

Учора ўвечары і сёння да паўдня чытаў К. Федзіна «Горький среди нас». Федзін — сапраўдны пісьменнік і разумны чалавек. Я ўпэўнен: пра М. Горкага ён напісаў праўду. Сапраўды, мусіць, так жыў і такі быў М. Горкі, вялікі рускі інтэлігент з рукамі рабочага.

У вялікай літаратуры персанажы маюць сваю біяграфію. А каб пісаць біяграфіі людзей, трэба ведаць, што народ — гэта мільёны індывідуальнасцей, кожны з сваім індывідуальным абліччам і лёсам, хоць і падначаленым аднаму закону жыцця — нацыянальнаму і дзяржаўнаму. Чамусьці пасля кнігі К. Федзіна я пачаў думаць пра вечнае — сваё: пра Францыска Багушэвіча. Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі.

 

29 верасня 1944 г.

Пятніца. Ужо якраз тыдзень, як у Мінску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пісьменнікаў. Няма дзе адаспацца і адляжацца. Усе дні баліць галава, хіліць на сон, і зрок пагоршаў. Але, здаецца, гэта ўжо апошні мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру і буду дбаць аб здароўі і пісаць. За гэтыя дні бачыўся з Р. Шырмам. Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П. Пестрака і М. Танка. Каталіцкае духавенства, дзе якое было раней і якое дзе цяпер з'явілася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланізуюць сваіх парафіян і тлумачаць, што няма ніякай Беларусі, а ёсць Польшча. Усё ідзе ад віленскага біскупа Ялжбыкоўскага.

 

3 кастрычніка

Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць. (...)

Сёння ўночы пацукі не далі спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антаніне Лукашэўскай і двох яе сынах. Усё гэта можа пад маім пяром ажыць і жыць доўгім поўным жыццём. І да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад світаннем я заснуў без трывогі і суму. Калі ўжо будзе тая кватэра і ціхі кут, каб пісаць! Просіцца з пяра артыкул у «Звязду» аб літаратуры.

 

4 кастрычніка

 

Серада. Хмурна. Дождж. Пісаў «Скіп’ёўскі лес». Трэба далей так, кожны дзень.

 

5 кастрычніка

Нічога не пісаў. Няма дзе падзецца і прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотні за дзень перавярнулася. Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ і ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Н. з хлапчуком, які адразу пачаў ірваць мяне за камізэльку.

 

6 кастрычніка

Пятніца. Пісаў вельмі мала. Горне на сон. Баліць сэрца. Клопат і думкі аб кватэры, Рэня і Іра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногі апухлі да каленяў. Сэрца! (...) Прага мець свой ціхі кут і пасцель і вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькі праз два тыдні. Гэта значыць, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы, то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелі і падушкі. Здань смерці мучыць мяне. Так я доўга не працягну. И кому повем печаль мою? Хоць бы адзін хто блізкі і разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.

 

11 кастрычніка

Сёння многа і, здаецца, добра пісаў. 7 кастрычніка заходзіла да мяне невядомая мне дагэтуль Марыля Шутовіч з Вільні... Яна прыехала ў Мінск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленскі біскуп Ялжбыкоўскі садзіць усюды па Беларусі на парафіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбонаў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка. Да мяне прыйшла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлігійны, а палітычна-нацыянальны характар і так падаць у адпаведныя рэспубліканскія ўстановы.

Прыехаў з Вільні мастак Сергіевіч. Мілы чалавек і з вялікім талентам. Заходзіць часта. Пражыўшы з маленства і дагэтуль на Заходняй Беларусі, ён у нас аніяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкі і пасад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.

 

22 лістапада

...Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?




Беларуская Палічка: http://knihi.com