epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Флёркавы слёзы

Тут, дзе канчаліся аўсы і пачынаўся дробны ўзлесак, палявая дарога рабілася зусім вузкая. Яна пазарастала травой, уваходзіла ў кусты. Коні, якія пасвіліся, хадзілі і па ёй. Пад яе каляінамі расла мяккая сіняватая трава, яна вельмі добра жавалася старымі зубамі гнядога каня. Гняды памахваў сабе хвастом, чухаў аб цвёрдую зямлю свае рыжыя зубы і грыз.

А Флёрка сядзеў зусім блізка пад ядлоўцавым кустом і ад таго, што не было яму чым заняцца, пазвоньваў цуглямі. Трохі раней было весялей. Сам дзядзька Тамаш пасвіў сёння ўвесь калгасны табун, а пры дзядзьку Тамашу заўсёды весела. Чаго ўжо ён ні нарасказвае, можна бакі падарваць з рогату, слухаючы гэтага дзядзьку. Паслухаць яго прыбег сюды і Флёрка, разам з усімі іншымі хлапчукамі. Гэта было да паўдня, а цяпер дзядзька Тамаш пагнаў коні дадому: пачыналася работа. А трое коней — дзве жарэбныя кабылы і старога Гнядога — ён пакінуў і сказаў Флёрку паглядзець іх, пакуль ён прышле дзеда Паўла. Кожны дзень дзед Павел вазіў на Гнядым малако ў кааперацыю; Гняды толькі і быў ужо на такіх дробных работах. Ці каму ў млын трэба, ці каму саломы прывезці з калгасных стагоў, ці гліны прывезці з глінішчаў — толькі на гэта служыў Гняды. Ён ужо адпрацаваў свой малады век, і яму цяпер не давалі цяжкай работы.

Разам з Флёркам асталіся тут яшчэ некалькі хлапчукоў, яго аднагодкаў. Яны паразыходзіліся па балоце шукаць птушыных гнёздаў. Знойдуць гняздо, пазабіраюць птушанят, а пасля пакідаюць у траву або ў ваду. А над імі лёталі і плакалі балотныя птушкі. Енчылі па сваіх дзецях кнігаўкі-чубайкі, моцна крычаў у вялікай жальбе бакас, і нейкая жоўценькая даўганосенькая птушка, малая і рухавая, клікала усе сваіх загінуўшых дзяцей:

«Пі! Пі-і-і!»

А яе дзеці былі блізка, чулі матчын голас, але не маглі абазвацца ёй, бо ўжо цяжка было ім дыхаць: адно з іх сядзела ў цеснай жмені вясёлага Мішкі, а другое задушвалася пад купінай у вадзе. Хлапчукі ўсё хадзілі і хадзілі па вадзе, а Флёрка ўсё сядзеў і сядзеў пад кустом. Яму думалася аб тым, што ўчора бацька набраў корту ў краме і да нядзелі маці пашые яму новую рубашку. А старэйшаму брату Міхалку такую самую рубашку пачалі ўжо шыць. І дзед Павел зараз прыйдзе пасвіць коні, і тады льга будзе бегаць з усімі па балоце. А цяпер як жа пакінуць коні? Каб не тыя дзве кабылы, то Гнядога можна было б пакінуць аднаго, ён нікуды далёка не зайшоў бы. Гняды ўжо зусім стары конь, гэта кажуць і дзядзька Тамаш, і дзед Павел. Гняды — спакойны конь. Ніколі ён не брыкаецца, і можна смела пралазіць заўсёды ў яго між пярэдніх ног, можна на яго ўзлазіць, упіліўшыся за хвост і ўспаўзаючы ўверх па задніх нагах. А ён сабе стаіць ціха і толькі вушамі варушыць.

— Гэты конь спакойны, як свіння,— сказаў быў раз дзядзька Тамаш. І гэта вельмі было спадабалася іхняму Міхалку. Тады Міхалка быў яшчэ меншы.

— Гняды спакойны, як свіння,— сказаў тады раз Міхалка ў гаворцы з сваімі сябрукамі.

І ўвесь той дзень хлопцы дражнілі Міхалку свінячым канём.

— Конь ты свінячы! — гукалі яны на яго.

А ён злаваў і ганяўся за імі. Пра ўсё гэта думалася цяпер Флёрку.

— Ага, ага, ага, ага! — закрычалі на балоце хлопцы.

Флёрка ўсхапіўся з-пад куста, зазваніў цуглямі і азірнуўся. Па балоце хлопцы гналі двух сабак. Сабакі на ўвесь дух імчаліся, падтульваўшы хвасты, а хлопцы ўсё гналі ззаду, толькі ржавая вада і чорная гразь пырскалі з-пад ног.

Проста на Гнядога беглі сабакі. Гняды падняў галаву, натапырыў вушы і, калі сабакі скочылі яму пад самыя ногі, кінуўся ў аўсы. Гняды даскочыў да куста шыпшыны ў аўсе, а там драмаў заяц. Перапалоханы заяц падскочыў угару пад самай мордай Гнядога; спуджаны Гняды кінуўся ўбок і драпануў аўсамі, куды вочы глядзелі.

Флёрка кінуўся ўслед за Гнядым.

— Гняды шкоды наробіць! — закрычаў ён. І бег моцна, і ўсё паглядаў то на Гнядога, то на зайца, што ўжо ледзьве відзён быў за шыпшынавымі кустамі.

— Косенька, Гняды! — крычаў Флёрка.

Конь дабег да канца палетка і стаў. Старыя ногі яго вельмі забалелі, і займала дух ад такога перапуджанага бегу.

— Косенька мой, косенька,— крычаў Флёрка і, падбегшы да косенькі, хацеў узяць яго за грыву, а той, напалоханы, пабег далей, стукнуўшы нагою Флёрку. Флёрка ўпаў на мяккую зямлю, але тварам ткнуўся ў нейкую сухую ламачыну, мусіць, корань ад нейкага зелля, і рассек сабе твар каля вуха. Моцна яму забалела, і пацякла кроў, і ён закрычаў.

— Флёрку Гняды забіў! — крыкнулі хлопцы, падбягаючы ўжо зусім блізка.

Флёрка ўсхапіўся, выплюнуў з рота зямлю, абцёр кроў з твару і пабег з крывавай пісагай каля вуха за Гнядым.

Усё таксама плакалі па дзецях балотныя птушкі; перад ім узляталі вароны, а ён бег усё, бег, размазваючы пальцамі кроў каля вуха.

Хлопцы злавілі Гнядога каля рэчкі.

Флёрку дома абмылі твар і абвязалі хусткай. Ён адразу павесялеў і нават пайшоў гуляць на вуліцу. А ўначы яму снілася, што ляжыць ён пасярод двара, а Гняды рве яму твар зубамі. Ён доўга не мог прачнуцца і доўга так мучыўся ў сне. Прачнуўся ён са злосцю на Гнядога і з нянавісцю да яго. Ён выйшаў на вуліцу, а там ужо былі ўсе тыя, што ганялі ўчора па балоце сабак і разбуралі птушыныя гнёзды. Тут быў Варывончыкавых Сцёпка, той самы, што за некалькі дзён да гэтага ўкінуў у студню здохлага крата. Быў і Віцюк Жаброўскіх, майстар выбіваць шыбы ў вокнах. Быў яшчэ і Мішка Казлоўскі, які пазаўчора цвяліўся праз плот з Тамашовым сабакам, не бачачы, што ў плоце паміж каламі дзірка. Сабака выскачыў праз дзірку і адарваў яму зубамі калошу ў портках. Адным словам, цяпер на вуліцы кампанія сабралася не абы-якая.

Флёрка падышоў да гэтых хлапцоў. Усе абглядзелі Флёркаў твар, пагаварылі пра ўчарашняе здарэнне. Флёрка расказаў ім пра свой сон. Ён так сказаў:

— Мне снілася, што гэты Гняды, каб ён здох, ірве мяне зубамі за твар.

— Гэта брыдкі конь, ён вельмі ляны,— сказаў Сцёпка.

— Да работы дык ён ляны, а брыкацца дык ён майстар,— сказаў Віцюк.

— От ліха на яго, хадзем дамо яму,— сказаў Мішка.

Усе яны адышліся пад кляны і пачалі шаптацца. А пашаптаўшыся, яны пайшлі ў сад, знялі тры тонкія падпоркі з-пад яблынь і падаліся пад стайню. Дзед Павел толькі што прыехаў на Гнядым з кааперацыі, распрог яго і паставіў да жолаба. Учатырох яны ўвайшлі ў стайню. Флёрка астаўся стаяць каля сцяны, а тыя ўтрох зачынілі дзверы, адцягнулі Гнядога ад жолаба, прывязалі да слупа і пачалі моцна біць яго прутамі. Білі яго па галаве, па рэбрах, па жываце. Гняды кідаўся ва ўсе бакі, ірваўся з прывязі, а яны ўсё білі яго.

— За што вы яго б’яцё?! — закрычаў раптам Флёрка, кідаючыся да іх.

Яны паапускалі пруты і спачатку быццам са здзіўленнем глядзелі на Флёрку. Пасля паглядзелі на Гнядога. І яны ўбачылі, што ён сочыць сваімі вялікімі вачыма за кожным іх рухам.

— Косенька мой, косенька,— прагаварыў раптам Флёрка.

— А ён жа цябе ўчора на зямлю паваліў! — заікаючыся, крыкнуў Мішка.

— Косенька, косенька,— не сціхаў Флёрка, падыходзячы да Гнядога.

Усе ўтрох паглядзелі на каня і зноў убачылі яго вочы. І ім здалося, што гэтыя конскія вочы пранізваюць іх навылёт і ўсюды будуць бачыць іх, дзе б яны ні былі. Яны перавялі свае вочы на Флёрку, а той ужо гладзіў Гнядога па шыі. Саромеючыся глядзець адзін аднаму ў вочы, яны, адзін за адным, выйшлі з стайні. Яны адразу разбрыліся хто куды, каб не быць разам.

Флёрка астаўся каля Гнядога. Ён яго паставіў на ранейшае месца пры жолабе, выйшаў, набраў свежай канюшыны, паклаў у жолаб і стаў глядзець на яго. Гняды не еў. Флёрка прыўзняўся на пальчыках і пагладзіў Гнядому лоб. Гняды не еў.

Тады Флёрка прытуліўся тварам да белых дошак новага жолаба і горка заплакаў.


1926; 1939?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан