epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Франтаваты камендант

У нашым мястэчку чатыры вуліцы. А калі я яшчэ быў малады, гэта ў першыя часы пасля вайны з палякамі, тут тады было пустое месца. Поле і лес. Зямля раней была панская. Пасля, пры Савецкай уладзе, мы ўсе, у каго раней не было ні зямлі, ні пляца, ні хаты, пачалі будавацца. Год за годам і павырасталі новыя хаты і дамы. Пабудавалі мы і школу. А тым часам і дзеці ў нас нараджаліся. Растуць сабе малыя. Прайшлі годы, дык з тых дзяўчатак, што тады парадзіліся, такія дзеўкі павырасталі, што аж вачэй ад яе не адарваць, калі каторая пройдзе перад табою або засмяецца. Жылі мы ў сваім новым мястэчку хораша. У раннюю весну, бывала, толькі снег сыдзе і зямля падсыхаць пачне, дык так ужо і ведай: з кожнага двара ці саду такім смачным духам цягне, што аж слінка цячэ. Гэта людзі вэндзілі сабе на лета шынкі, паляндвіцы і каўбасы. А сыры якія ў нас рабілі! Таго сыру, здаецца, і жаваць не трэба, сам ён у роце растае. Ды што сыры! Усё ў нас добрае было. Хаты якія стаялі, дамы якія! Якія кветкі перад вокнамі раслі! А якая капуста радзіла ў агародах! А якія сады ўзяліся на яблыкі і грушы! А колькі збожжа нажыналі! Тыя дзяўчаты, што нарадзіліся на свет, калі пачало будавацца наша мястэчка, да гэтага часу ўжо і замуж пачалі ісці, як раптам з’явіўся да нас нейкі Грызгамер, франт і забіяцкі хвалько. Праўда, ён не адразу ўзяў і з’явіўся. Спачатку нямецкае войска ішло і палавіну нашага мястэчка выпаліла. А пасля з’явіўся і камендант Грызгамер.

Галіўся, падла, чыста, рыжыя вусы падстрыгаў штодзень і нават, казалі, калі да ветру садзіўся, дык трымаў перад сабою круглае люстэрачка і ўсё ўглядаўся ў яго, усё нейкія прышчы выціскаў пад губою і на пераноссі. Але чорт яго бяры з яго губою, няхай яна яму навек апухне. Але ж ён не толькі прышчы тыя на сваёй мордзе выціскаў, а жыць нам не даваў. Яго рукамі ўсё рабілася. То ў Германію нашых людзей гоняць, то хлеб забіраюць, то дзяўчат немаведама куды забіраюць, то дзяцей страляюць. Вядома, немцы! Самае паганае на свеце стварэнне — гэта немец. Абжора, сквапнік, злодзей. Я ведаў немца, які ўкраў у Дарахвея порткі, схаваў іх сабе ў шафу, а пасля падводзіў усіх да шафы і хваліўся, што ён порткі выдумаў і што каб не ён, то людзі без портак хадзілі б.

Камендант у нашым мястэчку Грызгамер быў такі свінюк, якога свет не бачыў. Жор, спаў, піў, чапіўся да жанчын, вешаў людзей, страляў дзяцей і, нарэшце, прыгледзеўся да аднае нашае дзяўчыны, равесніцы нашага мястэчка— Ганны. Спачатку ён яе ўгаварваў, а пасля сказаў, што калі яна не гляне на яго так, як яму хочацца, то ён адправіць яе ў Германію.

Не ведаў берлінскі кураед, што за асоба наша Ганна. Прыходзіць Ганна да мяне і кажа мне:

— Што рабіць, дзядзька Сымон? Жыць не дае паганы немец.

— Э, дачухна ты мая! Хіба адной табе не дае. Усяму народу не дае жыць немец. А гэтую прышчаватую падлу мы зараз ажэнім. Выведзі яго за мястэчка як-небудзь.

Далей усё пайшло вось як: каля нашага мястэчка быў малады парк, яго пасадзілі 25 год назад. Парк ужо добра ўзбуяў. Ветру ўжо было як пабушаваць у вершалінах дрэў. У нядзелю па абедзе Ганна ішла сюды, і яе вёў пад руку Грызгамер. Прыйшлі яны і селі па лаўку. Выходжу я з-за кустоў і да Грызгамера:

— Што, з нашай Ганнаю пагуляць захацеў?

— Не, не,— спалохаўся ён,— гэта я захацеў павучыць вашу Ганну нямецкай культуры.

— Гэ,— сказаў я,— дык жа злодзей куды стаіць вышэй за немца. Той, калі ўлезе ў чужы свіран, дык хоць не хваліцца, што гэта ён залез у свіран, каб абкультурыць яго. Можа, ты,— сказаў я,— будзеш гаварыць, што з Нямеччыны сюды прывалокся, каб зрабіць дабро нашаму мястэчку?

Але тут Ганна не вытрымала, і мне стала брыдка.

— Дурны ты, дзядзька Сымон! — крыкнула Ганна.— Нашто ты з немцам гаворыш? З немцам не трэба гаварыць. Яго трэба біць, пакуль дух з яго не выйдзе.

Гэта былі апошнія чалавечыя словы, якія прышчаваты немец чуў на гэтым свеце.

Каб нямецкая падла не засмуродзіла нашага парку, мы таго прышчаватага немца закапалі адразу ж.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан