У нашым мястэчку чатыры вуліцы. А калі я яшчэ быў малады, гэта ў першыя часы пасля вайны з палякамі, тут тады было пустое месца. Поле і лес. Зямля раней была панская. Пасля, пры Савецкай уладзе, мы ўсе, у каго раней не было ні зямлі, ні пляца, ні хаты, пачалі будавацца. Год за годам і павырасталі новыя хаты і дамы. Пабудавалі мы і школу. А тым часам і дзеці ў нас нараджаліся. Растуць сабе малыя. Прайшлі годы, дык з тых дзяўчатак, што тады нарадзіліся, такія дзеўкі павырасталі, што аж вачэй ад яе не адарваць, калі каторая пройдзе перад табою або засмяецца. Жылі мы ў сваім новым мястэчку хораша. У раннюю весну, бывала, толькі снег сыдзе і зямля падсыхаць пачне, дык так ужо і ведай: з кожнага двара ці саду такім смачным духам цягне, што аж слінка цячэ. Гэта людзі вэндзілі сабе на лета шынкі, паляндвіцы і каўбасы. А сыры якія ў нас рабілі! Таго сыру, здаецца, і жаваць не трэба, сам ён у роце растае. Ды што сыры! Усё ў нас добрае было. Хаты якія стаялі, дамы якія! Якія кветкі перад вокнамі раслі! А якая капуста радзіла ў агародах! А якія сады ўзяліся на яблыкі і грушы! А колькі збожжа нажыналі! Тыя дзяўчаты, што нарадзіліся на свет, калі пачало будавацца наша мястэчка, да гэтага часу ўжо і замуж пачалі ісці, як раптам з’явіўся да нас нейкі Грызгамер, франт і забіяцкі хвалько. Праўда, ён не адразу ўзяў і з’явіўся. Спачатку нямецкае войска ішло і палавіну нашага мястэчка выпаліла. А пасля з’явіўся і камендант Грызгамер.
Галіўся, падла, чыста, рыжыя вусы падстрыгаў штодзень і нават, казалі, калі да ветру садзіўся, дык трымаў перад сабою круглае люстэрачка і ўсё ўглядаўся ў яго, усё нейкія прышчы выціскаў пад губою і на пераноссі. Але чорт яго бяры з яго губою, няхай яна яму навек апухне. Але ж ён не толькі прышчы тыя на сваёй мордзе выціскаў, а жыць нам не даваў. Яго рукамі ўсё рабілася. То ў Германію нашых людзей гоняць, то хлеб забіраюць, то дзяўчат немаведама куды забіраюць, то дзяцей страляюць. Вядома, немцы! Самае паганае на свеце стварэнне — гэта немец. Абжора, сквапнік, злодзей. Я ведаў немца, які ўкраў у Дарахвея порткі, схаваў іх сабе ў шафу, а пасля падводзіў усіх да шафы і хваліўся, што ён порткі выдумаў і што каб не ён, то людзі без портак хадзілі б.
Камендант у нашым мястэчку Грызгамер быў такі свінюк, якога свет не бачыў. Жор, спаў, піў, чапіўся да жанчын, вешаў людзей, страляў дзяцей і, нарэшце, прыгледзеўся да аднае нашае дзяўчыны, равесніцы нашага мястэчка — Ганны. Спачатку ён яе ўгаварваў, а пасля сказаў, што калі яна не гляне на яго так, як яму хочацца, то ён адправіць яе ў Германію.
Не ведаў берлінскі кураед, што за асоба наша Ганна. Прыходзіць Ганна да мяне і кажа мне:
— Што рабіць, дзядзька Сымон? Жыць не дае паганы немец.
— Э, дачухна ты мая! Хіба адной табе не дае. Усяму народу не дае жыць немец. А гэтую прышчаватую падлу мы зараз ажэнім. Выведзі яго за мястэчка як-небудзь.
Далей усё пайшло вось як: каля нашага мястэчка быў малады парк, яго пасадзілі 25 год назад. Парк ужо добра ўзбуяў. Ветру ўжо было як пабушаваць у вершалінах дрэў. У нядзелю па абедзе Ганна ішла сюды, і яе вёў пад руку Грызгамер. Прыйшлі яны і селі на лаўку. Выходжу я з-за кустоў і да Грызгамера:
— Што, з нашай Ганнаю пагуляць захацеў?
— Не, не,— спалохаўся ён,— гэта я захацеў павучыць вашу Ганну нямецкай культуры.
— Гэ,— сказаў я,— дык жа злодзей куды стаіць вышэй за немца. Той, калі ўлезе ў чужы свіран, дык хоць не хваліцца, што гэта ён залез у свіран, каб абкультурыць яго. Можа, ты,— сказаў я,— будзеш гаварыць, што з Нямеччыны сюды прывалокся, каб зрабіць дабро нашаму мястэчку?
Але тут Ганна не вытрымала, і мне стала брыдка:
— Дурны ты, дзядзька Сымон! — крыкнула Ганна.— Нашто ты з немцам гаворыш? З немцам не трэба гаварыць. Яго трэба біць, пакуль дух з яго не выйдзе.
Гэта былі апошнія чалавечыя словы, якія прышчаваты немец чуў на гэтым свеце.
Каб нямецкая падла не засмуродзіла нашага парку, мы таго прышчаватага немца закапалі адразу ж.