epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

І вада заліта крывёю

I
ІІ
ІІІ
IV
V

VII


I

У вечнай стомленасці, з потам і слязьмі, сярод шэранькага дзерава душных хат, у недастатках і непакою спрадвеку цягнулася гэтае жыццё. Ад гэтага жыцця жанчына пад трыццаць год здавалася старою — звяўшы твар яе з самых маладых год набываў усе адзнакі цяжкае заклапочанасці, і вочы глядзелі тупа.

Маці трымала на руках дзіцянё, і яе постаць тады магла быць вялікім увасабленнем адвечнага гора і слёз.

Гэтая адвечная няпраўда, гэтая весялосць адных, вырасшая на пакутах другіх, выявілася як забітасць і загнанасць адвечных бедакоў-вяскоўцаў, як забітасць і ціхасць голых і босых жыхароў мястэчак і гарадоў.

І тут, у нас, на нашай вялікай гэтым горам зямлі, яшчэ і другая «форма» прыгнечання выявілася найбольш як дзе — ляжыць яна, Беларусь, там, дзе ганаровыя дыпламаты і палітыкі, вялікія гандляры, «апекуны культур», заваявацелі пракладвалі шляхі для сваіх паходаў, знаходзілі месца для сваіх крывавых спатканняў.

Беларусь, разам з Украінай, дала новы від пакутніка — назва якому бежанец, уцякач.

Усё гэта ўва ўсёй вастраце сваёй устае ў памяці цяпер, калі беларускія вёскі на захадзе задыхаюцца пад новай панскай навалай пілсудчыны.

У той нядаўны час, калі слёзы змяніліся на кроў і смерць, адчутае і перажытае пакутнікамі ці змагло расказаць аб сабе будучым пакаленням глыбінёю слядоў сваіх?!

З шматлікіх падзей, вось тут некалькі іх.

Малоў ён муку ў сваіх сенцах у жорнах саматугам — гаспадар у Селішчах, што 8 вёрст каля Слуцка. І тады ціха і спакойна ўвайшло двое польскіх салдат, так жа ціха адцягнулі яго ад жорнаў, вывелі на двор і далі прыкладам у твар.

Проста так, на пацеху.

Далі другі раз, пасля яшчэ спакайней трэці раз, і тады надышла смерць.

У век тэхнікі, у век аўтамабіляў, браневікоў, прыаружаных паветраных караблёў, танкаў і мінаносных караблёў — хто застаўся дамалоць муку на першабытнай прыстройцы, саматужных жорнах у цёмных сенцах?!

Тады Селішча баранілася — моладзь пайшла ў партызаны.

У адзін дзень зноў польскія салдаты разышліся па селіцкіх хутарах. І вось злавілі зноў селіцкага чалавека. Таму было за сорак год, гэтаму за дваццаць.

У лесе было зацішней, мусіць, мучыць; дапыталі і тады павялі яго. Мучылі тут у лесе таксама паволі. Паволі адрэзалі вуха, пасля пачалі выбіваць зубы.

Выбівалі ўсе да апошняга. Так, нацешыўшыся, пакінулі там уміраць.

Ніхто не ведае, колькі там канчаўся ён, гэты селянін з Селішчаў. Можа ён там канчаўся ўвесь той астатак дню і ноч, можа зваў каго.

Лес маўчыць.

Акрываўлены мох, лясная трава — нямыя сведкі, ды засталіся яшчэ слёзы і боль родных.

Там жа непадалёку Еўлічы пылалі ў агні.

Куды было дзецца?

 

ІІ

 

У гарачыя дні на сухую зямлю асыпалася пераспелае жыта. Яно мясцамі і зжата было, і глумілася ў перасохшых снапах, мясцамі стаяла нязжатым — ламалася саломаю і ападала. Палявыя дарогі маўчалі цяжкім пылам — пустыя былі яны ў тыя дні.

Як бы гэта было ўвасабленне вялікага жаху, смерці, якая ўзнялася ўва ўсім сваім вонкавым маўчанні.

Гарачыя дні маўчаннем сваім павялічвалі гэты жах.

У такі дзень, 20 ліпеня, гарэла вёска Кулакі, што ў Капыльскім раёне на Случчыне.

У поўдзень прыйшлі сюды 5 чалавек польскіх салдат. Можа кожны з іх паасобку, і напэўна, што гэта так, думаў тады аб сваім закінутым недзе там у Познані ці за Калішам полі з маргамі бульбы і загонамі пшаніцы; у глыбіні істоты кожнага з іх паасобку, мусіць, варушыліся адценні жалю і смутку па блізкіх людзях — там можа дзе і брат меншы быў хворы, і бацька стары немагушчы...

Але аб гэтым не можна гаварыць адзін аднаму, гэта трэба задушваць, і вось яно пералілося ўжо ў іншыя формы і паднялося як нянавісць да таго, хто жыве тут на гэтай чужой зямлі. І вось яны — ужо ўвасабленне панскай дзяржавы, самі выйшаўшыя з «хлапцоў» — абаронцы прыгнечання гэтых хлапцоў, жалезная сіла яснавяльможных, што маюць сабе падуладных — і там, у маёнтках, забітых і бяспраўных парабкаў, і тут, на вайне — паслушных і азвярэлых салдат.

Панская Польшча! Выведаўшая за часы царскага расійскага панавання ўсю цяжкасць прыгнечання і цяпер стаўшая найяскравейшым узорам краіны з самым цяжкім прыгнечаннем слабага моцным, мужыка панам і народа народам.

І за замацаванне гэтага прыгнечання выступіўшая тады ваяваць.

І вось у вёсцы Кулаках пяць салдат прайшлі па вуліцы, прайшлі, як гаспадары над забранымі. А гэтыя забраныя — ціха і баязліва сядзелі ў сваіх хатах.

Што будуць рабіць гэтыя салдаты?

Салдаты пачалі грабіць і выказваць рызыку маладых і храбрых ваякаў. Тады на абарону вёскі падышлі партызаны — з-пад мястэчка Цімкавіч, вёрст за тры.

Пяць польскіх салдат весела вярнуліся ў Кіевічы, да сваіх галоўных сіл і вось неўзабаве адтуль пад вёску Лешню вывезлі батарэю і пачалі біць па вёсцы Кулаках, па запалоханай і забітай вёсцы, дзе не было ніводнага вайсковага, ніводнага салдата і нават амаль не было моладзі. Заставаліся тут тады жанчыны, дзеці, стомленыя работай і трывожным непакоем гаспадары.

Так адбыўся абстрэл гэтае вёскі, абстрэл з батарэі, 20 ліпеня 1920 г. Як абстрэл спынілі, прыслалі тады сюды 50 салдат. І вось гэтыя 50 чалавек — азвярэлая сіла Польшчы — у 20 месцах пачалі падпальваць вёску. Падпальвалі праз кожную хату.

Хаты нізенькія і салома стрэх сухая — падыдзе салдат да хаты, запаліць запалку і ўткне ў салому страхі. І тады спакойная вясёласць з’яўляецца ў яго.

І патроху, неўзаметку, гэта перайшло ў пацеху і гэтага стала здавацца мала. Трашчаць толькі салома і дрэва ў агні, трэба яшчэ, каб хто, канчаючыся ў ім, крычаў, зваў на дапамогу, маліўся аб паратунку, моцна кідаючыся і чуць варушачыся ў пакутах.

І вось злавілі селяніна Макарэвіча Мікалая, абабралі яшчэ непадпаленую хату, увялі яго туды, замкнулі і хату падпалілі.

 

ІІІ

 

Што адчуваў селянін Макарэвіч Мікалай, седзячы зачыненым у падпаленай хаце, абкружанай польскімі салдатамі? Ці мог цяпер яшчэ думаць ён аб зглумленым жыце на полі?

У агні і дыме высыхаць стала сарочка, чорным потам прыліпшая кагадзе да цела, і змучанае трывогамі апошніх дзён цела набыло раптам нервовую сілу, якая здольна ў востры момант ірвануць чалавека на нечалавечую патугу, а пасля кінуць яго ў знялюддзе на зямлю. І рвануўся там у агні селянін Макарэвіч Мікалай.

Салдатам надакучыла, мусіць, трохі аднастайнасць забаўкі, і яму ўдалося выскачыць з агню і пабегчы ў нямым жаху. Так удалося яму збавіцца.

 

* * *

Хто думаў з храбрых абаронцаў яснавяльможнае Польшчы аб тым — нашто гэтая маленькая забаўка ў ціхай, багатай лапцямі, саматужнымі жорнамі і ліпкім потам стамлёных ног беларускай вёсцы, забаўка — якая праз паўдня тут жа і забудзецца зусім і назаўсёды, як толькі знікнуць з вачэй попел і абсмаленыя косці!

Перад тым як падпальваць, пакінулі страляць, так і стала зусім ціха.

Крык тануў тут жа на вуліцы, а як гарэла салома і дзерава — толькі ціхі трэск быў і больш нічога.

Таксама ціхенька згарэў і ён — малы, пяцігадовы. Гуляў ён ціха ў хаце, пасля падпалілі хату, і ён там кончыўся. І ўсё. А перад гэтым ён у зрэб'і бегаў па вуліцы, плакаў, калі яго пакідалі аднаго, ідучы на работу, можа часамі недаядаў, а пасля, вырасшы, мог недасыпаць ад мноства работы... А цяпер згарэў, задушыўся ў дыме.

Ён там у агні і дыме, мусіць, заплакаў моцна, заенчыў, пазваў матку, пасля скурчыўся, пасля выпрастаўся на апаўшых гарачых вуголлях, але хто яго чуў адтуль?! А калі хто й чуў — хто што мог зрабіць.

На вуліцы стаялі салдаты Польшчы, далей за дымам і апаленымі платамі, дзе пачыналася поле — людзі. А тут хто быў — для яго была вялікая адзінота. А для анямелага дзіцяці — твары салдат, якімі яго палохалі, калі ён бачыў іх,— ці не здаліся яны яму вялікай пустыняй! А ў пустыні заўсёды маўчыць пясок і жаўцее спакойна неба.

Ціха і спакойна! І хто там пачуе плач дзіцяці!

 

IV

Цяпер ён стаіць, сівы, стары, са змучаным жыццём тварам. І толькі ў вачах яго гараць агні, калі ён расказвае аб тым, як прабавалі выхватваць яны з агню набыткі свае. Як лавілі іх, адбіралі з рук і кідалі назад у агонь. Як схваціў ён два кажухі, а яго злавілі з вясёлым смехам:

— Кідай у агонь!

Ён маўчаў.

— Кідай у агонь!

І схвацілі за рукі, заламалі іх назад. Тады ён у слязах і болю прыгнуўся, як бы хацеў кінуцца на зямлю, і прыпаў губамі да рукі польскага салдата.

Жыць жадаў бядак!

У час вялікай барацьбы за знішчэнне прыніжанасці чалавека перад чалавекам Польшча прыслала на Беларусь абаронцаў гэтае прыніжанасці, на Беларусь, якая нядаўна тады ледзьве пазбавілася была ад «далікатнага» панства з абцалованымі белымі рукамі. І вось гэты ваяка за Польшчу з белымі рукамі, абцалованымі паднявольнымі слугамі — гэты ваяка раптам выпусціў рукі злоўленага вяскоўца і пусціў яго. Можа пасля ён і хацеў вярнуць яго, каб і кажухі яго і яго самога кінуць у агонь, а тады — пусціў: захапленне ахваціла яго, калі чалавек прымушаны быў прынізіцца перад ім.

І вось злавілі яны хлапчука — было яму тады гадоў трынаццаць. Злавілі, патрымалі, а пасля пхнулі і пагналі па вуліцы. І як пабег ён, зноў злавіць яго пажадалася ім і пачалі даганяць. Бегучы ён скінуў сарочку, каб не пазналі яго, а яго пазналі і дагналі. І вось узялі яго за плечы, падвялі да сцяны, што не паспелі яшчэ запаліць, і пачалі біць ім аб сцяну.

Чаго яны ад яго хацелі? Чаго ім ад яго трэба было?

І вось вясковец. Угледзеў ён, як падышлі падпальваць яго хату. Тады з свайго двара кінуўся ён уцякаць. Пабег у бок палеткаў і адчуў, што па ім страляюць. Тады ён упаў і папоўз. Так пад абстрэлам поўз ён да спелых ячменяў і там у трывозе і непакою лёг на зямлю. Так і ляжаў і за шчасцем жыў застаўся.

У другім жа канцы ахвачанай агнём вуліцы лавілі і білі сялянак.

 

V

Білі жанчын.

Маці, сястра — стаялі ў агні перад сцяною яснавяльможнае панскае сілы, стаяла вечная пакутніца зямлі — прыбітая, зняважаная. Маці — сканаўшых у агні дзяцей, прыбітых галавою аб сцяну, маці дзяцей, уцёкшых у вялікай трывозе ў поле, страшнае цяпер і адзінокае. Сястра забітых жалезам у твар, заведзеных у лес на пакуты, жонка ўкінутых жывымі ў агонь.

Вялікая жанчына Беларусі — сялянка!

У яе не высыхаюць слёзы на змораным твары, слёзы па загінуўшых у пакутах.

Гэта маці тых герояў-сялян, якія трымалі некалькі месяцаў фронт на Бабруйшчыне, замяніўшы, калі трэба было, рэгулярную Чырвоную Армію.

Білі ў вёсцы Кулаках жанчын, а сама вёска дагарвала. Ціха, як свечка, ужо нават і нямоцны трэск дзерава ў агні сціх.

Пацеха была скончана, а пацешыцца хацелася больш, і вось пробавалі зганяць сялян, і чуваць была гаворка афіцэраў, што «патрэбна сабраць усіх і залпамі пастраляць».

Канчацца пачынаў дзень. Хто вырваўся з салдацкіх рук, хто раней пакінуў роднае папялішча — нічога тут не было ўжо вартаваць. Усё было скончана, быў попел, вуголле, абсмаленае дзерава і абгарэлыя косці.

Тады палякі ўспомнілі аб пажыве. Знайшлі выратаваную жывёлу і пагналі з сабою цэлае стада. Яшчэ знайшлі коней і пагналі з сабою 25 самых лепшых. І вось тут знаўцы кавалерыйскага хараства і хараства вышкаленых коней выявілі сваю прыхільнасць да выбару коней і прынялі гарачы ўдзел у гэтым — польскія афіцэры. Раней, як салдаты палілі вёску, кідалі ў агонь людзей і грабілі — тады яны былі вясёлымі наглядальнікамі, былі ў захапленні ад рэдкага гульбішча і давалі толькі загады. Тут у іх не хваціла цярплівасці не дзейнічаць самім. Тут была пажыва...

Канец дню прынёс канец усяму на гэтым маленькім куточку Беларусі. Нацешыўшыся і пажывіўшыся, зніклі яны, тут жа, мусіць, забыўшы ўсю гэтую справу. І на месцы вёскі Кулакоў застаўся чорны твар руін і нямая пустыня душ, і страшная пустыня ў паўнаце, бо нічога не было выплакана і нічога не было выказана.

І цяпер сівы і слабы стаіць ён, выпакутаваўшы ўсё гэта, аддаўшы чорным здарэнням сваю жыццярадасць, ён захаваў у сабе вялікую чуласць. І вось па яго абветраным у полі твары, па маршчаках, на сівую бараду цякуць саромлівыя ціхенькія слёзы.

І ён ледзьве выгаварыў адну фразу, якая сказала ўсё. Ён сказаў:

— Колькі здароўя адабралі!

І больш нічога не гаварыў. І ўсе, хто быў тут, думаючы аб усім гэтым, былым, памаўчалі ў тую хвіліну...

Сем год прайшло. Хаты забудаваліся новыя. Забудуецца ўсё. Улетку поле зноў шуміць жытам і ўвосень цешыцца зялёнаю рунню. Зямля на сабе згладзіла сляды.

Але ці згладзяцца сляды ў людскіх істотах?

Ніколі не гляне весела сагнутая горам постаць, і ніколі не вернецца «адабранае здароўе».

Маленькі куточак зямлі ўпісаў у гісторыю Беларусі — у гэтую гісторыю толькі адных пакут краіны, пакут стагоддзяў — гісторыю новай пакуты. (...)

 

У Случчыне яшчэ вёска Быстрыца ўведала польскага салдата і афіцэра.

Быстрычанін павёў у кузню раскоўваць каня, і там жа гэтага каня польскі салдат адабраў. У той жа дзень у другога быстрычаніна забралі каня з дому. І рабавалі ўсё: і палотна і адзежу — такія «дробязі», як сялянская зрэбная адзежа, лічыць і не патрэбна была ім, але тут быў нейкі «ваяцкі прынцып».

У суседніх вёсках Дзярэчыне забралі табун коней, у Мацкевічах — таксама табун коней. Убачылі на быстрыцкіх палях стада кароў — і сержант польскае арміі Шуба заявіў аб патрэбе забраць і іх. Забралі.

Гэта было ўлетку, калі адступалі.

А зімою, у час «мірнае стаянкі», днём па вуліцы білі быстрычаніна Васіля Бабейку — старога, год семдзесят.

Білі кулакамі ў твар, дзеравам вінтоўкі ў грудзі.

Летам, як забіралі ўсе набыткі, некалькі чалавек сялян пробавалі бараніцца — і вось цяпер шукалі «кіраўніка гэтае абароны».

І рабілі допыты над сялянамі — кулакамі, жалезам і дзеравам.

Перад самым адыходам са Случчыны, па Рыжскай згодзе, яшчэ паспелі наладзіць суд над 6-цю быстрычанінамі. Судзілі за тое, што ў іх вёсцы было некалькі прыаружаных сялян, якія некалі прабавалі бараніцца, калі ў цэлай вёскі забіралі коні, іншую жывёлу, дробныя рэчы. Засудзілі на розныя тэрміны турмы — некаторых на восем год. Зразу ж пасля суда прыйшлося ім пакідаць Случчыну — увайшла ўжо ў сілу Рыжская ўмова. І засуджаных сялян павезлі з сабою ў Польшчу. Павезлі з беларускай зямлі беларусаў у польскія турмы. Прыйшлі, аграбілі, паздзекаваліся. Калі прыйшлося пакінуць акупаваную зямлю, судзілі і павезлі з сабою, у свае турмы.

За што? І дзеля чаго? (...)

 

Усё перанёс беларускі селянін. Усякія пакуты ўведаў і ў вострыя моманты на ўсё здольны. І вось, дзякуючы вялікай напружанасці настрояў, вялікай рашучасці, засуджаным удалося ўцячы з падарожжа ў Польшчу.

 

VII

Бачыў я адно здарэнне — польскі афіцэр патрабаваў у сялян нейкіх коней, нейкіх фурманак, яшчэ нечага мала патрэбнага яму. Нехта спрачаўся, нехта нешта сказаў... Тады ён закалаціўся ад злосці, ударыў каня свайго шпорамі і пад’ехаў да бліжэйшае хаты, гатовы падпаліць салому яе страхі.

Было гэта ў мястэчку Цімкавічы, на Случчыне, у пачатку лета.

Нехта заплакаў, нехта закрычаў.

І от падышоў хворы, стары яўрэй Г. С. Ён яшчэ некалькі момантаў пастаяў, як бы не могучы адразу зразумець становішча рэчаў. Пасля баязліва папрасіў:

— Панок, не губіце людзей.

Панок строіўся падпаліць страху.

Тады зноў сказаў ён:

— Панок, не губіце людзей.

Моцна ён не мог гаварыць, вочы, поўныя слёз ад старасці, падняў высока — на ўзровень твару паніча. Панок тады моцна закрычаў на яго.

Тады ён прыгнуўся ўсяею постаццю, раптам прыблізіў твар да стрэмя і пацалаваў у бот панку. І тады панок ад’ехаў — злосны і горды.

Ці не ўвасабленне гэта ўсяго таго, на чым і з чаго пабудавана панская цывілізацыя!

У гэтай пакорлівасці старога і хворага я не ўбачыў рабства. З гэтае «пакорлівае» ціхасці выліліся пасля хвалі паўстанняў на ўсёй Беларусі, гарэў агонь вялікага змагання за права чалавечнасці...

І цяпер, калі Беларусь яшчэ ўсё пакутуе, аблітая крывёю і слязьмі на ўсім Захадзе сваім, ад панавання над ёю польскай панскай цывілізацыі — цяпер: хіба можна спакойна быць і не быць у агні і бурах?!

Расстраляныя на родных палях, зажыва спаленыя ў сваіх уласных хатах, не могшыя нават падаць голасу аб дапамозе, катаваныя ўсімі спосабамі, якія толькі да гэтых дзён прыдумала навука і тэхніка буржуазных цывілізаваных краін — вось сляды ў нашай краіне Беларусі.

Глыбокая культура беларускіх рабочых і сялян, прыдушаная вякамі, і цяпер, ва ўсходняй савецкай частцы Беларусі, вызваленае з-пад ярма, атрымаўшая ўсе магчымасці развівацца, высока развіўшыся і даўшы вялікія каштоўнасці ў скарбніцу будучай інтэрнацыянальнай культуры — з’явіцца вялікім культурным помнікам над усімі пакутамі Беларусі.

Наша задача больш дасканала вывучыць ахвяры, якія былі вырваны з Беларусі паходам Польшчы. Вывучыць і больш падрабязна заявіць аб іх, каб панская Польшча, якая душыць цяпер Заходнюю Беларусь, не гаварыла аб Беларусі як аб нейкім козыры, якім можна «казыраць», а каб яна прымушана была сказаць, што гэты «козыр» ёсць жывая істота, ахвачаная вострымі пакутамі, у крыві і слёзах.

«Усю крыўду за сваю айчыну мы вылічым у судны дзень».


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан