epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Ірынка

ПЕРШАЯ ДЗЕЯ
ДРУГАЯ ДЗЕЯ
ТРЭЦЯЯ ДЗЕЯ
ЧАЦВЁРТАЯ ДЗЕЯ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ :

Ксавэры Лямэнт — асаднік, чалавек жвавы, рухавы, мае пяцьдзесят год.

Юзэфа (Юзя Тамашэўская) — Лямэнтава наймічка, дзяўчына год трыццаць.

Чарноцкі — буйны дзяржаўны чыноўнік у адным з міністэрстваў Польшчы. Маёнткі яго асталіся на тэрыторыі БССР. Мае год шэсцьдзесят.

Ярашэвіч — дэфензіўны чын у павеце, малады пан. Яму было не больш дзесяці год, калі бацька яго страціў свой маёнтак на тэрыторыі БССР. Служыць таму, што не мае іншага спосабу жыць.

Зыгмусь — Ярашэвічаў шафёр.

Хартановіч — год пад сорак. Некалі ўцёк з БССР у Польшчу.

Канстанцін Міхалковіч — дырэктар прыгранічнай МТС, у былым маёнтку пана Чарноцкага. Мае год шэсцьдзесят. Яшчэ з тысяча дзевяцьсот пятага года паміж ім і Чарноцкім устанавілася вялікая варожасць.

Мікалай Міхалковіч — сын Канстанціна Міхалковіча, мае год сорак, жыве з сям’ёй каля граніцы ў Польшчы на зямлі пана Чарноцкага. Плаціць арэнду за займаемае месца. Зямлі ў Чарноцкага тут асталося не больш дзесяці дзесяцін. На гэтых мізэрных астачах ад колішніх вялікіх уладанняў ён ужо не можа панаваць.

Насця — Мікалаева жонка, спрацованая і хворая жанчына. Калі яна гаворыць са сваёй малой дачкой Ірынкай, на твары яе часта з’яўляецца ціхая ўсмешка і вочы гараць вялікім імкненнем. Тут яшчэ асталіся рысы ад мінулай маладосці.

Ірынка — дачка Мікалая і Насці. Ёй год дзесяць.

Валя — унучка Канстанціна Міхалковіча. Бацька яе — сын Канстанціна Міхалковіча — палкоўнік Чырвонай Арміі. Яна госціць у свайго дзеда. На два гады старэйшая за сваю стрыечную сястру — Ірынку.

Чырвонаармеец.

 

 

ПЕРШАЯ ДЗЕЯ

Чысты пакой у доме Ксавэрыя Лямэнта. Абразы, на камодзе крыж з Хрыстом, радыёпрыёмнік, люстэрка, паляўнічыя стрэльбы і карабін, піяніна. Партрэты Пілсудскага і Рыдз-Сміглы, цвёрдая дзеравяная маляваная канапка, стол, камін, букет з вяргінь. Вечар. Гарыць лямпа, збіраецца на дождж. Чуецца далёкі, глухі гром. Маланка часта прабягае па чорных шыбах пакоя. З кожным разам грымоты блізяцца.

Ксавэры Лямэнт, у высокіх ботах, у плашчы і шапцы, гатовы некуды ісці, знімае са сцяны стрэльбу. Гэта чалавек бадзёры і рухавы. Ён любіць сябе і ад усялякага пярэчання адразу ўспыхвае злосцю. Цяпер ён у вельмі добрым настроі. Паварочваецца лёгка, спрытна — і таму, што ўсім на свеце задаволен, і таму, што пяцьдзесят пражытых год не гнятуць яго якім-небудзь нездароўем або адчуваннем блізкай старасці, і таму, што каля яго маладая жанчына. Юзя Тамашэўская змятае гусіным крылом у талерку недаедкі са стала, на якім у непарадку стаіць яшчэ некалькі талерак. Яна працуе павольна і трымае сябе так вольна, быццам яна тут адна і ніхто на яе не глядзіць. Яна адзета проста, як да работы, але чыста і з прэтэнзіяй на какецтва. Ксавэры Лямэнт не зводзіць з яе вачэй.

 

Лямэнт. Для таго, каб ачысціць стол, трэба казаць. Сама не ведаеш?

Юзя (весела і хітра). Адкуль жа я магла ведаць, што вы сёння дадому прыедзеце. Вы ж, як пайшлі пазаўчора, дык аж да сённяшняй раніцы.

Лямэнт. Дык тры дні гразь на стале.

Юзя. Гэта ж вы з гасцямі елі.

Лямэнт. Гразь... Каўбасы вывешвала на сонца?

Юзя. Ці свінні елі, ці шляхта папаску мелі.

Лямант. Пра каўбасы пытаю.

Юзя. Гэтыя каўбасы даўно ўжо з’есці пара, а то ўжо іх чэрві ядуць.

Лямэнт. Чаго адгыркваешся? Хто ты тут у мяне?

Юзя (рагоча). Служанка.

 

Лямэнт кладзе стрэльбу на стол, заходзіць ззаду да Юзі і хапае яе за плечы. Юзя адбягаецца. Лямэнт, растапырыўшы рукі, ловіць яе. Ён раптам размяк, асалапеў, гордая пастава яго сышла на нішто, ад усяго яго тхнула старасцю.

 

Лямэнт. Гадаўка... Калі зарагоча, дык не вытрымаць... Юзя.

Юзя. Толькі ж чатыры дні, як вы жонку пахавалі.

Лямэнт. А пры жонцы які я да цябе быў?

Юзя (рагоча). Такі самы. (Круціць гусіным крылом па яго твары.)

Лямэнт (з успышкай злосці). Што робіш, крыло мокрае. (Плюецца, адыходзіцца да люстэрка і выцірае твар.) Ты... Я цябе, можа, замуж хачу ўзяць, а ты...

Юзя. Э, я ад вас гэта ўжо другі год чую...

Лямэнт (перабівае). Дык тады ж яна жыва была.

 

Моцны грукат грому з маланкай. Пачынае шумець дождж. Лямэнт устрапянуўся, бярэ стрэльбу.

 

Юзя (прымірэнчым тонам). Ноч, гром, дождж... Куды вы зноў напроці ночы?

Лямэнт (увесь распаліўшыся). А ты што, мяне шкадуеш, што я змокну. (Доўга глядзіць на Юзю.) Бач, якая стала... Раз’елася... Круглая, гладкая... А прыйшла сюды, як дубец... (Кладзе стрэльбу на стол, падыходзіць быццам украдкам да Юзі, абнімае. Юзя моўчкі стаіць. Выбух грому і маланка. Лямэнт хапае стрэльбу і выходзіць.) Патушы лямпу. (Пайшоў.)

Юзя (адна). Куды ён ходзіць начамі? Старая падла. Божа, які праціўны, гадкі.

 

Забірае талеркі, гусінае крыло, тушыць лямпу і выходзіць. Гром і маланка бесперапынку. Чутна, як за вокнамі струмені дажджавой вады булькаюць і на зямлі і зверху. За сцяной гадзіннік б’е дванаццаць. Спачатку, прыглушаны навальніцай, чуецца аўтамабільны гудок працяглы, пасля нецярплівыя кароткія гудкі і чалавечыя галасы. Убягае Юзя, запальвае лямпу. Падыходзіць да акна. Маланка асвечвае вокны, гудкі не спыняюцца.

 

Юзя (схамянуўшыся). Зыгмусь! А божачка мой!

 

Выбягае ў сенцы. На ганку стукаюць у дзверы. Юзя ўводзіць у пакой Чарноцкага і Ярашэвіча. Зыгмусь нясе за імі чамаданы. Усе яны мокрыя. Ярашэвіч без шапкі.

 

Ярашэвіч (да Зыгмуся). Ты дарогі не ведаеш.

Зыгмусь. Няхай ласкавы пан даруе, але такі дождж. Дарога, як мора.

Ярашэвіч (да Юзі). Пераадзецца. А тут (паказвае на камін) прыгатаваць, як і заўсёды.

Юзя. Проша.

 

Зыгмусь шпарка перадае Юзі адзін чамадан, і яна вядзе Чарноцкага і Ярашэвіча ў бакоўку. Зыгмусь тым часам адчыніў другі чамадан, дастае адтуль бутэльку з каньяком і дзве чаркі, ставіць на стол. Рэжа і кладзе на сподак лімоны і пасыпае цукрам. Пасля выбягае праз сенцы і неўзабаве варочаецца назад з бярэмем дроў. Кладзе дровы на падлогу ля каміна. Убягае Юзя і шпарка ідзе да яго. Ён кідаецца да яе. Доўга стаяць абняўшыся.

 

Зыгмусь. Дык памятай: калі хочаш шчасця, то ні ў якім разе не згаджайся вянчацца з ім... пакуль ён не перапіша на цябе ўсё — і дом, і зямлю, і няхай грошы на цябе перапіша. Яшчэ раз кажу табе.

Юзя (сумна). Што за карысць. Яму хоць пяцьдзесят год, але ён такі здаровы, што доўга яшчэ будзе жыць на свеце.

Зыгмусь. Ты зноў раздумваеш?

Юзя. Не трэба яго, а адразу з табой павянчацца.

Зыгмусь (ускіпеў). Тады мне да самай старасці служыць трэба будзе, каб мець дом і ўсё, што к дому.

Юзя. Што ж рабіць?

Зыгмусь (злым шэптам). З тваёй галавы ўсё вылятае к чорту. Няхай ён на цябе ўсё перапіша, вянчайся з ім, а тады яго старасць не вытрымае твае маладосці і ён памрэ.

Юзя. Не памрэ ён так скора.

Зыгмусь (з выбухам злосці). Вядома, што сам не памрэ, а мы з табой яго памром.

Юзя (з жудасцю ў голасе). Што? Гэта ж забойства!

 

Гром. Адскочыла ад яго. З бакоўкі ўваходзяць Чарноцкі і Ярашэвіч, пераадзетыя. Юзя і Зыгмусь шпарка накладаюць дровы ў камін і запальваюць.

 

Ярашэвіч (да Зыгмуся). Можаш ісці. (Зыгмусь выходзіць.) Дзе гаспадар?

Юзя. Проша пане, пайшоў са стрэльбай некуды. (Ставіць ля каміна два крэслы.)

Ярашэвіч. Ідзі. Будзь блізка.

 

Юзя пайшла. Ярашэвіч налівае каньяк. Чарноцкі садзіцца перад камінам. Ярашэвіч дае яму чарку, садзіцца каля Чарноцкага. Яны п’юць каньяк і грэюцца перад агнём. Навальніца была заціхла і цяпер выбухае з новай сілай. Чарноцкі сядзіць у глыбокім задуменні. Постаць яго нерухомая, твар быццам у дрымоце. Здаецца, ён дрэмле перад агнём, хоць вочы яго шырока расплюшчаны і глядзяць кудысьці ў прастору па той бок каміна і сцяны. Ярашэвіч трымаецца жвава і часта паглядае на Чарноцкага, быццам чакаючы яго слова.

 

Чарноцкі (быццам у сне). Дзе мы?

Ярашэвіч. У доме асадніка Ксавэрыя Лямэнта.

Чарноцкі. А далёка яшчэ адгэтуль да граніцы?

Ярашэвіч. Як настане дзень, мы з вокан гэтага дома будзем бачыць граніцу. (Чарноцкі, устрапянуўшыся, устаў з крэсла і зноў сеў. Ярашэвіч, пры ім схіліўшыся, паслужліва да яго.) У вас нейкі асаблівы настрой.

Чарноцкі. Калі я гляджу на вас, мая душа плача. Вы вельмі падобны да свайго нябожчыка айца, майго друга. Няшчасны чалавек. Выгнаны з уласнага маёнтка, ён памёр на самоце і ў сумоце.

Ярашэвіч (шчаслівы ад Чарноцкага слоў). Вы стаміліся за дарогу. А тут яшчэ такая навальніца...

Чарноцкі. Гэтая дарога магла б быць мне лёгкай разрыўкай у які-небудзь іншы час. Міністэрства павінна было паслаць давераную асобу аб’ехаць скрозь усходнюю граніцу. У міністэрства пішуць, што ўсё тут добра. Але міністэрства само хоча бачыць, сваімі вачыма, у часе такой трывогі і няпэўнасці...

Ярашэвіч (далікатна перабівае). Асмелюся запытаць, аб якой трывозе і няпэўнасці вы гаворыце?

Чарноцкі. Я верыў у нябожчыка вашага айца і хачу верыць у вас. Як гэта вы пытаеце так мяне. Вы ж дзяржаўны чалавек. Якая трывога і няпэўнасць! А Германія. Яна вісіць над намі.

Ярашэвіч. Гэта старая справа.

Чарноцкі. Яна таму і страшная, што старая. І ўсход мне не дае спакою.

Ярашэвіч. На ўсходзе ў нас ціха.

Чарноцкі (жорста глядзіць на Ярашэвіча). Гэта была б ганьба наша... (Маўчыць.) І от я паехаў сам ад міністэрства. У мяне калацілася сэрца, калі я думаў, што праеду праз гэтую мясцовасць. Я спадзяваўся, што гэта будзе радасць і шчасце, якое сцішыць боль мае душы ў гэтыя страшныя мае дні... Што гэта за месца тут?

Ярашэвіч. Ну, гэта ж і ёсць тыя самыя рэшткі вашай зямлі.

Чарноцкі (як ад агню адшатнуўшыся ад спінкі крэсла). Значыцца, адгэтуль можна ўбачыць мой родны дом.

Ярашэвіч (падышоўшы да акна). Я не адзін раз праз гэтае акно паглядаў, як з-за вашага дома ўсходзіць сонца.

Чарноцкі. Вы глядзелі праз бінокль?

Ярашэвіч. Не, я глядзеў без бінокля.

 

Чарноцкі падыходзіць да акна і ўглядаецца ў цемень. Навальніца сцішваецца, але маланка ўспыхвае яшчэ даволі часта. Пры кожнай успышцы Чарноцкі стараецца штосьці разгледзець у далечыні за акном.

 

Чарноцкі (нецярпліва). Бінокль.

 

Ярашэвіч бярэ з чамадана бінокль і дае Чарноцкаму. Пры ўспышцы маланкі Чарноцкі стараецца разгледзець далечыню ў бінокль, пасля незадаволена кладзе бінокль на стол і садзіцца на ранейшае месца перад камінам.

 

Ярашэвіч. Да раніцы недалёка, тады ўсё будзе відно.

Чарноцкі. Божа мой, божа мой... я шкадую, што ўзяў на сябе місію аб’ехаць граніцу. Нават у такія дні майго гора мне было куды лягчэй у Варшаве, як тут. А я думаў, што будзе наадварот.

Ярашэвіч. У дні вашага вялікага гора, якое ёсць таксама маё гора, не трэба паддавацца смутку.

Чарноцкі. У Варшаве я накінуў свежую магілу яе... нябожчыцы. І ў дзень мае жалобы я думаў тут утаймаваць смутак. Дваццаць год я не бачыў гэтых мясцін. А цяпер, прыехаўшы сюды, чым больш думаю, тым больш бачу, што ўсе старыя раны адкрыліся і раз’ядаюць свежую рану. У гэты момант мне хочацца ўбачыць мой родны дом і памерці. А я не магу прайсці нават да магілы свайго айца. (З гнеўнай скаргай.) На маёй дарозе стаіць бальшавіцкі салдат, можа, які-небудзь сын або ўнук якога-небудзь Міхалковіча... (Паўза. Чарноцкі стараецца ўняць сваю ўзбуджанасць.) Вам знаёма гэта прозвішча?

Ярашэвіч. Не, мой ласкавы.

Чарноцкі. Гэта жах і ганьба. У хвіліны смутку і жалобы я не магу думаць аб высокіх рэчах і аб сваёй душы, а думаю толькі аб гэтым халопе. Божа!

Ярашэвіч. Не магу асмеліцца запытаць, што гэта за чалавек?

Чарноцкі. Цяпер, калі я ў старасці астаўся адзін, мне відна, як праз усё маё жыццё ён стаяў у мяне на дарозе. Яшчэ ў маёй маладосці гэты мой парабак трос мае маёнткі. Дваццаць год назад ён выгнаў мяне з майго дома. Я нават не паспеў развітацца з усім дарагім майму сэрцу. Калі я назаўсёды выязджаў у Варшаву, ён каля Нясвіжа, з гуртам парабкаў, запыніў мяне на дарозе. Але той дарогай адступаў наш полк, і я выратаваўся. Ён жа паспеў адабраць у мяне маё фамільнае золата, якое я не даверыў везці нават самым верным маім слугам, а вёз сам. Я аж дагэтуль адчуваю сябе так, быццам мяне вядуць на смяртэльную пакуту... Божа, я магу быць міністрам, але я ёсць жабрак. Я толькі праз бінокль магу глядзець на свае ўладанні... Я распараджаюся дзяржаўнымі справамі, але ў мяне апусцелае сэрца. (Маўчыць, з узбуджаным дакорам пераводзіць вочы на Ярашэвіча.) Лепш бы мне там памерці, як праз усё жыццё насіць у сэрцы боль, што я не магу адпомсціць... (Маўчыць.) У маім доме жывуць мае парабкі?..

Ярашэвіч. Мусіць, так.

Чарноцкі. А хто?

Ярашэвіч. У мяне ў канцылярыі ёсць спісы, але на памяць я не магу сказаць.

Чарноцкі (з успышкай нездавальнення). Такія рэчы пан Ярашэвіч павінен ведаць на памяць.

Ярашэвіч. Няхай пан мне ласкавы выбачыць, але абсяг маёй службы шырокі...

Чарноцкі. Але ж служба такая абы-каму не даецца. Я гэта меў на ўвазе, калі даў загад з Варшавы аб прызначэнні вас. Я памятаў маю дружбу з нябожчыкам вашым айцом.

Ярашэвіч. Я благаслаўляю ваша імя.

Чарноцкі. Што-небудзь там захавалася на месцы?

Ярашэвіч. Дакладна не магу сказаць.

Чарноцкі. Але ж там бывае хто-небудзь адгэтуль ці ўсе паведамленні так выдумляюцца?

Ярашэвіч. Бываюць... Я загадаю зрабіць пасцель.

Чарноцкі. Сон не дасць мне ўтаймавання.

Ярашэвіч (быццам не чуе). Вы стомлены вялікай дзейнасцю. Калі вы станеце міністрам, вы зробіце ў дзяржаве ўсё, як думаеце.

Чарноцкі (з гнеўным дакорам). Вам далі айчызну гатовую, а мы свае душы высушылі ў марах па айчызне... (Змаўкае.)

 

Ярашэвіч стаіць перад ім. Навальніца прайшла. Толькі калі-нікалі яшчэ ўспыхвае далёкая маланка і дождж шуміць ціха і роўна.

Чарноцкі зноў паглыбляецца ў свае думкі.

 

Чарноцкі (з успышкай хвалявання). Тады, перад выездам, у самую апошнюю хвіліну, яна, нябожчыца, села за фартэпіяна, каб развітацца назаўсёды з усім тым... родным... вечным... Але ён раптам увёў у яе будуар натоўп мужыкоў...

 

Расхваляваны ўстаў і зноў сеў. Ярашэвіч нясмела адышоўся ад акна. Маўчанне. Чутна, як на ганку грукаюць ботамі. Пасля чутны людзі ў сенцах, і ў пакой уваходзіць Хартановіч. Ён убачыў паноў і адразу застыў на месцы. Шпарка сарваўшы з галавы шапку, ён стаіць, страшны сваёй разгубленасцю і жахам, які напаўняе ўсю яго істоту. Твар яго быццам у крывых шрамах, адзежа ў многіх месцах парвана, увесь ён вывалены ў зямлі і гразі.

 

Лямэнт (з сянец). Твая адзежа тут, на сцяне, зараз унясу. Пераадзяваліся ў сухое... Юзя, халера, ніколі не паслухае. Казаў патушыць лямпу, а лямпа гарыць...

 

Уваходзіць з Хартановічавай адзежай. Убачыў Чарноцкага і Ярашэвіча і збянтэжыўся ад нечаканасці. Сарваў з галавы шапку і застыў у лакейскай позе.

 

Ярашэвіч (да Чарноцкага). Гаспадар дома. (Паказвае на Лямэнта.) Дзе хадзіў, Лямэнт?

Лямэнт. Хадзіў на спатканне чалавеку, пане. (Паказвае на Хартановіча.)

Ярашэвіч (урачыста перад Чарноцкім). Чалавек прыйшоў адтуль?

Лямант. Так.

Чарноцкі (да Хартановіча). Ты быў там? (Хартановіч глядзіць на Лямэнта, пасля на Ярашэвіча і маўчыць.)

Ярашэвіч. Адказвай.

Чарноцкі. Табе ўдалося?

Хартановіч. Мне ўдалося... але, паночку, гэта такі жах, што валасы старчма становяцца. Калі яшчэ раз прыйдзецца, то, калі з душой не разлучуся, дык навек вар’ятам стану. Я жывот парваў паўзучы. (Хоча падняць кашулю і паказаць жывот.)

Чарноцкі. Але ж ты здолеў прайсці.

Хартановіч. Гэта таму, паночку, што я там кожную сцежку ведаю, я адтуль родам. Як мяне раскулачвалі, я забіў міліцыянера і сюды ўцёк. Даўно ўжо. (Раптам кінуў шапку на падлогу, падбег да Чарноцкага, пацалаваў яму ў калена і адбегся назад.) Паночку, ласкавы, я прашу вашай святой ласкі, каб перадышка якая, каб больш мне не ісці. Паночку, галаву згублю.

Ярашэвіч. Уцёкшы сюды, ты знайшоў сабе тут айчызну і дом і не хочаш мець абавязкаў перад айчызнай?

Хартановіч (паварачваецца да Ярашэвіча). Не, паночку, я толькі, каб хоць гадоў са два мне спакойна пажыць.

Чарноцкі (не слухаючы). Ты быў у маёнтку «Чарноцкім»?

Хартановіч. Быў, паночку. Толькі гэтае «Чарноцкае» называецца ў іх «Воля».

Чарноцкі. Калі ты быў там?

Хартановіч. Учарашнюю ноч я там быў.

Чарноцкі. Што там цяпер?

Хартановіч. Там цяпер эмтээс.

Чарноцкі. Гавары дакладней.

Хартановіч. Там безліч машын стаіць. Па ўсёй воласці яны зямлю ўрабляюць. Я два дні ў аўсе ляжаў. Навакол мяне ўсё гуло. Аж зямля дрыжала. Падбяруцца пад мяне, я перапоўзваю ў іншае месца. А яны з гэтым сваім гудам быццам гоняцца за мной. Цяпер калі жук праляціць над вухам, дык я калачуся. Гэта не жарты, паночку.

Чарноцкі. А хто жыве ў доме?

Ярашэвіч (растлумачвае). У панскіх пакоях хто жыве?

Хартановіч. Самы галоўны, хто там жыве, то гэта Міхалковіч.

Чарноцкі (заварушыўшыся). Хто?

Хартановіч. Міхалковіч Канстанцін. Але там і больш жывуць. Даўней там парабкамі былі, і канцылярыя эмтээса там... Паночку, выслухайце маю просьбу...

Чарноцкі. Чым займаецца гэты Міхалковіч?

Хартановіч. Ён там дырэктар гэтага эмтээса. Нядаўна туды прыехаў. (Становіцца на калені.) Паночку, выслухайце...

Чарноцкі (з дзікай злосцю). Выйдзі адгэтуль. (Лямэнт выводзіць Хартановіча ў бакоўку і варочаецца назад. Чарноцкі ўвесь у злоснай трывозе.) Хто жыве на маёй зямлі тут?

Ярашэвіч (да Лямэнта). Хто тут жыве?

Лямэнт (мнецца, гаворыць неахвотна). Тут стаіць пяць хат, што асталіся ад маёнтка панскай ласкі па гэты бок граніцы. Яны тут і здаўна жылі, як былі парабкамі, але панскай зямлі тут асталося маргоў, мусіць, не больш як дзесяць. Яны плацяць арэнду за месца на зямлі.

Ярашэвіч. Вы не хацелі знаць гэтай зямлі і ніколі ёю не цікавіліся.

Чарноцкі (з выбухам гневу). Я сам ведаю свае справы. Але хто тут жыве? Хто яны?

Лямэнт (быццам яго здушылі за горла і ён не можа выгаварыць слова). І Шулешка жыве, і Аляшкевіч жыве... (Маўчыць.) Я ж кажу, даўней тут парабкамі былі...

Чарноцкі (аж закалаціўшыся ад гневу). Казаць баішся? Лічы парадкам, ад першай і да апошняй хаты.

Лямэнт (перапалоханы). Першы ад дарогі жыве Міхалковіч з жонкай і малой дачкой...

Чарноцкі. Міхалковіч! (Да Ярашэвіча.) Я памыліўся, што лічыў вас вартым вашага нябожчыка айца. (Да Лямэнта.) Колькі год гэтаму Міхалковічу?

Лямэнт. Яму гадоў 35.

Чарноцкі (да Ярашэвіча). Сын таго Міхалковіча?

Ярашэвіч (перажывае жудасную непрыемнасць). Я не магу сказаць.

Чарноцкі. Што гэта значыць?

 

Ярашэвіч разгублена глядзіць на Лямэнта, і той гаворыць.

 

Лямэнт. Вяльможны пане, ніхто нічога не ведаў пра яго бацьку. Там да самага апошняга часу дырэктарам быў іншы чалавек.

Чарноцкі. Пасля мае смерці вы скажаце, што сышла ў магілу старая Польшча, а самі згубіце айчызну навек.

 

Пакрыўджаны Ярашэвіч паціскае плячыма і з дакорам паказвае Чарноцкаму на Лямэнта, які стаіць у лакейскай паставе.

 

Ярашэвіч (да Лямэнта). Ідзі.

Чарноцкі. Пачакай. (Лямэнт спыніўся.) Каб зараз жа быў тут гэты Міхалковіч.

Лямэнт. У хвілю. (Выйшаў.)

Чарноцкі (доўга не зводзіць з Ярашэвіча дапытлівага і гнеўнага позірку). Таго сюды, што прасіўся да спакою.

 

Ярашэвіч выходзіць у бакоўку, Чарноцкі сядзіць у задуменні.Уваходзяць Ярашэвіч і Хартановіч.

 

Чарноцкі. Расказвай мне, як там.

Хартановіч. Там, паночку, не падобна ўжо на тое, як было раней. Адно што дом на месцы стаіць.

Чарноцкі. Ты ў доме быў?

Хартановіч. У доме, паночку, я не быў.

Чарноцкі. Парк астаўся?

Хартановіч. Парк астаўся, але пры ім малады засаджан. Я ў тым парку ад раніцы да ночы праляжаў пад кустамі.

Чарноцкі. А што яны робяць у тым парку? Крадуць дзерава?

Хартановіч (паціскае плячыма). Парк цэлы.

Чарноцкі. Што ў парку рабілася, калі ты ляжаў там?

Хартановіч. Было ціха ў парку.

Чарноцкі. Лжэш.

Хартановіч. Нашто ж я маю перад вамі лгаць, паночку?

Чарноцкі (ён стаў падобен на вар’ята). Што было ў парку?

Хартановіч (як адурнелы). За паркам дзяўчаты спявалі.

Чарноцкі. Ну, а яшчэ?

Хартановіч. Перад вечарм у парку на фартэпіяне грала малая палкоўніцкая дачка.

Чарноцкі (са злосным недаверам). На фартэпіяне пад кустамі?

Хартановіч. Там у іх ёсць будыніна з размаляваных дошчак. Гэта завецца ў іх «Зялёны тэатр». Дык там.

Чарноцкі. Якога палкоўніка дачка?

Хартановіч. Бальшавіцкага, паночку. Гэты палкоўнік — маладзейшы з сыноў дырэктара эмтээс Міхалковіча. А гэтая, што грала, яго дачка, і цяпер госціць у дзеда.

Чарноцкі. А фартэпіяна ты бачыў? З гербамі?

Хартановіч. Я не бачыў, але з гербамі.

Чарноцкі. А з фартэпіяна што яны робяць заўсёды?

Хартановіч. Ну што ж, паночку мой, не магу сказаць, што заўсёды робяць. (Паціскае плячыма.)

Чарноцкі. Што яшчэ ты там бачыў?

Хартановіч. Сам-то я, мой паночку, мала што там бачыў.

Чарноцкі. Чаго ж ты хадзіў туды?

Хартановіч (дрыжыць, як прыгавораны к смерці). Той мне вось сюды зашыў... Я яшчэ не паспеў распароць... (Мацае падшэўку пінжака.)

 

Ярашэвіч падбягае да Хартановіча і памагае яму скінуць пінжак. Адыходзіць з пінжаком убок, аглядае падшэўку, асцярожна кладзе пінжак на крэсла.

 

Ярашэвіч (Хартановічу). Ідзі.

 

Хартановіч ідзе, але раптам кідаецца назад і ў вялікім адчаі падае на калені перад Чарноцкім.

 

Хартановіч. Злітуйцеся, вяльможны пане. Не пасылайце мяне больш. Я не пайду туды: або з жыццём разлучуся, або вар’ятам стану. Паночку, ласкавы... Я ж ужо хадзіў. Я верна служыў. Няхай хто іншы пойдзе. Тут жа, паночку, і чалавек ёсць такі, што ён млее душой, каб як-небудзь туды трапіць.

Ярашэвіч. Хто гэта?

Хартановіч. Тут жыве Міхалковіч Мікалай. Радня яго ўся там жыве, ён ірвецца, каб хоць пабачыцца з бацькам.

Ярашэвіч (твар яго ажывіўся, нешта падобнае да ўсмешкі асвятляе яго вочы). А як жа яго пасылаць туды, калі там яго бацька. Ён жа там і астанецца.

Хартановіч (з практычнай развагай). Як жа ён там можа астацца, калі яго сям’я тут будзе. Яна ж будзе ў нашых руках.

Чарноцкі (закалаціўшыся ад гневу). У тваіх руках?

Хартановіч (зразумеў непрыстойнасць свайго тону). У вашых, паночку, руках.

 

Чарноцкі сціскае зубы і паварочваецца да Ярашэвіча.

 

Ярашэвіч (крычыць на Хартановіча). Выйдзі.

 

Хартановіч бадай што выбягае ў бакоўку. Ярашэвіч разрывае падшэўку ў Хартановічавым пінжаку, дастае некалькі дробных паперак і стараецца шпарка прагледзець іх, пакуль перадаць Чарноцкаму. Узяўшы ў рукі паперкі, Чарноцкі праглядае іх і становіцца перад Ярашэвічам.

 

Чарноцкі (такім тонам, ад якога Ярашэвіч упадае ў страх). Сын таго жыве тут, на маёй зямлі, пад вашай апекай.

Ярашэвіч (у адчаі). Пад маёй апекай? Ці сапраўды я гэта чую?

Чарноцкі (аддае Ярашэвічу паперкі). Вы не варты вашай службы. Пакіньце мяне аднаго.

Ярашэвіч (тонам просьбы). Я вас не пакіну. Вы ў такім настроі...

Чарноцкі (ён разарваў бы Ярашэвіча на кавалкі). Пакіньце мяне аднаго... Вы нават за два гады не маглі знайсці забойцу вашага паліцыянта, асмельваліся расказваць мне пра гэта. (Ярашэвіч паволі ідзе да баковачных дзвярэй, каля іх спыняецца хмуры, збянтэжаны, спалоханы, разгублены, пачынае нясмела гаварыць, каб зноў упасць у Чарноцкага ласку.)

Ярашэвіч. А каб гэта яго сапраўды паслаць туды. (Пасмялеў, падышоў бліжэй да, Чарноцкага.) Гэта была б помста. Прымусіць яго служыць супроць бацькі. (Бачачы, што Чарноцкі маўчыць і не варушыцца, ён падыходзіць яшчэ бліжэй і робіцца яшчэ больш смелым.) Яго можна будзе звязаць сям’ёй. (Сказаўшы гэта, ён пачынае пільна сачыць за Чарноцкім. Бачыць, што той ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на яго вочы.) Я павялічыў бы ў сто разоў лік такіх людзей. Іх мала. На граніцы яны гінуць як мухі.

Чарноцкі (хмурна, сурова, з іроніяй, але крыху змякчэлым тонам). Пан Ярашэвіч стараецца граць роль дзяржаўнага чалавека.

Ярашэвіч (быццам не пачуўшы). Скора дзень. Вам адпачыць трэба... (Раптам узгарэўся.) Я прымушу яго згубіць там свайго бацьку... Так, каб усё гэта перавысіла боль вашай душы...

 

Чарноцкі нічога не адказвае. Ярашэвіч з прыкрасцю ўгнуў галаву і стаіць перад ім, чагосьці чакаючы. Уваходзяць Лямэнт і Мікалай Міхалковіч.

 

Лямэнт. Чалавек прыйшоў, пане.

Чарноцкі (паварочваецца да Мікалая, акідвае яго позіркам з ног да галавы). Як завешся?

 

Мікалай падступіў крок бліжэй і застыў на месцы. Ён босы, абарваны. На ўсёй яго постаці і на твары ляжыць пячаць таго, што ён заўсёды ў вялікім горы. У гэты момант ён узнепакоен і, здаецца, чакае, што на яго галаву ўпадзе ўвесь цяжар свету.

 

Мікалай. Я завуся Міхалковіч.

Чарноцкі. Як завецца твой бацька?

Мікалай. Канстанцін Міхалковіч.

Чарноцкі. Дзе твой бацька?

Мікалай . Там... недзе... Калі жывы яшчэ.

Чарноцкі. А дзе?

Мікалай. Не ведаю, пане. Можа яго і жывога няма. (Чарноцкі доўга маўчыць і не зводзіць вачэй з Мікалая, быццам сам не верачы, што перад ім такі чалавек. Мікалай, быццам не вытрымаўшы невядомасці чакання, паварочваецца да Лямэнта.)

Мікалай (да Лямэнта). Гэта, мусіць, наконт нявыплачанай арэнды. (Лямэнт паціскае плячыма. Мікалай паварочваецца да Чарноцкага.) Мы памятаем, паночку, мы самі ведаем, што не заплацілі арэнду за месца на зямлі. Гэта не тое што мы не хочам заплаціць. Гэта вялікае гора не дае, але мы заплацім. Што ж, у мяне сям’я такая: я сам яшчэ так-сяк трымаюся здароўем, а жонка зусім хворая. І ёсць дзяўчынка малая. Малое дзіця зусім. Ірынка. Немагушчая, згаладалася. Чараду пасе і зранку ад слабасці ўстаць не можа. Калі яе раніцой будзім, каб уставала, а яна просіцца — татачка, родненькі, каб хоць мінутачку яшчэ паспаць, дык абліваецца крывёй сэрца, на яе гледзячы. Здаецца, стаў бы перад ёю на калені, пацалаваў бы ёй ногі і сказаў бы ёй: даруй ты мне, дзіця маё, што я пусціў цябе на свет. Каб вы, паночку, бачылі гэтую няшчасную Ірынку...

 

Заўважыўшы, што Чарноцкі ўвесь час глядзіць на яго ўедлівым і, разам з тым, магільным позіркам, ён жахнуўся, змоўк і адступіў назад.

 

Чарноцкі (ціха, стрымана). Дык зусім малая твая дачка?

Мікалай. Зусім малая.

Чарноцкі. Нашто ж ты ёй спаць не даеш?

Мікалай . Лёгка вам сказаць, паночку. А жыць жа неяк на свеце трэба. Хворую жонку карміць трэба. Арэнду за месца плаціць трэба? Заробку шукаць трэба? Хлеба з мае гаспадаркі не пад’ясі, а з цямна да цямна сілу на яе прыходзіцца класці. Усе так жывуць у нас, усе з цёмнага няшчасных дзяцей будзяць. Ніхто не можа, як бы ні стараўся, пашкадаваць сваё дзіця. Ад дзядоў і прадзедаў пракляты лёс гэты вісіць над чалавекам.

Чарноцкі. А там, дзе твой бацька, можа лепш жывецца?

Мікалай . А хто яго, пане, ведае.

Чарноцкі. Хочаш пабачыцца з бацькам?

Мікалай (памаўчаўшы). Хацеў бы.

Ярашэвіч. А граніца?

Мікалай. Я ж, пане, не вінават, што граніца. Ён там, а я тут. Гэта ж не я гэтую граніцу выдумаў.

Чарноцкі (са злым бляскам у вачах). Праўда, што нядобра гэтая граніца тут. Яе трэба было б куды-небудзь перанесці? Га?

Мікалай (з хітрым недавер’ем глядзіць на Чарноцкага). Я просты чалавек. Пра такія справы ў такіх людзей ніколі, паночку, не пыталі.

Чарноцкі. А да бацькі хочаш ісці?

Мікалай . Не, я не хачу ісці. Мне толькі нядобра, што я яго ўбачыць не магу.

Чарноцкі. А нашто табе яго бачыць? (Стрымліваецца, каб не кінуцца з кулакамі да Мікалая.)

Мікалай. Бо ён мой родны бацька... Паночку, можа вам льга было б пусціць мяне дадому цяпер. Я магу прысягнуць, што арэнду заплачу праз чатыры дні, у суботу вечарам. Мне ўжо трэба ісці на работу.

Чарноцкі (да Лямэнта). Таго сюды. (Лямэнт ускочыў ў бакоўку і неўзабаве вывеў адтуль Хартановіча.) Расказвай яму. (Кіўнуў на Мікалая.) Дзе там і як усё.

 

Хартановіч радасна ажывіўся, ён падумаў, што яго пасылаць больш не будуць і ён павінен перадаць сваю практыку Мікалаю Міхалковічу.

 

Хартановіч (да Мікалая). Там, калі ўвойдзеш ад лесу ў «Чарноцкае», цяпер называецца «Воля», то там будзе парк стары, дык ты не думай пра тое — гладка ўсё ідзе ці не гладка, а адразу кідайся на зямлю і перачакай, прыслухоўваючыся. (Заікаецца з радасці.) Толькі, беражы цябе божа, пакуль відна — не варушыся і духу не ўказвай.

Чарноцкі (нецярпліва, яму абрыдла слухаць). Змоўкні, выйдзі. (Хартановіч выходзіць, Чарноцкі гаворыць да Ярашэвіча.) Вам даручаю ўдасканаліць усю справу.

Ярашэвіч (да Мікалая). Пойдзеш туды. (Мікалай, нічога не разумеючы, глядзіць на Чарноцкага.) Чаго глядзіш так? Туды пойдзеш.

Мікалай. Чаго, пане?

Ярашэвіч. Табе скажуць чаго.

Мікалай (адчуваючы нешта нядобрае). Як жа я пайду? Мне трэба на работу ісці. Я ж не здатны да гэтага.

Ярашэвіч (аж кіпіць). Пойдзеш, усё там спаліш.

Мікалай. Не.

Чарноцкі (бадай што ў істэрыцы). Пойдзеш. Твой бацька там жыве ў маім доме, там, дзе жыў я. Яго ўнучка грае на маім фартэпіяна. Я дваццаць год нашу смутак па ўсім тым, дзе пануе цяпер твой бацька. Ты спаліш там усё, каб усё там прапала і загінула. І каб твой бацька загінуў навек.

Мікалай (усё яшчэ не разумеючы). Хто ж гэта роднаму бацьку можа рабіць бяду такую?

Чарноцкі. Ты зробіш.

Мікалай . Ці гэта я сню, ці сапраўды чую. Чыя ж рука можа падняцца на такое злачынства? Лепш бы таму чалавеку на свет не радзіцца, які гэтулькі зла зробіць людзям і навек згубіць роднага бацьку.

Чарноцкі. Калі ты гэтага не зробіш, то сам да смерці будзеш бачыць толькі турэмныя сцены і змрок у каменным мяшку. Будзеш енчыць перад богам, каб прыйшла смерць. Будзеш біцца аб турэмныя каменні, просячы смерці, але смерць так скора не прыйдзе.

Мікалай. Гэта хіба не сон?

Чарноцкі. А ў той самы час і жонка твая пойдзе за табою. А гэтая твая Ірынка, пра якую ты тут так заўзята расказваў, стане валачашчым шчанём. Адна будзе цягацца з торбамі пад чужымі вокнамі, пакуль не зойдзецца на дзікай дарозе.

Ярашэвіч. Выбірай... Або бацька, або яны і ты сам.

Мікалай . Паночку, пашкадуйце няшчаснае дзіця. Вы стары чалавек.

Чарноцкі. Хам! (Мікалай задрыжаў і задам адыходзіцца да дзвярэй.) Не выходзіць! Тут стой! (Мікалай стаіць як анямелы. Чарноцкі не зводзіць з яго вачэй.) Ты мне гаворыш пра маю старасць. Перад кім ты стаіш? Ты перада мной, як трава пад маімі нагамі.

 

Мікалай вяне ўсёй сваёй істотай. Калені яго падгінаюцца, і здаецца, што ён зараз грымнецца вобземлю.

 

Мікалай. Пане, я справядліва жыў заўсёды на свеце. Я вока нікому не запарушыў. Галодным будучы, я чужога не зачапіў ніколі. За якія ж грахі я і маё няшчаснае дзіця павінны несці такую пякельную кару?.. Злітуйцеся, пане.

Чарноцкі. Як ты асмельваешся?

 

Мікалай узнімае галаву. Пакрысе з яго асядае яго ранейшая прыбітасць. Ён выпрастоўваецца ўсёй істотай сваёй і ўзнімае вочы на Чарноцкага.

 

Мікалай. А што мне асмельвацца ці не асмельвацца? Калі я радзіўся на свет, то мне ж трэба хадзіць па зямлі. Калі я чысты душой, то я магу смела глядзець на свет. Што я магу страціць? Калі такое жыццё яшчэ далей працягнецца, то ўсё адно жонка і так памрэ ад сухот, і Ірынка прападзе. Яна і так ужо ледзьве жыве. А мне — торба ці турма — чым ты мяне, пане, устрашыш? Не ўзніму я рукі на роднага бацьку.

 

Мікалаеў твар асвятляецца цвёрдай рашучасцю. Ён робіць некалькі крокаў да Чарноцкага, і той міжвольна адступае да баковачных дзвярэй, не зводзячы вачэй з Мікалая.

 

Ярашэвіч. Заўтра ты будзеш там.

Мікалай. Я дарогі не ведаю.

Ярашэвіч. Цябе правядуць.

Чарноцкі. Таго сюды.

 

Лямэнт уводзіць Хартановіча.

 

Ярашэвіч. Загадаю — і пойдзеш. Сілком выкіну на той бок.

Хартановіч (трасецца з радасці). І знаку не будзе. (Стараецца падбадзёрыць Мікалая.) З завязанымі вачыма пяройдзеш, а не то што каб... Толькі нагамі ціха старайся ступаць...

Чарноцкі (да Ярашэвіча). Сам пан давядзе ўсё да канца.

Хартановіч (цалуе Чарноцкаму ў калена). Дзякую, літасцівы пане, што зрабіў ласку ўважыць маю просьбу. Цяпер я ажанюся, у мяне, ласкавы пане, кабеціна на прымеце...

Ярашэвіч. Ты сам пойдзеш з ім.

Хартановіч (аж пахіснуўся з адчаю). Паночку!..

Ярашэвіч. Ты айчызне служыць не хочаш?..

 

Чарноцкі выходзіць. Лямэнт за ім, Ярашэвіч садзіцца за стол з выглядам выканаўцы службовых абавязкаў.

 

Цяпер будзем удакладняць. (Да Мікалая.) Можаш ісці дадому. Ён па цябе зойдзе і яшчэ прывядзе сюды. Я сам буду выпраўляць вас.

Мікалай. А калі я не пайду?

Ярашэвіч (рагоча). А хто ж будзе пытаць твае згоды? А ўрэшце ты выразна чуў, што можа быць з тваёй той Ірынкай, ці як ты там яе называў.

 

Мікалай моўчкі пастаяў і нерашуча выйшаў, некалькі разоў парываючыся вярнуцца і нешта яшчэ сказаць. На дварэ днее, вокны святлеюць.

 

Ярашэвіч. Ты пойдзеш разам з ім. Дайшоўшы да месца, адправіш яго да бацькі. Пакуль яны будуць там прывітвацца, той чалавек, што цябе там прымае і хавае, пабяжыць і скажа іхняй пагранічнай варце, што да Міхалковіча пайшоў нейкі невядомы падазроны чалавек. А ты ў той жа час падпаліш. Вымяркуеш так, каб пажар быў якраз, калі да Міхалковіча ўвойдзе пагранічная варта. Адным словам, чуеш — на цябе ўскладаецца зрабіць усё так, каб старога бальшавіка Міхалковіча і яго сына з’елі самі бальшавікі. А пасля гэтага будзеш спакойна жыць сабе са сваёй кабетай. (Рагоча.) Можаш ісці.

 

Хартановіч паніклы і сумны паволі выходзіць праз сенцы. Ярашэвіч сядзіць адзін ціха, падспеўвае. Пасля ўпадае ў задуменнасць. Уваходзіць Лямэнт і стаіць у лакейскай позе.

Ярашэвіч сціскае губы і глядзіць на яго.

 

Ярашэвіч. Ну, Лямэнт (трасе пальцам). Як ты мог так.

Лямэнт (падыходзіць бліжэй). Тут недагляд, вялікі недагляд. Але каб сам анёл з неба сеў тут на маё месца, то нічога за гэтымі людзьмі не ўбачыў бы. Яны былі ціхія і ў працы заўсёды. А пра бацьку яго ані нічога нават і падумаць нельга было. Даруйце мне. Я богу душою не вінен. Вядома, іх цяпер, усе шэсць хат, трэба зараз жа сагнаць адгэтуль.

Ярашэвіч. Няможна марудзіць.

Лямэнт. Хіба я сам не ведаю.

Ярашэвіч. А з зямлёй гэтай што рабіць? Як думаеш?

Лямэнт. Пад казну зямля пайсці не можа, гэта ўласнасць пана міністра. Я да панскай ласкі маю такую просьбу: каб ласкавы пане замовілі слова перад вяльможным папам міністрам. Вяльможны пан міністр на гэты кавалачак зямлі і глядзець не хоча. Было б дзіўна, каб вяльможны пан міністр дбалі аб такім мізэрным кавалачку зямлі.

Ярашэвіч. Дык чаго хочаш, Лямэнт?

Лямэнт. Каб пан міністр аддаў мне ва ўладанне і на догляд гэтую зямлю. Не так, не так, а за высокую плату. (Кладзе на стол грошы.)

Ярашэвіч (хавае грошы і грозіць пальцам). О, хітры, Лямэнт. Дык ты хочаш за адным разам дзве справы зрабіць?

Лямэнт. Я ж павінен дбаць аб ачышчэнні гэтай зямлі.

Ярашэвіч. І сам глыбокія карэнні тут пускаеш? Ты маладзец, Лямэнт, толькі што ты бяздзетны.

Лямэнт (зніжаным тонам). Будуць дзеці.

Ярашэвіч. Ты ж гэтымі днямі жонку пахаваў.

Лямэнт. Мой шчыры пане, але ж я астаўся жыць.

Ярашэвіч. Ого! (Быццам знайшоўшы забаўку.) Дык ці не жаніцца хочаш, Лямэнт?

Лямэнт. Як жа я, шчыры пане, жыць буду адзін?

Ярашэвіч. Хэ-хэ... Маладая? Прыгожая?

Лямэнт (бянтэжыцца). Кожны чалавек густ сабе мае.

Ярашэвіч. Хэ-хэ, Лямэнт! (Ляпае Лямэнта па плячы, рагоча.) Пасцель гатова, Лямэнт?

Лямэнт. Яго высокая мосцть пан міністр адпачывае.

Ярашэвіч. Ага.

 

Ярашэвіч выходзіць у бакоўку. Лямэнт правёў яго, варочаецца назад, стаіць пры стале і задуменна выстуквае пальцамі.

З бакоўкі выходзіць Юзя з пасудай і прыладдзем для панскага снедання і пачынае рыхтаваць стол. З усмешкай уладара гэтай жанчыны Лямэнт доўга глядзіць на яе, пасля падыходзіць і па-гаспадарску абнімае.

Лямэнт. Калі будзем вянчацца?

Юзя. Я тады буду тут поўнай гаспадыняй?

Лямант. Жонка — значыць гаспадыня.

Юзя (вызваляецца з яго абдымкаў). Толькі каб на мяне было перапісана ўсё — і дом, і зямля, і грошы...

Лямэнт. Нашто? Я цябе кахаю.

Юзя. Вы ўмееце кахаць і служанак. А я хачу быць жонкай і гаспадыняй.

Лямэнт (асалавеў ад кахання, стары, жоўты, агідны пасля бяссоннай ночы, абнімае Юзю). Добра... Добра... Усё на цябе перапішу.

 

У сенцах кашляе Зыгмусь, грукае аб падлогу ботамі. Лямэнт адышоўся ад Юзі, прыслухоўваецца, задаволена, па-гаспадарску ўсміхаецца, гледзячы на Юзю. На пальчыках выходзіць у бакоўку.

Уваходзіць з сянец Зыгмусь.

 

Зыгмусь. Ты ў мяне глядзі, не давай тут яму лішне абнімацца, ведай меру.

Юзя. Чаму гэта?

Зыгмусь. Я з сянец праз дзірку ў замку бачыў, як ён тут каля цябе хадзіў. (Абнімаецца з Юзяй.) Добра што ён на цябе ўсё перапіша. Тут жа яшчэ нам пашанцавала з табою. Ён можа забраць гэтую Чарноцкага зямлю, я чуў з сянец. Ты яго падварушвай, каб ён чым скарэй дамагаўся гэтай зямлі. І каб адразу ж зганяў з яе тых мужыкоў.

Юзя. Навошта ж іх зганяць?

Зыгмусь. А што ж, каб на нашай зямлі сядзелі падобныя на жабракоў арандатары?

Юзя (з горкай усмешкай адыходзіцца ад яго). На нашай зямлі?

Зыгмусь. А што ж такое? Ён перапіша зямлю на цябе, ты аўдавееш, мы павянчаемся і запануем на фальварку ў шчасці.

Юзя. Чаму так на свеце зроблена страшна: каб знайсці шчасце, трэба другога пусціць у няшчасце.

Зыгмусь. Пра што ты гаворыш?

Юзя. Кожную раніцу адтуль прыходзіць дзяўчынка Ірынка Лямэнтавых кароў выганяць. Яна такая няшчасная. А што будзе з ёю, калі адтуль выганяць. Яна не будзе мець страхі над галавой.

Зыгмусь. Твае рукі астануцца чыстымі, гэта ўсё зробіць Лямэнт сваімі рукамі.

Юзя. Але ж я за яго павінна замуж ісці і жыць з ім.

Зыгмусь. Праз паўгода ты аўдавееш.

Юзя. Але ж ён на мяне гэтую сірочую зямлю перапіша. Я павінна буду жыць на чужым горы. І яшчэ я павінна ўгаворваць яго, каб усё гэта ён зрабіў як найскарэй і найлепш. Божа, як цяжка знайсці шчасце.

Зыгмусь. Табе трыццаць год. Ты без бацькоў і без пасагу. Увесь век хочаш пражыць старой дзеўкай, наймічкай, пакідзішчам. Для шчасця нашага, Юзя...

 

Хоча зноў абняць Юзю. Юзя плача і адыходзіць ад яго. У бакоўцы гавораць Чарноцкі і Ярашэвіч. Зыгмусь выбягае ў сенцы. З бакоўкі ўваходзяць Чарноцкі і Ярашэвіч. Юзя ціхом выходзіць у бакоўку.

 

Чарноцкі. На момант мне было здалося, што я магу заснуць. (Углядаецца ў акно. У вокнах відзён усход, відно, як ружавее неба.)

Ярашэвіч. Яшчэ не развіднела. Яшчэ цяжка што ўбачыць.

 

Чарноцкі нічога не адказвае і моўчкі ў глыбокім задуменні адыходзіцца ад акна. Вочы яго ўпалі на піяніна, ён падыходзіць да інструмента, адкрывае, задуменна стукае пальцамі па клавіятуры, бярэ акорд. Раптам ірвануў да сябе крэсла, сеў, пачаў іграць. Абарваў музыку, паклаў лоб на клавіятуру, праз мінуту ўстаў і зноў падышоў да акна.

 

Чарноцкі (з гнеўнай скаргай). Пальцы не служаць. Я дваццаць год не іграў... Пальцы адвыклі і адзервянелі... і старасць скавала пальцы... і смерць за плячыма стаіць... (У голасе яго чуецца адчай.)

 

На дварэ відна. Неба ўспыхнула сонцам. Чарноцкі ўстрапянуўся, навёў бінокль праз акно ўдалечыню. Ярашэвіч стаіць поплеч яго таксама з біноклем.

 

Ярашэвіч. Унь людзі ходзяць каля вашага дома.

 

Чарноцкі выпусціў з рук бінокль. Бінокль са стукам упаў на падлогу, Чарноцкі адварачваецца ад акна. Яго душаць спазмы.

 

Заслона

 

ДРУГАЯ ДЗЕЯ

У хаце Мікалая Міхалковіча. Усё тут бедна, і ўсё самае неабходнае, без чаго ўжо чалавек не можа абысціся ў сваіх зведзеных да прымітыўнасці патрэбах. Толькі што пачаўся дзень. Усходзіць сонца. Ружовае святло залівае хату. Усё ў гэтых бедных сценах зіхаціць, і адчуваецца, што ў шырокім свеце, за вокнамі, многа прастору. За акном уся залітая святлом не зварухнецца лісцем старая груша. Пачатак восені крануў яе залатой жаўцізной: у самым акне на грушавай галіне зялёнае лісце перамешваецца з жоўтым. Каля стала на тапчане, на голым сенніку, моцна спіць Ірынка. Яна акрыта бацькавым лёгкім пінжаком. Насця толькі што ўстала і прыводзіць у парадак на дзень пасцель на палу ад печы да вулічнай сцяны. Яна заспаная, ад бессані хістаецца ў бакі і робіць усё быццам у бяздум’і. Яна часта адрываецца ад сваёй работы і ўглядаецца ў акно на вуліцу або падоўгу стаіць у глыбокім одуме. Выходзіць у сенцы і неўзабаве варочаецца ў хату з скруткам белага тонкага палатна, кладзе палатно на пасцель і стаіць над Ірынкай.

 

Насця. Моцна спіць малая... Ірынка, уставай, пара... Спіць... Мікалая няма цэлую ноч. Уставай, дачушка, нам з табою на работу ісці... Задушаны працай гэтай.

 

Доўгая паўза. Ціха ўваходзіць у хату Мікалай. Ён увайшоў так ціха, што Насця яго не заўважыла спачатку. Здаецца, што ён адчувае сваю нейкую віну перад Насцяй. Ён стараецца не глядзець на яе, позірк яго не можа спыніцца на адным месцы. А пасля яго ўвагу прыцягвае да сябе Ірынка. Як анямелы, ён стаіць над ёю. Нарэшце Насця ўбачыла Мікалая. Ціхая ўсмешка радасці прайшла па яе твары.

 

Насця. А, ты прыйшоў... Куды цябе Лямэнт зваў на цэлую ноч? Сонца ўзыходзіць.

Мікалай . Як чыста і зелена стала пасля дажджу.

Насця. Грымоты сціхлі пад самы дзень.

Мікалай. Скрозь вада стаіць. Бяда, вялікая бяда.

Насця. Гэта за арэнду будзе вялікая бяда?

Мікалай. За арэнду, ты кажаш?

Насця. Я дастала з куфра тонкае палатно.

Мікалай. Будзеш шыць Ірынцы плацце?

Насця (з гнеўнай скаргай). Прадаць, каб арэнду заплаціць.

Мікалай (быццам толькі цяпер адумаўшыся). Што робіш? Як жа тады з ёю (паказвае на Ірынку). Праз колькі год, будзячы яе зранку, мы цешылі яе, што хаваецца для яе тонкае палатно і, як вырасце яна, то будзе ёй вышытае плацце. Яна ж і нітак назапасіла вышываць.

Насця (з гордым дакорам). Хіба не я гэтае палатно ткала, бяліла?

Мікалай. Я ж пра гэта і гавару.

Насця. Дык чым жа ўтхланіць ім горла з гэтай арэндай?

Мікалай. Я спадзяваўся на суботні разлік за работу. Але... Не гарыць жа, пачакай.

Насця. Што? То хіба цябе не наконт арэнды звалі?

Мікалай . Не.

Насця (павесялела). А чаго?

Мікалай. Ай, там мала што...

Насця. А я ж думала... Ірынка, уставай... Будзі яе...

Мікалай. Ірынка... Не, ты будзі.

Насця. Я тры дні будзіла яе, а ты з хаты выходзіў. Будзі сёння сам. (Рашуча адыходзіцца.)

Мікалай (вінавата азірнуўся). Ірынка...

Насця. Падыдзі бліжэй да яе.

Мікалай (падыходзіць, нагінаецца над І рынкай. Вялая ўсмешка праходзіць па яго твары). Спіць малая. (Не адрываецца позіркам ад Ірынкі.) Дзіця расце ў сне.

Насця. Што ж рабіць?

Мікалай (падыходзіць да акна). Сонца яшчэ толькі напалавіну выйшла з-за паплавоў. Калі выйдзе ўсё — тады пабуджу. (Не адрываецца вачыма ад акна, глядзіць, як усходзіць сонца.)

Насця (глядзіць у акно). Сонца паднялося.

Мікалай. Пачакай, няхай з тае травінкі цень сыдзе, тады пабуджу. (Абое чакаюць. Паўза.) Ірынка... Ірынка...

 

Ірынка вяла паднімае галаву, працірае вочы, садзіцца.

 

Насця. Маладзец, дачушка!

Ірынка. Сонца ўзышло?

Мікалай. Узышло. Памыйся халоднай вадой, дык сон пройдзе.

Ірынка (вочы яе заплюшчаны). Татачка, родненькі, я яшчэ хоць трошачкі пасплю. Як ты налічыш да дваццаці, тады я ўстану.

 

Паволі хіліцца да падушкі, падае на пасцель. Мікалай гладзіць яе па галаве.

 

Мікалай. Спіць. (На пальчыках адыходзіцца да акна. Лічыць да дваццаці, стараючыся, каб як надалей расцягнуць гэты працэс. Пасля слова «дваццаць» нейкі час маўчыць, пасля падыходзіць да Ірынкі.) Ірынка!

 

Ірынка шпарка ўсхватваецца і пачынае адзявацца. Насця выходзіць у сенцы.

 

Мікалай (палівае Ірынцы ваду на рукі, і яна мыецца). Ты ж раней лягчэй уставала.

Ірынка. Здаецца, што долатам у вуха дзяўбуць — так галава баліць.

Мікалай. Гэта ў цябе толькі сёння?

Ірынка. Кожную раніцу. А калі выйду на двор, так і пакідае.

Мікалай. Чаму ж ты не паскардзілася ніколі? Чаму ж ты маўчыш? (Устрывожан).

Ірынка. Мама бедавала б, і ты нудзеў бы.

Мікалай (прыкідваецца вясёлым). А вот і няпраўда, чаго ж нудзець, ты паздаравееш.

Ірынка. Ты заўсёды нудзішся, і мама бядуе.

Мікалай. Гэта табе здалося.

Ірынка (выціраецца ручніком). Вы хітрыя. Вы думаеце, я нічога не бачу і не ведаю. А я ўсё бачу і ўсё ведаю. Я таксама хітрая.

Мікалай. Што ж ты ведаеш?

Ірынка. А чаго мама ўчора не вячэрала разам з намі, а казала, што раней пад’ела. А калі ты заснуў і я ляжала, дык яна ў той гаршчок, з якога вылівала нам вячэру, наліла гарачай вады і ела тую ваду з хлебам. Яна думала, што я сплю і не бачу.

Мікалай (жахнуўся). Што гэта ты гаворыш?

Насця (уваходзіць). Ты за мной падглядаеш, а сама не лепшая. Чаму ні разу не сказала, што ў цябе галава баліць.

 

Ірынка паказвае маці язык і робіць грымасу. Гэты поўны дзіцячай наіўнасці, жартаўлівасці ўчынак уводзіць усё ў нармальную раўнавагу. Ірынка бярэ з кутка дубец і выходзіць. Мікалай і Насця глядзяць ёй услед у сенцы, пасля адыходзяцца ад дзвярэй. Праз момант Ірынка ўсаджвае твар з двара і зноў робіць тую ж грымасу.

 

Мікалай. Ах ты, малая!

 

Ірынка знікае з-пад акна. Паўза.

 

Насця. Радзілася на такое жыццё дзіця.

Мікалай. А як жа без яе сонца ўсходзіла б. Каб толькі Чарноцкі з Лямэнтам глядзелі на свет?

Насця. Дзе цябе Лямэнт трымаў цэлую ноч?

Мікалай. Ён думае, усё для яго на свеце. Усё яму, а чалавеку нічога. Каб нават ступаў нагамі так, як яму заманецца.

Насця. Чаго ж ён хацеў ад цябе?

Мікалай (быццам не слухаючы). Гэтулькі ў ім злобы, гэтулькі неміласэрнасці, што, здаецца, гэта не чалавек. Ніякага спачування, ніякай ласкі. На дне магілы, напэўна, ясней, як у яго на душы. Магільны камень мякчэйшы і ласкавейшы. Як гэта, каб усё гэта было ў чалавеку.

Насця. За што ж ён так?

Мікалай. Як пачаў ён гаварыць, колькі бяды ён зробіць нам, дык усё роўна як бы гэта ён піў у смагу. Аж душой ажыў, калі расказваў мне, як Ірынка будзе канаць пад чужымі вокнамі з торбаю цераз плечы.

Насця. Божа мой! (Уздрыганулася ад жаху.)

Мікалай. Калі гаварыў, што я праз усё жыццё буду ў турэмных сценах тужыць аб сонцы і зялёнай траве, дык — ну проста гэта яму шчасце будзе.

Насця. Гэта Лямэнт?

Мікалай. Гэта не Лямэнт.

Насця. А хто? (Падступае бліжэй.)

Мікалай. Гэта Чарноцкі. Я яго пазнаў. Я яго даўно-даўно раз бачыў.

 

Насця сочыць за кожным Мікалаевым рухам.

 

Насця (ахопленая жахам). Ён хоча, каб мы тут не жылі?

Мікалай. Не то што каб тут, а каб на свеце не жылі.

Насця. Чаго ж ён на нас? Трэба зараз жа прадаць палатно і заплаціць арэнду. Не трэба чакаць да суботы.

Мікалай. Што яму гэтая няшчасная арэнда. Я і сам не ведаю, што тут такое. Можа, ён хіба пачуў што пра бацьку. Ён сказаў мне, дзе мой бацька.

Насця. Дзе ж ён? Чаму ён табе сказаў?

Мікалай (вядзе яе да акна, паказвае ў акно). Унь у тым белым доме жыве.

Насця. Гэта ж даўней быў яго дом.

Мікалай. За гэта ён помсціцца. Там бацька начальнік, нейкі, мусіць, вялікі чалавек. Ён мне сказаў ісці туды і загубіць свайго бацьку.

Насця (маўчыць, здзіўленая). Не ідзі. Лепш з дому сыдзі, у лесе захавайся, а не ідзі.

Мікалай. Я і не думаю ісці.

Насця. Што яны табе зробяць? Не пойдзеш — і ўсё.

Мікалай. Яны могуць многа зрабіць.

Насця. Ну што ўжо можа быць горш, як цяпер?

Мікалай. От я ж гэта і думаю: што можа ўжо горш быць, калі Ірынка ледзь жыве, ты, як цень, ходзіш... Я ў турму не дамся. Я сыду з дому. Выганяць з хаты — людзі не дадуць вам прапасці. Ці торба, ці такое жыццё.

Насця. Выганяць з хаты? Гэта ж ты толькі так гаворыш. Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой.

Мікалай. Дык мне ісці губіць бацьку? Я ўжо не думаю пра тое, што прападу сам.

Насця. Паслухай, а каб бацька забраў нас туды?

Мікалай. Гэтага нешта не чутна нідзе.

Насця. Ну, дык сыдзі з дому.

Мікалай. А вы?

Насця. І мы пойдзем.

Мікалай. Куды ж вы дзенецеся?

Насця. Ці малы свет?

Мікалай. Які ж тут свет? Скрозь жа Польшча, а кругом граніца.

Насця. Ну, дык усё адно сыходзь з дому.

М ікалай. Гэта трэба зараз рабіць, а то прыйдуць.

Насця. Ідзі.

Мікалай. Ну, добра. (Адзяе той пінжак, якім акрывалася Ірынка.) Дай мне тую, меншую торбачку. (Насця дастае з кутка і дае яму торбу. Ён яе камечыць і хавае ў кішэні.) Калі мяне прыйдуць пытаць, скажы, што пайшоў некуды далёка работы шукаць, а куды,— скажы,— не знаю. А сама ведай, што я падамся ў Гайнава, да таго самага Івася... *

Насця. Да якога гэта Івася?

Мікалай. А да таго, што ў пазалеташнюю восень двое сутак ляжаў у нас у прыгрэбцы ў саломе.

Насця. Што з табой на будоўлі быў і захварэў?

Мікалай. Ён не быў хворы, яго тады шукалі.

Насця (у трывозе). То гэта ён забіў паліцыянта?

М ікалай. Ці забіў, ці не — але яго шукалі.

Насця. Ты мог бы згубіць і яго, і сябе, і нас усіх.

Мікалай. Няўжо ж я выганю свайго чалавека, калі яны яго шукаюць? Пра тое забойства мне сёння ўночы нешта ўспаміналі. Можа, дазналіся пра што...

Насця. Прапалі мы.

Мікалай. Цяпер Івась няхай мне паможа... А я там старацца буду дзе-небудзь прымасціцца на работу. Пайдзі ў суботу на пільню і забяры мой заробак за гэтыя дні. Прадай палатно і заплаці за арэнду. Цяпер самае важнае, каб з хаты не выгналі.

Насця. Добра... На, вазьмі на дарогу ў торбу. (Дае яму кавалак хлеба.)

Мікалай (кладзе хлеб на стол). Няхай вам будзе, а я ў людзей разжывуся. Бывай здарова. (Цалуе Насцю.) Я неўзаметку прайду палеткам і пагляджу яшчэ на Ірынку. Няхай вам будзе ўсё шчасліва. (Яшчэ цалуе Насцю.)

Насця. І табе таксама.

 

Мікалай шпарка рушыў да дзвярэй. Трымаючы на яго плячы руку, Насця ідзе разам з ім. У гэты час за хатаю чуцен Юзін голас і забразгала клямка ў сенечных дзвярах. Мікалай ужо адчыніў у сенцы дзверы і раптам адступіў крок назад, адным махам шырэй адчыняючы дзверы.

 

Юзя (у сенцах). Асцярожненька ступай, Ірынка.

 

Ашаломленыя Мікалай і Насця застываюць на месцы, і Юзя ўводзіць у хату Iрынку. Усмешка з’явілася на Ірынчыным твары, калі яна спаткалася вачыма з бацькам. Юзя падтрымлівае яе, абняўшы адной рукой.

 

Мікалай. Што з ёй?

Юзя. Я пайшла на пакошу карову даіць. Гляджу — думаю, гэта Ірынка спіць седзячы. Аж як паглядзела — дык яна, як травіна ў суш,— вочы заплюшчаны, сама хіліцца к зямлі і нічога не чуе, што я кажу ёй.

Ірынка. Вельмі ж сонца пякло. (Усе ўтраіх кладуць Ірынку на пасцель. Яна заплюшчвае вочы і ляжыць так нерухома.)

Юзя. Я ж пабягу к каровам. Няхай яна ляжыць, не чапайце яе.

Мікалай . А чарада?

Юзя. Я да чарады хлапчука пашлю. Я яшчэ забягу сюды, як падаю каровы. (Шпарка выходзіць.)

 

У хаце цішыня. Мікалай і Насця стаяць над Ірынкай, гледзячы адно аднаму ў вочы. Раптам Мікалай дастае з кішэні торбу і кідае яе ў кут.

 

Насця (угадваючы Мікалаевы думкі). Яна (паказвае на Ірынку) памрэ без страхі над галавой. (Садзіцца каля І рынкі, гладзіць яе па галаве. Ірынка садзіцца на пасцелі. Мікалай моўчкі стаіць. Ціха адчыняюцца дзверы, усаджваецца Хартановіч.)

Хартановіч (счакаўшы, пакуль Мікалай заўважыў яго). Хадзем. (Да Насці.) У нас там аб дрывах пагаварыць.

Мікалай (прыгортвае да сябе Ірынку). Будзь здарова, Ірынка.

Ірынка. Куды ты ідзеш?

Мікалай. Недалёчка, унь сюды, за рэчку. (Паказвае рукой у акно.) Блізка.

Ірынка. Адно ж скора прыходзь. (Мікалай не адказаў, моўчкі пагладзіў па галаве Ірынку, кіўнуў галавой Насці і выйшаў услед за Хартановічам. Неўзабаве Мікалай усаджвае галаву ў акно з двара.)

Мікалай (у акне). Праўся, Ірынка, будзь здаровая, расці шчаслівая.

Ірынка (усміхаецца бацьку). Сарві мне унь той жоўты лісток з грушы.

 

Паказвае ў акно. У яе словах прабіваюцца ноты дзіцячага свавольства, якое пры іншых умовах і ў іншы момант вылілася б у бурную весялосць. Мікалай зрывае з грушы і дае Ірынцы жоўты лісток.

 

Ірынка (гладзіць сябе па твары лістком і нюхае яго). От пахне лісток. Здаецца, як увосень.

Мікалай. А ўжо ж і восень.

Хартановіч (дзесьці з двара). Ну, хадзем. (Мікалай хоча ісці.)

Ірынка. Тата, я з табой прайду да рэчкі.

Мікалай. Не, малая, адпачывай сабе.

Ірынка. Дык я толькі да поплава.

Мікалай. Я раней яшчэ туды зайду. (Паказвае кудысьці рукой.)

Ірынка (усхватваецца). Ну то я прайду з табой да кляноў.

 

Выходзіць з хаты. Мікалай знікае з акна.

 

Насця. Ах, малая, непаслушная... Няхай пройдзе пад кляны, можа апошні раз бацьку бачыць. (Выходзіць з хаты.)

 

Неўзабаве ў хату ўваходзіць Юзя з поўным збанком у руках. Ставіць збанок на стол, садзіцца і аддыхваецца ад стомы — відна, што яна шпарка ішла або бегла.

 

Юзя (сама сабе). Дзе ж усе дзеліся, нікога няма?

Зыгмусь (усаджваецца ў акно). Следам за табой ганюся. Крычаў, а ты не чула. (Шпарка ўваходзіць у хату.) Дома я цябе не мог знайсці нідзе.

Юзя. Я думала, што ты з панамі паехаў.

Зыгмусь. Стары пан пад граніцу пешкам пайшоў. Адзін... Што ты робіш у гэтай хаце адна?

Юзя. Любы мой, дарагі. Паслухай мяне. Ты службу маеш, мы будзем жыць з табою. Нашто нам той фальварак, калі ён дастанецца нам праз чужую кроў і праз чужыя слёзы. Мне страшна.

Зыгмусь. Дык што ты хочаш?

Юзя. Я не пайду за Лямэнта замуж, я толькі за цябе аднаго хачу.

Зыгмусь. У такую мінуту ты так гаворыш? Усё ж ужо зроблена. Гэтая зямля і хата гэтая — ужо наша.

Юзя. Як гэта?

Зыгмусь. Чарноцкі падараваў гэтую зямлю Лямэнту. (Ад радаснай узбуджанасці пацірае рукі.) Адразу. Доўга не думаў. Ён толькі сказаў, каб Лямэнт бярог чыстату гэтай зямлі, каб на ёй ніхто ніколі нячысты не жыў. Добра Лямэнт пастараўся для нас з табой. Так што табе не патрэбна ўжо і падгаварваць яго на гэта. Няхай твая душа будзе спакойная. Толькі адно табе асталося, самае малое,— каб ён адразу на цябе зямлю гэтую перапісаў. А мужыкоў ён згоніць і сам, без твайго ўгавору.

Юзя. Я на ўсё згодна. Нават на смерць Лямэнта згодна. Толькі — гэтая зямля не дасць мне век спакою ў душы. Любы мой, няўжо табе мала майго кахання, Зыгмусь? (Глядзіць яму ў вочы.)

Зыгмусь. Што за гавэнда! (Злуе.) З сённяшняга ж дня пачні з ім аб перапісцы на цябе зямлі.

Юзя. Я гэтага не буду рабіць. Я не хачу панаваць на зямлі, з якой няшчасныя людзі пойдуць у свет жабракамі.

Зыгмусь. Дык тады можаш сабе і не ісці за Лямэнта замуж.

Юзя. Як я табе ўдзячна, Зыгмусь, што ты, нарэшце, на мяне глянуў, а не на Лямэнтава дабро. Я ж сябе для цябе берагла.

Зыгмусь (у шалёнай злосці). Тое, што ты там для мяне берагла, то гэта маё. А рэшта — няхай будзе Лямэнту.

Юзя. Што я чую? Я табе зусім не патрэбна?

Зыгмусь. Без Лямэнтавага фальварка! Без гэтай зямлі! Дык калі беспасажніца, дык у мяне знойдуцца дзяўчаты па васемнаццаць год, а не трыццаць.

Юзя (апанаваная жахам і горам). Зыгмусь, не пакідай мяне, забяры мяне ад Лямэнта. Выратуй мяне з гэтага пекла. Ты можаш, ты служыш, ты зарабляеш. Я так цябе кахаю. Не дай мне прапасці. Я гатова самую сябе прынесці ў ахвяру Лямэнту, каб толькі з табою быць пасля шчаслівай.

Зыгмусь (зменьвае тон). Ну, дык чаго ж ты?

Юзя. Я не магу мець шчасця на чужым горы. Чаму ты такі бессардэчны?

Зыгмусь. Ну, дурная, ну, любая... Ну, чаго ты... (Абнімае Юзю.) Я зменшу тэрмін. Не праз паўгода, а раней ты аўдавееш.

Юзя (у яго абдымках). Не, не трэба за Лямэнта, калі кахаеш — так бяры...

Зыгмусь. Ну, дурная, ну, любая...

 

У дзвярах з’яўляецца Лямэнт з палкаю ў руках. Ён бачыць Юзю ў Зыгмусевых абдымках. У першы момант ён аслупянеў ад нечаканага малюнка, шырока расплюшчыўшы вочы. Пасля жудасная ярасць ахапіла яго. Падняўшы палку, ён з крыкам кідаецца наперад, забыўшыся пра ўсё.

 

Лямэнт. Гадаўка! Сцерва! Я гляджу, дзе яна. (Зыгмусь кідаецца ў кут. Юзя адбягаецца ў другі бок.) Што гэта? (Падступае да Юзі, узняўшы палку. Калоціцца ад гневу.)

Зыгмусь (хітра і смела). Ну і ўпартая ж ваша Юзя, пане Лямэнт. Ужо з год дамагаюся, каб хоць раз яе пацалаваць — і не ўдаецца. Я да яе, а яна або ўцякае, або пазурамі дзярэцца, як кошка.

Лямэнт (паварочваецца да Юзі, крычыць). Што робіш у гэтай хаце, чаго ты тут?

Зыгмусь. Яна даіла каровы, а я да яе прыбег. Яна наўцёкі, я за ёю. Яна сюды, ад мяне ратуючыся, і я следам. Тут я яе злавіў, а яна да мяне з кулакамі.

Лямэнт (замахваецца палкай). Нешта ты вельмі ахвотна расказваеш пра свае няўдачы каля яе.

Зыгмусь. Шчырая праўда. Дамагаюся, каб хоць раз яе пацалаваць, і не ўдаецца.

Лямэнт (трасецца ад рэўнасці і злосці). Дык каб гэта было апошні раз. Яна зараз будзе мая жонка.

Зыгмусь. Пане Лямэнт, што чую. Каб жа я гэта ведаў, то і не глянуў бы на яе, шануючы вас. Чаму ж пан Лямэнт мне раней нічога не казаў? О, я зайздрошчу вам. Ох, каб мне такая жонка! Ну, то дай бог здароўя. Бог сведка — без злое думкі, нічога не ведаў.

Лямэнт. Ну, ідзі там сабе куды трэба.

Зыгмусь. А што ж, калі так... (Выходзіць.)

Лямэнт (да Юзі). Ты! (Узнімае кулак і грукае палкай у падлогу.)

Юзя (з крыўдай і гонарам). З якой гэта прычыны вы так на мяне? А можа я за вас замуж зусім і не пайду.

Лямэнт. Як-то?

Юзя. Дзе вы ўзялі права на мяне з кулакамі кідацца? Я ніколі гэтага не дазволю.

Лямэнт (абвяў, яго апанаваў смутак). Ты з ім цалавалася?

Юзя. Не. Але каб і цалавалася, то хто мне можа забараніць?

Лямэнт (з новым выбухам злосці). Я. Ты мая жонка... зараз будзеш.

Юзя. А калі я ніколі не буду вашай жонкай?

Лямэнт (раптам змяніў тон). Юзя... Юзечка... Юзя... (Хапае яе за рукі.) Я цябе азалачу... Ты і не ведаеш, што і зямля гэтая нам прыбавілася... Зганю адсюль мужыкоў і на цябе і зямлю гэтую перапішу... Будзеш, як пані... (Юзя адыходзіцца далей.) Хадзі сюды. Чым ты нездаволена? Ну, ідзі. Ах, дзікая...

Юзя. На гэтай зямлі жывуць няшчасныя людзі. Не трэба іх зганяць.

Лямэнт (увайшоў у сваю роль). Няможна. З такой умовай і зямля гэтая мне падаравана. Самому пану нязручна, яму трэба быць ласкавым да людзей. А людзі гэтыя тут жыць не павінны. Праз некалькі дзён або іх тут не будзе, або я буду мець вялікія непрыемнасці.

Юзя. Праз некалькі дзён?

Лямэнт. Адразу. Мы з табой тут запануем. (Хоча падысці да яе, і вочы яго ўпалі ў акно.) Ах, пся косць яго. Ён стаіць тут, гад. Цябе чакае, ці што? Хадзем дадому.

Юзя. Я следам за вамі пайду. Дайце мне адумацца.

Лямэнт (глядзіць у акно). Стаіць, халера. Ну, каб скора была дома. Я ж яго ўпяку, пся лытка яго. (Шпарка выходзіць.)

Юзя (адна). Божа мой, божа! На якую дарогу яны мяне павялі! Кахаць аднаго, а ісці замуж за другога. І рукі ў крыві будуць. І чужое гора спакою не дасць. І сумленне мучыць будзе, і шчасця, значыцца, не будзе. І гэтыя няшчасныя людзі. Будзь ты проклята, такое жыццё!

 

Уваходзяць Ірынка і Насця. Абедзве ўзбуджаныя і стомленыя.

 

Ірынка. Тата ж пайшоў не туды, куды казаў. Вы мне казаць не хочаце... Ой, здаецца, долатам у вуха дзяўбуць.

Юзя. Я табе, Ірынка, прынесла малака. Пі на здароўе. Увечары яшчэ прынясу.

Насця. Дзякую, Юзечка. У цябе добрае сэрца. Ты сама была сіратой. (Кладзецца на пол.) Дыхаць цяжка... Пайшоў наш татка... Пайшоў... Бяда вялікая з намі будзе, я гэта чую.

Юзя (пасля доўгай паўзы. Глядзіць на Ірынку). О, як скора заснула Ірынка. Спіць ужо. (Ціха падыходзіць да Насці.) Насця, я табе скажу, каб ты загадзя ведала: гэтымі днямі вас з хаты прагоняць, з гэтага месца.

Насця (узбуджана паднімаецца). Гэта, можа, раней было... Не, Мікалай жа пайшоў... Сам Чарноцкі паслаў Мікалая на такую справу, за якую нас тут пакінуць, не прагоняць, чапаць не будуць.

Юзя. А гэта зробіць Лямэнт, Чарноцкі яму зямлю аддаў. Лямэнт вас выганіць. (Насця задрыжала.) Я павінна ісці замуж за Лямэнта. (Падае грудзьмі на стол і плача.)

Насця (пасля жудаснага маўчання). Бяда вялікая прыйшла. Гора апанавала... Мікалай навек сышоў... Жыццё канчаецца. Юзя, не пакінь Ірынку ў бядзе вялікай, Ірынку, дачушку... Не пакінь Ірынку... Ірынку... Спіць Ірынка...

 

Абняможаная лажыцца, бадай што падае. Юзя стаіць як анямелая. Запаноўвае вялікае маўчанне.

 

Заслона

 

ТРЭЦЯЯ ДЗЕЯ

У кватэры Канстанціна Міхалковіча. Вялікі пакой з шырокім шкляным выхадам на адкрытую веранду, проста перад гледачом у кірунку на захад. Сонца блізка стаіць да захаду, і выхад на веранду ўвесь заліт чырвонымі водсветамі. Неба быццам гарыць, калі само сонца ў момант захаду вогненным шарам праходзіць па небасхілу і хаваецца за дрэвы і лясы. Тады густыя колеры ператвараюцца ў ціхія водблескі, неба бляднее і цямнее, фарбы яго сплываюць у прастору, і пачынаецца змярканне. У пакоі стол з букетам палявых кветак, гнутыя крэслы, такая ж канапка пад гарнітур крэслам, піяніна пры сцяне і над ім партрэты Леніна і Сталіна. Масіўная тумба з вазонам. Тэлефон на сцяне. Валя грае на піяніна, яна ўся ахоплена музыкай і нічога, апроч яе, не заўважае. Яна ў тонкай стракатай светлай сукенцы, у сандалях на босую нагу. У валасы яе паўтыкана кветак, не дзеля хараства, а дзеля свавольства. З саду на веранду ўваходзіць Канстанцін Міхалковіч і ідзе ў пакой. У дзвярах ён спыніўся і слухае музыку. Гэта моцны стары, з густымі і сівымі валасамі, зачэсанымі назад. Твар яго ў загары. Калісьці дарагі, цяпер паношаны гарнітур ляжыць на ім вельмі зграбна, хоць, як відаць, сваёй адзежы ён не шмат аддае ўвагі. Пінжак расшпілены, гальштук падняўся з-пад камізэлькі. Ён стаіць моўчкі. Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх. Міхалковіч шпарка накіроўваецца да Валі. Валя азіраецца на стук яго крокаў, саскочыла са свайго месца і пайшла яму насустрач.

 

Міхалковіч (абнімаючы Валю). Ах ты... малая ты мая... З парку чутна... За таполямі ішоў — чуў тваю музыку... (Падводзіць Валю да піяніна.) Ты ўжо шосты дзень іграеш, а нават не пацікавілася, нашто тут у мяне піяніна стаіць.

Валя. Можа ты сам іграць умееш?

Міхалковіч. Гэтымі пальцамі? (Растапырвае пальцы.) Гэтае піяніна — я яго купіў табе, перад самым тваім прыездам. Калі ты такая здольная да музыкі, дык май на чым вучыцца.

Валя. Дзядунь, любенькі!

 

Кружыцца навокал яго і цягне яго за сабой. Ён хапіў яе аберуч за плечы і стараецца яе спыніць. Яна рагоча і вырываецца ад яго.

 

Міхалковіч. Пусці. Пстрыкун! (Яна адбягаецца ад яго і не можа ўстаяць на адным месцы — ёй хочацца кружыцца, бегаць. Міхалковіч садзіцца.) Ну, хадзі сюды, пстрыкун. Ну, ідзі! (Валя падыходзіць, ён трымае яе за руку.) Ты ж у мяне адна-адзіная... унучка... Уцеха мае старасці.

Валя (дзяцініцца). А мяне адну пакідаеш на цэлы дзень.

Міхалковіч. Ты ж гаспадыня. Хіба цябе пільнаваць трэба.

Валя. Вядома, што гаспадыня. Бачыш, як усюды чыста. Падлогу вымыла, пыл адусюль выцерла... Ой... (Рагоча.) Я ў абору хадзіла... (Не можа гаварыць, рагоча.)

Міхалковіч. Ну, што там у аборы было такое?

Валя. Я карову даіла.

Міхалковіч. Ну...

Валя. Як толькі пачала даіць, дык карова азірнулася і ўбачыла, што гэта я, і як дасць нагамі ў вядро...

Міхалковіч (перабівае). А вядро як пабяжыць ды як закрычыць.

Валя. Няпраўда... А даярка як пабяжыць ды як закрычыць.

Міхалковіч. Ну, я ж і кажу, што і бегалі, і крычалі.

Валя (надзьмулася, але так і відно, што ёй хочацца зарагатаць). Не буду расказваць.

Міхалковіч (стараецца надаць як мага больш свайму голасу жаху). Чаму?..

Валя. Ты заўсёды мяне абсмейваеш.

Міхалковіч (упрошвае са смехам). Ну, расказвай, ну, расказвай.

Валя. А дзе ты быў цэлы дзень, што я цябе знайсці не магла?

Міхалковіч. Запыталася б і знайшла б мяне.

Валя. Не мела я ахвоты бегчы за пяць кіламетраў у поле.

Міхалковіч. За якія табе пяць. За садам, па той бок мастка.

Валя. А што ты там рабіў? У канторы цябе няма і няма. Я два разы прыходзіла.

Міхалковіч. На дарозе правілі сапсаваны трактар.

Валя. Ты сам правіў?

Міхалковіч. Правіў механік, а я глядзеў.

Валя. Механік правіць, а ён глядзіць. От работнік!

Міхалковіч. Я хацеў павучыцца, што рабіць, калі на дарозе трактар стане...

Валя. Навучыўся?

Міхалковіч. Не яшчэ.

Валя. Дык гэтак ты і вучыўся. Пра нешта іншаедумаў.

Міхалковіч. Праўда. Я табе яшчэ букет ірваў.

Валя (жартаўлівым тонам). Ну?

Міхалковіч (разводзіць рукамі). О такі букет. А кветкі якія: лебяда, чартапалох, драсён, трыпутнік, лопух, леташні быльнік і шаснаццаць каліў крапівы.

Валя. Хацела б я паглядзець, як бы ты ішоў з такім букетам. Эх, ідзе сабе важна, букет трымае... (Маршыруе па пакоі, паказвае, як ён нёс бы букет.)

Міхалковіч. Не ўдалося той букет прынесці.

Валя (хоча выразіць голасам страх, ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць). Чаму?..

Міхалковіч. Паклаў той букет пры дарозе, а прыйшла карова, языком як лізне, дык ад твайго букета і следу не асталося. От толькі ў каровы з рота вырваў. (Дастае з кішэні пучок сініх і чырвоных кветак.)

Валя (хапае кветкі, скача па пакоі). А трактар як пабяжыць ды як закрычыць... Як тое вядро...

Міхалковіч. Не, унучка, уся бяда ў тым, што трактар і не закрычаў і не пабег, а астаўся стаяць на месцы.

Валя (бачыць, што ў яго голасе менш жартаўлівасці, і сама сталее). Дык што ж будзеш рабіць?

Міхалковіч. Ну, што ж рабіць? Правіць, пакуль не пабаіцца і не закрычыць.

Валя. Ой, дзядунь!

Міхалковіч. Ну, што яшчэ, пстрыкун?

Валя. Сёння, як каровы даілі, дык от цёткі гаварылі пра цябе.

Міхалковіч. Што ж яны гаварылі?

Валя. Гаварылі, што ты хацеў Чарноцкага пана злавіць, калі ён у Варшаву ўцякаў.

Міхалковіч. А ў нас усё жыццё з ім было так: то я яго лавіў, то ён мяне, то ён мяне біў, то я яго. Тут непадалёку ў лесе ёсць зямлянка, дзе год дваццаць таму назад я хаваўся ад яго. Туды да мяне прыходзілі людзі, і к канцу зімы ў нас быў вялікі партызанскі атрад.

Валя. Пакажы мне тую зямлянку.

Міхалковіч. Пакажу.

Валя. А дзе цяпер той Чарноцкі пан?

Міхалковіч. А яго ўжо, напэўна, і жывога на свеце даўно няма.

Валя. Дзядунь! Давай сёння ўвечары ты мне будзеш расказваць пра партызанаў і тую зямлянку... І пра вайну... Толькі каб доўга расказваў.

Міхалковіч. Э, не, унучка. Я зараз пайду адпачну, а пасля пайду ў кантору гаварыць па тэлефоне з раёнам, а пасля з Мінскам.

Валя. Дык я цябе буду чакаць.

Міхалковіч. А спаць калі ты будзеш? Я прыйду не раней гадзіны ночы.

Валя (штучна напускае на сябе сумнае нездавальненне). Ты мала мне расказваеш... і мала са мной бываеш...

Міхалковіч (гладзіць Валю па галаве). Я ўсё азіраўся сёння на дарогу — можа, думаю, мільгаціць дзе палеткам твая гэтая сукенка... Ты ж не ходзіш, а ўсё бегаеш.

Валя (прытуліўшыся да Міхалковіча). Дзядунь, я табе яшчэ заграю.

Міхалковіч. Твой бацька і твайго бацькі брат Мікалай таксама ў маленстве былі здольныя да музыкі. Яны самі навучыліся былі рабіць з дзерава дудкі і гралі на іх.

Валя. А мой тата расказваў, што тая хата, дзе вы некалі жылі, калі ён быў малы, цяпер у Польшчы.

Міхалковіч. Гэта маё гора, унучка. Твайго таты брат, Мікалай, таксама там. Часам, калі я гляджу на цябе, мне здаецца, што стаіць поплеч цябе нейкае другое дзіця — няшчаснае, змучанае, і калі ты граеш, я адчуваю гэта больш, як калі.

Валя. А цяпер?

Міхалковіч. Мне здаецца, што стаіць побач цябе хлопчык Мікалай, Міколка, такі, якім ён астаўся ў маёй памяці з таго часу, калі я служыў парабкам.

Валя. А чаму ты пра тату так не думаеш?

Міхалковіч. Твой бацька ўвесь час жыў са мною. Цяпер ён важны і шчаслівы чалавек. А Мікалай з малых год быў аратым у пана Чарноцкага. Я яго памятаю толькі малога і няшчаснага. Калі пасля вайны я вярнуўся быў сюды — граніца ўжо адмуравала яго ад мяне. І я выехаў быў адсюль далёка. З таго часу ніякага слыху. Ці жывы ён, і што з ім, і з кім ён жыве, і як. І хто ў яго ёсць з блізкіх яго? У шчасці і радасці да самай смерці тужыць буду... Ты ж у мяне адна, мая ўнучка... Ясным надвор’ем я тую хату бачу простым вокам.

Валя. Пакажы мне тую хату.

Міхалковіч (становіцца ў выхадзе на веранду. Валя стаіць пры ім, трымаючы яго аберуч пад руку). Унь, бачыш тры вялікія дрэвы. Блішчаць ад сонца. (Паказвае направа цераз веранду.)

Валя (углядаецца). Бачу.

Міхалковіч. Дык яшчэ правей хата. Унь, бачыш бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае.

Валя. Бляск бачу. А хата там?

Міхалковіч. Там. Я пад тым адзінокім дрэвам часта некалі адпачываў пасля работы, і маленькі Міколка ў мяне на руках сядзеў. Я цяпер цалаваў бы кару на тым дрэве.

Валя. Не відна хаты. (Раптам падскочыла, убегла на сярэдзіну пакоя.) Бацька пакінуў свой бінокль. (Выбягае праз бакавыя дзверы ў памежны пакой і неўзабаве варочаецца назад з біноклем. Наводзіць бінокль. Глядзіць.) Не бачу. (Дае Міхалковічу бінокль.) Знайдзі сам і скажы, куды глядзець.

Міхалковіч (углядаецца праз бінокль). Адзінокае дрэва, як жывое, перад вачыма. Унь і камень вялікі на месцы пры дарозе. І хата. Сонца свеціць проста ў вокны. Людзі ходзяць. Многа людзей з хаты выходзіць. Ідуць некуды, нешта нясуць...

 

Раптам Міхалковіч уздрыгануўся. Рука з біноклем упала ўніз, неяк бездапаможна ён азірнуўся, пасля рэзкім рухам ускінуў руку з біноклем зноў да вачэй, і зноў так жа рука яго ўпала ўніз.

 

Валя. Што гэта ты неяк? (Міхалковіч зноў глядзіць у бінокль і зноў апускае руку.) Дай, дай мне, я пагляджу. (Вырывае з яго рук бінокль і глядзіць сама.) Гэта з хаты тыя людзі выйшлі?

Міхалковіч. З хаты.

Валя. А што гэта яны нясуць? Чаму гэта яны нясуць наперадзе крыж?

Міхалковіч (адказвае не адразу. Поўны трывогі, ён маўчыць, нібы ён гэта хоча перачакаць раптоўны боль у сабе. Пасля ён пераводзіць вочы на Валю). У той хаце нехта памёр. Хаваюць некага ў той хаце...

 

Ён абнімае адной рукою Валю і прыгортвае яе да сябе. Раптам ён выхватвае з яе рук бінокль і праз яго прыпадае вачыма і ўсёй постаццю да далечыні перад ім. Рух гэты яго падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Гэта толькі адзін момант.

Ён кладзе бінокль на край веранды. Валя забірае яго і сама глядзіць. Міхалковіч шпарка ўваходзіць у пакой.

 

Міхалковіч. Мікалай, сынку мой, што яны з табой зрабілі... Я ж нядаўна быў у Крамлі. Я ж нядаўна бачыў Сталіна. Чаму я не сказаў Сталіну — ратуй, бацька родны, майго хлопчыка Міколку!

 

Не знаходзіць сабе месца і позы. Валя доўга глядзіць на верандзе ў бінокль. У гэты час на самым небасхіле, насустрач выхаду на веранду, паказваецца вогненны шар сонца і хутка заходзіць і знікае. Згушчаецца вячэрні змрок. На небе запальваюцца зоры. Міхалковіч шпарка рушыў з пакоя праз веранду ў сад.

 

Валя. Дзядунь, куды ты?

Міхалковіч. На граніцу. Можа там на заставе бліжэй бачылі. Можа хоць здагадацца можна, каго хаваюць.

Валя. І я з табой пайду.

 

Абое знікаюць у глыбіні саду. Нейкі час сцэна пустая. Пасля каля веранды з’яўляюцца Мікалай і Хартановіч.

 

Хартановіч. Прыйшлі. Тут жыве твой бацька. Проста ў дзверы ідзі.

Мікалай. А ты?

Хартановіч. А я? Ты ж сам ведаеш.

Мікалай. Што я ведаю?

Хартановіч. К бацьку ідзі. Што ў цябе, сэрца каменнае? Абнімі яго, як сын. Год жа дваццаць пяць яго не бачыў. Ты ж да яго як з таго свету прыйшоў.

Мікалай (сурова). Мне ж паліць трэба ісці.

Хартановіч. Дык я ж табе кажу — нічога табе паліць не трэба. Не пэцкай рук. Нашто ты сам будзеш роднаму бацьку рабіць бяду такую?

Мікалай (не разумеючы). Значыцца, не трэба нічога рабіць, што сказаў Чарноцкі?

Хартановіч. Ц-ц-ц-ці-ха... Не ўспамінай тут гэтага прозвішча. Ідзі з бацькам вітайся. І сабе тут будзь. Не думай ні аб чым. Спакойна сядзі ў бацькі.

Мікалай. А ты пойдзеш паліць?

Хартановіч. Я... (Маўчыць )

Мікалай. Хадзем удвух к майму бацьку. Як чалавек ідзі.

Хартановіч. Вар’ят шалёны, што ты гаворыш?

Мікалай. Хадзем.

Хартановіч (адыходзячыся ў сад). Ён звар’яцеў. (Адыходзіцца яшчэ ў глыб саду.)

Мікалай (хапае яго за адзежу). Стой, не ідзі. (Бадай што сілком прыцягнуў Хартановіча назад да самай веранды.)

Хартановіч. Што ты робіш? Ты забываешся, адкуль мы прыйшлі.

Мікалай. Ты пойдзеш паліць. Ці ты спаліш, ці я — гэта на пагібель майму бацьку.

Хартановіч. На якую пагібель! Тут будзь! (Страціў цярплівасць, баязліва азіраецца, зноў адыходзіць у сад.)

Мікалай. Стой!

Хартановіч (апанаваны жахам). Не крычы!

Мікалай (кідаецца следам за Хартановічам). Буду крычаць, калі пойдзеш. (Цягне Хартановіча назад к верандзе.)

Хартановіч. Што ты хочаш рабіць?

Мікалай. Ты хочаш людзей губіць і майго бацьку.

Хартановіч (моцным шэптам, грозна). Ідзі да свайго бацькі! Ну!

Мікалай. Ты ідзі наперадзе, а я за табой пайду. (Хапае Хартановіча за плечы.)

Хартановіч. Ідзі! (Выхватвае з кішэні нож.)

Мікалай. Дык ты вось як! (Абхватвае Хартановіча аберуч і, перамагаючы яго супраціўленне, бадай што ўносіць, упіхвае яго праз веранду ў пакой.)

Хартановіч (шэптам). Пусці, дурань! Сам сваю сям’ю губіш. Калі не будзе зроблена, там тваёй сям’і... От бачыш, я табе дабра хачу, а ты...

Мікалай. Ты мне дабра хочаш! Тут будзеш!

Хартановіч (вырываючыся з Мікалаевых рук). Дай дарогу. Закалю, як сабаку. (Наступае на Мікалая.)

Мікалай (ён загарадзіў сабой выхад на веранду). Чакай! (Шпарка азіраецца ў бакі, быццам чагосьці шукаючы.)

 

Хартановіч кідаецца к выхаду, наставіўшы на Мікалая нож. Мікалай, не пакідаючы выхада, кінуўся ўлева і працягненай рукой хапіў тумбу з-пад вазона. Вазон з грукатам бразнуўся на падлогу. Хартановіч уздрыгануўся і рынуўся бліжэй да Мікалая. Яшчэ секунда — Хартановіч усадзіць нож у грудзі Мікалаю. Мікалай з усяго размаху апусціў тумбу на галаву Хартановіча. Хартановіч падае і застывае на месцы. Мікалай, знясілены і ахоплены жахам, адбягаецца назад да выхада на веранду, растапырвае рукі на ўвесь выхад, быццам загароджвае яго сабою, і стаіць, як застылы, нерухомым позіркам бачачы адтуль Хартановіча ў вячэрнім змроку. Праходзяць мінуты, змрок згушчаецца, хутка робіцца цёмна. Мікалай адыходзіць к сцяне. У садзе чуюцца галасы Валі і Міхалковіча.

 

Валя. Гэта ўжо на тым беразе малюсенькай рэчкі і Польшча?

Міхалковіч (сурова). Польшча.

Валя. А чаму гэта яны крыж неслі наперадзе?

Міхалковіч (відна, што ён не разабраў ці не зразумеў, што кажа Валя, бо пачаў гаварыць тады, калі яна яшчэ не скончыла). Я табе не раз казаў — не прывыкай абыходзіцца з светам і людзьмі, як з цацкамі. (Здаецца, ён сам не заўважае сваіх слоў.)

 

Уваходзяць у пакой. Мікалаеў сілуэт вырысоўваецца на фоне белай сцяны.

 

Валя. Дзядунь, ну чаго ты так?

Міхалковіч. Я павінен аледзянець, каб не бачыць і не думаць.

Валя. Дзядунь, мала што з той хаты труну выносілі. Можа там дзядзька Мікалай і не жыве ў той хаце!

 

Мікалай, які дагэтуль стаяў пры сцяне ціха, зрабіў раптоўны рух на сярэдзіну пакоя.

 

Валя. Дзядунь, тут нехта ходзіць.

Мікалай (бадай што адначасна з Валяй). Гэта Ірынка памерла, калі з тае хаты труну панеслі.

Міхалковіч. Хто тут? (Кінуўся да выхада на веранду і загарадзіў яго сабой. Валя з ім разам.) Валя, святло ўключы, зараз жа!

Валя. Баюся ісці.

Міхалковіч. Хто тут? Валя, святло!

 

Моцна тупаючы нагамі, Валя пабегла да супрацьлеглай сцяны, умомант уключыла святло і так жа шумна і шпарка падбегла назад да Міхалковіча. Пакой заліўся яркім святлом. Мікалай стаіць пасярод пакоя. Міхалковіч насупроць яго, наставіўшы на яго наган. Міхалковіч бачыць перад сабою абарванага, аброслага, учарнелага чалавека.

 

Міхалковіч. Хто ты? Што за чалавек?

 

І раптам рука Міхалковіча задрыжала і ўпала ўніз, і ўвесь ён сагнуўся, асунуўся ў момант вока і, апанованы радасцю, здзіўленнем і жахам, застыў на месцы. Але ў наступны момант парыў радасці перавысіў усё ў душы Міхалковіча. Ён гатоў кінуцца да Мікалая, Мікалай гатоў кінуцца да яго.

 

Валя (нечаканы крык). Ай! Чалавек на падлозе ляжыць. (Хапаецца за Міхалковіча і трымаецца за яго.)

 

Глыбокае маўчанне цягнецца некалькі мінут. Раптам Хартановіч заварушыўся і застагнаў.

 

Хартановіч (хрыпіць, ледзьве адцягвае голас). Ён хацеў тут спаліць усё, а я не даваў, і ён забіў мяне... Я яго загнаў сюды... Я тутэйшы чалавек... Дакументы ў кішэні... А ён шпіён... з Польшчы прыйшоў... (Змоўк.)

 

Мікалай выпростваецца, з яго зыходзіць разгубленасць, і так ён стаіць у рашучай позе, з суровым выглядам.

 

Мікалай. Я думаў — у мяне будзе першая за ўсё маё жыццё мінута вялікага шчасця і радасці — спатканне з бацькам. Але, бачу, радасць на свеце даецца вельмі цяжка. Мне трэба яшчэ дадумацца, як паказаць перад табою сваю чыстую душу. Я не даў яму губіць і цябе, і тутэйшых людзей. Гэта ён ішоў паліць вас. (Паказвае на Хартановіча.) Як добра, што я забіў яго. Як я шкадую, што пакінуў яшчэ жывога большую гадзіну — Чарноцкага.

Міхалковіч. Каго?

Мікалай. Чарноцкага. Ён ведае, што ты тут жывеш у яго доме. Ён выгнаў мяне сюды, каб я згубіў цябе навек. А калі я не згублю цябе — дык ён згубіць там Ірынку. Ёсць там Ірынка, твая ўнучка. Ратуй яе ад гібелі. Я пакінуў яе хворую і ў Чарноцкага руках. Такое дзіця... (Глядзіць на Валю.) Як гэтая... (Ён здзівіўся вялікаму Валінаму падабенству да Ірынкі.) Чыя ты? Я мог бы падумаць, што ты Ірынка. Твар. Вочы. І пастава... Што я гавару... Не гэта трэба гаварыць... Божа мой, божа мой...

Валя. Дык гэта, можа, вы Мікалай. Мой бацька — гэта ваш брат.

Мікалай. Ты Валодзева дачка... Была ў цябе сястрычка Ірынка...

Валя. А дзе яна цяпер?

Мікалай. Вы бачылі, як з тае хаты труну вынеслі... Не трэба маёй цяпер Ірынцы ніякага ратунку... Што ж я стаю... Чаму я валасоў на сабе не рву... (Робіць крок да Міхалковіча.) Там суседзі мае асталіся з няшчаснымі дзецьмі. Ад вёскі да вёскі дарогі. Усюды людзей многа, усюды бяды і гора поўна... Хіба з дубінай я цяпер пайшоў бы туды.

Міхалковіч. Мікалай... Сын мой... Які ты... Што яны з табой зрабілі... (Стаіць, прыпаўшы плячыма да сцяны, як умураваны у яе.) Мікалай... Падыдзі да мяне бліжэй...

 

Міхалковіч робіць крок да Мікалая, Мікалай робіць крок да Міхалковіча. Так стаяць нерухома, імкнучыся душой і сэрцам адзін да аднаго. Хартановіч заварушыўся і сеў. Усе паварочваюцца да яго.

 

Заслона

 

ЧАЦВЁРТАЯ ДЗЕЯ

У хаце Мікалая Міхалковіча. Ноч. Цёмна. Знадворку чуцен голас Лямэнта

.

Лямэнт (на двары). Юзя... Юзя... (Уваходзіць у хату, запальвае электрычны ліхтарык, абводзіць ім сцены і куткі.) Юзя! (Ліхтарык асвяціў лямпачку на акне. Лямэнт тушыць ліхтарык, чыркае запалкай і запальвае лямпачку. Азіраецца па хаце.) І тут няма яе. А божа мой, божа мой.

 

У хаце пануе разруха і непарадак. Усё параскідана і зрушана з свайго месца. Пасцель на палу зграмозджана ў кучу, на падлозе валяюцца рэчы, стол не на сваім месцы, тапчан, на якім у другой дзеі спала Ірынка, стаіць голы, без пасцелі, пасярод хаты. Адна фортка ў акне знята з крукоў і стаіць з пабітым шклом пры сцяне. Груша на двары пад акном бадай што ўжо голая: апошняе зжаўцелае лісце яе ападае ціха і бесперастанку. Лямпачка на акне асвятляе грушу. За хатаю спяваюць пеўні. З пала да самай падлогі звешваюцца лахманы. Частка іх ляжыць на падлозе. Лямэнт па-гаспадарску аглядае хату, падыходзіць да акна, бярэ з падлогі знятую фортку і надзявае яе на крукі.

Лямэнт. Гм... Нехта ўжо і шкло высадзіў... (Адыходзіцца на сярэдзіну хаты, садзіцца на тапчан.) Божа ласкавы, прымі плач крывавы. Што гэта будзе, што гэта робіцца? Вайна лютая, жорсткая. З Варшавы ўсе сюды ўцякаюць, у наш ціхі куток. Дзякуй богу, што я тут жыву. Божа, выратуй айчызну! (Адыходзіць да кучы лахманоў, разварушвае іх палкай. Застукалі дзверы ў сенцах. Лямэнт падняў галаву.) От, яна ідзе. Знайшла сабе тут прыпынак, са мною сварачыся... Халера. А можа, гэта да яе сюды Зыгмусь з’яўляецца? Але ж больш за месяц не відно яго ўжо... Ну, дзе ж яна?..

 

Нецярпліва робіць крок да дзвярэй і спыняецца, прыслухоўваючыся. Ціха адчыняюцца дзверы, і на парозе з’яўляецца Ірынка.

Цераз плячо яе вісіць торба.

 

Ірынка (адчыняючы дзверы). Юзя... (Убачыла Лямэнта, збянтэжылася і змоўкла.)

Лямэнт (здзіўлена, перажываючы непрыемнасць). Гэта ты... Вярнулася...

Ірынка (нясмела). Я толькі... Не, я зноў пайду.

Лямэнт. А чаго ты прыйшла?

Ірынка (памаўчаўшы). Холадна. Я прыйшла цяплей адзецца.

 

Баязліва паглядаючы на Лямэнта, падыходзіць да кучы лахманоў, дастае адтуль нейкі кароткі ватовы кафтан, адзяе на сябе, закасвае непамерна даўгія на яе рукавы, адзяе торбу паверх кафтана. Усё гэта яна робіць у глыбокім і панурым маўчанні і паволі.

 

Лямэнт. А чаму ты адразу не адзелася як мае быць?

Ірынка. Тады яшчэ было цёпла.

Лямэнт (злосна). Дык гэта ты адразу намерылася далёка ад хаты не адыходзіць?

Ірынка. Я зараз пайду.

Лямэнт. Я гэтую хату раскідаць буду.

Ірынка (з наіўнай баязлівасцю). Добра.

Лямэнт. Няхай табе бог дасць усё шчасліва.

 

Ірынка спынілася непадалёку ад дзвярэй. Лямэнт стаіць перад ёю.

 

Ірынка. Дзе мой тата?

Лямэнт. А ты не ведаеш, дзе твой тата?

Ірынка. Не.

Лямэнт. Дык адкуль жа я ведаю?

 

Ірынка нешта хоча сказаць і доўга не адважваецца.

 

Ірынка. Мама, калі ўмірала, сказала мне, што гэта вы згубілі нас навек і майго тату.

Лямэнт (трывожна ўздрыгануўся, як ад раптоўнага ўдару). Я згубіў вас? І твайго тату?

Ірынка (баязліва, задам, адышлася к самаму парогу). Вы і той пан Чарноцкі. (Шпарка хапаецца за клямку дзвярэй і адчыняе іх. Глядзіць Лямэнту ў вочы. Адчуваючы, што яна самае важнае ўжо асмелілася сказаць, яна павышае голас да самых высокіх нот і перамагае сваю нерашучасць дасказаць усё да канца.) Мама сказала, каб я не баялася вам сказаць. І што калі я вырасту, каб ніколі не даравала і за тату, і за яе, і за сябе каб не даравала... І мама тады памерла.

 

Вочы яе пачырванелі, твар гарыць адчаем і страхам. Яна шпарка пайшла з хаты.

 

Лямэнт. Стой, пачакай! (Ён хапіў з акна лямпачку, падбег да дзвярэй і свеціць у сенцы.) Дарэмна твая мама казала так. А колькі год вы тут жылі, не маючы на гэта права? (Баіцца, і ад вялікага страху, быццам чакаючы немінучага ўдару, ён уцягнуў галаву ў плечы, асцярожна азірнуўся па хаце.) Чакай! (Палез у кішэню.) На табе злоты, вазьмі. (Працягвае грошы ў цемень сянец, крычыць.) Бяры, калі даю. Жаба. (Аддаў грошы кудысьці ў цемень. У сенцах бразнулі дзверы.) Пайшла, дзякуй богу! (Шпарка ставіць лямпачку на тапчан, кідаецца да пабітага акна, адчыняе, высаджваецца на двор.) На Нясвіжскую дарогу ідзі, там часта людзі ходзяць, прасіся, каб хто падвёз. (Перавешваецца ў акне ўправа, вісіць у акне бокам, доўга ўглядаючыся ў цемень, пасля адыходзіцца ад акна. Стаіць.) Як камень з душы! (Маўчыць.) Дай божа, каб усё добра было. (Падыходзіць да дзвярэй, трывожна прыслухоўваецца, адыходзіць, садзіцца на тапчан.) Божа мой, божа мой, выратуй айчызну! (Застукалі дзверы ў сенцах. Лямэнт падняў галаву.) Вярнулася! Ах ты, ліхая гадзіна! (Глядзіць на дзверы і слухае.) Ніяк з хаты не выбавіць!

 

Ціха ўваходзіць Юзя са збанком у руках. Убачыўшы Лямэнта, яна збянтэжылася і нясмела паставіла збанок у кут на падлогу. Лямэнт глядзіць на яе ўедлівым позіркам, і на меры таго як цягнецца маўчанне, яна смялее і становіцца перад ім у рашучую позу. Лямэнт стаіць перад ёй у рашучай позе.

 

Лямэнт (пастукаў палкай у збанок). Няма яе...

Юзя. Нават сярод ночы вы яе выганяеце з хаты.

Лямэнт. Я не маю права не рабіць гэтага. Я службовы чалавек. Гэта такая сям’я.

Юзя. Дзе ж такая сям’? Няма ўжо сям’і. Асталося адно няшчаснае дзіця.

Лямэнт (ён убачыў, што сказаў глупства і што варта было б саўладаць са сваім гневам). Тут жа я ўсё перабудоўваць буду, трэба рабіць гаспадарку, даваць лад зямлі.

Юзя. У вас няма чалавечага сэрца.

Лямэнт. Хіба я забараняў табе насіць ёй малако і карміць яе? Хіба я не даў ёй грошай на дарогу?.. (Раптам адумаўся.) Чакай, а адкуль гэта ты ведала, што яна сёння вернецца?

Юзя (з пагардай да Лямэнта). Ведала.

Лямэнт. Чаму гэта?

Юзя. Таму, што я хачу ўзяць яе сабе за дачку.

Лямэнт (здзівіўся, змоўк, задумаўся, надаў сваім словам тон просьбы). Дык гэта мне ж прыйдзецца быць яе айчымам?

Юзя. Няўжо вы яшчэ і дагэтуль думаеце, што я пайду за вас замуж? Ніколі я за вас не хацела ісці.

Лямэнт (як звер). Дык ты гэта са мной так сабе, як з цацкай, хацела гуляць?

Юзя. Ой, якая цацка! Ну, проста лялька!

Лямэнт (страшэнна зняважаны, калоціцца, ледзьве стрымліваецца, каб не ўдарыць Юзю палкай). Што б там ні было, а зямля гэта мая. Няшчасная служанка, хамка! Ты яшчэ будзеш думаць аба мне многа.

Юзя. Я не буду пра вас думаць. Вы страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек!

Лямэнт. Гэта ўсё з-за гэтае малое?

Юзя. З-за каго б там ні было.

Лямэнт. То можа з-за Зыгмуся?

Юзя. Старая вы трухліна.

Лямэнт (абвяў, апусціў рукі. Гаворыць, быццам просіць). Што табе гэты Зыгмусь? Ён табе не дасць дабра. Ён цябе высушыць. Ён цябе ашукае. Ён голы, у яго нічога за душой няма. Ён распуснік. Ён цябе нават і замуж не возьме. Гэта ён так сабе.

Юзя. Ён такі самы гад, як і вы.

Лямэнт (быццам павесялеў нават). Я табе дарую ўсе гэтыя твае словы... Юзя... Ты ж бачыш, які час настаў. Хто яго ведае, што можа быць. Калі айчызне суджана загінуць... (Уздыхае, дастае хустачку, адварочваецца ад Юзі, выцірае вочы. Увесь згорбіўся, сціснуўся, стаў як зусім немагушчы стары.) Тады прыйдзецца ціха жыць на зямлі... Цяпер ужо цэлы фальварак будзе. Фармальная паперка на гэтую зямлю ад Чарноцкага пры мне... Юзя, з табою ў мяне душа лягчэйшая заўсёды будзе... Ты ў мяне панаваць будзеш... Ты да мяне стала як чужая. Ты ўжо нават і гаварыць не даешся. Чаму гэта?.. Не адыходзь ад мяне. Ну добра. Я гэтай малой дам сто злотых, з такімі грашыма яна не прападзе на свеце.

Юзя. Я за вас замуж не пайду. І яе ад сябе не пушчу.

Лямэнт (павышае тон). Пусціш!

Юзя. Не.

Лямэнт (крычыць). Пусціш!

Юзя. Вы ўжо даволі паказалі, што вы за чалавек. Ці ваша просьба, ці ваш крык — для мяне ўсё роўна.

Лямэнт. Каяцца будзеш, наймічка! (Рэзка павярнуўся і з гордым выглядам выйшаў з хаты.)

 

Юзя садзіцца на тапчан і сядзіць нейкі час моўчкі. Вельмі ціха, быццам крадучыся, уваходзіць у хату Ірынка. Убачыла Юзю, і радасная ўсмешка засвяцілася на яе твары. Юзя шпарка ўсхапілася са свайго месца і ступіла крокаў два насустрач Ірынцы.

 

Юзя. Я думала, у які бок ісці цябе шукаць.

Ірынка. Ён ужо ведае, што я далёка не адыходжуся ад хаты. Я думала, што гэта ты тут была.

Юзя. Ён цябе выгнаў адразу?

Ірынка. Я вярнулася ўжо даўно і стаяла за вуглом, чакала, пакуль Лямэнт з хаты выйдзе. Мне было відна, як ты ў хату ўвайшла. А на дарозе ціха, ціха. Дык яшчэ горш страшна. Толькі к Лямэнту аўтамабіль паехаў.

Юзя (захвалявалася). Калі?

Ірынка. Калі я назад варочалася. (Юзя садзіцца на тапчан і маўчыць.) Чаго ты, Юзя, так... спалохалася?

Юзя. Гэты аўтамабіль заўсёды прывозіць няшчасце.

Ірынка. Які ж гэта аўтамабіль? (Садзіцца побач Юзі і прыхінаецца да яе.)

Юзя. Што ж нам рабіць цяпер з табою, Ірынка?

 

Доўга моўчкі сядзяць адна пры адной. Зыгмусь знадворку ўсаджвае руку праз выбітую шыбу і адчыняе акно, заглядвае ў хату.

 

Зыгмусь. Ты тут? (Знік з акна.)

Ірынка. Ён на мяне зноў будзе крычаць, што я тут.

Юзя. І ён крычаў?

Ірынка. Я яго баюся. Я пабуду ў сенцах. (Шпарка выбягае ў сенцы.)

 

Уваходзіць Зыгмусь. Ён нечым незадаволены і ўстрывожаны. Боты яго ў гразі, плашч знізу мокры. Ён садзіцца далёка ад Юзі і глядзіць сабе пад ногі.

 

Зыгмусь (стараецца гаварыць спакойна). Ну, я прыехаў. Чаму ж не кідаешся мне насустрач? (Маўчанне.) Што сталася? Чаму Лямэнт сам сказаў мне, дзе ты, і нават не памкнуўся бегчы следам глядзець, што я буду з табой рабіць? (Доўга маўчаць абое.) Я цэлы месяц быў у службовых раз’ездах і не мог прыехаць да цябе. Я быў упэўнен, што за гэты час ты ўжо ўсё зрабіла. Я думаў, што ты Лямэнтава жонка і ўжо ўсё на цябе перапісана. (Павышае голас.) Што ты зрабіла? Ты мяне згубіла навек.

Юзя. Ты звар’яцеў? Як гэта я цябе згубіла навек?

Зыгмусь. Ты ж бачыш, што Польшча гіне. За гэты нечаканы месяц гэтулькі нарабілася, што каб за дзень да пачатку гэтага ўсяго хто сказаў мне, што так будзе, дык я таму вочы выдраў бы. (Зніжае тон, стараецца гаварыць ціха і спакойна.) Ты, мусіць, не ведаеш усяго таго, што робіцца? Ты ведаеш, каго я толькі што прывёз сюды? Я сюды прывёз самога Чарноцкага. Сядзіць цяпер у Лямэнта, не ведаючы, што рабіць.

Юзя (машынальна, у бяздум'і). Чаго ж ён зноў сюды прыехаў?

Зыгмусь. А чаго ўсе з Варшавы сюды прыперліся? Ад немца ўцякаюць. Вось што робіцца, а ты ўсю справу загубіла.

Юзя. Якую справу?

Зыгмусь (ускіпеў). Не прыкідвайся такой просценькай. (Стараецца знізіць тон, але гэта яму мала ўдаецца.) Мне выпала шчасце, і табе разам са мною. Быў бы ў нас фальварак, тут, о, на гэтым месцы. Польшча прападзе, ну і чорт яе бяры разам з маёй службай, раз у мяне быў бы фальварак. Гэта была б законная ўласнасць, абфармаленая паперамі нябожчыка Лямэнта табе, удаве. Ты была б шчаслівая. Ты ж мяне любіш... Чаму не пайшла замуж за Лямэнта? Ты разбурыла маё шчасце. Калі і сюды дойдзе немец, я на сваёй уласнасці жыў бы, як прыватная асоба. Цяпер я павінен галаву ламаць, што будзе, калі ляснецца Польшча. А так, дык я і вухам не шманаў бы... Мне на цябе глядзець праціўна.

Юзя (гнеўна). Я ўжо даўно бачу, што ты мяне зусім не любіш. Табе патрэбна толькі Лямэнтава дабро.

Зыгмусь. Я цябе любіў бы.

Юзя. Пакуль не ўгроб бы сабе ў рукі Лямэнтаў фальварак. От на што я табе была патрэбна.

Зыгмусь (апанаваны злосцю, поўніцца нахабнай цынічнасцю). На гэтым свет стаіць.

Юзя. На чым? На такім шальмоўстве?

Зыгмусь. Не на шальмоўстве, а на здаровым розуме. Ты не вырвеш для сябе з Лямэнтавых рук, дык і здыхаць будзеш, дык і будуць цябе папіхаць, як суку, да самай тваёй магілы. А здолееш вырваць, дык сама будзеш распараджацца другімі.

Юзя. Няўжо толькі на гэтым свет стаіць?

Зыгмусь. А на чым жа яшчэ?

Юзя. А праўда? Чыстая, чалавечая, літасцівая, міласэрная, ласкавая праўда.

Зыгмусь. Гэтую тваю праўду глыбока ў кішэні носяць. А папросіш, каб хоць паказаў, каб хоць зірнуць на тую праўду, дык гэты ласкавы і справядлівы накажа табе фігу.

Юзя (не слухаючы). Чыстая, добрая праўда. Дзе хапіць другога за горла так жа страшна, як самому легчы ў магілу. Дзе любяць чалавека за тое, што ён чалавек, а не за тое, каб праз яго нажыцца.

Зыгмусь. Ніхто нідзе так не любіць.

Юзя (быццам і не чуючы Зыгмусёвых слоў). Некалі я чула, як чыталі кнігу. Там апісвалася, як хлапец любіў дзяўчыну. А яна захварэла страшнай заразнай хваробай, і, каб яна не заразіла другіх людзей, яе кінулі ўміраць за жалезныя краты. Хлапец праз краты не мог нават дакрануцца да яе. А душа яго рвалася на часткі — так ён нудзеў па ёй, і без яе яму страшна было аставацца жыць. Тады ён узяў палку і канцом палкі дакрануўся да свае дзяўчыны праз краты і пацалаваў той канец палкі. І ў той жа момант заразіўся той страшнай хваробай. І абое разам яны памерлі паабапал тых жалезных крат. Гэта любіў чалавек сваю дзяўчыну. І па-чалавечы.

 

Юзя змоўкла і, расчуленая сама ад сваіх слоў, ахопленая марамі, маўчыць і нерухома глядзіць кудысьці ў прастору. Зыгмусь, заняты сваімі меркаваннямі, таксама маўчыць. Ён упарта думае і нешта ў думках вымяркоўвае.

 

Зыгмусь (асцярожна, ціха). Юзя, ты не раз магла ўпэўніцца, што я цябе люблю па-сапраўднаму. Захацеўшы, усё можна зрабіць, яшчэ і цяпер не позна... Ну, слухаеш ты ці не? Калі ты чым пакрыўдзіла Лямэнта, дык папрасі ў яго прабачэння, здолей дамагчыся таго, каб ён табе дараваў, пакажыся перад ім, як прывабная жанчына, так, каб гэты стары пацук аж самлеў ад нуды па жанчыне. І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж.

Юзя (з гнеўным сарказмам). Ты мяне так любіш, што хочаш, каб я ішла замуж за старога гада?..

Зыгмусь (не зменьваючы тону). Ты ж сама ведаеш, што ненадоўга. Наадварот, цяпер, у часе такой страшнай завірухі, вельмі зручны момант табе аўдавець.

Юзя. А пасля гэтага ці падбярэцца табе зручны момант аўдавець?

Зыгмусь. Дык ты не хочаш? Не? Ну, ну...

Юзя. Ідзі ад мяне.

Зыгмусь. Ты мяне не любіш?

Юзя (не адважваецца адразу сказаць). Ты — вялікая шэльма. Я цябе ненавіджу.

Зыгмусь (ідзе на кампраміс). Ну, дык ты са мной жыць не будзеш. Давай так. Як толькі ты законным парадкам заўладаеш Лямэнтавай маёмасцю і грашыма, дык тады падзелім папалам і разыдземся, каб адзін аднаму не перашкаджаць жыць. І абое шчаслівымі будзем. Ну? Згодна? Ты ж тады станеш багатая, а я табе памагу, каб ты магла найлепш уладавацца. Так нават яшчэ і лепш будзе.

Юзя (гнеўна і рашуча становіцца перад Зыгмусем). Калі ў маіх руках апынецца Лямэнтава багацце, дык я яму і адна, без цябе, дам рады.

Зыгмусь. Ах, так... Апошняе тваё слова. (Падыходзіць да Юзі.)

Юзя. Не падыходзь да мяне.

Зыгмусь (падняўшы кулакі, крычыць). Ты яшчэ вернешся прасіцца да мяне.

 

У дзвярах з’яўляецца Лямэнт і з адзервянелай усмешкай глядзіць на апошнюю сцэну.

 

Юзя. Не ад першай гадзіны я чую, што прасіцца і каяцца буду.

Лямэнт (пераступае парог, напаўняецца пахмурай злосцю). Гэта ты пра мяне?

Зыгмусь (падступае да Юзі). Гэта ты пра мяне?

 

Юзя адбягаецца да сцяны і стаіць, гатовая абараняцца. Зыгмусь і Лямэнт здалёк глядзяць на яе, а пасля сустракаюцца вачыма адзін з адным.

 

Лямэнт (са злараднай іроніяй). Ну што, нацалаваўся?

Зыгмусь. Нацалаваўся.

Лямэнт (устрывожана). Праўда? Калі?

Зыгмусь. З самага пачатку.

Лямэнт (закалаціўся ад рэўнасці, рушыў да Юзі). Гадаўка, ты тут сядзіш цэлую ноч. Я павінен за табой бегаць, шукаць цябе. Марш дадому зараз жа! Пану міністру яду трэба прыгатаваць у момант, а ты сядзіш. Ну!

 

Юзя шпарка выходзіць з хаты, Лямэнт і Зыгмусь глядзяць адзін на аднаго.

 

Зыгмусь (са злым здзекам). А я ўсё спадзяваўся на вашым вяселлі пабаляваць.

Лямэнт. Паспрабуй ты яе вазьмі! (Хоча ісці.)

Зыгмусь. Яе трэба ў турму зараз жа адправіць, а не замуж браць!

Лямэнт (спыніўся каля парога). Як гэта?

Зыгмусь. Што б ні зрабілася, то вам, пане Лямэнт, ад яе прыкрасці будзе многа.

Лямэнт. Як-то?

Зыгмусь. Вы ведаеце, што яна мне сказала. Калі я запытаў яе, чаму яна не пайшла за вас замуж, яна так проста і сказала: за гэтага старога смурода, кажа, каб я замуж ішла.

Лямэнт. Што? (Аж змяніўся ў твары.) Так і сказала?

Зыгмусь. Чакайце, не гэта самае важнае.

Лямэнт. Як жа гэта за мяне хацела раней ісці... Усё ўжо было згаворана...

Зыгмусь. І патрабавала яна ад вас, каб вы на яе ўсю маёмасць і грошы перапісалі?

Лямэнт. Так, патрабавала.

Зыгмусь. Вы ведаеце, што гэта значыць? Гэта значыць, што як толькі вы на яе ўсё перапісалі б і павянчаліся б, яна адразу ж, заўладаўшы вашым дабром, зжыла б вас са свету.

Лямэнт . Што?.. Як?..

Зыгмусь. Магла б атруціць. І тады б, уладаючы фальваркам, пайшла б замуж за маладога.

Лямэнт (закалаціўшыся). А адкуль пан Зыгмусь ведае?

Зыгмусь. Яна мне прызнавалася ў каханні і раскрыла гэтыя планы, жадаючы мяне завабіць на жыццё з ёй... на вашым дабры.

Лямэнт. Чаго ж вы не сказалі мне, што я пад такой пагрозай?

Зыгмусь. Чакайце. Я спачатку не паверыў. Як гэта, думаю сабе, у жанчыне можа гнездзіцца такая жудасць? Я, вядома, расказаў бы вам, але ж, самі ведаеце, быў увесь час у далёкіх раз’ездах. Ды і патрэбны былі доказы. Сведак тады не было пры гэтым. А цяпер яна гаворыць, што і рада, што не пайшла за вас. Бо, кажа, што вам усё адно прыйшоў канец.

Лямэнт. Як?

Зыгмусь. Яна кажа: Польшча гіне, а калі будзе што-небудзь новае — яна зробіць усё, каб загінулі і вы. Немцы прыйдуць — яна, кажа, нешта ведае пра вас, што за гэта вас — фюйць, і няма вас. Вы ведаеце, што яна бальшавічка? Гэта ў дадатак да ўсяго. А калі Польшча зноў паднімецца, вам будзе бяда, што пад вашым носам яна рабіла свае справы, а вы нават яе замуж хацелі браць і бегалі за ёю, як малады дурань-блазан. Я яе адразу раскусіў...

Лямэнт. А вы ж з ёю нядаўна цалаваліся?

Зыгмусь. Гэ, баба ёсць баба, хто б яна ні была. Вам не трэба марудзіць, а адразу яе прыбраць. Як яна вас збіралася, так і вы яе, падушкай у цёмным кутку.

Лямэнт (увесь аж гарыць). На чорта падушкай! У павеце яшчэ дзейнічае пан Ярашэвіч. Усё законна зробім. Вы пацвердзіце ўсё гэта, што казалі?

Зыгмусь. Дзіва што! Адразу.

Лямэнт. І яна там пайшла ўслугоўваць пану Чарноцкаму!

Зыгмусь. Яна пана міністра атруціць, не марудзьце.

Лямэнт. Зараз яе на свеце не будзе. (Пабег з хаты.) Я ёй не дарую! (Знік.)

Зыгмусь (адзін). От ты і ажаніўся, стары смурод. (Задаволена пацірае рукі.) А ты, мая каханенькая, дорага расплацішся за тое, што не пусціла ў мае рукі Лямэнтаў фальварак. (Шпарка выходзіць і знікае.)

 

Сцэна пустая. Пануе вялікая цішыня. Ніадкуль не чутна ніякага гуку, быццам ноч за вокнамі застыла і анямела. Баязліва і ўкрадкам уваходзіць у хату Ірынка. Яна прыслухоўваецца спачатку каля дзвярэй, потым каля акна.

 

Ірынка. Як ціха... І пеўні пакінулі спяваць... Зараз дзень пачнецца. Каб хаця Лямэпт не прыйшоў, пакуль развіднее. Тады пайду повідну... (Маўчыць, азіраецца па хаце. Падыходзіць да разверненай пасцелі.) Тут мама спала... (Глядзіць на калодку на падлозе.) А тут тата абуваўся зранку заўсёды. (Паднімае галаву, чагосьці шукае вачыма і так стаіць на месцы. Твар яе ўздрыгануўся, з вачэй выкаціліся дзве слязіны і застылі на твары. Пануе вялікая цішыня. Застукалі дзверы ў сенцах. Шпарка ўбягае ў хату Юзя. Яна растрапаная, узбуджаная, яна спяшаецца выгаварыць адразу ўсе словы.)

Юзя. Лямэнт і Зыгмусь мяне забіць хацелі. Мне тут доўга быць няможна.

Ірынка. Яны цябе не будуць забіваць, а цябе ў астрог пасадзяць.

Юзя. Адкуль ты ведаеш?

Ірынка. Я чула з сянец.

Юзя. Давай, Ірынка, разам з табой пойдзем адгэтуль далёка, далёка.

Ірынка. Мне далёка адгэтуль няможна адыходзіць. Я кожны дзень буду падыходзіць да гэтай хаты.

Юзя. Чаго?..

Ірынка. А калі тата вернецца, дык мы ж тады не знойдзем адзін аднаго.

Юзя. Не, Ірынка. Калі твой тата вернецца, дык знойдзеце адзін аднаго.

Ірынка. Чаму ты так гаворыш? Значыць, ты ведаеш, што мой тата не вернецца. Дзе мой тата? Скажы, ну, скажы!

Юзя. Твой тата вернецца не скора.

Ірынка. А дзе ён?

Юзя (паказвае рукой). Унь там, у дзеда твайго.

Ірынка. У мяне ёсць дзед?

Юзя. Я табе пасля раскажу. Скарэй хадзем, бо яны зараз явяцца. Тады я прападу, і цябе ўсё адно выганяць. Толькі што я неадзетая, холадна.

Ірынка (падбягае да лахманоў на палу). Тут мамін ватовы кафтан, адзявай яго.

 

Дае Юзі кафтан, Юзя шпарка апранаецца. Стаяць абедзве, гатовыя ў дарогу.

 

Юзя. Хадзем, Ірынка.

Ірынка. Чаму так ціха?

Юзя. Скора дзень будзе. Перад днём заўсёды ціха.

 

Ідуць да дзвярэй. Ірынка адчыняе дзверы. Выходзяць у сенцы.

 

Ірынка (у сенцах). Ну, расказвай пра тату.

Юзя (у сенцах). Чакай, выйдзем на дарогу... Раней паслухаем, ці няма каго на двары за дзвярыма.

 

Запаноўвае цішыня. Так ціха некалькі мінут. Раптам зводдаля чуецца, вырастае і шырыцца гул. Ён усё мацнее і ўсё блізіцца, вось ужо зусім блізка, дзесьці ўжо тут за вокнамі. Здаецца, усё трасецца, дрыжыць і рушыцца. Адчуваецца, што тут, навокал хаты, адбываецца вялікі, няспынны і магутны рух. Юзя і Ірынка ўбягаюць у хату, збянтэжаныя, устрывожаныя, стаяць у вялікім здзіўленні і слухаюць. Гул глушыць усё, толькі рух за сценамі пануе цяпер усюды і над усім. Часам чутны чалавечыя галасы, крыкі. Пасля ўсё пачынае заціхаць і аддаляцца, але чалавечыя галасы і рух людзей чуваць яшчэ доўга. Пачынаецца дзень. У вокнах святлее і пачынаюць вызначацца белыя палосы ранішняга неба.

 

Ірынка. Гэта, мусіць, вайна сюды прыйшла. Што нам цяпер рабіць, Юзя? Зараз Лямэнт прыйдзе.

Юзя. Ірынка, пабудзь адна, а я выйду на двор пагляджу.

Ірынка. Не адыходзь далёка. Толькі з двара зірні.

Юзя. Ірынка, я цябе не пакіну.

 

Ірынка слухае, як зачыняюцца за Юзяй сенечныя дзверы, падыходзіць да акна і глядзіць, пасля шпарка адчыняе яго, высаджваецца праз яго на двор і крычыць.

 

Ірынка. Юзя, куды ты пабегла? (Шпарка зачыняе акно і прыпіраецца плячыма да сцяны.) Мусіць Лямэнт з Зыгмусем ідуць. Яна ад іх уцякае.

 

Баязліва туліцца да сцяны, да ўсяго прыслухоўваецца. Над хатай чутны самалёты. Ад гуду дрыжаць аконныя шыбы. Ірынка садзіцца пры сцяне на падлогу. За вокнамі чутны чалавечыя галасы, і стукаюць сенечныя дзверы. Ірынка ўсхапілася, прыслухоўваецца. У хату ўваходзіць чырвонаармеец з вінтоўкай.

 

Чырвонаармеец. Хто ў хаце ёсць?

Ірынка (глядзіць здзіўлена). Я.

Чырвонаармеец. А яшчэ хто?

Ірынка. Больш нікога.

 

Чырвонаармеец заглянуў ва ўсе куткі. Ірынка сочыць за кожным яго рухам.

 

Чырвонаармеец. Як жа ты адна? Дзе ж бацька, маці?

Ірынка. Мама памерла. А тата... Майго таты няма...

Чырвонаармеец. Дык ты жывеш адна?

Ірынка. Я не жыву... Не... Я ў гэтай хаце... Я зараз пайду адсюль.

Чырвонаармеец. Ты нешта не дагаварваеш да канца? Цябе хто-небудзь пакрыўдзіў? Не бойся, гавары, больш цябе ўжо ніхто не будзе крыўдзіць. Ты ведаеш, хто я? Я чырвонаармеец. Сюды прыйшла Чырвоная Армія.

Ірынка (зазіраючы чырвонаармейцу ў вочы). Пан і Лямэнт майго тату некуды забралі.

Чырвонаармеец. А хто такі Лямэнт?

Iрынка. Тут яго дом... Я ў яго каровы пасвіла.

Чырвонаармеец. Значыцца, таксама пан або кулак.

Ірынка. Не, ён асаднік.

Чырвонаармеец. А чаму ў цябе торба?

Ірынка. Каб у людзей хлеба прасіць. Лямэнт мяне з хаты выгнаў, ён не ведае, што я вярнулася.

 

Чырвонаармеец прыхіляе да сябе галаву Ірынкі, гладзіць яе па галаве.

 

Чырвонаармеец. Скідай з сябе торбу! (Зрывае з Ірынкі торбу і кідае яе на падлогу.) Смела будзь у хаце. Калі прыйдзе Лямэнт — гані яго вон. Смела глядзі на свет белы. Як поўная гаспадыня будзь усюды, дзе толькі захочаш. (Цалуе Ірынку у галаву.) А як цябе зваць?

Ірынка. Ірына.

Чырвонаармеец (адыходзіцца ад Ірынкі, глядзіць на яе). Ірына... Бач якая... Ірынка... Ну, бывай, Ірынка, мне трэба спяшацца... Памятай, што я табе сказаў. Нас прыслаў сюды Сталін. Ніколі не забывай гэтага. Бывай, Ірынка! (Махае Ірынцы рукой.)

 

Чырвонаармеец выходзіць. Ірынка з ясным тварам падбягае да акна, адчыняе яго і доўга глядзіць чырвонаармейцу ўслед. Пасля ўзбуджана адбягае да акна і выбягае з хаты. Нейкі час хата пустая. На дварэ ўжо зусім відно. Ціха, крадучыся, уваходзяць у хату Чарноцкі і Лямэнт. Чарноцкі пераадзеты ў сялянскую адзежу.

 

Лямэнт. Тут вашай ласкавай мосці будзе смялей. Гэтая хата пустая. Было тут адно малое, ды і тое сёння ўначы пайшло. Мы тут доўга не будзем. Паўгадзіну якую, не больш. Вы ж самі бачылі, што да майго дома пачынаюць сцягвацца мужыкі.

Чарноцкі. Божа, якія ў іх твары, вочы як агнём гараць.

Лямэнт. Гэта ў мяне служанка языкастая, каб яе пярун ясны! Няйначай, яна гэта разнесла чутку, што вы да мяне прыехалі.

Чарноцкі. Што вам казаў той хлоп, што ў кухню ўваходзіў?

Лямэнт. Ён пытаў, ці праўда, што я хаваю пана міністра.

Чарноцкі. Божа!

Лямэнт. Гэта бог даў шчасце неўзаметку прыбегчы нам сюды. Калі схлыне і адкоціцца першая навала, мы пяройдзем дарогу і поплаў і апынемся ў лесе... Паўгадзіны ціха пасядзець тут.

Чарноцкі (з-за сцяны баязліва пазірае ў акно). Лямэнт, ратуй мяне.

Лямэнт. Не глядзіце ў акно.

 

Чарноцкі адыходзіць ад акна і прыпадае к сцяне. Шпарка і весела ўбягае ў хату Ірынка. Убачыўшы пасярод хаты Лямэнта, яна інстынктыўна падалася назад.

 

Лямэнт. Ну, будзеш дома цяпер. На табе яшчэ грошы, хоць на хлеб. У цябе ж нічога няма. (Працягвае грошы.) Унь у кутку на падлозе малако табе стаіць, Юзя прынесла. Ад маіх кароў. Ну, бяры грошы, дочка.

Ірынка (задам адыходзіцца к дзвярам, твар яе гарыць вясёлай узбуджанасцю). Мне сам чырвонаармеец сказаў, каб я... (З вялікай дзіцячай наіўнасцю.) Вон з мае хаты!

Чарноцкі (разгублена глянуў на Лямэнта). Лямэнт!..

Лямэнт. Ціха выходзьце з хаты і ў лес. Упоперак праз дарогу. Толькі бегчы няможна. Здаецца, пацішэла.

Чарноцкі. Там жа яны ходзяць, іхнія салдаты.

 

У гэты момант на парозе з’яўляецца Валя. Адразу відно, што яна моцна бегла. Яна задыхалася, але ўсё адно не можа спакойна ўстаяць на адным месцы. На парозе яна пастаяла момант і ўляцела ў хату.

 

Валя. Дзе Ірынка?

Лямэнт. А от яна.

Валя. Ірынка, я не верыла, што ты памерла.

 

Яны стаяць адна насупраць адной. Валя, поўная прагнасці гаварыць, дзейнічаць, расказваць, не быць на адным месцы. Ірынка — ашаломленая, напалоханая ўсёй гэтай ноччу, збянтэжаная перад Валяй. Чарноцкі шпарка рушыў да дзвярэй. У дзвярах з’яўляецца Канстанцін Міхалковіч. Так, як і Валя, ён задыхаўся ад шпаркай хады.

 

Валя. Дзядунь, Ірынка жыва.

Міхалковіч. Ірынка... Знайшлася мая ўнучка.

 

Валя цягне Ірынку да Міхалковіча. Міхалковіч раптам сустракаецца вачыма з Чарноцкім. Міхалковіч і Чарноцкі, здзіўленыя, моўчкі глядзяць адзін на аднаго. Чарноцкі адступае да дзвярэй.

 

Зыгмусь (шпарка з сянец пераступае парог хаты, паказвае пальцам на Чарноцкага). Вось ён дзе, пан міністр. Не паможа табе, пан Чарноцкі, што ты пераадзеўся на мужыка. А ну, ходзь сюды. І ты, пане Лямэнт. Мінула ваша панаванне. Тут з вамі будзе расправа кароткая.

Юзя (у парозе). Новага фальварка шукаеш?

Зыгмусь. Хто там яшчэ? (Шпарка выбягае.)

Міхалковіч. Я думаў — цябе на свеце няма, пане Чарноцкі.

Ірынка. А дзе мой тата? (Плача.)

Міхалковіч. Чым ты выкупіш пакуты гэтага дзіцяці? На гэта не хопіць усёй тваёй панскай Польшчы.

 

З’яўляецца Мікалай. Чарноцкі і Лямэнт з жахам адступаюць перад ім.

 

Заслона

1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6 т. Т. 4. Раман, аповесці, п'еса, публіцыстыка, 1930 - 1940.- Мн.: Маст. літ., 1989.-463 с., [4] л.іл.
Крыніца: скан