epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў

І
ІІ
ІІІ
IV
VI


 

І

Добра было ў раннюю восень у калгасе. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. На адным палетку яшчэ ляжалі снапы позняга аўса. На паплавах гатова была да касьбы атава. Яшчэ цвілі познія палявыя кветкі, а на месцы тых, што адцвілі ў канцы лета, даспявала і сеялася на зямлю насенне — чорныя, шэрыя і жоўтыя зярняты, якімі так любяць ласавацца дробныя птушкі: шчыглы, чыжы. І нават шустры верабей, які прывык да сытай пажывы дзе-небудзь на калгаснай стайні, гумне ці свінарніку, вылятаў за сады і агароды і весела раздзёўбваў у густым зеллі спелыя галоўкі з зернем. Павучкі плялі белае павуцінне, яно лётала ў паветры і чаплялася за траву і галлё. Гэта была адзнака таго, што доўга будзе стаяць яснае надвор’е.

Вечарамі ўзыходзіў поўны месяц. Спачатку ён быў чырвоны і стаяў нізка над зямлёй; здавалася, што ён ляжаў на прырэчных кустах ядлоўцу, крушыны і алешыны, у тым месцы, дзе на высокім беразе быў высечан лес. Пасля месяц узыходзіў вышэй, рабіўся жоўты, а калі паднімаўся высока, зусім бляднеў і такі белаваты быў ужо да самага канца ночы. А начамі павяваў здаровы і прыемны халадок, яго баяліся надакучлівыя камары, яны не лёталі і не кусаліся, а сядзелі абмярцвелыя ў шчылінах і пад лісцямі.

Увосень ночы доўгія. Калі хмары не закрываюць месяца і зорнае неба, чыстае і высокае, усю ноч зіхаціць сваім ясным хараством, на полі відаць далёка: ці лес, ці асобнае дрэва, ці хата здалёк будзе чарнецца, хоць і ніяк нельга выразна бачыць ці нават здагадацца, што гэта такое. На высокім беразе вышэй ад усіх кустоў узнімалася маладое дрэўца. Гэта была асіна, і год ёй было каля дзесяці. У месячныя ночы яна відаць была здалёк, аж з тых самых загуменных калгасных агародаў, дзе дробныя птушкі дзяўблі ўдзень насенне спелага зелля. Зелле гэтае расло скрозь паўз платы, яно было такое высокае, што дзеці маглі стаяць у ім, схаваўшыся з галавой. Там рос быльнёг, чартапалох, блёкат, палын і нават дзікі мак-відук, які немаведама як тут насеяўся. А сцяну калгаснай аўчарні абвіў хмель: тут яго многа садзілі каля хат і садовых платоў, ён густа ўецца і сплятаецца і ўпрыгожвае шэрае дрэва, зусім закрываючы яго сабой.

У аўчарні начавалі авечкі. Іх было многа. Яны спалі на саломе. Дзядзька Тамаш, аўчар і свінавод, замкнуў дзверы позна, ужо зусім змеркла, і, перадаючы нанач ключы вартаўніку Уладзю Якавецкаму, пастаяў з ім на агародзе і пакурыў. Яны пагаварылі аб тым, што скора трэба будзе выбіраць бульбу, а пасля аб тым, што за высокім берагам у лесе, па той бок рачулкі, чутны ў лесе ваўкі. Кажуць, што вельмі многа авечак схапілі яны апошнімі часамі ў тамашнім калгасе. Гаворачы так, яны пачалі ўглядацца ў высокі бераг. Там узыходзіў месяц, і побач з ім відаць была маладая асінка. Здавалася, што гэта нехта стаіць, прытуліўшыся шчакой да месяца.

У аўчарні абазваліся два маладыя баранчыкі — вялікія свавольнікі. Яны набегаліся за дзень па полі, выбіраючы смачнейшую траву. А цяпер ім не спалася, так і хацелася бегаць, хоць нагам і трэба было даць адпачыць. У аднаго баранчыка была на лбе белая лапінка, другі — увесь чорны. Крыкнула гусь, у кароўніку ўздыхнула і шарганулася бокам аб сцяну карова, і зноў усё стала ціха. Дзядзька Тамаш падаў Уладзю Якавецкаму руку і пайшоў дадому вячэраць і спаць.

 

ІІ

На высокім беразе было ціха. Не дзьмуў вецер і не шумела лісце. Праўда, на маладой асінцы лісце дрыжала, як і заўсёды, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Не парушала цішыні і цвырканне вады ў дробнай рачулцы, наадварот, ад гэтага гучання вады яшчэ больш павявала спакоем. Слаўная ноч была! На дне ручаіны ляжала некалькі вялікіх каменняў; чыстая і халодная вада падала з іх і імчалася далей, пагойдваючы мятлістую чараціну. Паміж кустоў вызначалася сцежка, на беразе яна крута зрывалася уніз да самай вады, і па мокрых каменнях можна было перайсці на другі, нізкі, паплаўны бераг. Там за поплавам стаяў лес. Добра пахла адтуль сасной.

Калі месяц падняўся і пабялеў, можна было заўважыць на поплаве нейкія цёмныя і рухавыя лапіны. Чым бліжэй яны набліжаліся да рэчкі, тым здаваліся большымі. Раптам замільгацелі ні то іскры, ні то гарачыя вугалькі. Адразу можна было пазнаць, што гэта пабліскваюць воўчыя вочы. Ваўкоў было штук сем, яны ішлі адзін за адным.

Спераду ішоў стары воўк. Ён вёў усіх астатніх. Гэта быў спрактыкаваны воўчы важак. Ён ішоў, нюхаючы паветра, выцягнуўшы сваю морду. Ніякага падазронага паху ён не чуў і смела ішоў. На беразе ён спыніўся, азірнуўся, мацней пацягнуў носам, гаўкнуў коратка і віскліва і адразу пераскочыў на другі бераг. Рэшта ваўкоў пачала пераскокваць следам за ім. Стары воўк абнюхаў ствол маладой асінкі, вычухаў аб яго свой калматы бок і павёў чараду маладых ваўкоў далей. Яны выйшлі ў поле.

Да іх слыху дайшоў голас маладога баранчыка з аўчарні і кашаль Уладзі Якавецкага. Уладзя Якавецкі закашляўся таму, што моцна зацягнуўся папяросай. Воўк на момант спыніўся, спыніліся і астатнія.

Воўчы важак многа бачыў на сваім вяку прыгод. Яшчэ пазаўчора ён задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Кабыла баранілася і дала яму заднімі нагамі па баку, ад гэтага ён цяпер крыху накульгваў. За сваё жыццё ён шмат задушыў коней і кароў, а свіней і авечак некалькі сот. Цяпер яму хацелася бараніны, і ён вёў сваю чараду пад калгасную аўчарню. Трывожыў яго толькі чалавечы кашаль, які ён толькі што пачуў. Са злосці ён ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Неўзабаве ўжо выразна зачарнелася перад ім сцяна аўчарні.

Ваўкі ўвайшлі ў густое зелле, там стаіліся і доўга прыслухоўваліся. Уладзя Якавецкі абышоў аўчарню, пасядзеў на бервяне, адышоўся на дарогу і стаў глядзець на асвечаны месяцам стог саломы. Сабака, які памагаў яму вартаваць авечак, бегаў навокал яго, абнюхваючы каляіны на дарозе. Ваўкі чулі сабаку, выйшлі з зелля, адышліся на паўкіламетра і такім вялікім кругам перайшлі да другой сцяны аўчарні, той, ад якой ішла плынь паветра. Воўчая хітрасць падказвала ім, што так сабака не пачуе іх воўчага паху. Уладзя Якавецкі прыслухаўся. Каля аўчарні ўсё было ціха. Толькі на стайні конь застукаў нечым, і Якавецкі пайшоў туды праверыць. Ваўкі пачалі сваю работу.

Яны граблі зямлю пад сцяной, выграбалі дзірку, каб улезці ў сярэдзіну. Ім гэтая работа не была доўгая. Як яны канчалі падграбацца, сабака пачуў падазроны пах: ад аўчарні на дарогу пацягнула паветрам. Якавецкі ў гэты час падыходзіў сюды ад стайні, сабака бег па дарозе за ім. Сабака ўстрывожана падняў вушы, нюхнуў зямлю і забурчаў. Уладзя Якавецкі пагладзіў яго па галаве, сабака падскочыў і нібы паспакайнеў, але ў гэты момант зноў пацягнула паветрам з-пад аўчарні, і сабака раптам забрахаў, падвываючы. Ён адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Да самай аўчарні ён баяўся падбегчы. Уладзя Якавецкі скінуў з пляча стрэльбу, нарыхтаваўся страляць і пабег наперад. Сабака заходзіўся брэхам ужо каля другой сцяны.

 

ІІІ

Страшэнная мітусня пачалася ў аўчарні. Авечкі, наскокваючы адна на адну, гуртам кідаліся ад адной сцяны да другой. Пачалося гэта з таго моманту, калі воўчая морда ўсунулася ў аўчарню з-пад сцяны. Заблішчалі воўчыя вочы, воўк коратка і гучна дыхнуў на ўсю аўчарню, чуючы ноздрамі пах авечак. У той жа момант стары воўк, як маланка, ускочыў з-пад сцяны на цёплы гной, і следам за ім пачалі лезці ваўкі адзін за адным. Толькі два ваўкі асталіся сядзець на дварэ, яны быццам вартавалі выграбеную пад сцяной дзірку. Два маладыя баранчыкі сумна забэкалі і стараліся ўціснуцца ў гурт авечак, якія лезлі ў кут на самую сцяну. Але было так цесна і такі шум стаяў ад бесперапыннага і трывожнага авечага крыку, што баранчыкі пачалі мітусіцца больш за ўсіх. Раптам баранчык з белай лапінкай на лбе адчуў страшэнны боль у спіне. Воўк схапіў яго зубамі і памчаў кудысьці ў чорную прорву.

У гэты час на дварэ прагучаў стрэл. Па ўсім калгасе ўжо брахалі сабакі; недзе непадалёку пачуліся людскія галасы. Было чуваць, як яўкнуў кароткім скавытаннем воўк адразу пасля стрэлу.

Уладзя Якавецкі бачыў, што адзін з двух ваўкоў, якія сядзелі на дварэ каля сцяны, перакаціўся па зямлі і завалтузіўся пасля таго, як ён у яго стрэліў. Другі воўк кінуўся наўцёкі і згінуў у полі. І тут адразу з-пад сцяны пачалі выбягаць адзін за адным ваўкі. Кожны з іх цягнуў авечку. Уладзя Якавецкі стрэліў другі раз. Зноў ён убачыў, як воўк перакруціўся на спіне і астаўся ляжаць.

Навокал аўчарні ўжо заходзіліся брэхам сабакі і беглі людзі. Падняўся крык, і з натоўпу хтосьці яшчэ стрэліў з паляўнічай стрэльбы; людзі стаялі сцяной з ліхтарамі, стрэльбамі, віламі і каламі. Цяпер ужо ваўкоў апанаваў жах. Першыя два ўцяклі са здабычай, рэшта ж іх сваю здабычу кідала і ўцякала так, скачучы проста на людзей. Усё гэта цягнулася не больш трох хвілін. Самы апошні воўк зрабіў некалькі кругоў у сярэдзіне натоўпу, стараючыся выбіцца з гэтай жывой пасткі. У яго два разы стрэлілі, але ён так шпарка кідаўся ва ўсе бакі, што цяжка было ў яго цэліць. Нарэшце ён, з заядлага адчаю, збіў з ног чалавека, пераскочыў цераз яго і скрыўся ў густым зеллі. Было толькі чуваць, як зашастала зелле, пасля быццам затрашчала нейкая дошка, быццам нешта цяжкое кудысьці ўпала, і стала ціха.

Ліхтары стаялі на зямлі, людзі разглядалі двух забітых ваўкоў. Каля аднаго з іх драпаў капытцамі па зямлі малады баранчык з белай лапінкай на лбе. У яго да самай касці воўк пракусіў спінку. Ён цяпер канчаўся. Уладзя Якавецкі ўзяў баранчыка на рукі. Баранчык слабым галаском абзываўся, было падобна да таго, што ён плача.

Праз некалькі хвілін ён кончыўся. Таксама былі ўжо нежывыя і іншыя авечкі, якіх ваўкі пакідалі, уцякаючы. Людзі, пастаяўшы крыху і пагаварыўшы, пачалі разыходзіцца. Але некалькі чалавек асталося. Астаўся аўчар і свінавод дзядзька Тамаш. Разам з Уладзем Якавецкім яны ўвайшлі ў аўчарню, павесілі ліхтар на бэльку і пачалі аглядаць авечак. Яны былі рады, што астаўся другі баранчык. Дзядзька Тамаш узяў яго на рукі і паказытаў у яго каля вушэй.

— Ах ты, свавольнік,— сказаў дзядзька Тамаш,— маладзец, што не трапіў у воўчыя зубы, а то воўк бы цябе з’еў.

Пасля дзядзька Тамаш і Улад ш Якавецкі выйшлі на двор, замкнулі аўчарню, засыпалі пад сцяной выграбеную ваўкамі яму і закурылі. Недалёка было да дня. На ўсходзе неба ледзь-ледзь пабялела, і зоры там сталі не такія ясныя. Над поплавам вышэй падняўся туман. Дзядзька Тамаш і Уладзя Якавецкі чакалі дня і ціха гаварылі, абапёршыся на нізкі плот, якім быў адгароджаны капуснік ад двара пры аўчарні. Раптам яны абодва пачалі прыслухоўвацца. Зусім блізка каля іх чуліся нейкія падазроныя гукі. Быццам хтосьці гроб зямлю, боўтаўся ў вадзе, падаў у яе, часам моцна чмыхаў. Чуваць было, як у ваду сыплецца зямля і падаюць каменні.

— Што гэта? — сказаў Уладзя Якавецкі, знімаючы стрэльбу з пляча.

Дзядзька Тамаш азірнуўся наўкола і прыслухаўся, з якога боку ідуць гэтыя незразумелыя гукі.

 

IV

На тым месцы, дзе цяпер стаяла аўчарня, раней быў кулацкі двор. Год пятнаццаць таму назад на кулацкім двары быў калодзеж. Вада ў ім была не вельмі добрая, і кулак паіў з яго толькі жывёлу. Пасля ён выкапаў другі калодзеж, бліжэй к вуліцы, а гэты, стары, накрыў зверху дошкамі і хацеў засыпаць, але кулака раскулачылі, на месцы яго двара пабудавалі калгасную аўчарню і стайню; на тым палетку, што быў каля самага кулацкага двара, пасадзілі калгасны сад, а каля яго выгарадзілі капуснік. Паўз плот і расло тое зелле, якім увосень карміліся дробныя птушкі. Гэтым зеллем абрасла і тая яма, якая калісьці была кулацкім калодзежам. Калодзеж быў вельмі глыбокі. Цяпер ён крыху засыпаўся зямлёй, і на дне яго вады было мала; вада была брудная, густая. Зверху яма пакрыта была дошкамі. Дошкі пагнілі, абраслі лопухам і чартапалохам, ніхто тут ніколі не хадзіў, і Уладзя Якавецкі гаварыў, што на гэтым месцы трэба будзе вымураваць сілосную яму.

Дзядзька Тамаш улез у самае зелле і пачаў слухаць.

— А ведаеш,— сказаў ён Уладзю Якавецкаму,— гэтыя гукі ідуць з ямы. Хадзі сюды, паслухай.

Уладзя Якавецкі следам за дзядзькам Тамашом увайшоў у зелле. Сухія галоўкі лопуху і чартапалоху пачалі чапляцца за яго суконную вопратку, адрывацца ад цырбуння і так аставаліся на ім. Каб удзень яго такога ўбачылі, то, напэўна, паднялі б на смех. Але цяпер яму было не да таго, каб ачышчаць сваю вопратку. Моцна трымаючы ў руках стрэльбу, ён далез да самай ямы і прыслухаўся. Сапраўды, з ямы ішлі гукі. Нехта там драпаў кіпцямі, лез, падаў, плюхаўся ў вадзе. І пасля — Уладзя Якавецкі і гэта выразна пачуў — пачаў ляскаць зубамі.

— Воўк у яме! — гукнуў Уладзя Якавецкі, і дзядзька Тамаш з ліхтаром падышоў бліжэй.

Уладзя Якавецкі быў чалавек вельмі высокага росту і тонкі. Каб зірнуць у яму, яму трэба было добра сагнуцца. Ён гэта і зрабіў, але нічога ў яме не ўбачыў, хоць туды і свяціў ліхтар. Скупое святло цьмянай ліхтарнай лямпы не даходзіла да самага дна. Дзядзька Тамаш быў чалавек нізкага росту, і ён амаль што не згінаўся, калі свяціў ліхтаром у яму.

— Прыгніся ты ніжэй ды пасвяці як мае быць, а то я нічога не бачу,— сказаў Уладзя Якавецкі.

— Куды ж гнуцца? — адказаў дзядзька Тамаш.— Хіба я спушчу ліхтар на вяроўцы ўніз.

— Ты асцярожна, бо калі гэта сапраўды воўк і калі ён выскачыць, то будзе тады нам абодвум бяда.

— Не бойся,— адказаў дзядзька Тамаш, прывязваючы вяроўку да ліхтара і спускаючы ліхтар у яму.

Яны ўбачылі, што ў яме сапраўды сядзеў воўк. Гэта быў той самы воўчы важак, які прывёў сюды чараду ваўкоў. Гэта ў яго два разы выстралілі, і гэта ён, збіўшы з ног чалавека, кінуўся ў зелле. Са страху ён не разбіраўся, куды бяжыць, і, скочыўшы цераз густы зараснік чартапалоху, рынуўся проста у яму, праваліўшыся праз гнілыя дошкі. Ліхтар спусцілі на вяроўцы амаль што да самага дна. Воўк прыціснуўся ў кут, заляскаў зубамі, падрапаў зямлю і палез угару. Але зямля ў яго з-пад лап пасыпалася, і ён ляпнуўся ў ваду. Усхапіўшыся, ён зноў пачаў лезці ўгару і зноў сарваўся.

— Задушыў баранчыка? Цяпер сядзі,— сказаў Уладзя Якавецкі і адступіў на крок ад ямы.

Дзядзька Тамаш выцягнуў з ямы ліхтар.

Тым часам днела. Туман, як састоенае малако, напаўняў паплавы. Месяц знік. Зоры тухлі. Відаць сталі будынкі і платы. На ўсю вуліцу спявалі пеўні.

Што ваўкі душылі авечкі — пра гэта ўсе ведалі яшчэ ўночы. Але што воўк уваліўся ў яму і не можа адтуль вылезці — пра гэта даведаліся толькі цяпер. Людзей назбіралася многа. Кожны прыбег хоць глянуць. Вельмі рана паабуджваліся дзеці і, пакуль ісці ў школу, гадзіны дзве таўкліся каля ямы, дзе сядзеў воўк. Уладзя Якавецкі ўжо нешта дзесяты раз расказваў, як ён трымаў на руках скрываўленага баранчыка, а дзядзька Тамаш расказваў, як ён спускаў на вяроўцы ліхтар у яму.

— Што ж рабіць, браткі, з ваўком? — шмат разоў пытаў ва ўсіх Уладзя Якавецкі.

— Застрэліць проста ў яме,— гаварылі амаль усе.

— Застрэліць — невялікая справа, але якая з гэтага карысць? — падаў голас дзядзька Тамаш.

— А якой ты хочаш карысці яшчэ?

— А такой я хачу карысці, каб нагнаць на ваўкоў страх.

— Як жа ты нагоніш?

— Вы толькі слухайце мяне, я чалавек бывалы.

Дзядзька Тамаш быў не толькі нізкі ростам, ён яшчэ быў даволі-такі таўставаты чалавек і вельмі рухавы. Цяпер ён пачаў камандаваць, гэты добры і вясёлы дзядзька Тамаш.

— Нясіце, браткі, сюды дзве даўгія жэрдкі і вяроўку,— крычаў ён, размахваючы каля ямы рукамі.— А вы, малыя, не лезьце на самы край ямы, бо зямля калі аб’едзе, то і ты сам ляпнеш, як гнілы гарбуз, проста ваўку на галаву. От табе тады будзе весела! Не лезь, кажу!

Як прынеслі дзве даўгія жэрдкі, дзядзька Тамаш склаў іх роўна адну пры адной і звязаў вяроўкай блізка да танчэйшых канцоў. Пасля крыху развёў канцы. Выйшла штосьці падобнае да даўжэзных жардзяных нажніц.

— Спускайце, хлопцы, гэтыя нажніцы ў яму,— скамандаваў дзядзька Тамаш.

— Хэ-хэ-хэ,— рагатнуў Уладзя Якавецкі, здагадаўшыся, што хоча рабіць дзядзька Тамаш.— То гэта ты хочаш ваўка жывога з ямы дастаць? Дайце хіба я вазьмуся.

І, падкруціўшы вус, Уладзя Якавецкі пачаў спускаць жэрдкі ў стары калодзеж.

— Старайцеся хапіць яго ў гэтыя нажніцы і пасля сціснуць,— камандаваў дзядзька Тамаш, не могучы ўстаяць спакойна на месцы.

— А як ты думаў,— абзываўся Уладзя Якавецкі, нацэльваючыся растапыранымі канцамі звязаных жэрдак на ваўка.

— О так, так, хапай яго! — клапаціўся дзядзька Тамаш.

— Пачакай, дай усё зрабіць абдумана,— даваў заўвагу Уладзя Якавецкі з такім выглядам, быццам гэта ён сам выдумаў усю гэтую справу.

І, хапіўшы ваўка за сярэдзіну кароткімі канцамі жэрдак, звёў іх даўгія канцы.

— Цяпер трымайце, хлопцы! — закрычаў ён.

— Звязаць канцы,— яшчэ мацней закрычаў дзядзька Тамаш, падбягаючы з кавалкам вяроўкі.— Цяпер цягніце ўгару.

Паволі цягнулі ўгару сціснутага паміж жэрдак ваўка, баяліся, каб ён не сарваўся. А як выцягнулі, паклалі на зямлю і ўбачылі яго вышчараную ляпу, зноў пачалі гаварыць, што трэба зараз жа застрэліць. Вельмі дамагаўся гэтага Уладзя Якавецкі.

— Я не магу забыць,— гаварыў ён,— як на маіх руках канчаўся скрываўлены баранчык.

— Мы яго страляць не будзем, а пусцім жывога,— сказаў дзядзька Тамаш.

— Што ты, здурнеў, чалавеча! — загулі галасы.— Дзе гэта хто бачыў, каб жывога ваўка з рук пускаць!

— Пусцім на воўчую згубу. Тады самі будзеце рады.

— Як гэта?

— А от так! Прынясіце сюды тыя званкі, якія пастух навешвае каровам на шыю, калі пускае ў лес.

— Нашто?

— Будзеце бачыць, я чалавек бывалы.

— Паглядзім, што зробіць бывалы чалавек,— паціснуў плячыма Уладзя Якавецкі і паслаў малога па званкі.

Неўзабаве ўсе стаялі і ад здзіўлення маўчалі: дзядзька Тамаш, накінуўшы ваўку на галаву дзяругу, вешаў яму на шыю самы званчэйшы званок.

— Што ты робіш? — закрычала некалькі чалавек.

— Я ведаю, што я раблю, я чалавек бывалы.

Мокры і напалоханы воўк дрыгаў нагамі і рваўся з усіх жыл. Павесіўшы яму на шыю званок, дзядзька Тамаш зняў з яго галавы дзяругу.

— Цяпер адыдзіцеся далей, дайце яму дарогу,— скамандаваў ён.

— Нашто яму даваць дарогу?

— Я чалавек бывалы, слухайце мяне.

Усе адышліся назад. Дзядзька Тамаш узяўся за даўгія канцы жэрдак і развязаў іх. І ў той жа момант усе аж ахнулі: воўк, адчуўшы волю, так ірвануўся з месца і так пабег, што ад шпаркага ходу некалькі разоў перакуліўся цераз галаву. Званок матляўся на яго шыі і звінеў бразгучым гукам. Адбегшыся далей, воўк раптам пачаў заўважаць гэты гук, які ішоў у яго з-пад шыі. Ён бег і круціў галавой. Гук не адрываўся ад яго, а імчаўся з ім разам. Жах апанаваў ваўка. З усіх ног ён дабег да высокага берага, пераскочыў цераз рэчку і, як ашалелы, дабег да лесу. Гук імчаўся ў яго пад шыяй з ім разам. Воўк, як куля, ляцеў пад дрэвамі і кустамі ў тое цёмнае месца, дзе ў гушчары заўсёды хавалася ўдзень воўчая чарада.

Ваўкі сапраўды былі там. Яны ляжалі пад карэннямі вывернутай яліны, і каля іх валяліся абгладаныя авечыя косці. Усё-такі некалькімі авечкамі яны сёння ўночы пажывіліся. Апроч таго, на рассвітанні яны выцягнулі яшчэ ў адным месцы з хлява свінню і толькі што яе даелі. Яны соладка драмалі, пахаваўшы свае морды ў пярэднія лапы. Раптам над самымі іхнімі вушамі грымнуў бразгучы звон. Яны ўсхапіліся, кінуліся наўцёкі. Бегучы, яны чулі, як звон гоніцца за імі следам, вось-вось ужо даганяе іх. Яны паддавалі большага ходу, а звон ўсё гнаўся за імі. Але яны, таксама як і ён, млелі ад жаху; ён ад таго, што ў яго пад шыяй штосьці звоніць, яны ад таго, што гэты звон гоніцца за імі следам. Так яны імчаліся цераз поле і паплавы, цераз лясы, пераскокваючы цераз дробныя рэчкі. Усе яны задыхаліся ад стомленасці. У адным месцы яны выбеглі на шырокую лясную паляну. Змораны важак, які даганяў іх і не мог дагнаць, на момант суняўся пад ялінай. Усе яны, не чуючы за сабой звону, прыселі на паляне і пачалі аддыхвацца. Стары воўк з-за яліны ўбачыў, што яны сядзяць спакойна, і ўзрадаваны кінуўся да іх. Загучаў званок, і ваўкі зноў ірвануліся з месца. Небывалая з’ява ў іхнім воўчым жыцці гнала іх немаведама куды, а стары воўк, ахоплены жахам, бесперастанку даганяў іх. Жах яго быў не толькі ад таго, што ў яго пад шыяй звоніць званок, але яшчэ і ад таго, што яго таварышы не падпускаюць яго да сябе блізка і ўцякаюць ад яго.

Ашалелая чарада ваўкоў выбегла на глухую лясную сцежку. Непадалёку ад яе было воўчае логавішча. Быццам шукаючы ратунку, перапалоханыя ваўкі пабеглі туды. Там пад густымі кустамі ляжала чарада сытых ваўкоў: яны толькі што задралі і з’елі на выгане двое коней. Убачыўшы, што незнаёмая чарада прыбегла да іх і спынілася, яны забурчалі і павышчаралі зубы, гатовыя кінуцца на няпрошаных гасцей. Але ў той жа момант стары воўк з усяго размаху даскочыў да іх. Грымнуў званок, і ўсе яны, разам са сваімі няпрошанымі гасцямі, пабеглі. Воўк са званком на шыі кінуўся следам за імі. Мусіць, яны яшчэ недзе падхапілі чараду ваўкоў, а можа і дзве, бо тамашнія калгаснікі расказвалі, што бачылі вялікае воўчае зборышча, якое імчалася паўз лес, а следам гнаўся вялікі воўк са званком на шыі.

 

VI

Добра было ясным днём на высокім беразе. Унізе цвырчала вада ў рачулцы, на дрэвах ужо шмат дзе пракідалася жоўтае лісце. Яшчэ цвілі асеннія кветкі. На дубах спелі жалуды. Слаўна пахла грыбамі. Баравікі, сыравежкі і рыжыкі вылазілі з травы і з-пад лісця.

Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня, пазбіраць грыбоў, раскласці агонь на беразе рэчкі і, самае важнае, паглядзець буслаў. Гэта была найцікавейшая з’ява. Буслы рыхтаваліся адлятаць на зіму ў цёплыя краіны. Яны збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыллі. Больш за пяцьдзесят буслаў цэлы дзень кружылася над высокім берагам, дзе ўвесну і ўлетку яны так многа знаходзілі сабе пажывы. Цяпер яны быццам развітваліся з гэтым улюбёным сваім месцам. Каля сотні дзяцей стаяла каля раскладзенага агню і глядзела ўгару на буслаў.

— Глядзіце, глядзіце! — закрычаў раптам малы Валодзя.— Бачыце, колькі сабак выскачыла з таго вунь лесу, што за рэчкай.

— А-ёй, колькі сабак! — зацягнула сваім тонкім галаском дзесяцігадовая Насцечка.

— Гэта ж не сабакі, а ваўкі! — закрычаў Сцёпа.— Сюды імчацца!

Сапраўды, ваўкі імчаліся проста на дзяцей. Не паспелі спалоханыя дзеці апамятацца і схавацца за дрэвамі, як ваўкі з усяго размаху пачалі адзін за адным пераскокваць цераз рэчку. Праз хвіліну ўся воўчая чарада ляцела далей, ёй было не ў галаве, каб чапаць дзяцей. За чарадой гнаўся воўк з грымучым званком на шыі.

— Гэта ж той самы воўк, якому дзядзька Тамаш навесіў званок на шыю,— загукаў Сцёпа, і ўсе пабеглі ў той бок, дзе зніклі за кустамі ваўкі.

Выбегшы за кусты, дзеці ўбачылі дзіўны малюнак: на скошаным поплаве два калгасныя пастухі стаялі зусім перапалоханыя, яны не ведалі, што рабіць. Проста на іх ляцела чарада ваўкоў, і дзесьці ў ёй ці за ёй бесперапынна званіў званок. Звон быў моцны, аж глушыў. Каровы і авечкі трывожна бегалі па поплаве, а коні, якія пасвіліся крыху далей, пабеглі цераз балота. Але пасля было яшчэ большае здзіўленне: ваўкі прабеглі проста праз чараду кароў, нічога не зачапіўшы, і праз хвіліны тры іх нават і следу не асталося, яны скрыліся недзе за балотам.

Расказвалі, што яны дабеглі да вялікай рэчкі, праз якую не маглі пераскочыць, і завярнуліся назад. І сапраўды, у той самы дзень бачылі, як яны зноў прабеглі тым самым поплавам да высокага берага і па той бок рачулкі ўскочылі ў свой ранейшы лес.

Некалькі дзён пасля гэтага людзі гаварылі, што ў лесе бесперапынна звоніць званок і не ў адным месцы, а то ў адным баку лесу, то ў другім. Бачылі, што з лесу часам выбягае чарада ўспененых ваўкоў і назад хаваецца ў лес. А часам з лесу выбягаў вялікі воўк са званком на шыі. Ён быў увесь мокры ад поту і ад зморанасці ледзь перабіраў нагамі. Ён ужо бегаў не так шпарка, як у першыя дні.

Але часам, бачачы, што чарада ваўкоў занадта ўжо далёка ад яго адбеглася, ён збіраў апошнія сілы і шпарчэй гнаўся за імі, каб, дагнаўшы іх, так, як і раней, быць з імі. Але яны, перапалоханыя небывалым звонам, які ішоў ад іхняга важака, імчаліся далей.

Яшчэ праз некалькі дзён шырокай лясной дарогай ехала фурманка. На фурманцы сядзелі: Уладзя Якавецкі, дзядзька Тамаш і яшчэ два калгаснікі. Яны ехалі ў мястэчка купляць што ім трэба было. Яны гаварылі аб чарадзе ваўкоў, што як ашалелыя бегаюць, ратуючыся ад свайго звінячага важака.

— А што, я казаў, што на ваўкоў нагонім страху,— весела сказаў дзядзька Тамаш.

Раптам конь натапырыў вушы, захроп, стаў на дыбкі і не пайшоў далей.

— Што такое? — сказаў Уладзя Якавецкі і глянуў наперад на дарогу.

— Можа чарада ваўкоў бяжыць? — весела сказаў дзядзька Тамаш.

— Не можа быць,— адказаў адзін калгаснік,— так можа што. Ужо дзён двое не чуваць гэтага звону.

Усе злезлі з воза і раптам убачылі тое, ад чаго перапалохаўся конь. На абочыне дарогі ляжаў здохлы воўк са званком на шыі.

— А браткі мае, што я гэта бачу? — здзіўлена завёў Уладзя Якавецкі.— Гэта ж той самы воўк.

— А ты думаў які! — весела абазваўся дзядзька Тамаш.

— От табе наш баранчык даўся ў знакі,— не мог змоўчаць Уладзя Якавецкі.— Бегаў-бегаў і здох ад зморы і страху.

І Уладзя Якавецкі падкруціў вус. Дзядзька Тамаш прысеў, каб лепш разглядзець ваўка, і зарагатаў:

— Хэ-хэ-хэ, я чалавек бывалы!


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан