Каб какорынцам не астацца дурнямі, гул ішоў па лесе. Дакачваўся гул да валаснога мястэчка Капыля, разыходзіўся па ўсёй Случчыне.
— Нашто вы, браткі, лес пляжыце? — пыталі падарожныя ў какорынцаў.
— Школу будуем,— важна адказвалі какорынцы, абціраючы каравымі ад хваёвае і яловае смалы рукамі чырвоныя твары.— У нашай жа вёсцы Какорычах школы няма.
— А хто ж вам дазволіў лес сеч?
Какорынец убіваў у хвою сякеру, даставаў капшук з самарослаю табакаю і важна тлумачыў:
— Гэта ў нас, тым часове, пане-таварыш, школа ні к чорту годная, дык Савецкая ўлада нам і кажа: так і так, браткі-какорынцы, наце вам дзерава, будуйце школу, каб дурнымі вам не застацца.
— Верна, браткі,— здавальнёна адказваў падарожны,— будуйце школу, будуйце, каб дурнямі вам не застацца.
— Гы-гы, школу будуем,— крычалі какорынцы.
— Панцялей, давай, адно, вунь тую хвою абложым, не шкадуй — гэта ж будзе школа, не хвост сабачы. Старайся дурным не застацца.
— Верна, школа не хвост сабачы ж. Гы-гы.
— Давай пілу сюды, Марцін!
Стагнаў лес. Клаліся старыя хвоі. І ўсё для таго, каб какорынцам дурнямі не застацца.
* * *
Каб какорынцам не застацца дурнямі, было вывезена з лесу палавіна дзерава.
Пабудова школы — дзела, можна сказаць, агульнае. А калі хто ў агульным дзеле больш за ўсіх папрацуе, таго (спрадвеку гэтак вядзецца) дурнем лічаць.
І вось, каб не застацца дурнямі, какорынцы палавіну дзерава ў лесе пакінулі (каб вывезці — трэба папрацаваць).
— Каб гэта як, браткі, дзерава абчасаць, а то гніе пад карою,— гаварыў часам хто-небудзь з какорынцаў.
— Дурань ты,— адказвалі яму,— хто табе заплаціць за гэта. Ты ж тады дурным застанешся.
— Але ж часаць трэба?
— Хай табе ў грудзях чэша!
Дзерава гніло пад карою і дажджамі, а какорынец давольна пасміхваўся:
— Усё-дыкі я дурным не застануся, дарэмна працы не прылажу.
* * *
Каб не застацца ў дурнях, ноччу какорынцы прабуюць цягаць бярвенні. Выбера какорынец калоду па сваёй сіле, узваліць на плечы, аж вочы на лоб лезуць, і рад.
— Гы-гы, узяў. Сусед возьме, а я не. Я ж тады дурнем застануся.
* * *
Каб не застацца дурнямі, какорыцкія дзеці хочуць вучыцца. Какорынцы ж, каб не застацца дурнямі, баяцца прылажыць рукі да справы. Какорыцкія дзеці растуць няграматнымі дурнямі. Самі ж какорынцы лічаць сябе вельмі разумнымі.
А тая камісія, якая выбрана была кіраваць пабудоваю школы, застаецца ў разумных ці ў дурнях?
Няхай гэтая камісія, разам з какорынцамі, аб гэтым добра падумае.