epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Ясная ноч

Была восень.

У лесе сцямнела рана. Класціся пачаў змрок на мокрую траву, мох і дубовае лісце. Мацней запахла хваёваю смалою і гнілою карою.

Сяліба лесніка пачала здавацца густою кучай лому, некім скінутага пад ногі старых высокіх хвояў.

Было ціха.

Гаспадары пазапрагалі коні, падабралі вяроўкі, агледзелі вазы з дзеравам і пачалі паволі выязджаць на лясную дарогу.

Пад калёсамі трашчала ламачча, падскаквала ўгору, мокрае лісце бралася за калёсы, і мяккая зямля з-пад яго наліпала на шыны жаўтавата-шэраю жарствою.

Цяжка было коням выязджаць на дарогу. Гаспадары плечукамі пхалі ў вазы, цмокалі і крычалі на коней. Коні нацягвалі гужы, напіналіся і ішлі паволі...

На лясной дарозе палягчэла — тут было цвёрда і раўней, толькі трэба было мінаць каляіны.

Вальней можна было тут ісці каля вазоў, і недалёка быў край лесу.

Хутка злёгку запахла конскім потам.

* * *

За лесам відней стала.

Шырока ляжала палявая дарога; тут і ралля, і мясцамі незаворанае ржышча ляжала паабапал, тут весялей нейк стала.

Коні пайшлі раўней.

Каля пярэдняга воза поплеч ішлі Мікалай Юрчук і Змітрок Ліставы. Мікалаю Юрчуку было холадна — быў ён лёгка адзеты, у шарачковым старым каптане на кудзелях. Кудзеля ад старасці пазбівалася ў лямец, павылазіла патроху і павыпадала. І Мікалай глыбока засунуў кулакі рук у кішэні старых салдацкіх портак, паціскаў плячыма, стараючыся схаваць шыю ў нізенькі, настаўлены, зашмальцованы і халодны каўнерык.

Змітрок Ліставы, адзеты ў кароткі кажушок, размахваў рукамі, без патрэбы з асалодаю цмокаў і пагукваў на коней.

Ён выкурыў папяросу, плюнуў сабе пад ногі і панура сказаў:

— Надвор’е нядобрае. Лепш бы падмерзла: каторая пара. Бывала, мой бацька расказваў, такія зімы былі — і рана станавіліся, і снегам замятала вёскі.

— То што, гэта добра?! — адказаў Мікалай.— Што ты гэта?

— Яно не добра. Гэта я к слову.

— Па мне, дык няхай бы так колькі хоча было, не холадна.

— Гразка.

— Абы цёпла.

Ззаду падышоў Максім Міхалёў.

— Холадна змрокам зрабілася,— сказаў ён.

— Добра было б дзе пагрэцца,— сказаў Мікалай.

— Дзе ж ты тут пагрэешся?

— Але, добра кажа, дзе ты тут вельмі пагрэешся?

— І-і-і, дзівак ты,— абазваўся Змітрок,— захацеўшы сабаку выцяць, то кія знойдзеш. Гэта раз. Ці варт грэцца, ці не, от гэта. Можа не варт прыпыняцца.

— А дзе ж ты прыпынішся?

— Праязджаючы праз Цагельню, можна на момант забегчы да Паціеўскага, у яго павінна знайсціся што-небудзь.

— Што, ён гоніць?

— І гоніць, і цішком казённаю пачаставаць можа.

— А што вы думаеце, браткі, дальбог, каб гэта на часінку заскочыў!

— Вялікі гурт вельмі, нядобра.

— Што там нядобра! Ды ўсе і не пойдуць.

— А што, толькі табе?

Коні паволі цягнулі вазы. Дарога месцамі была гразкая, цяжкая.

Ужо амаль зусім лёг вечар. Павінна была быць месячная ноч. Нейк пасля змроку нават ясней стала, і далёка відаць былі нейкія чорныя лапіны на полі — можа гэта кусты якія раслі ці хутары стаялі.

* * *

Пры дарозе ў Цагельні, каля цёмнае доўгае будыніны, прыпыніліся чатыры фурманкі. Рэшта паехала далей.

— Дагонім! — гукнуў услед Змітрок, прывязваючы каня да плота.

— Пабачым,— адгукнуліся спераду.

Насустрач кінуўся сабака, пасля завіляў хвастом і пачаў абнюхваць сляды незнаёмых.

Людзі ўвайшлі ў хату.

Паціеўскі, заможны гаспадар, з навыкамі гандляра, прынёс бутэльку гарэлкі, дастаў аднекуль талерку селядцоў. Запалілі лямпу. І спешна пачалі «грэцца».

Змітрок наліў па чарцы.

— Ах-ч! — сказалі ўсе, выпіўшы.

І, тыкаючы пальцамі ў талерку, ловячы на відэльцы кавалкі пахучых селядцоў з ікрою, закусвалі.

Мікалай пакруціў у руках бутэльку:

— Мае мацунак.

Нехта абазваўся:

— Цеплыня па жываце пайшла.

— Ах, добра!

— Жывей стала, крапчэй чалавеку.

— Адным словам, не дурны гэта выдумаў.

— Ну, чалавек, жывучы, усё мяркуе, стараецца.

Пасля другой чаркі весялей стала.

Не хацелася ўставаць, хацелася быць тут, моцна гаварыць, крычаць, спяваць. Хацелася расказаць усім аб тым, аб чым звычайна не хочацца, не трэба, часамі нават сараматна гаварыць.

Выпілі па трэцяй чарцы і скончылі селядцы.

У дарогу сабраліся нейк трывожна, як бы што рупіла і непакоіла.

* * *

— Но! — моцна гукнуў Змітрок на каня, выязджаючы першым. І пайшоў каля аглаблі, моцна стукаючы вялікімі ботамі.

— Паганяй, паганяй, хлопцы,— яшчэ раз гукнуў ён, весела азірнуўшыся.

— Паганяем,— крыкнулі ззаду.

Ішлі паволі, блыталіся нагамі. Коні стукалі капытамі.

Змітрок заспяваў:

 

Ой у полі, полі,

Карчомка стаяла.

Трай-рай, рата-тай,

Карчомка стаяла.

 

Мікалаю здалося гэта вельмі слаўным. Ён пастараўся дагнаць Змітра. Падбег трохі, шморгаючы ботамі. Хацеў палажыць на хаду сваю руку на плячо Змітру, моцна дыхнуў і паслізнуўся. Раптам упаў, ткнуўся нагою пад задняе калясо, уз’ехаўшае на дарожны камень. Калясо, саскочыўшы з каменя, усім цяжарам сырое хваіны на возе стукнула па назе і пераехала.

Яшчэ ён нават усхапіўся, пасля зноў упаў. Упаў ад болю.

Раптам нешта страшнае зразумеў, зажмурыў вочы і закрычаў.

Мужчыны азірнуліся, прыпынілі коні.

Валтузіліся яснаю ноччу па дарозе з нейкім пярэпалахам, спешна гаварылі.

Пасля скінулі з Мікалаевага воза дзерава, саставілі драбіны і на салому палажылі Мікалая з пераломанаю нагой, сумнага, з пабялеўшым тварам ад болю.

 

 


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан