epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Ясны дзень краіны

Мары народа здзейснены
Заможнасць
Індустрыя. Гарады
Культура
Высока трымаем сцяг працы і абароны


Мары народа здзейснены

То гнучыся да зямлі, то грозна ўзнімаючы галаву і выпростваючы плечы, ад пакалення ў пакаленне, з стагоддзя ў стагоддзе чалавек нёс мару аб шчасці і радасці. Чуючы сабе назву то «быдла», то «мужык», называючы сам сябе «простым чалавекам» і маючы сапраўднае сваё слаўнае імя — беларускі народ,— ён данёс сваю мару да яснага дня.

У роднай зямлі тлеюць косці продкаў, жыццё якіх ішло і канчалася ў пакутах. Вялікае наша замілаванне да іх будзе жыць вечна, таксама як і нянавісць да іх прыгнятальнікаў. Зямля прыняла вядомых і невядомых герояў, якія не гнулі ад пакоры плеч і загінулі за вызваленне народа і ажыццяўленне яго спрадвечнай мары. Ясная памяць аб іх будзе навекі!

Па нашай зямлі бесперапынна разыходзіўся гул і грукат ад хады войск. Аброслыя ядлоўцам шведскія курганы навек задзірванелі, таксама як і замчышчы старадаўніх мясцовых магнатаў, польскі дух якіх, як чума, уядаўся ў косці працоўнага чалавека. Верныя спадчыннікі іх, выгнаныя рэвалюцыяй польскія паны, знайшлі сабе прыемную радзіму ў Польшчы і дагэтуль не кідаюць думкі зноў цягнуць жылы з вольнага беларускага народа. Але не тая пара цяпер!

Сто дваццаць пяць год таму назад на берагах беларускай ракі Бярэзіны, пры вёсцы Студзянцы, Напалеон назаўсёды злез з белага каня і перасеў у сані. З гэтага моманту ён пакінуў быць імператарам Францыі і ўладаром паўсвета. Але нават і навала напалеонаўскіх войск, якая праз Беларусь ішла на Маскву і якую пасля рускі народ гнаў назад, была толькі цяжкім момантам у жыцці народа, у параўнанні з гаспадараннем тых, ад якіх тхне польскім духам.

Раптоўная смерць лягчэй за павольную. Але яшчэ большы жах у той павольнай смерці, у часе якой ірвуць душу і цягнуць жылы. Калі на беларускай зямлі адбывалася і канчалася імперыялістычная вайна, то народ даў свету новы від пакутніка — бежанца, выгнанца. На скрыжаваннях беларускіх дарог вы і цяпер убачыце магілы з крыжамі і без крыжоў. Гэта выгнаны ў беспрасветнасць народ уміраў у чыстым полі ў 1915 годзе. Але і гэтая чорная пара не пакінула так многа помнікаў народнага гора ў выглядзе песень і апавяданняў, як пара панавання польскага панства. Паганы дух яго назаўсёды выдзьмуў адсюль вецер рэвалюцыі, таксама як і нямецкіх рагатых свіней. 11 ліпеня 1920 года назаўсёды скончыліся пакуты беларускага народа. Рускі пралетарыят вёў за сабой іншыя народы ў вялікім змаганні, і на дапамогу Чырвонай Арміі выйшаў беларус-партызан. Ужо гэты чалавек, несучы ў сабе нянавісць да панства, ваяцкую адвагу і замілаванне да свайго народа, быў пачаткам таго тыпу новага чалавека, воблік якога сфармаваўся да сённяшніх дзён. Гэта інтэрнацыянальны сваёй душой і сэрцам чалавек, багаты ўсёй глыбінёй сваіх нацыянальных рыс.

Пачнем з таго, хто найбольш нёс і вынес на сабе пакут жыцця. Беларуская жанчына! Чыё гэта галошанне чулася з стагоддзя ў стагоддзе над хворымі і памерлымі дзецьмі? Чые гэта дзеці паміралі з голаду і холаду? З каго гэта здзекаваўся вяльможны прахвост, патропаны рэвалюцыяй патомак якога знайшоў сабе радзіму ў Варшаве? Ці не дзеля яе ён узаконіў права першай ночы і ці не яе грудзьмі карміў сваіх шчанят? Хто гэта бедаваў і гараваў, калі раджалася дзіцё — лішні рот у галоднае жыццё? І хто — яшчэ зусім нядаўна — ламаў у роспачы рукі, чуючы енкі сваіх дзяцей, укіненых польскімі акупантамі ў агонь падпаленай імі ж хаты?

Усё вынесла яна! І мудрая задуменнасць легла на яе дарагі сэрцу твар. Як мы растлумачым нашаму маладому пакаленню колішні смутак нашай жанчыны, калі ў яе раджалася дзіця? Як мы раскажам равеснікам Кастрычніка, што такое тое ганебнае пракляцце, што, як вядомы біблейскі першародны грэх, спатыкала чалавека ўжо з першай хвіліны яго нараджэння на свет? Невядома было, як будзе гадавацца гэтае дзіця і што будзе яно рабіць і з чаго жыць, калі вырасце. Урачыстасць нараджэння чалавека ператваралася ў бяду і гора.

Але мы сёння чуем у беларускім народзе такую песню:

 

Жадаем яшчэ вам

Прыбытку у хаце,

Ні мала, ні многа —

Штогод па дзіцяці.

 

Не будзе вам крыўды

Яшчэ і за тое,

Калі пашанцуе

На год і па двое.

 

Дзе, калі гучалі ў песнях беларускага народа такія словы? Нараджэнне дзіцяці стала радаснай з’явай, і тое пакаленне, якое радзілася ў гэты шчаслівы час, носіць у сабе пэўныя рысы той чалавечай натуры, вытокі і ўласцівасці якой ёсць аптымізм. Чалавек радзіўся, і перад ім адкрыты ўсе дарогі. Думка аб заўтрашнім дні не мучыць яго бацькоў і не кладзе змрочнасці на яго маленства і юнацтва. Ён не толькі не ведае, што такое голад і холад, яго спатыкае школа і універсітэт і ўсе здабыткі чалавечай культуры. Шчасце дзяцей! Ці не аб гэтым марыла спрадвеку жанчына-маці? Мінулыя пакуты і цяперашняе шчасце! Хіба не гэта кіруе сумленнем беларускай жанчыны, калі яна памагае пагранічніку ахоўваць граніцу? І хіба не самыя лепшыя і высокія пачуцці да свае савецкай радзімы кіравалі саракагодняй Марыяй Людвігаўнай Янкоўскай, калі яна сем разоў затрымлівала, у часе свае звычайнай працы, парушальнікаў граніцы. За ўдзел у ахове дзяржаўных граніц яна ўзнагароджана ордэнам.

Усенародная адданасць да савецкай радзімы зрабіла Савецкую Беларусь магутным фарпостам Савецкага Саюза.

Бальшавіцкая Беларусь, наша слаўная рэспубліка!

З мясцовасці ў мясцовасць бягуць дарогі, як сама вечнасць, імкнуцца рэчкі, неабсяжнасць даляглядаў узнімае празрыстасць сініх засцілаў. Бяроза і Дзвіна, Дняпро, Сож і Прыпяць высока ў берагах трымаюць імклівую ваду. Берагі іх гучаць параходнымі гудкамі і песнямі плытагонаў. На ўзгорках купчасцяцца лясы, балоты аддаюць чалавеку торф — чорнае золата. Абноўленая зямля дае незлічоныя багацці.

Па выслаўленых на ўвесь Савецкі Саюз, зробленых у гэтыя гады беларускіх шасейных дарогах — каменных і асфальтаваных — імчацца аўтамашыны. Па палявых дарогах, замест даўнейшага замучанага працай каня, які, таксама як і яго гаспадар, хістаўся ў бакі ад слабасці, коцяцца калгасныя грузавікі. Замест сагнутых жаночых спін над спелым жытам ідзе жняярка, а на змену ёй прыходзіць камбайн і пры ім — гордасць і слава краіны — малады чалавек, найбольш аднагодак рэвалюцыі, выхаваны сталінскім часам — стаханавец, дзяўчына ці хлопец.

Стук саматужнага цэпа стаў небывалай з’явай. Прайдзіце ад Слуцка да Оршы,— дзе вы яго цяпер пачуеце? Гэты гук дыхае ўжо такой старадаўняй дзікасцю, як і папоўская пропаведзь. Нават параконны плуг, колішні прыгажун маёнткавай і хутаранскай зямлі, пабывае ўжо ў нас характар саматужнай прылады. Трактар заўладаў полем! Тып панскага прыганятага адышоў у нябыт і жыве толькі ва ўспамінах. Вусаты шляхціц не кідае пагардлівага позірку на свайго парабка. Вяльможны хам не называе нашага чалавека быдлам. Самыя словы — парабак, батрак, бядняк, галота, галетнік — выйшлі з быту. Жыццё стала перад чалавекам ва ўсёй панаднасці, харастве і радасці. Сусед суседа не есць за кавалак гнілой вяроўкі. Жыццё ў калгасе зрабіла яго інтарэсы больш шырокімі, яго асабістыя інтарэсы патрэбны ўсёй грамадзе. У яго душы адмерла дробязнасць, і ён стаў дзеячам.

 

Заможнасць

Машына імчыцца асфальтавым шасэ. Мясцовасці бягуць насустрач і змяняюць адна адну. Імчацца масівы ялін і сосен, дуба і граба. Кіламетр за кіламетрам. Палявая даль зменшвае свой рух на даляглядах. Мігацяць перад вачыма калгас за калгасам, дзе скрозь новыя пабудовы: школы і клубы, амбулаторыі і чытальні. І новыя хаты — ужо не з саламянымі стрэхамі і без паўаршынных дзірак замест акон. Новыя хаты — гэта ўжо не хаты ў тым сэнсе, па якому гэтая назва чалавечага жылля была знаёма нам раней. Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і на чатыры чыстых пакоі. З’явілася патрэба ў вялікіх вокнах і ў чыстай падлозе. На месцы голых выганаў засаджваюцца паркі. На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі.

Перад намі прамільгнулі і аборы з сытымі каровамі, і стайні з коньмі. Пастух пры калгаснай чарадзе махнуў нам рукой, стоячы пад прыдарожным дрэвам, правёўшы нас позіркам, ён зноў паглыбіўся ў чытанне газеты. І зноў бяжыць насустрач лес ці тарфяны масіў з горамі нарэзанага торфу, ці хрыбет маляўнічых узгоркаў, якія хвалююцца густым калоссем і з-за якіх зноў відны вершаліны дрэў... Здаецца, набягае спераду прыемная навісь зялёнага голля, дзе ў ціхай лагодзе так уціхамірваецца душа і адпачывае галава. Глыбей і глыбей! Машына зварочвае ўбок, ідзе ледзьве выраўненымі прагалінамі, палянамі і нават сцежкамі. Глуш! Мацней пахне палявы чабор і гусцей купчасціцца верас. «Тут далёка да людзей і, можа быць, блізка да мядзведзяў»,— з’яўляецца думка. Тут хадзіў паляшук, дзеручы лыка і крадучы ў панскім лесе дрэва на санныя вязы. Ужо трэба варочацца назад, але робіш, пехатой ужо, некалькі яшчэ крокаў: апошні раз перад паваротам назад зірнуць у дзікую гушчырню і яшчэ пацягнуць яе паветра. Але нечаканы пробліск паміж стволля! Яшчэ крок наперад і... замест вымеркаванай уяўленнем балотнай хмызнячыны — сінее высокае неба над прасторнай лагчынай, асака і лаза адступілі ў бакі ад раптоўна замільгацелай перад вачыма новай дарогі, і проста перад вачыма дымяць угару каміны гіганцкага завода. На сонцы блішчаць шкляныя скляпенні, гудуць ваганеткі паветранай электрычнай дарогі, і густы доўгі гудок сотнямі водгукаў праходзіць па прасторах. Нязвыклае вока спачатку разглядае асфальтавы тратуар паўз шматпавярховую вышыню сцяны. На асфальт згінаецца асака і збоку суседзіцца чамярыца — гэтыя нядаўнія тут паўнапраўныя тубыльцы.

 

Індустрыя. Гарады

Праз паўгода ці праз год асака адступае яшчэ далей, збягае ў канавы вада. Замест асакі, яшчэ праз нейкі час, цвіце канюшына, навокал завода з’яўляецца малады парк, мураваныя дамы ўзнімаюцца навокал, кожны дзень на бліжэйшай чыгуначнай станцыі стаіць новы эшалон з прадукцыяй завода, гатовы ў дарогу. Каля завода спяваюць дзеці, вечарамі пад дрэвамі глядзяць на зоры закаханыя пары. Слуцкая гутарка змешваецца з магілёўскай, украінец расказвае пра свае стэпы, і рускі пачынае ўстаўляць у сваю мову беларускія словы. У глушы і дзічы радзіўся завод, выславіў мясцовасць і ўстанавіў сяброўства паміж людзей.

Шклозавод каля Гомеля — гэта гігант, які мае ўсесаюзнае значэнне. Мы не зусім пра яго думалі, калі гаварылі вышэй аб узнікненні завода, але мелі на ўвазе і яго. Усе яны, разам узятыя, зрабілі нашу рэспубліку індустрыяльнай. Гэта ўжо не краіна лапцей, чаўноў-душагубак і скрыпучых адпаколных вазоў. Гэта краіна індустрыі, буйнай сельскай гаспадаркі, яе прамысловасці і гарадоў.

Агульны ўздым і рост характарызуецца і ростам гарадоў. І гарады нашы ўжо маюць характар буйных прамысловых цэнтраў. І Магілёў стаў славен заводамі і фабрыкамі. Яго фабрыка штучнага шоўку адна з большых і лепшых ва ўсім Саюзе Савецкіх рэспублік. І Гомель. Асабліва Гомель! Нават Бабруйск! Слова «нават» трэба апраўдаць і растлумачыць. Бабруйск — былы павятовы горад, нават у літаратуры выслаўляўся як увасабленне глухога застою. А цяпер, нядаўна, у Бабруйску адбываўся Усесаюзны з’езд работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасці. Сюды з’язджаліся лепшыя людзі гэтай справы з Ленінграда і Архангельска, Украіны і Урала. І Бабруйскі лесакамбінат — цэлая сістэма заводаў — славіцца на ўвесь Саюз як адзін з двух-трох лепшых гігантаў. Што ўжо гаварыць пра такі горад, як Віцебск, калі дробныя павятовыя гарадкі павыросталі ў індустрыяльныя цэнтры!

Мінск! Тут гутарка асобная. Мінск сталіца нашай рэспублікі. З кожным годам ён выростае ў вялікі горад сталічнага размаху.

У савецкім разуменні сталіца, гэта не ёсць які-небудзь адміністрацыйны цэнтр, і толькі. Савецкая сталіца — гэта цэнтр развіцця ўсіх сіл народа, усёй яго культуры. Прыклад таму Масква, якая яднае росквіт усіх шматлікіх народаў Савецкага Саюза, і прыклад таму кожная сталіца кожнай савецкай рэспублікі, якая ёсць цэнтр культуры свайго народа.

 

Культура

Пакуль не прыйшоў да ўлады рабочы клас, кіруемы Леніным і Сталіным, беларускі народ не быў гаспадаром у сваёй краіне. Польскія, а пасля і рускія імперскія каланізатары душылі ўсякае выяўленне нацыянальнага развіцця, мову яго абвясцілі хамскай. Але і пад такім вялікім прыгнётам ён фармаваўся як народ, стварыў багатую сваю творчасць, сфармаваў свой нацыянальны воблік. І, як толькі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, былі змецены з савецкай зямлі польскія акупанты і разгромлена беларуская контррэвалюцыя, у сталіцы Савецкай Беларусі — Мінску — пачалі адкрывацца ўстановы, якія сведчаць аб тым, што ў Савецкім Саюзе беларускі народ стаў поўным гаспадаром у сваім доме.

Беларуская Акадэмія навук!

Беларускі дзяржаўны універсітэт!

Мінск стаў цэнтрам беларускай навукі, беларускай літаратуры, беларускага мастацтва. Ператварэнне горада стала грандыёзным ператварэннем.

Беларуская народная песня ўвасабляецца ў опернай форме. Тая песня, якую каланізатары называлі хамскай і якую аднак жа кралі сабе, стала агульнавядомай, як сама прыгажосць і народнае багацце.

Беларуская вышэйшая музычная школа — кансерваторыя!

Тэатр драмы і тэатр оперы і балета, які стане адным з новых цэнтраў сталіцы!

Беларуская савецкая літаратура! Яна выйшла на шырокі шлях вялікага літаратурнага мастацтва і разам з літаратурамі ўсіх братніх народаў ёсць з’ява ўсясветнага значэння.

Беларуская дзяржаўная бібліятэка і каштоўнасцю і колькасцю сваіх кніг лічыцца трэцяй у СССР.

Быў да рэвалюцыі беларускі народ бяспраўны. Нацыянальную гордасць яго тапталі боты царскага дзяржыморды. У колах імперскай «інтэлігенцыі» слова, сказанае беларускай мовай, падымалася на смех. І от, гэты народ мае сваю рэспубліку. Тысячы стаханаўцаў гарадоў і поля змагаюцца за вышыню прамысловасці і гаспадаркі, дзесяткі тысяч народнай моладзі з’язджаюцца ў сваю сталіцу і дзесяткі тысяч у іншыя гарады, каб атрымаць на роднай мове вышэйшую асвету ў дзесятках вышэйшых навучальных устаноў.

Былая яўрэйская рыса аселасці стала месцам росту сіл і яўрэйскага народа. На зямлі і на заводах — пануе роўнасць, брацтва і сяброўства нацый. Мы бачым яўрэйскі аддзел Акадэміі навук, яўрэйскія аддзелы ў вышэйшых навуковых установах, яўрэйскія школы, яўрэйскі драматычны тэатр. Там, дзе да рэвалюцыі гаравала яўрэйская бедната і дрыжала ад пагромаў, там мы бачым росквіт і паўнакроўнае жыццё.

Савецкая індустрыялізацыя, ператварыўшая гарады, ператварыла гарадскога чалавека і нарадзіла новы воблік яго. Гарады сталі рабочымі цэнтрамі. Рабочы клас Беларусі ёсць галоўная сіла ў беларускім грамадстве. Рабочы клас вырас і, зменьваючыся сам, зменьваў краіну і ўсё яе грамадства.

«Прыемна і радасна ведаць, што кроў, багата пралітая нашымі людзьмі, не прайшла дарма»,— сказаў вялікі правадыр.

Не прапала дарма! Партыя давяла да шчасця краіну. Думка аб заўтрашнім дні і аб лёсе сваіх дзяцей не мучыць ні інтэлігента, ні... паводле старога стылю, рука імкнецца напісаць — «просталюдзіна». Гэтае супрацьстаўленне — інтэлігент і просталюдзін — у Беларусі, як у нацыі прыгнечанай, калісьці было вельмі вострым. Чалавек, які з народа выбіваўся хоць у якую інтэлігенцыю, павінен быў забываць нават сваю родную мову, бо на гэтай мове не было навукі, літаратура ледзьве зараджалася, не было беларускай дзяржаўнасці. А што такое цяперашні беларускі «просталюдзін»? Гэта бацька сына-інжынера або дачкі-доктара. Маладзейшыя дзеці яго — камбайнеры і лётчыкі, сам ён не пасіўны бядак, якому важна, каб абы-як пражыць на свеце, а ён дзеяч свайго горада ці калгаса.

Вы спаткаеце гэтага «просталюдзіна» як члена ўрада свае рэспублікі і на з’ездзе Саветаў, і на з’ездзе партыі — там ён гаворыць, як весці далей наперад усю краіну. Стаўшы інтэлігентамі, дзеці яго бачаць, што яны расцэньваюцца на вагу золата. Не ў прыклад якой-небудзь Польшчы, дзе настаўнік і інжынер не могуць знайсці сабе працу, у нас такія людзі працуюць адначасна ў некалькіх месцах: іх у нас не хапае, хоць кожны год іх і выпускаюць нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Беларускі народ гэтулькі ў мінулым перажыў гора, што нават у часе сваіх найрадаснейшых урачыстасцей цяпер нашы людзі аддаюцца ўспамінам аб сваім ранейшым жыцці. І гэта вядома чаму: ёсць з чым параўнаць сваё мінулае. І ў сваіх прамовах на з’ездах, і на святочных заводскіх балах, і на калгасных банкетах,— усюды вы пачуеце ноткі ўспаміну. Даўжэзныя сталы гнуцца ад гор смажаніны, пара ўзнімаецца ад засмажанай птушкі, вясёлая гамана, музыка і песні зліваюцца ў гул народнага піру — жывая натура для мастака фламандскай школы.— і от паднімаецца паджылы чалавек з чаркай у руках. З твару яго яшчэ не сышла заўзятая весялосць ад няскончанай гутаркі з суседам, але вачмі пачынае апаноўваць задуменнасць.

І тут чуецца яго голас.

— Мы дажылі да шчасця і таму ўспомнім, як мы жылі раней!..

Шмат каго вучаць гэтыя ўспаміны, і ў першую чаргу тых, хто не пакідае думкі зноў пачаць цягнуць жылы з народа.

Усё дасягнута ў змаганні і працы. Нялёгка здабыт шчаслівы лад. Партыя вытрымлівала і вытрымлівае змаганне з шматлікімі ворагамі народа. І беларускія фашысты, называючыся нацдэмамі, рабілі ўсё, што толькі маглі, каб скіраваць краіну так, як хоча вяльможнае польскае панства і нямецкі майстар жалезнага здзеку над чалавекам. І самі гэтыя замежныя крывавыя майстры слалі і шлюць сюды сваіх шпіёнаў і дыверсантаў.

Трэба было і з імі змагацца, і пачынаць аднаўляць усё жыццё спачатку, бо і палякі і немцы пакінулі тут руіны. Увесь народ ішоў і ідзе за партыяй. Мы думаем аб лепшых прадстаўніках гэтага руху, які выяўляўся ў форме ўдарніцтва і выяўляецца ў форме стаханаўства. І заўсёды ў форме палітычнай пільнасці.

Шмат беларускіх людзей узнагароджаны ордэнамі за тое, што памагаюць пагранічнікам ахоўваць граніцу. Мы можам успомніць шмат іх імён. Многа нашых людзей узнагароджана ордэнамі за тое, што самааддана ўзнімалі прамысловасць і сельскую гаспадарку. У нас сфармаваліся і спрактыкаваліся выдатныя дзеячы земляробства, жывёлаводства, машынабудаўніцтва і транспарту, навукі і літаратуры.

І Юхневіч Мацвей Сцяпанавіч раскажа вам, як у сваім калгасе (у Рычаўскім сельсавеце, Тураўскага раёна) ён павышаў ураджайнасць зямлі, і даярка саўгаса Рачкавічы (Чырвонаслабодскага раёна) Зося Грыгаровіч раскажа аб сваёй працы, за якую яна таксама ўзнагароджана ордэнам Леніна. І Батоўкін Мікіта Ермалаевіч успомніць сваё колішняе жыццё і цяперашнюю высокую ўзнагароду, і Ліза Белая — брыгадзір жывёлагадоўлі ўсміхнецца весела і радасна сваёй маладой усмешкай, расказваючы, як за сваю стаханаўскую працу яна носіць на грудзях ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ліза не можа ўспомніць старога жыцця. Спаткала яна рэвалюцыю чатырохгадовай дзяўчынкай. Жыццё яе не праходзіла, як жыццё старэйшага пакалення, яна не памятае панскай эксплуатацыі, яна належыць да шчаслівейшага пакалення.

Барушкоў Грыгор Мінавіч пражыў 68 год. І толькі ў наш час знайшоў плённы ўжытак свайму ўмельству ладзіць гаспадарку. Высокая яго ўзнагарода — гонар чалавека-працавіка.

Мы ўспамінаем ордэнаносцаў і Коўдзерку Марыю, і Бляхераву Раісу, і Няшчыліну Анну, і Гануса Юстына, і Кірмашук Антаніну, і таварыша Скабло, і таварыша Прахарэнку, і шмат, шмат іншых. Мы думаем аб цэлай кагорце слаўных людзей, чыё сумленне давала прыклад усім і чыё ўмельства і майстэрства рабілі цуды. Праца іх узышла на вышэйшую ступень. Вытокі яе — у сувязях са сваім народам, а значыць,— і адданасць Камуністычнай партыі. Кожны дзень выяўляюцца новыя героі гаспадаркі і абароны ў горадзе і ў калгасе.

Колькі было страчана марных надзей і бясплодных думак у чалавека, калі ён яшчэ не быў гаспадаром у сваёй краіне! Вечная сялянская мара аб зямлі, вечная мара рабочага аб працы і хлебе! У беларускай літаратуры сярод іншых яе вобразаў узвышаецца трагічная постаць Міхала з «Новай зямлі» Якуба Коласа. Гэты чалавек сваю мару аб зямлі панёс у магілу. Колькі разоў яму здавалася, што ён бачыць перад сабой панадныя шчаслівыя берагі, да якіх ён плыў праз усё сваё жыццё. Прывід зямлі, то ў няясных, то ў выразных абрысах, стаяў перад ім. Скромнасцю і зборлівасцю, сумленнасцю і працаю ён сабраў за жыццё грошай, каб купіць кавалак зямлі і скінуць з сябе сабачую годнасць служыць пану. Нарэшце — зямля! Але ў гэты самы момант душа яго ўбачыла змрок магілы. Не мог працоўны чалавек прыдбаць сабе зямлі сумленнай працай. Уласную зямлю мог набыць толькі эксплуататар і махляр. Рэшта народа сядзела на сваіх мізэрных надзелах або зусім не мела зямлі. Працавіты чалавек мог толькі страціць сілы і згубіць здароўе. Так стала і з Міхалам. Страціўшы сілы, ён сканаў.

 

Высока трымаем сцяг працы і абароны

Наша рэчаіснасць назаўсёды адкінула марную трату сіл жывога чалавека. Вечнае ўладанне зямлёй замацована за тымі, хто на ёй працуе паводле дзяржаўных актаў. Зямля навечна народу! І цяпер, у дні перад святам дваццацігоддзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ўвесь савецкі народ усіх рэспублік рыхтуецца да выбараў у вышэйшы свой дзяржаўны орган, калі ва ўсім народзе гучаць непарушныя словы Канстытуцыі СССР, у гэтыя дні думка надоўга спыняецца на самых вострых момантах чалавечай гісторыі.

Мы чуем гром мінулых войнаў, бачым скрываўленую і здратованую салдацкімі ботамі зямлю і саміх салдат, з праколанымі грудзьмі і жахлівымі ад пакут тварамі. Гістарычныя гады з веку ў век урываліся на беларускую зямлю, рабілі з народа пакутніка і салдата, гонячы на вайну і прымушаючы ваяваць за тое, што было глыбока варожа самому народу. Вялікая сям’я савецкіх народаў уступіла ў новую паласу чалавечай гісторыі.

Народ высока трымае савецкі сцяг працы і абароны. Слаўная і магутная Чырвоная Армія атулена вялікім народным замілаваннем. Наша рэспубліка варта высокай годнасці фарпоста Савецкага Саюза! Граніца на замку! Савецкая Беларусь — неаддымная частка ўсяго Савецкага Саюза — кіпіць энергіяй і радасцю.

І хочацца сказаць беларускаму народу па той бок граніцы:

Прывітанне вам, браты, ад нашых радасных сэрцаў. Няхай гарыць у вашай душы агонь вялікіх імкненняў і надзей.

Пройдуць гады*, і яшчэ больш будзе яснот і кіпучай радасці.


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан