epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Юзік і Ягорка

За горадам на ўзгорку, абведзеная старымі платамі агародаў, стаіць вёска Агароднікі. Каля яе, пад горкаю, жаўцеюць ямы глінішча, дзе людзі бяруць гліну. У глінішчах многа і жоўтага пяску, у якім кожны дзень перасыпаюцца і купаюцца вясковыя дзеці.

А то ў іх яшчэ ёсць і другая забава. За платамі расце многа лопуху і чартапалоху, а на гэтым зеллі вельмі многа, як кажуць, ваўчкоў, якія вельмі добра чапляюцца за ўсё і за кожнага.

Вось тут і капошацца дзеці, рвуць ваўчкі ды кідаюць адзін на аднаго ці на якога-небудзь дзядзьку, які часам пройдзе каля платоў за гумнамі.

А то часам яшчэ пазавуць дзеці якога-небудзь спакойнага касматага сабаку з вуліцы, ды ўвапхнуць яго ў лопух. Дык той небарак, як выскачыць адтуль, дык хоць ты яго тапіць вядзі — сам да сябе непадобен: увесь, як чорт, аблеплены ваўчкамі, уся шэрсць, як у гузах — і ў галаве, і на спіне, і ў хвасце. Кінецца ён, перапалоханы, з усіх чатырох уцякаць, хвост падтуліўшы, а дзецям радасць. Рагочуць яны — аж агароды за гумнамі звіняць.

* * *

Разам з усімі дзецьмі заўсёды гуляе і Юзік з Аленкаю — брат і сястра. Юзік трохі большы за Аленку — яму ўжо восьмы год, а Аленцы ўсяго пяць. Часам, перасыпаючыся ў пяску, Аленка пакоціцца ды, спалохаўшыся таго, што ўпала, пачне плакаць, а Юзік тады яе паднімае ды ўгаварвае, каб не плакала. Іншыя хлапчукі памагаюць Юзіку, а іншыя смяюцца з яго. Усяк бывае.

Жывуць Юзік з Аленкаю зусім у старой хаце. А тут жа радам, у другой хаце, жыве Юзікаў таварыш па гульні і сусед — Ягорка. Ягорка старэйшы за Юзіка на два гады — яму ўжо дзесяты год.

Ягорка яшчэ таксама разам з Юзікам купаецца ў пяску ды ўцягае сабаку ў лопух, але ўсё ж Ягорка ўжо часам уздумае паказаць, што ён ужо сталы чалавек.

Каля Ягоркавае хаты ляжыць куча дзерава, дык вось Ягорка часам раніцаю, важна ўзяўшыся ў бокі, выйдзе з хаты, сядзе на дзерава ды, як стары ўсё роўна, плюне праз зубы на зямлю і заспявае важна тую песню, якую часта спяваюць старыя.

Ягорка яшчэ не можа выгаварыць акуратна гуку «ч», і ў яго песня выходзіць так:

 

Ой, у полі-полі

Карцомка стая-а-а-ла.

Трай-рай, ра-та-тай,

Карцомка стаяла!..

 

А Юзік стаіць збоку ды ад зайздрасці падражніваецца:

— Думаеш, вельмі ўжо на старога падобен. Яй-права, не. Смаркач малы!..

— Маўчы, Юзік-гузік,— адказвае Ягорка і заварочваецца ў другі бок. Бо хіба ж патрэбна сталаму чалавеку гаварыць з блазнотаю?!

* * *

Пасля зімы ішла вясна. На вуліцы падсыхала гразь, па гразі спацыравалі свінні ды куры, а пеўні гарланілі на ўсю вуліцу, палохаючы вераб’ёў. А можа, вераб’і гэтага і не палохаліся, але так адляталі, з далікатнасці.

Старыя ўжо рыхтаваліся ехаць у поле — Юзікаў бацька і Ягоркаў майстравалі драбіны ў двары, аглядалі плугі ды кожны дзень давалі сваім конікам па гарцу аўса з сечкаю, каб моцныя сталі к рабоце.

Малым жа была адна любата на вуліцы — весальня-а-я-яй!..

Тут табе і лужына — можна пабоўтацца, тут табе і з гусаком падражніцца; толькі бяда, што няма яшчэ лопуху — няма куды сабаку ўвапхнуць.

Сонца свеціць — усё роўна як бы смяецца зямлі. За гэтым і весна так.

І вось у такі дзень прыехалі з горада піянеры. Вясёлыя хлапчукі з чырвонымі гальштукамі. Яны зразу напоўнілі вуліцу песнямі, смехам. Цэлы атрад іх. А з імі павадыр, камсамолец.

Збіліся ўсе вясковыя дзеці, а Ягорка нават забыўся, што ён сталы чалавек, ды, падкасаўшыся, ва весь дух драпануў з дзерава к канцу вуліцы, дзе ўсе пачалі збірацца. Напрыходзілі і старыя.

Колькі было гаворак, колькі пытанняў! І нарэшце ў вёсцы арганізаваўся піянерскі атрад, і Ягорка стаў настаяшчым піянерам.

Ужо ён зусім важна пазірае вакол сябе і спявае іншую ўжо песню:

 

Стала восем мне гадоў —

Піянерам быць гатоў...

 

* * *

Юзік яшчэ не папаў у піянеры, бо малым яшчэ яго зусім прызналі. Але затое ён зусім блізкім таварышам стаў Ягоркавым, такім, якім ніколі не быў.

Калі Ягорка, залажыўшы рукі ў кішэні, выйдзе на сонца каля хаты пастаяць ды падумаць аб сваіх піянерскіх справах, Юзік заўсёды падыходзіць к яму, і пачынаюць яны гаварыць. Ягорка растлумачвае Юзіку, як гэта трэба маршыраваць, бо сам ён ужо маршыруе не горш чырвонаармейца.

А тым часам Юзік слухае, і яму весела.

— А калі мне ўжо можна будзе запісацца ў піянеры? — пытае ён у Ягоркі.

— А колькі табе год? — пытае Ягорка.

— Увосень скончыцца дзесяць.

— Ну дык налета ўвосень ужо ты будзеш у піянерах,— гаварыў Ягорка,— будзем тады разам у атрадзе.

І Юзік зусім рад.

— Вось толькі ці дазволіць тата,— гаворыць задумлёны Юзік.

— А-я-яй, вельмі ўжо татка гэтакі знаток,— важна, як стары чалавек, адказвае Ягорка і, пачакаўшы, дабаўляе: — Пусціць, я табе кажу.

І тады Юзік бяжыць, падскакваючы, дамоў. Дома ён, гуляючы з Аленкаю, спявае песню:

 

Зюра-зюра-зюравей!..

 

А як піянерскі атрад ідзе па вуліцы, Юзік выбягае з хаты, бяжыць услед і думае:

«Каб хаця скарэй тая восень, калі і я стану піянерам».


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан