epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Каментарыі

У гады Вялікай Айчыннай вайны К. Чорны паспяхова працаваў у розных жанрах. Крыніцай натхнення для пісьменніка была ідэя адраджэння асобы і нацыі. К. Чорны ў даваенны час адчуў разбуральную пагрозу нацыянальнага нігілізму, афарбаванага ў інтэрнацыяналісцкую фразеалогію. Ва ўмовах таталітарнага сталінісцкага рэжыму ён змагаўся за адраджэнне этнічнай самасвядомасці народа. Раманы К. Чорнага ваенных год з’явіліся як вынік глыбокага асэнсавання трагізму эпохі.

У незакончаным рамане «Вялікі дзень», над якім пісьменнік працаваў у 1941—1944 гг., выведзена галерэя разнастайных псіхалагічных тыпаў. Адны з іх нагадваюць тыпаж класічных твораў XIX стагоддзя, як, напрыклад, пан Гальвас, што «меў тытул не то графа, не то барона». Яго сын Цэзары нагадвае разнавіднасць «лішняга чалавека»: «Цэзары Гальвас не ведаў ні радасці, ні смутку, нават самога сябе. Нават і самому сабе ён быў, здаецца, чужы». Духоўнае спустошанне — так можна акрэсліць агульную атмасферу дваранскага гнязда Гальвасаў. Побач з гэтымі арыстакратамі ў рамане дзейнічаюць драбнейшыя драпежнікі — Тоўхарт і Блецька, якія нажываюцца дробным крадзяжом. Духоўнае спустошанне заканамерна прывяло тых і другіх да фашызму.

Гэтым тыпам К. Чорны супрацьпаставіў традыцыйны вобраз беларуса-працаўніка. Максім Астаповіч ведае і лічыць годным чалавека толькі адзін сродак здабыць шчасце — нястомную працу. Ён не мог уявіць, што можна думаць інакш. Паказваючы працаўніка-беларуса ў акружэнні разнавіднасцей «лішніх людзей» і «мёртвых душ», К. Чорны тым самым ставіў грамадскую свядомасць перад неабходнасцю па-новаму ацаніць сітуацыю, у якой апынуўся народ. У рамане «Пошукі будучыні» К. Чорны стварыў вобраз вялікага злодзея і выказаў тым сваё разуменне вобраза Вялікага інквізітара з рамана Дастаеўскага «Браты Карамазавы». У рамане «Пошукі будучыні» беларускі чалавек пасля вялікіх страт нарэшце зразумеў бязлітасную праўду веку: яго абакралі! У Сымона Ракуцькі бязлітасны злодзей украў маладосць, дзяцей, іхнія душы: «Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы».

Так пад пяром беларускага празаіка пераасэнсоўваліся матывы і вобразы, характэрныя для літаратуры XIX стагоддзя. Вобраз вялікага злодзея — гэта вобраз шматаблічнага цмока-ўпыра з рэальнай гісторыі ХХ стагоддзя. У акружэнні аматараў разбою паказаны героі раманаў «Млечны Шлях» (1944). Філасафічнасць рамана — у маштабнасці рэалістычнай сімволікі. Вобраз казармы, якую народу падрыхтавалі ўзброеныя бандыты, і вобраз спаленага роднага дома з’яўляюцца галоўнымі стылёвымі дамінантамі ў творы. Уладзімір Ярмаліцкі ў рамане «Млечны Шлях» бачыць перад сабой толькі казарму, да якой ён прывучыў бы і сваю дачку, калі б яна ў яго была.

Раманы К. Чорнага ваенных год вылучаюцца сярод твораў свайго часу глыбокім разуменнем трагічнага характару эпохі. Пісьменнік адзін з першых у нашай літаратуры паставіў пытанне аб сэнсе гісторыі ХХ стагоддзя.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com