epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Кат у белай манішцы

Дурны суддзя, пра якога расказваецца ў беларускіх народных апавяданнях, ніяк не мог выясніць, хто большы злодзей — ці той, што краў, ці той, што прымаў крадзенае, ці той, што камандаваў і тым і другім і жыў з іх зладзейскай работы. Дурны суддзя паглядзеў на твар і рукі кожнага і сказаў таму, што краў:

— У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Ад зладзейскай работы ў цябе на пальцах нават і не мазалі, а гузы! Вось табе 25 бізуноў!

А ў таго, што прымаў крадзенае, суддзя ўбачыў твар крыху далікатнейшы і мазалі меншыя. Ён даў яму 15 бізуноў. Калі ж да суддзі падышоў той, што жыў з крадзенага і натхняў зладзеяў, суддзя збянтэжыўся: перад ім быў далікатны твар і замест мазалёў на белых пальцах пярсцёнкі. Суддзя скланіўся і прагаварыў:

— Няхай ваша ласка зробіць ласку выбачыць мне, што я гэтым дурням мала даў. Даю ім яшчэ па 10 бізуноў накідкі!

Яго ласка горда кіўнула галавой і па-панску выйшла з суда, ганарыста паглядаючы на ўвесь свет.

Вы ведаеце, што такое Розенберг, нямецкі барон і гітлераўскі падручны? Гітлер паставіў яго начальнікам над усімі акупіраванымі ім савецкімі землямі. У гэтага Розенберга на белых пальцах пярсцёнкі. Свайго далікатнага пальца ён не запэцкае аб вісельную вяроўку. Ён толькі памахвае стэкам або варухне губамі — і нашым людзям накладаюць пятлю на шыю нямецкія стварэнні са зладзейскімі рыламі, якіх не бачыў свет. А Розенберг, вярнуўшыся ў маёнткі, якімі да рэвалюцыі ўладаў у Прыбалтыцы яго бацька, фатаграфіруецца са сціснутымі губамі, што павінна вызначаць яго ганарыстую цвёрдую волю. Што і казаць! Пастаўце вы яго разам з Гітлерам, а з другога боку з тым дурным папіхачом, які ад шчырай працы каля вісельні панаціраў сабе вяроўкай мазалі на пальцах. Паміж гэтых двух лычоў Розенберг будзе выглядаць, як далікатная паненка, да якое ён не падобен хіба толькі тым, што кожны дзень дае распараджэнні, колькі да заходу сонца падняць вяроўкай людзей на вісельню.

Адным словам, у яго ёсць усё тое, з-за чаго той дурны суддзя не пазнаў пад далікатным абліччам бандыцкага рыла.

Беларусы пад залатымі розенбергаўскімі пярсцёнкамі бачаць крывавыя пальцы бандыта і ката, які ўзначальвае над народам крывавую гітлераўскую ўладу. Дачыненне беларускага народа да гэтай улады такое, што Розенберг павінен быў напісаць у сваім загадзе, што ўстаноўленая ім у Прыбалтыцы сістэма ўпраўлення «не будзе распаўсюджвацца на Беларусь, бо, у выніку 23-годняга прабывання бальшавікоў ва ўладзе, у Беларусі няма яшчэ ўмоў для арганізацыі гэтага ўпраўлення. Калі будуць знішчаны ўсе сляды бальшавізма, то Беларусь будзе рэканструіравана...»

Выходзіць, што вяльможнаму кату Розенбергу так і не дачакацца той пары, калі яму можна будзе, як ён сам захоча, устанавіць на Беларусі сваё ўпраўленне. Па-першае, таму, што беларускі народ ніколі не пакіне быць самім сабою, а гэта значыць,— ніколі не будуць «знішчаны сляды бальшавізма». А па-другое, таму, што яму самому нядоўга суджана з пагардай да народа сціскаць свае губы. З Чырвонай Арміяй і з народным гневам не жартуюць. І замест розенбергаўскіх губ будуць тырчаць толькі вышчараныя сківіцы бандыцкага чэрапа.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан