epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Крывавы апякун

Таўстаморды гаўляйтар, які пакуль што яшчэ сядзіць у Мінску, стараецца давесці, што ёсць на свеце нявінны злодзей, ласкавы бандыт, прыемны немец і мілы кат. Ён хоча, каб яму верылі, што ў чорта анёльская душа, што далікацтву трэба вучыцца ў хулігана, розуму ў дурня, а справядлівасці ў грабежніка і што ён сам ёсць даўгажаданы апякун беларусаў.

Спачатку ён думаў, што тут будзе вельмі проста: палавіну гэтага «нязнанага» яму народа ён перавешае і перастраляе, а другую палавіну сагне ў крук і прымусіць хадзіць у нямецкім ярме і з біркаю на грудзях. Аж раптам ён убачыў, што «нязнаны народ» знаць не хоча на сваёй шыі нямецкую навалач. Рыла яго скрывілася ад страху, калі ён пачуў гром узарваных партызанамі паяздоў і ўбачыў раструшчаныя сківіцы свайго фрыца. Такое знаёмства з «нязнаным» народам прымусіла яго завыць воўчую песню на салаўіны лад.

Гэты апякун беларускай мовы выграб з сметніка пару нейкіх «спадароў», якія «собскімі дзівосамі і смяхосамі» ўсхваляюць крывавага фюрэра і яго гаўляйтара і называюць гэты свой паскудны жаргон беларускай літаратурнай мовай. А калі да гэтага дадаць яшчэ тое, што за знойдзеную кнігу беларускага пісьменніка немцы страляюць чалавека, дык карціна «апякунства» будзе поўная.

На адной толькі Случчыне немцы зрабілі каля сотні маёнткаў, і сотня мардастых немцаў прыехала туды, каб панаваць. Так што беларускае поле сапраўды пад нямецкай таўстазадай апекай. А хату — з’еў агонь. Толькі ў Мехаўскім, Віцебскім і Суражскім раёнах за чатыры дні чэрвеня гэтага года немцы спалілі 85 вёсак.

Далей ідзе апякунства над сямейным жыццём. Бацьку на шыбеніцу, маці пад расстрэл, дачку ў няволю ў Германію або ў публічны дом, а малых дзяцей на сірочую бяздомнасць. Так што толькі жыві, чалавеча, сваім сямейным жыццём.

Школа! А школ такі на Беларусі і сапраўды асталося дзесяткі са два. Універсітэт і інстытуты разгромлены, сярэднія школы закрыты або спалены, а у тых, якія асталіся, стаяць сабе нямецкія коні або загнаным туды сілай дзецям убіваюць у галаву, што ў крывавага Гітлера анёльскі дух.

Далей — культура. Яе такі многа: бізун, ланцугі, розгі, публічныя дамы, якіх на Беларусі не было ўжо чвэрць стагоддзя. Тэатр, асвета, мастацтва... Проста цуд! Асвета без школы! Тэатр — можа хіба гаўляйтар мае на ўвазе публічныя відовішчы, калі фрыцы зганяюць людзей глядзець, як яны спрытна ўвіхаюцца каля шыбеніцы? Тут жа і мастацтва. Хіба знойдзецца на свеце лепшы мастак вісельнай справы, як гітлеравец?

Так што гаўляйтар нездарма гаворыць, што немцы апякуюцца над беларусамі. І чым больш яны будуць апекавацца, тым хутчэй іх спячэ агонь народнай нянавісці.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан