epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Лісіца ў іспалкоме

— Эй ты, галава саўхозская, дай агню!

«Галава саўхозская» — рабочы з саўхоза, Кірылка — шчупленькі, рыжанькі чалавечак, у парваным зашмальцованым кажушку і плыценькай шапцы з трусавае шкуркі, услужліва заварушыўся, дастаў з кішэні каробку запалак і, страсянуўшы яе ў руцэ, каб даведацца, ці не пустая яна падчас, быстра падбег к сцяне, дзе на вузенькай лаўцы, з папяросаю ў зубах, сядзеў саўхозскі пісар — Вінцэнты Квэцоўскі, быўшы панскі аканом.

Праўдзівае прозвішча яго было — Вінцэнты Квэц, але зрабіўшыся даўней аканомам, ён стаў, дзе было трэба, падпісвацца «далікатней».

Узяўшы з рук услужлівага Кірылкі запалкі, ён стаў запальваць іх.

Першая запалка не загарэлася. Другая пальнула сіненькім аганьком, але зразу патухла, засмярдзеўшы паленаю серкаю. Трэцяя — чыркнула вялікім жоўтым агнём, але ён таксама быстра патух.

Вінцэнты Квэц радасна азірнуў усё памяшканне іспалкома, гучна кашлянуў, каб звярнуць на сябе ўвагу людзей, якія тут таўкліся, з дзелам і без дзела, і з ядавітаю ўсмешкаю сказаў весела Кірылку:

— На, брат, назад твае запалкі, палі іх сам: ты ж павінен добра ўмець іх запальваць.

— Чаму гэта я павінен умець іх запальваць? — прагаварыў засмучаны Кірылка.

— Чаму?! — зарагатаў Квэц,— што ты пытаеш, гэта ж вашы запалкі, вы такіх хацелі.

Тут ён зноў глянуў на грамаду мужчын, якія сталі збірацца ўжо кругом яго і Кірылкі.

— Гэта ж якраз тое, чаго вы хацелі,— загаварыў ён далей,— усё ж старое вам здавалася кепскім, вы ж усё хацелі новага! Дык чаго ж вы цяпер? Гэта ж тое ваша новае?

— А чорт яго ведае,— сказаў Кірылка, засмуціўшыся, і схаваў запалкі ў кішэню.

— Куды ж хаваеш,— загукаў Квэц,— дай сюды, можа як-небудзь закуру.

— Ну, наце, ці ж я шкадую?! — адказаў Кірылка, зноў дастаючы запалкі з кішэні.

На гэты раз запалка запалілася, і Вінцэнты Квэц, выпусціўшы з рота цэлую хмару пахучага дыму, стаў пільна прыглядацца да ўсяго таго, што рабілася ў іспалкоме, каб зноў знайсці што-небудзь нядобрае і зрабіць дурнямі сялян, якія «хацелі новага».

У гэтую хвіліну ўвайшоў у іспалком чалавек, гадоў пад сорак, у лапцях і з пугаю пад пахаю.

Абабіўшы каля парога з ног снег, ён паволі падышоў к сталу, дзе сядзеў дзелавод іспалкома — маладзенькі хлапец, у чорным кароткім фрэнчы і з мокрымі, гладка прылізанымі ка лбу валасамі.

Падышоўшы к яму, чалавек сказаў:

— Каб гэта як, таварыш, запісаць дзіця.

Дзелавод адарваўся ад сваіх папераў, паглядзеў з хвіліну на чалавека і сказаў:

— Дзве тысячы рублёў гербавага збору.

— Колькі гэта? — запытаўся чалавек.

— Два мільярды,— растлумачыў дзелавод.

— А-а-а,— зацягнуў чалавек, весела глянуўшы на дзелавода,— кажаце, два мільярды. Ну добра, я зараз. Адно завязу пуд жыта Янкелю і вазьму ў яго грошай. Я хутка: тут блізка.

— А што, смачна?! — загаварыў Квэц.— Нарадзілася дзіця — плаці пуд, захочаш жаніцца — плаці два. Пэўна і з таго бераце, хто памрэ? — звярнуўся ён да дзелавода з яхіднай усмешкай.

Дзелавод вінавата ўсміхнуўся. Ён умеў толькі пісаць, нічога ніколі не чытаў, нідзе не бываў, нічым не цікавіўся і не ведаў нічога, што робіцца вакол.

— Не, з памёршых не бяром,— ціха адказаў ён.

Некаторыя сяляне зарагаталі, а Квэц загаварыў далей:

— Адно ж з памёршых і не берацё. Нашто табе, чалавеча, было гэтае дзіця! Захацеў цяперашнім светам яшчэ мець дзеці. Ты ж цяпер не ацярэбішся!

— Ад чаго не ацераблюся? — запытаў, спалохаўшыся, чалавек.

Квэц стаў прыдумляць, каб чым-небудзь яшчэ лепш напалохаць гэтага цёмнага чалавека і ўсіх тых, што, разявіўшы раты, слухалі яго.

І ён стаў плясці:

— А вы думаеце, цяпер дзеці — вялікае шчасце? І самі будуць мучыцца і бацькоў мучыць. Пойдуць зараз розныя падаткі...

— На каго, на дзяцей?! — пачуўся з грамады перапалоханы голас.

— А што думаеце, можа яшчэ і гэта быць. К гэтаму ідзём,— адказаў Квэц.

— Божа, мілы,— прагаварыў страшна перапалоханы чалавек,— хай бы лепш яно было спруцянела там, дзе было, гэтае дзіцё.

— Было б шчаслівейшае,— важна падкрэсліў Квэц.

Чалавек выйшаў, каб завязці пуд жыта Янкелю і ўзяць у яго грошай.

Пасля таго як ён пагаварыў з Квэцам, гэты пуд жыта стаў здавацца яму большым за ўсю яго гаспадарку, нечым такім, страта чаго згубіць усё тое, чым ён дагэтуль жыў.

Думаючы так, ён зусім забыўся, што ўчора, к хрэсьбінам, выгнаў пяць пудоў мукі на самагонку. Самагонка не ўдалася, і ён сягоння раніцаю расчыніў другія пяць пудоў. А едучы сюды, ён вёз з сабою тры пуды жыта, каб у мястэчку, у таго самага Янкеля ўзяць «бутэльку чаго лепшага».

А тым часам у іспалком увайшоў старшыня.

Квэц заварушыўся, устаў з лаўкі і хутка зняў з галавы шапку.

— Добрага дня,— сказаў ён, падаючы старшыні руку; і бачучы, што той стаіць у шапцы, салодзенькім галаском загаварыў ціха, каб мала хто чуў.

— А я дык зняў шапку. Думаю сабе — неяк нялоўка. Усё ж такі наша савецкая ўстанова, якую трэба шанаваць.

Угледзеўшы вакол сябе ядавітыя ўсмешкі, ён засмуціўся, уздзеў на галаву шапку і падышоў к сталу дзелавода.

Той нешта пісаў у вялікай кнізе.

— Слаўная папера,— сказаў Квэц, разглядаючы кнігу, каб што-небудзь сказаць,— мусіць, загранічная.

— Якая ж яна загранічная,— пачуўся насмешлівы голас ззаду,— паедзь вунь у любы горад, дык там табе цэлыя вагоны, яшчэ лепшае. Чаго хочаш знойдзем, і ўсё наша.

— Можа быць, я не спрачаюся,— адказаў Вінцэнты Квэц і баязліва пайшоў к дзвярам.

Услед яму сталі рагатаць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com