epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Літаратурныя творы прозай вясковых аўтараў

1. Агульныя заўвагі
2. Аб голай агітцы


1. Агульныя заўвагі

У свой час зазначалася, што тым літаратурным матэрыялам, які надсылаецца з вёскі ў рэдакцыю, у пераважнасці з’яўляюцца вершы. Літаратурнай прозы рэдакцыя атрымлівала вельмі мала; яе амаль не было зусім, калі не лічыць тых допісаў — літаратурных малюнкаў, якія пісаліся некаторымі селькорамі да юбілейных свят і ўсялякіх газетных кампаній. Тым часам, з некаторае пары, стала наглядацца нешта іншае. У параўнанні з ранейшым часам досыць значны працэнт усяго літаратурнага матэрыялу, што надсылаецца з вёскі, падае на прозу.

У большасці сваёй вершы, якія дагэтуль атрымала рэдакцыя, маюць трафарэтны характар — аўтары іх або пераймаюць цалкам матывы з ужо надрукаваных вершаў, або пішуць верш хіба толькі для таго, каб напісаць яго, стала не думаючы над ім. Безумоўна, нельга вельмі дакараць гэтым некаторых вясковых аўтараў, прымаючы пад увагу абставіны вясковага жыцця — адсутнасць патрэбных кніг і інш. У такой меры сказаць гэта аб прозе вясковых літаратурных дапісчыкаў нельга. Тут большы (чым у вершах) працэнт аўтараў імкнецца больш-менш сур’ёзна падысці да тэмы, стараючыся нават часам сумленна падумаць у сваім творы аб якім-небудзь глыбокім пытанні сучаснага вясковага жыцця. Канешне, толькі некаторая частка вясковых аўтараў падыходзіць так да сваіх літаратурных спроб. І сярод прозы не малая частка ёсць такой, якая напісана нядбайна, неахайна і, нарэшце, яшчэ прыслана ў рэдакцыю з грозным патрабаваннем абавязкова надрукаваць яе. Даведаўшыся, што такі твор не выдрукаваны, аўтар пачынае вельмі крыўдзіцца на рэдакцыю, даводзячы, што той факт, пра які напісана ў яго літаратурным допісе, ёсць «факт жыццёвы»; пры гэтым аўтар ускладае на рэдакцыю абавязкі зусім перакройваць і перапісваць яго твор, зусім змяняць яго. Гэта значыць — аўтар дасць тэму, а рэдакцыя павінна сама, паводле гэтай тэмы, напісаць аўтару, за яго подпісам, апавяданне.

«Чырвоны сейбіт» я разглядаю як часопіс, які павінен мець дзве асноўныя задачы: паводле сваіх тэхнічных магчымасцей знаёміць вёску з дасягненнямі нашай літаратуры і з літаратурным жыццём і — з вялікага ліку дапісчыкаў, якія спрабуюць пісаць літаратурныя творы, дапамагчы выявіцца сапраўдным паэтам і пісьменнікам. Матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы не дазваляюць пакуль як бы належала выканаць першую задачу, якая вельмі дапамагла б здзяйсненню другой.

От жа, падыходзячы да другой задачы, разгледзім літаратурныя спробы і пачынанні вясковых аўтараў, што напісаны прозай. Для гэтага ўвесь матэрыял патрэбна падзяліць на дзве асноўныя часткі: па-першае,— гэта творы, якія з літаратурнага боку нічым цікавым не вызначаюцца, з’яўляючыся звычайнымі карэспандэнцыямі, напісанымі ў форме і памеры апавяданняў ці літаратурных малюнкаў. Сюды належаць допісы да розных кампаній, да юбілейных свят, таксама ўспаміны аб нядаўніх падзеях — вайна, акупацыя, партызанскае змаганне з белапалякамі і інш. Гэты матэрыял паступова друкуецца ў газеце «Беларуская вёска», выкарыстоўваецца як матэрыял сезонны. І гэты матэрыял мы тут разглядаць не будзем, на яго даюцца і будуць давацца адказы ў паштовых скрынках «Чырвонага сейбіта» і «Беларускай вёскі». Другая частка — гэта творы, якія могуць быць у той ці іншай меры цікавымі з боку літаратурнага. Якія паказваюць, што аўтары іх імкнуцца, ці пры належных умовах могуць імкнуцца, па-мастацку намаляваць жыццё вёскі, вырашыць ці паказаць некаторыя пытанні гэтага жыцця. Праўда, не заўсёды сам па сабе твор гаворыць аб усім гэтым, але, чытаючы яго, можна часта адчуць наяўнасць здольнасці ў аўтара. І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам. Вось такія творы, побач з творамі, якія маюць ужо нейкую літаратурную вартасць і могуць быць надрукаванымі, і падлягаюць увазе.

Ёсць апавяданні, аўтары якіх павярхоўна, не працуючы доўга, на скорую руку даюць які-небудзь малюнак, нават, мусіць, не думаючы, для чаго пішацца гэтае апавяданне. Ёсць апавяданні не мастацка-тэндэнцыйныя, у якіх аўтары, імкнучыся паказаць што-небудзь дадатнае (часам і адмоўнае), празмерна згушчаюць фарбы, пераўвялічваюць факты і робяць апавяданне непраўдзівым. Такога гатунку апавяданні таксама будуць разгледжаны.

Ёсць аўтары, якія сумленна і з любасцю да свае працы імкнуцца зрабіць сваё апавяданне мастацкім. Ёсць некалькі вельмі маладых аўтараў, у якіх пачынае выяўляцца талент. Таксама ёсць аўтары, якія ахвачаны ўпартаю думкаю стаць пісьменнікамі, над творамі ж сваімі яны, аднак, вельмі мала працуюць і разам з тым крыўдзяцца на рэдакцыю, што допісы іх не друкуюцца.

Падлягае ўвазе тэматыка вясковай творчасці. Тэмы ў апавяданнях закранаюць самыя цікавыя бакі жыцця сялянства. Іншая справа, як тыя тэмы распрацованы, самі ж яны па сабе цікавяць вельмі. Тут жыццё парабкоў, усялякія здарэнні ў вясковай глушы; тут часам аўтар проста імкнецца даць якога-небудзь вясковага тыпа; тут імкненне вясковай моладзі ў горад вучыцца. Часта вельмі трапна даюцца малюнкі прыроды. Даюцца малюнкі з часоў пачатку рэвалюцыі і наступнага яе ўстанаўлення; ёсць спробы даць адбіткі некаторых праяваў сучаснага жыцця вёскі на фоне сучаснай перабудовы сельскай гаспадаркі. Знаходзіць свой адбітак у гэтых творах і Чырвоная Армія ў тым разрэзе, як моладзь ідзе на прызыў і што выносіць пасля службы.

Часам аўтар імкнецца даць адчуць тое абнаўленне, якое прынесла рэвалюцыя,— напрыклад, як сялянка пачынае жыць іншым духоўным жыццём, як сплывае тая адвечная цемра і забітасць, якія апаноўвалі яе спрадвеку, як у яе абуджваюцца новыя думкі, як яна пачынае адчуваць сябе чалавекам пасля свае ранейшай забітасці. Ёсць матывы смерці, кахання і звязаны з гэтым трагізм чалавечага жыцця. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага...

Можна сказаць — тэматыка багатая, асабліва калі параўнаць з тэматыкаю вершаў, дзе амаль скрозь або аднолькавыя малюнкі прыроды, або трафарэтныя агіткі на тэму дню, або і проста без тэмы.

Сюжэты ж гэтыя апрацованы па-рознаму, але ў большасці заўважваецца нейкі адзін, як бы агульны план у распрацоўцы тэм, які, мусіць, успрымаецца аўтарамі ад чытання друкаваных твораў.

Таксама падлягае ўвазе і мова гэтых твораў.

От жа ў наступных нумарах «Чырвонага сейбіта» і разгледзім гэтыя творы, ставячы перад сабою задачу дапамагчы з гушчы вясковых літаратурных дапісчыкаў выявіцца сапраўдным пісьменнікам. Тое, што годна да друку, будзе друкавацца, часта пры значнай рэдакцыйнай апрацоўцы — гэта дапаможа вясковым аўтарам у іх далейшай працы.

 

2. Аб голай агітцы

Малады аўтар з вёскі Багушэвіч І. Дуброўскі напісаў апавяданне: вясною шырока разлілася рэчка, а па рэчцы плывуць плыты. «...Стукаюцца ў круты бераг, адарвуць кавалак зямлі і плывуць далей. Плывуць і скрыпяць. На плыту стаіць Мацвей — худы і высокі мужчына. Стаіць і адпіхае доўгім штылем плыты ад берага. Вада сіняя плешчацца. Набягае на ногі Мацвею і мочыць іх. Аборкі мокрыя, моцна ціснуць ногі...» Цікавіць мастацкі пачатак гэтага апавядання. Прыгожы рытмічны стыль. Далей некалькімі ўдалымі сказамі высвятляецца настрой Мацвея, яго думкі аб заработку на гэтых плытах, аб грошах. І пасля ў поўнай гармоніі з папярэднім зноў апісанне: «яны плывуць і плывуць. Мінаюць берагі, лукі, ракітавыя кусты; і Мацвей з плытамі ўсё далей і далей».

Але раптам, ні з сяго ні з таго, Мацвей і іншыя плытагоны ўжо ідуць па дарозе, гаворачы аб тым, як яны кагадзе гналі плыты. А праз некалькі радкоў яны ўжо выпіваюць у піўной. А яшчэ праз некалькі радкоў Мацвей ужо дома гаворыць з дзецьмі. І вось тут траціцца добрае ўражанне ад мастацкага пачатку гэтага апавядання. Нявытрыманасць кампазіцыі. Аўтар пачаў прыгожа расказваць, а пасля як-бы яму раптам надакучыла і ён пастараўся чым найхутчэй скончыць усё.

Дома сын Мацвея — камсамолец — пачаў угаварваць бацьку, каб ён заробленыя грошы палажыў у касу ашчаднасці, але Мацвей сына не паслухаў, а схаваў грошы пад бэльку, дзе іх з’елі мышы. Такім чынам, прыгожа пачатае апавяданне, якое мастацкім пачаткам сваім зацікавіла, у канцы звялося на агітку за касу ашчаднасці.

Газетная агітка, патрэбная ў свой пэўны час,— адно, а мастацкі твор — другое. Агітка таксама можа быць мастацкаю і нават павінна быць такою для большага свайго поспеху. Агітка для газеты нам патрэбна. Але тут перад намі іншыя задачы. Вёска павінна даць сапраўдных глыбокіх мастакоў слова, якія б паказалі ў сваёй творчасці наша жыццё з усёю глыбінёю нашых радасцей і пакут. Цяпер, калі з вялікімі цяжкасцямі нараджаецца і ўстанаўляецца новая вёска, калі ломяцца і крышацца старыя светапогляды сярод сялянства, цяпер, як ніколі раней, глыбокія задачы стаяць перад літаратурай. І от з маладых вясковых аўтараў павінны вырасці такія якраз пісьменнікі, якія ў сваіх творах выявяць усе глыбіні гэтага вялікага працэсу. От што трэба ведаць вясковаму маладому аўтару.

Вернемся да разгледжанага апавядання. Ці даў тут аўтар жывых людзей? Не, не даў. Тут больш-менш добра дадзены толькі Мацвей. Ёсць некалькі мастацкіх сказаў, якія да некаторай ступені акрэсліваюць Мацвея як тыпа. Нават сказ, што вада мочыць яму ногі, а аборы з лапцей моцна ціснуць іх, часткова вырысоўвае яго. Мацвей больш-менш абрысаваны. Рэшта ж асоб, якія дзейнічаюць у апавяданні, з’яўляюцца фактычна не асобамі, а ідэямі; яны не паказаны як людзі. Напрыклад, сын Мацвея — камсамолец Андрэй. Ён у апавяданні толькі і паказаны з таго боку, што агітуе бацьку за касу ашчаднасці. Ён выйшаў толькі разуменнем пэўнае ідэі, а не чалавекам.

Ёсць у аўтара гэтага апавядання мастацкія спосабы, якія паказваюць на яго здольнасць і мастацкі густ. Напрыклад, аб тым, што Мацвееў сын камсамолец, мы даведваемся не ад аўтара, а ад самога Мацвея, які гаворыць сыну: «ну, як жа ты тут маешся, мой камсамол?» Тут пачаткі ўжо таго мастацкага спосабу, калі аўтар у сваім творы не гаворыць аб людзях ці падзеях, а паказвае іх; калі ўсе абставіны высвятляюцца самі сабою, разам з разгортваннем ідэі. Мастацкі густ аўтара яшчэ відаць з таго, што аўтар імкнецца даваць не адну голую думку свайго апавядання (карысць ад касы ашчаднасці), а вакол гэтага высвятляць як бы абставіны, у якіх і якімі жывуць героі апавядання. З гэтага боку цікаваю з’яўляецца гаворка Мацвея з сынам:

— ...ці адсеяўся тут без мяне?

— От жывецца трохі, і адсеяўся прыблізна.

І гэтак далей.

Апавяданне гэтае можна надрукаваць.

От апавяданне А. Сечкі «Два сябры». У апавяданні гэтым аўтар хацеў паказаць некалькі адмоўных з'яваў у сучасным жыцці вёскі, асмяяць адмоўных тыпаў, мусіць. І ён піша, што ў дзень Першага траўня ў вёсцы адбывалася ўрачыстасць. А тым часам два сябры — Язэп і Тамаш,— спаткаўшыся, пачалі гаварыць аб тым, што вось «сёння ўсе падлічваюць свае сілы, давай памераем і мы свае — колькі мы можам выпіць гэтае самаробнае сівухі». У той час, як у вёсцы адбываўся мітынг, яны напіліся і п’яныя ўваліліся ў ваду. Апавяданне напісана прымітыўна, так, як аўтар расказваў бы гэта свайму знаёмаму. Аднак без такое мастацкае прастаты, якая ёсць у народных казках1. Апавяданне гэтае поўна халодных разважанняў, у якіх чуецца голая агітацыя супраць самагону. З гэтае дробнае з’явы добры гумарыст мог бы стварыць гумарыстычнае апавяданне, ужыўшы гумарыстычна-вострыя звароты мовы. У тав. Сечкі апавяданне гэтае выйшла нецікавым, нудным, немастацка простым. Пішучы, аўтар не перажываў свайго твора. Некаторыя адзнакі зусім іншае з’явы наглядаюцца ў другім літаратурным допісе гэтага аўтара «На пескавой дарозе». У гэтым малюнку аўтар стараецца выказаць свае адчуванні, калі ён ішоў пехатой з Мінска ў сваю вёску на Случчыне пасля экзамену на рабфаку. Ён, як арганічна звязаны з вёскаю, чула перажывае ў часе свайго падарожжа ўсё тое, што прырода разгарнула перад ім.

Годна гэтае апавяданне да друку ці не — гэта пытанне іншае, але тут самае важнае тое, што гэты твор ужо робіць нейкае сваё ўражанне на чытача. І вось тут мы падышлі да пытання аб шчырасці і няшчырасці ў творах. Аб мастацкай праўдзе. Аб гэтым пагаворым у наступных раздзелах артыкула, а цяпер далей.

Апавяданне Алеся Гладкага «Тры смерці». Пачынаецца апавяданне апісаннем вечара: як заходзіла сонца, як узнімаўся туман, як пахлі веснавыя дрэвы. У сваёй хаце сядзеў на зэдліку «духоўны баця», глядзеў на свае даўнейшыя пакоі і нудзіўся па тым, што мінулася даўнейшае жыццё. З боку кампазіцыі падзей апавяданне гэтае з’яўляецца закончаным цэлым. Аднак з боку спосабаў выяўлення людзей і падзей яно не з’яўляецца мастацкім. Тут зноў вінаваты элементы голае агіткі, якія праз меру выпіраюцца ў апавяданні. Так, жадаючы выказаць думку, што замест старога, гнілога жыцця мы будуем жыццё новае, моцнае, прыгожае, аўтар прымушае свайго героя — папа — свядома думаць: «Эх жыццё! як магутны твае хвалі, яны пераціраюць у пыл усё старое і на руінах будуюць усё новае, моцнае, прыгожае». Захапіўшыся агітацыяй за новае жыццё, аўтар дапусціў псіхалагічную памылку. Калі поп свядома лічыць, што ранейшае жыццё было гнілым і непрыгожым, а цяпер будуецца жыццё моцнае і прыгожае, дык ён павінен, калі сам не прыняць удзелу ў гэтым будаванні, дык прынамсі не нудзіцца па старым жыцці. Аднак ён нудзіцца і ненавідзіць новае. Такім чынам, ён не можа лічыць тое, што цяпер вакол яго робіцца, прыгожым. Ненавідзець, цярпець ад яго і называць яго прыгожым, новым і моцным! Такі духоўны разлад чалавека, скалечанага бурным рухам гістарычных падзей, можна паказаць толькі ў глыбокім псіхалагічным творы, абгрунтаваўшы ўсё гэта праўдзівымі перадумовамі, паказаўшы гэтага чалавека з усіх яго, з нашага пункта гледжання, адмоўных і дадатных бакоў.

Далей у апавяданні — поп пачуў крык, што гарыць царква. Ён схваціў абраз і пабег туды. Царква гарэла, і ніхто яе не тушыў. Поп стаў крычаць, але моладзь, якая была ў клубе, не лічыла патрэбным ісці тушыць царкву. Раптам падбег да папа піянер і сказаў: «Кіньце, дзядзька, крычаць ды палохаць людзей, няхай гарыць, нашто яна нам больш, мо будзе крыху цішэй — не будуць званіць нудна званы...» Поп абразом забівае піянера, а пасля, прыйшоўшы дадому, падумаўшы аб судзе, турме, заплакаў моцна, глыбока, балюча. І забіў нажом сам сябе. На трох з паловаю вузенькіх лісточках паперы столькі слёз і крыві, і ўрэшце з усяго гэтага голая антырэлігійная агітка, якая, аднак, дзякуючы сваёй немастацкасці, нікога не пераконвае, нічога не памагае і культурны мастацкі сказ: «заплакаў моцна, глыбока, балюча». Я наўмысля адзначыў гэты сказ, бо ён ёсць мастацкі: поп наш сацыяльны вораг, але мы праўдзіва гаворым аб ім. Ненавідзячы адзін аднаго вялікаю сацыяльнаю нянавісцю, мы з ім абодва жывём, думаем, адчуваем, кожны па-свойму пакутуем, радуемся. Гэта ёсць адна з тых рысаў у творчасці, якая адрознівае мастацкі твор ад немастацкае, голае агіткі. З гэтага боку, між іншым, цікавым з’яўляецца раман рускага пісьменніка нябожчыка Неверава «Гуси-лебеди». У гэтым рамане паказан таксама поп, але ён паказан як жывы чалавек, з усімі сваімі адмоўнасцямі і дадатнасцямі. Ён паказан, як наш класавы вораг і адначасна як добры сем’янін, зборлівы гаспадар і г. д.

Тут разгледжана некалькі больш-менш характэрных апавяданняў, якія зведзены аўтарамі на ступень агіткі. Тыя чалавечыя зломы, тыя падзеі і з’явы, якія закрануты ў апавяданні «Тры смерці», чакаюць свайго мастака. Над мастацкім творам трэба шмат працаваць; трэба твор адчуць, доўга і пільна над ім думаць, вынасіць яго ў сабе.

Беручы тыпічныя ўзоры агіткі і глыбокага мастацкага твора, можна сказаць: агітка жыве адзін дзень, глыбокі мастацкі твор жыве сталецці і тысячалецці. Гэта ўсё кажам дзеля таго, каб даць некаторыя тлумачэнні маладым аўтарам, каб высветліць некаторыя палажэнні. Цяпер, калі наша будаўніцтва прыняло адносна спакойныя формы, цяпер патрэбны больш сталыя літаратурныя творы. Цяпер трэба агітаваць не словамі, а фактамі. Маладым аўтарам трэба вучыцца паказваць жывых людзей. Трэба не забываць, што літаратура — гэта адмысловая, так сказаць, вінтоўка, якою мы змагаемся на нашым мірным фронце. І ясна, чым лепшая будзе якасць у гэтай «вінтоўкі», тым большая будзе карысць ад яе. Некаторыя людзі, якія ўсвоілі думку, што літаратура ёсць зброя класавага змагання і, падыходзячы да гэтага пытання, як кажуць расейцы, «упрощенчески», якраз свядома ці несвядома патрабуюць голае толькі агіткі. Не могучы адрозніць канцылярскую інструкцыю ад мастацкага твора, яны збіваюць з тропу маладых аўтараў.

У наступных працягах гэтага артыкула разгледзім далейшыя апавяданні маладых аўтараў, абгаворым пытанні, якія вынікаюць у часе работы: тое, што называюць мастацкаю праўдаю, некаторыя стылістычныя спосабы маладых аўтараў, тэматыка, падыход да тэмы, асаблівасці мовы, элементы народнае казкі ў стылі і мове маладых вясковых аўтараў, таксама пытанне — народная казка і літаратура і іншыя пытанні, якія вынікаюць у часе работы.

Вельмі было б добра, каб вясковыя аўтары надсылалі свае думкі і заўвагі да ўсіх гэтых пытанняў. Каб маладыя аўтары самі ўзнімалі тыя літаратурныя пытанні, якія іх цікавяць.

1 Маладым вясковым аўтарам вельмі карысна пачытаць народныя казкі. Напрыклад, зборнік казак, што сабраны Сержпутоўскім на Случчыне. Зборнік у гэтым годзе выдрукаваны Інстытутам беларускае культуры. Там можна павучыцца зваротам мовы і некаторым спосабам стылю.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан