epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мадэльшчык Пархвіенка

Ля кааперацыйнага кіёска чаргі не было, але натоўп стаяў вялікі: кожны, купіўшы сабе, што яму трэба было і што было ў кіёску, падаваўся да гурту і ўжо не адыходзіў адтуль, аж пакуль самы важны тут у гэтую хвіліну чалавек, мадэльшчык Сымон Пархвіенка, не пайшоў адсюль, варушачы ў кішэнях сціснутымі кулакамі, утаропіўшы вочы ў зямлю, сабе пад ногі, сцяўшы губу зубамі гэтак, што аж крывавы след на ёй пасля зубоў астаўся. Ён стаяў пасярод натоўпу і адгыркваўся як толькі мог ад порсткіх слоў, ад паважных заўваг, ад лёгенькіх кпінак, ад панурых жартаў... Зборачнік Весялоўскі верхаводзіў гэтай «ударнай кампаніяй». Пускаючы дым праз тонкія ноздры, ён гаварыў, нават не гледзячы на Пархвіенку:

— Мы гэтак шпарка расцём, што нам кожны год робяцца цесныя нагавіцы.

— Дык што ж, ты, значыцца, ходзіш лыткамі ці можа чым-небудзь іншым свецячы, калі ўжо табе нагавіцы сталі цесныя! — гыркануў назад Пархвіенка.

— А ты думаеш сабе,— не слухаў яго Весялоўскі,— ты думаеш сабе: чорт іх бяры, добра будзе і ў цесных...

— Ён гэтак думаць не можа,— падаў голас каваль Рома Даўгінскі, хлопец, вышэйшы на ўсю сваю галаву ад усяго натоўпу.

— Чаму гэта, па-твойму, я ўжо і думаць не магу? — устрапянуўся Пархвіенка,— што ж ты думаеш, мая галава дурнейшая за тваю? Не раўняй ты мае галавы да свае...

— Ён гэтак пра свае нагавіцы думаць не будзе,— не ўнімаўся Рома Даўгінскі,— бо яго нагавіцы, якія яны ў яго задрыпаныя ёсць, усё адно любыя яму. Яны яшчэ нават яму проста-такі раскошныя, думае ён сабе. Ён з гэтых нагавіц ніколі не вырасце. Наадварот, ён расце ўніз.

— Глядзі сябе, куды ты расцеш!

Весялоўскі пастараўся дакончыць сваё:

— Ён спадзяецца, што нейкі дзядзька гатуе яму недзе гатовенькае: прыйдзе і працягне ў руках: на, значыцца, грамадзянін Пархвіенка, от табе за прыгожыя вочы. Спажывай на здароўе!

— А можа ў яго дзе гэтакі дзядзька і ёсць,— падаў порсткі і вясёлы голас хтосьці немаведама з якога боку ў натоўпе.

— Дзядзька то ёсць,— пацвердзіў Весялоўскі,— але які! Такі, што сам стараецца, каб дзе зручна гатовыя нагавіцы з каго садраць. Тут адно пазяхні, вушы развесіўшы, дык адкуль гэтых дзядзькаў і набярэцца. Уг-га!

— Наляціць гэтых дзядзькаў, як варання, і гэтак абдзяруць, як... усё адно...

Рома Даўгінскі, не лішне востры на слова, змоўк, прыдумліваючы патрэбнае тут слова. Пархвіенка аслабелым голасам абазваўся:

— Як што? Як што абдзяруць?.. Што гэта за дзядзька гэтакі ў тваёй галаве сядзіць?

— Што за дзядзька?! — ускінуў адразу галаву ўгару Рома, здаволены, што мінула патрэба ў нязнойдзеным слове,— унь поўная Еўропа гэтакіх дзядзькаў,— перайшоў ён адразу на сталы, аж хмурны тон.

— Дык ты мяне ў памагатыя гэтаму еўрапейскаму дзядзьку аддаеш? — шпарка заварушыўся раптам Пархвіенка.

— А што ж ты думаеш! — хапіла адразу некалькі галасоў.

І цяпер ужо галасы не змаўкалі. Цяпер ужо гаворка пачалася проста. Весялоўскі цяпер адно стаяў ціха, з сталым спакоем зноў закурваючы: ён сваё скончыў, ён пачаў, цяпер няхай канчаюць іншыя.

— А што ж, каму гэта ты спрыяеш?

— На чый гэта ты млын ваду льеш?

— Ты можа і сам не ведаеш, што ты нарабіў?

— Чаму не ведае! Ён добра ведае!

— Наўрад ці ён ведае!

— Што з таго, ведае ён ці не ведае. Яму гэтага і ведаць не трэба, тут само паказвае: за месяц восем дзён прагуляў; што больш яму трэба ведаць!

— Восем дзён?! Як жа гэта ён здаўмеўся гэтак? Гэта проста-такі талент!

— Талент, толькі ў другі бок талент! Тут што выйшла? Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Каб былі мадэлі — мы б усе адлілі. А то — хоць на свой нос фармуй, а самы лепшы майстар-мадэльшчык — цераз дзень — дый няма, цераз дзень — дый няма. От мадэлі і не гатовы, каторая пара. Вучні там гэтыя скраблі-скраблі...

— І мала што выскраблі...

— Бо ім яшчэ вучыцца трэба, а майстар Пархвіенка...

— А можа ён гэтыя дні ў загс хадзіў! Чалавеку гэта трэба.

Пархвіенка цяпер ужо нічога не гаварыў: усіх не перапрэш! Ён адно пляваў, раз-поразу даставаў з кішэні папяросы і, пацягнуўшы разы са два, кідаў і даставаў новую. Губы дрыжалі і зубы поўзалі па іх. Пасля, як не хапіла папярос, ён пачаў усё даставаць з кішэні насатку і смаркацца: чмыхне — і зноў схавае насатку, пасля раптам дастане — і зноў чмыхне. Аж камусьці не ўдалося змаўчаць:

— Ты глядзі, як раптам Сымону нос залажыла!

Тут Сымон Пархвіенка не вытрымаў. Ён яшчэ пастаяў з хвілін дзве пасля гэтага «носа», а пасля, не слухаючы больш словаў, жарцікаў, упікаў — раптам разгарнуў каля сябе рукамі натоўп, праўдзівей кажучы, развёў перад сабою рукамі і рынуўся ісці. Перад ім расступіліся і глядзелі яму ўслед. Аж пара з яго вярнула, так з-пад шапкі, з-за каўняра яна, здаецца, і перла слупамі. Твар то бялеў, то чырванеў.

— Цяпер, пасля лазні, Сымон, бялізну змяні! — гукнулі яму ўслед.

— Ціх-ха. Цяпер — ша! — моцным шэптам загадаў Весялоўскі.— Цяпер пра гэта яму ані слова ні сёння, ні заўтра, ні... Ш-ша!

Сымон Пархвіенка ішоў, як смяротнік, цераз увесь двор. Двор быў даўгі, і гэта, мусіць, было яму пакутай, бо ён з кожным крокам стараўся паддаць ходу. Ён чуў, што вочы натоўпу, як свярдлы, уядаюцца яму ў спіну. А як падышоў да брамы, проста-такі аж кінуўся ў яе, і ўжо яго не відаць стала. Людзі пайшлі таксама з двара, гэта ўсё была другая змена, а трэцяя змена стаяла ўжо на рабоце. Весялоўскі выйшаў пасля ўсіх. Па дарозе да брамы ён прагным вокам акінуў новую табельшчыцу, пасля азірнуўся на яе. Але цяпер ужо не відаць было яе, дык ён, небарак, каб траха, дык уздыхнуў бы; узяў закурыў і пайшоў.

Назаўтра ён пільным вокам некалькі разоў кінуў у мадэльны: Пархвіенка стаяў крукам на рабоце. Як другая змена зменьвала першую, Пархвіенка закурыў на ганку, пастаяў і падаўся назад у цэх: ён адстояў і другую змену. Назаўтра было тое самае. На паслязаўтра — таксама. Ён гэтыя дні не гаварыў ні з кім ані слова. Загаварыў ён на пяты дзень, калі адмовіўся ад свайго выходнага дня.

У той час некаторыя цэхі, стараючыся знішчыць прарыў, адмовіліся адзінагалосна на дзве дэкады ад выходных дзён. Пархвіенка зрабіў тое самае, а з ім і ўсе мадэльшчыкі, пакуль не будуць скончаны мадэлі на новыя заказы. Такім парадкам склалася Пархвіенкава ўдарная брыгада. Гэта было ўвосень, а зімою Пархвіенку прэміявалі, сам Весялоўскі падаў за гэта голас.


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан