epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Мая «Ірынка»

Вызваленне народа Заходняй Беларусі з-пад прыгнёту польскага панства было вялікай гістарычнай справядлівасцю і неабходнасцю. Пераход Чырвонай Арміяй былой граніцы, якая рэзала жывое цела народа напалам, быў актам вялікай і глыбокай савецкай гуманнасці: вызвален народ з бяспраўя і гора, вызвалена сама чалавечая годнасць — чалавек стаў звацца чалавекам. Вось гэтыя думкі я і паклаў у аснову замыслу драмы «Ірынка».

Ірынка — беднае, няшчаснае дзіця. Ёй дзесяць год. Яна і яе сям’я дайшлі да такой мяжы ў сваім жыцці, за якой пачынаецца ўжо гібель. Бяздомная і бяспраўная, Ірынка можа хіба толькі бадзяцца па дарогах роднай зямлі, на якой пануюць акупанты: на якой яна вымушана адчуваць сябе, як сярод варожага і чужога ёй свету. Чырвоная Армія аддае ёй яе радзіму, дом, сям’ю, будучыню і чалавечае права на ўсё жыццё. Ірынка не толькі персанаж драмы, яна яшчэ як бы сімвал усяго лепшага, добрага і слаўнага, што жыве ў народзе, за што трэба змагацца, што трэба абараняць ад ворагаў народа, дзеля чаго Чырвоная Армія прынесла ў Заходнюю Беларусь ясныя прасторы жыцця на векі вечныя.

Другі персанаж драмы, другі вобраз, лёс якога развіваецца раўналежна з вобразам Ірынкі, гэта Юзя Тамашэўская, служанка асадніка Лямэнта. Гэта моцная натура. Яна імкнецца да шчасця, шукае і стараецца стварыць сабе радасць жыцця. Яна верыць, што існуе і жыве на свеце вялікая любоў, благародства чалавечых учынкаў, яна адчувае, што чалавек — стварэнне яснае, светлае, а не змрочнае і злое. Яна адчувае, што ў чалавека трэба верыць і чалавека трэба любіць. Але ў панскай Польшчы ўсе яе найлепшыя пачуцці і імкненні, яе пошукі шчасця тапталіся бруднымі нагамі тых, хто спрадвеку пісаў на сваім сцягу, што чалавек чалавеку воўк. Чырвоная Армія вызваляе і гэты вобраз для поўнай волі благародных імкненняў і радасці.

Ірынка і Юзя — канкрэтныя персанажы самога акта вызвалення, япы носьбіты замыслу драмы. Гэтыя два вобразы ў апошніх сцэнах зліваюцца як бы ў адно цэлае.

Праца з Віцебскім беларускім драматычным тэатрам дала мне многа творчай радасці. І асабліва мне хочацца гэта сказаць аб маёй працы разам з пастаноўшчыкам

«Ірынкі» заслужаным артыстам БССР Цімафеем Мікалаевічам Сяргейчыкам.

Ц. М. Сяргейчык — рэжысёр, які ў сваёй творчай працы мысліць нацыянальнымі вобразамі, які разумее і адчувае народнасць мастацтва, глыбока ведае быт і мову народа. Усё гэта дало яму магчымасць надаць спектаклю сапраўды нацыянальную форму.

Я высока цаню мастака Б. Малкіна, які аформіў спектакль з тонкім густам, у сапраўдных нацыянальных тонах, без якога б там ні было прыкрага бытавізму і этнаграфізму.


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6 т. Т. 4. Раман, аповесці, п'еса, публіцыстыка, 1930 - 1940.- Мн.: Маст. літ., 1989.-463 с., [4] л.іл.
Крыніца: скан