epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Маё дзела цялячае

I

 

Плюхаючы па лужах босымі нагамі, член сельскага Савета Юлік Карнавух шпарка бегаў ад хаты да хаты і «зганяў сход».

Ткнуўшыся тварам у аконца Мацвеевай хаты, ён ахрыпшым голасам крычаў:

- Мацвей, дзе ты там?..

Мацвей, спалохаўшыся, што Юлік гоніць у фурманку, кідаўся ў хваробу - браўся на печ і казаў адтуль жонцы:

- Тэклечка, скажы, што хворы.

- Мацвей хворы, - крычала Тэкля, - захаладзіўся, цягаючы картоплю... Усе вунь грудзі залажыла.

Ведаючы гэтую хваробу, Юлік з усмешкаю крычаў:

- Што там за трасца: куды ні кінься - усюды хворыя. На сход трэба ісці, сельсавет новы выбіраць!

- Вось мо як узвалакуся, - казаў павесялеўшы Мацвей і ўжо спускаў ногі з печы, але бачачы, што Юлік ужо прапаў з-пад акна, усцягаў ногі назад і пытаў у жонкі:

- Як ты, Тэкля, думаеш, ісці ці не?

- Як хочаш, - ціха адказала Тэкля.

Мацвей як след укладаўся на печы і мармытаў сабе пад нос:

- Чорт яго пойдзе. Пакуль зацягнешся па гэтай гразішчы, блізкі свет. Ускінь мне, Тэклечка, кажух на ногі...

- Янка, на сход! - крычаў тым часам Юлік каля другое хаты.

Янка, не спяшаючы, падыходзіў к акну і пытаўся:

- Кажаш, на сход?!

- Але, сельсавет выбіраць.

- Ну, добра, - адказаў Янка, - як людзі будуць ісці, то і я пайду.

- Што вам за трасца, - сярдзіта крычаў Юлік, - усякі, ліха яму, спадзяецца на людзей. Ты ідзі, дык і людзі пойдуць! Трэба ж каму першаму ісці.

- А чаго мне канешне ісці першаму, - у сваю чаргу злаваў Янка. - Я ж кажу - як людзі, так і я.

- А няхай вас агонь папаліць, гэтакі народ. Тфу! - пляваў Юлік і плюхаўся далей.

А Янка пазіраў праз акно, ці скора будуць ісці «людзі».

- Хвёдар, - крычаў Юлік каля трэцяе хаты, - скарэй адзявайся на сход!

- На сход? - таксама, як і Янка, дапытваўся Хвёдар.

- Але, скарэй!..

- А чаго?

- Сельсавет выбіраць. Скарэй!

- Хай ты сам скарэй, - агрызаўся Хвёдар. - Чаго ў карк гоніш, яшчэ ніхто не ішоў.

- Дык ты ідзі.

- Як усе будуць ісці, то і я. Чаго ты гэтак баішся, як бы там без мяне сходу нельга зрабіць!

- А бадай на вас трасца, - лаяўся Юлік, лезучы па гразі на другі бок вуліцы к хаце Тараса. - Папалі дурня з сабачымі нагамі.

- Тарас, дзе ты там?

- Чаго! - абзываўся перапалоханы Тарас, выбягаючы з хлевушка. «Пэўна ў фурманку», - думаў ён.

- На сход!

- А, на сход, - гаварыў Тарас і ўжо весела падыходзіў к Юліку, з выглядам чалавека, які нейкім цудам толькі што ўсцярогся вялікае бяды. - Мо закурыш, Юлік? - даставаў ён капшук.

Юлік закурваў, а Тарас тлумачыў яму:

- Гэта я, браце, тут у хлевушку корпаюся. Думаю сабе, адгараджу павольным часам катух парсюку, а то ўчора, каб на яго ўпадкі, абярнуў жонку з ражкаю. А тут якраз свіння на парасенні...

- Дык, браце, на сход, - перабіваў яго Юлік.

- Добра, калі кончу зарання, то падыду там, паслухаю...

«А каб ты па свеце не хадзіў, - сярдзіта думаў Юлік, ідучы далей. Ён быў сярдзіты на ўсю вёску, на ўсіх гэтых людзей, якія корпаюцца па сваіх хатах і хлевушках і якіх так трудна выгнаць адтуль на сход. Яму хацелася скарэй скінуць з сябе гэты непрыемны абавязак, які прымушае яго лазіць па калені ў гразі вось ужо трэці раз дзеля аднаго і таго ж дзела. - Вось жа жыў не буду, а зганю вас, чарцей, - думаў ён, - выбірайце другога, хай ён запрабуе па дзесяць разоў брахаць каля кожнага акна». І яшчэ з большым поспехам палез ён пад акно канцовае хаты.

- На сход, дзядзька!

- Ат, канечне ўсякаму цягнуцца па гэтай гразі.

- Што «ат», трэба ж як-небудзь сельсавет выбраць.

- Ну, выбірайце, што я там вам адзін памагу. Маё дзела цялячае - пад'еў ды ў хлеў.

- Тваё цялячае, а маё дык сабачае?! Што, я павінен тут каля кожнага акна агыркавацца? Але што з гавядаю гаварыць, - дадаў ён цішэй і прыйшоў к школе, дзе павінен быў сабрацца сход.

Там ужо чуліся галасы.

«Што за ліха, - думаў Юлік, падыходзячы бліжэй, - хто там можа быць? Здэцца ж, ніхто яшчэ не ішоў з вёскі - усякі ўсё «чакае», а тут якраз нейкія людзі. Няўжо гэта шляхта-хутаранцы? Напэўна яны - ім яшчэ ўчора заказалі».

Юлік падышоў к лужы, пабоўтаў у ёй нагамі, каб хоць трохі абмыць з іх гразь, і палез на ганак.

І думаў - няўжо гэта хутаранскія «ягомасці» сталі гэткімі шчырымі да сходаў і мітынгаў. Вось дзіва, калі яны.

- Яны і ёсць, - сказаў ён сабе пад нос, адчыніўшы дзверы. - Стараюцца, ліха ім, каб больш сваіх членаў уперці ў сельсавет. А нашы дурні сядзяць сабе па хатах. Усякі, падла, баіцца першым выбрацца з хаты, як бы тут з яго скуру збіраюцца дзерці.

- Ого, начальства прыйшло, - гукнулі ў грамадзе, убачыўшы Юліка.

- Жадаю табе сёння жа зрабіцца гэтакім начальствам, - адказаў Юлік.

- Чаму, нядобра?!

- Ідзі запрабуй гэтакага дабра. Зразу боты ў гразі пакінеш.

- Чаго я маю іх пакідаць?

- Калі не маеш пакідаць, дык самі пакінуцца, як станеш кожны дзень па дваццаць разоў лазіць з хаты ў хату.

Пачуўся рогат. Юлік убіўся ў кучу мужчын.

Ішлі гутаркі.

Гаварылі моцна, аж крычалі пасярод памяшкання каля стала.

На голаў вышэй за ўсіх мужчын стаяў там Даніель Кіралейза - самы багаты шляхціц з хутароў.

Доўгі, як качарга, з шырокім аплыўшым тварам і тоўстымі рыжымі вусамі, ён заўсёды стараўся выглядаць чалавекам сталым і важным. Дзеля гэтага ён суконную жакетку сваю зашпільваў усяго на два гузікі - верхні і самы сподні, а пад адтапыраную сярэдзіну грудзіны запіхаў рукавіцы або часам нават і шапку; «тоўсты чалавек зусім іначай выглядае», - гаварыў ён аб гэтым сваёй жонцы.

У хутаранскай капэле ён граў на кларнеце і, лічачы гэта вельмі важным і вялікім дзелам, стараўся заўсёды ўсім гаварыць аб гэтым.

І цяпер, чакаючы адчынення сходу, ён гаварыў аб гэтым жа.

- Не тыя гады цяпер, - паважна выпускаў ён праз свае вусы слова за словам, - няма жаднага разгарнення. Вяселлі цяпер найбольш абыходзяцца без музыкі; вечарынкаў і розных там ігрышчаў зноў не спраўляюць, хіба трапіцца калі, гады ў рады, спектакль граць. Ды і то, якая там ігранка! - ты граеш аднаго марша, а кішкі ў цябе другога. Мо а думаеце, цяпер, граючы, па-людску закусіш?! Бронь божа! Хіба яблык глымзанеш, больш нічога. Вось бывала, калі забяруць дзе вяселле граць, дык, браткі мае, што там робіцца! Колькі я даўней, граючы, гэта, на вяселлі, кілбас пераеў. Страшэнная моц! Каб збіраў у адно месца, дык напэўна назбіраў бы кучу, большую за гэтую будыніну.

- Адно, думаеце, кілбас, - перабіў другі музыкант хутаранскае капэлы - Гаронім Цурубалка, даўжэйшы яшчэ за Даніеля і трошкі згорблены багатыр-шляхціц. - Каб жа адно кілбас. А пірагоў... процьма! Бывала, выйграеш кракавяк ды зразу за стол. Набярэшся - ледзьве вылезеш. Не ведаеш, Даніель, пачом цяпер струны ў Слуцку? - раптоўна абярнуўся ён да Даніеля, каб паказаць, што гаварыць-то я гавару, але і дзела не забываю. І, не чакаючы адказу, зразу загаварыў далей к грамадзе мужчын: - Гэта, бачыце, у мяне адна струна, ліха ёй, стала дрынгаць. Абы смыкам да яе дабяруся, дык усё роўна, як цвікам па шклу. Але потым нічога, - дадаў ён, каб яшчэ больш паказаць сваю здольнасць ва ўсякім дзеле, - нічога, умеючы можна зрабіць, што гладка зыдзе, як на тое і трэба. У мяне ніколі ніхто фальшы не знойдзе. - І, падміргнуўшы ўсёй грамадзе, ён важна дадаў: - Трэба ўмець як выкруціцца, на ўсё трэба лоўкасць.

- Як жа ты выкручваешся? - запытаў нехта ззаду.

- Я?! Як толькі дабяруся да гэтае струны, дык у той жа момант таркану нагой бубнага Фабіяна Свінкоўскага. А ён ужо ведае, што гэта значыць, і зразу з усіх сіл як урэжа ў барабан, дык і заглушыць усё. Тады трасцу разбярэ там хто якую фальш.

- Ха-ха-ха... О гэта дык музыканты, - зарагаталі ў грамадзе.

- Музыканты! - раззлаваўся Гаронім. - Пры чым жа тут музыканты? Тут струна вінавата, а не музыканты. А ён - музыка-а-нты! Вунь папытай у Фабіяна.

- Ат, што гаварыць, - абазваўся бубнач хутаранскай капэлы Фабіян Свінкоўскі, які даўно чакаў ужо якое-небудзь прычыны, каб уставіць сваё слова. - Кажа, музыканты яму нядобрыя, а таго не ведае, што гэтыя музыканты гралі ў касцёле на хорах, як прыязджаў біскуп.

- Уй, гралі яны ў касцёле, - зацягнуў, смеючыся, вясковы Марцін. - Каб гэтак ліхі на свеце жыў і быў, як гэта праўда. Чуеце, браткі, што гэта ён плявузгае?

- Ат, усякі ўсё ў свой бок горне, - абазваўся нехта ззаду.

- Можа, і ты з сваім бубнам быў на хорах, га? Фабіян! - запытаўся скрозь смех Марцін і вызваў гэтым доўгі і моцны рогат.

Фабіян, бачачы, што ўгаварыўся, махнуў рукою і недзе згінуў. Засмуціліся нават і Гаронім з Даніелем і гэтаксама адышліся назад. І ўся грамада стала разбівацца на новыя кучкі.

А тым часам сталі падыходзіць вясковыя. Час ад часу паволі адчыняліся скрыпучыя дзверы і прапускалі ўсярэдзіну шэрых ад змроку людзей.

Прыйшоў чырвоны, як бурак, Тодар Грыб, у чырвонай мультановай кашулі, выпушчанай з-пад камізэлькі, і ў суконным халаце наапашцы.

Моцна і густа сапучы з-пад сваіх велізарных вусоў, ён некалькі хвілін пастаяў каля дзвярэй, разглядаючы, к якой тут лепш грамадзе прыстаць з гутаркамі, потым паволі пайшоў у самы цёмны кут, дзе Грыгор Шамяціла, шапяляючы на гукі «ж» і «ц», не спяшаючы расказваў «гісторыю пра Бога і яго слугу - чалавека».

- Тым часам, - цягне ён сваё нуднае апавяданне, - пазваў Бог анёла Архістрата, ды і каза: «Павінен ты, анёле, зляцець на зямлю і зрабіць, каб людзям было добра зыць». «Пане Бозе, - каза анёл, - як за я гэта зраблю, калі людзі грэсныя?»

Апавяданне яго вяла, як бы нехаця, спаўзае з яго языка і мала будзіць цікавасці сярод слухачоў. Але яны слухаюць, бо любяць глядзець, як Грыгор ківаецца, пыхкае люлькаю, калупае ў ёй кіпцем і вярзе нейкую пляту, якую, напэўна, сам выдумаў і якую яны ўжо чулі ад яго тысячу разоў.

Паволі скрыпнуўшы дзвярыма, уваходзіць Хама Скрут, адзеты ў «будзённы спінжак». Чухаючы ў сваёй касматай, трохі пасівеўшай барадзе і моцна грукаючы сваімі велізарнымі ботамі, ён зразу ідзе к сталу, дзе некалькі кучак вядуць розныя гутаркі і спрэчкі. Хама не прапускае ніколі ніводнага сходу, бо любіць «абстайваць праўду». І цяпер, скора падышоўшы к сталу, ён зразу пытае: «У чым дзела, хлопцы?» - і, не чакаючы адказу, зразу заглушае ўсіх сваіх зычным голасам.

Неўзабаве яўляецца Юзік Сучок, вясёлы «чудак» гадоў пад трыццаць. Ён садзіцца на пустым месце, і к яму зразу пачынаюць сцягвацца і малыя і старыя - усе, хто толькі хоча пасмяяцца ўволю.

Некалі Сучок рыхтаваўся выйсці за дзяка, і хоць экзаменту не вытрымаў, але навучыўся многа розных «кандакоў і пракімнаў», якія і любіў, каб пасмяшыць людзей, выспеўваць і расказваць на свой лад.

- А браткі-і ж мае, - крычыць ён весела, - колькі тут гэтых хутаранскіх ягомасцяў назбіралася, а гвалт!.. Вось будзе работы, - дабаўляе ён, не баючыся, што «ягомасці» ўсё чуюць, - як выберам шляхецкі сельсавет.

- Не ўсё роўна?! - абзываецца адзін пакрыўджаны гэтым «ягомасць».

- Х-хэ, усё роўна! - адказвае Сучок. - Ты ж ніколі са мною ў адну дудку граць не будзеш, усё роўна як той дзяк з папом.

Вочы ў Сучка смяюцца; а яго слухачы падбліжаюцца к яму, знаючы, што скора гэты «чудак» што-небудзь «выпаліць».

- Цягне поп «пракімен», - канчае Сучок, - «у памяць вечную будзе праведнік, ад слуха зла не ўбаіцца», а п'яны дзяк, не прыслухаўшы, паўтарае за ім: «У памяць вечную будзе праведнік, асла і казла не пабаіцца».

Зразу пачынаецца рогат.

З цёмнага кутка чутна гарачая спрэчка. Спрачаюцца Грыгор Шамяціла і Антоні Вельскі. Грыгор, брыты і сагнуты, не пакідаючы пыхкаць люлькаю, шыпучым ад злосці голасам крычыць:

- А я табе, Антоні, казу, што Ісус Хрыстос уваскрос у нядзелю.

- Не ў нядзелю, а ў суботу, - гэтаксама злосна адказвае Антоні - старэнькі чалавечак з сівенькаю кароценькаю бародкаю і рэдкімі, мяккімі валасамі на галаве.

- У нядзелю - я табе казу!..

- Ды я табе ўсю Біблію перагарну, - не здаецца Антоні, - там нідзе не сказана, што ён уваскрос у нядзелю.

- Дурань ты з сваёю Бібліяю, - гукае Грыгор.

Аблаяны Антоні абварочваецца назад і бачыць перад сабою Сучка, які, разам з цэлаю грамадою зацікаўленых мужчын, падышоў, каб «развесці дурняў».

Растапырыўшы рукі, Антоні колькі хвілін стаіць моўчкі, а потым просіць Сучка:

- Такі-та ж вы, Сучок, вучоны па гэтай часці, растлумачце гэтаму дурню, калі «ён» уваскрос, у суботу ці ў нядзелю!..

- У чацвер, - важна адчаканьвае Сучок і вызывае доўгі, несціхаемы рогат сярод усіх мужчын.

Апусціўшы голавы, Грыгор і Антоні разыходзяцца.

- А мне што, - моцна і адрывіста расказвае нешта, стоячы каля сцяны, Тодар Грыб.

- Маё дзела такое - дзень ды ноч, і суткі ўпроч. Бяры, кажу, крывулю ды бі ў рыла!..

Некалькі зацікаўленых мужчын ціха слухаюць.

Нек зразу, неўзаметку, Тодар пераходзіць на палітыку. Тады каля яго пачынае збірацца вялікі гурт. Тодар гаворыць спакойна - расказвае, але неўзабаве падыходзіць другі, не менш заядлы «палітык», Хама Скрут, і пачынаецца гарачая спрэчка: Хама лічыць сябе лепшым палітыкам і стараецца «падсячы» Тодара.

- Вы думаеце, браткі, гэтак і будзе, - моцна і адрывіста гаворыць Тодар, - вось пагледзіцё, як вясною заварушацца. Будзе вайна. Вось пабачыце. Усё роўна спакою і парадку не будзе.

- Гэта ў цябе ў галаве няма спакою і парадку, - перабівае яго Хама, - чудзіла ты. Падумай сам, якая тут можа быць вайна: Францыя і Англія думаюць сабе - ат, як спакойна, то і добра. Сядзем сабе ціха, бо як заварушымся, дык як паднімуцца!.. Ты думаеш, не паднімуцца?..

- Хто гэта? - пытае Тодар.

- А камуністы тамашнія; ты думаеш, там мала камуністаў?

Тодар гладзіць пальцам па лбу і думае, што б тут сказаць.

- Дык вось, - кажа ён, пачакаўшы, - калі так многа камуністых, дык тыя яшчэ скарэй заварушацца, каб змясіць іх.

- Ну, - сярдзіта цягне Хама, - недаждалі яны яшчэ іх змясіць.

- А ты думаеш, я вельмі чакаю, каб яны іх змясілі, - апраўдваецца Тодар, - я зусім гэтага не хачу... Я толькі кажу, што як ні круці - вясною ўсё роўна нешта будзе.

- Што?

- Што-небудзь!

- Ат, ты ўсё роўна нібы там быў і ўсё бачыў. Францыя і Англія не такія дурні, як табе здаецца. Чаго яны маюць лезці на ражон?

Тодар пачынае ўжо путацца, ён ніяк не можа зразумець, ці ёсць якая-небудзь карысць «варушыцца» Францыі і Англіі, ці не. Думкі яго блытаюцца, і ён пытае:

- На які ражон?

- Вось галава! - крычыць са смехам Хама. - Гэта так гаворыцца...

- А! - адказвае, зразумеўшы, Тодар. - Гэта значыцца...

- Гэта значыцца, - крычыць Хама, - што і ў іх там ёсць голавы. Думаеш, ты разумнейшы за Францыю і Англію?!.

- Не дуры маёй галавы, - махае рукою Тодар, зусім ужо збіты з панталыку, і хутчэй адыходзіцца ў другую старану. Але «палітыка» не сціхае, бо на яго месца становіцца трэці «палітык» - Антоні Вельскі. Сваім салодзенькім, высокім галаском ён цягне:

- Не можа быць, каб «протчыя дзяржавы» не ўступіліся. Вунь Мордух крывы ўчора прыехаў з Вызны, дык гаварыў, што там чутно...

- А ў Бібліі, дзядзька, пра гэта нічога не чутно? - ні з сяго ні з таго пытае Сучок.

«Палітыка» канчаецца несціхаемым рогатам.

 

II

 

Вясковых прыйшло на сход усяго чалавек дваццаць, а з хутароў і дробных фальваркаў, якія былі вакол вёскі, сабралася людзей у два разы больш.

Адчыніў сход член валіспалкома, ён жа і член валасной камячэйкі - Мікалай Козіч, малады чалавек, гадоў пад дваццаць два, з шырокім і белым брытым тварам.

На кожным кроку свайго жыцця ён стараўся як-небудзь выдзеліцца з масы другіх людзей, хоць, к вялікаму свайму гору, у глыбіні сваіх думак і не мог лічыць сябе лепшым, разумнейшым за другіх.

Гэта прымусіла яго ў свой час пайсці ў партыю; цяпер ён быў загадчыкам валаснога аддзела асветы.

Ён насіў доўгія валасы, ніжэй вушэй, бо лічыў гэта прыкметай чалавека, не падобнага да ўсіх, чалавека, які жыве «духоўнаю працаю», як сам ён гаварыў.

Пад пахаю яго вечна быў партфель. Валасны аддзел асветы не мог напоўніць яго дзелавымі паперамі, і загэтым ён клаў у яго старыя газеты, розныя непатрэбныя кнігі і інш., усё дзеля таго, каб партфель быў поўны, цяжкі і тоўсты на выгляд.

На сходах шкрабаў воласці Козіч любіў граць ролю начальніка, гаварыў кароценькія прамовы, нават часам важна кратаў і гладзіў свой шчуплы жывот.

Насіў ён чорнае паліто з поясам.

Адчыніўшы сход, ён стаў гаварыць прамову.

Не думаючы аб тым, што яго слухаюць людзі ў аблезлых кажушках, рваных халатах, падчас босыя ці ў лапцях, ён, як гарохам, стараўся сыпаць труднымі, нікому, нават яму самому, не зразумелымі славечкамі... Яму гэта было вельмі трудна, бо вялікага запасу такіх слоў не было, і яму прыходзілася часта самому прыдумаць іх.

Між іншым ён сказаў: «У сельсавеце павінен дамініраваць пралетарскі элемент». Гэта яму вельмі спадабалася, і ён захацеў яшчэ колькі разоў паўтарыць гэта, але, як на тую бяду, забыўся, як гэтае сказанае ім слова выгаварваецца. Сказаць жа гэта проста, звычайнымі словамі, ён не хацеў, каб не паказацца простым чалавекам, і, ужо не думаючы, ён паўтарыў: «У сельсавеце павінен дамонаваць пралетарскі элемент». А потым яшчэ раз уздумаў паўтарыць і сказаць яшчэ лепш: «дамінаць».

- Слухай, - запытаў Тодар у Хамы, - што гэта ён кажа, які гэта элемент павінен замінаць у сельсавеце?

- А ці я ведаю! - ціха адказаў Хама.

- А пра што гэта ён гаворыць? - у сваю чаргу запытаў Тодара Фабіян Свінкоўскі.

- А чорт яго ведае.

- Ну, а ты ж слухаеш!

- А ты не слухаеш?

- Я нічога не разбяру.

- А думаеш, я лепшы разбірайла?

- А ці не ўсё роўна вам, - абазваўся Хама, - мы чаго прыйшлі?! Сельсавет выбіраць! Ну, дык вось і чакай, пакуль кончаць, усё роўна без гэтае казкі не абыдзецца, як ні круці. Сядзі вось сабе ціха, калі мухі не кусаюць. А потым, як кончыць сваю гэтую «казань», дык выберам сельсавет і пойдзем дамоў.

- Праўду ка'аш, - згадзіўся Грыгор Шамяціла і стаў пыхкаць люлькаю.

А тым часам Козіч гаварыў. Ён падымаў рукі ўгару, запускаў пальцы ў валасы і праводзіў імі ада лба к самаму карку, прыдумоўваў, як бы харашэй злажыць рукі перад носам, калі бліснуць вачыма.

Канчаючы прамову, ён падняў палец угару і ўгледзеў, што кіпець на ім нейкі зрабіўся нягладкі і цёмны. І тут жа ўспомніў, што ў хутаранскае вучыцелькі-пападзянкі ногці заўсёды нейкія блішчастыя і падрэзаны востранька.

«Трэба будзе заўтра і мне свае так падрэзаць, - падумаў ён. - Але чым яна іх так шліфуе?..»

Думаючы гэта, ён пакінуў гаварыць і з хвіліну памаўчаў. А кончыўшы і сеўшы, ён доўга яшчэ думаў, як, будучы на яго месцы, лепш падрэзваць ногці - востра ці кругла.

А потым ужо, у канцы сходу, у яго бліснула думка: «Трэба будзе другі раз у такіх выпадках паглядзецца ў люстэрка - як выглядае пасля прамовы мой твар».

После Козіча стаў гаварыць другі член валасной камячэйкі - Кастусь Курганец.

Адзеты ён быў у блішчасты, новы скураны фрэнч, сядзеў у касматай, з вушамі, шапцы. Сказаў ён кароценькую прамову, у якой паўтарыў усё тое, што сказаў Козіч. У канцы свае прамовы ён нарысаваў схему органаў улады, ад сельсавета да ЦВК.

Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.

Усе з цікавасцю слухалі, а іншыя, каб лепш пачуць, падышлі бліжэй к сталу. Скончыў ён так:

- Старайцеся выбіраць людзей савецкіх, бедных, якія б маглі працаваць на агульную карысць. Выбірайце людзей разумных.

- Але, - сказаў сабе пад нос Юлік Карнавух, - выбераш тут савецкіх людзей, калі іх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзі папрабуй сярод хутаранскіх «ягомасцяў» хоць аднаго савецкага?! А нашы дурні сядзяць сабе дома чакаюць, «як будуць людзі ісці»...

- Называйце, таварышы, кандыдатаў! - сказаў Кастусь Курганец.

Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалі ўжо «выстаўляць» кандыдатаў:

- Гаронім Цурубалка! - крычалі з аднаго боку.

- Даніель Кіралейза! - чулася адтуль жа.

- Тодар Грыб, - крычалі з другога боку.

- Мацвей Сцепанец!

- Янка Галубовіч!

- Няма іх на сходзе!

- Хвёдар Казёл!

- Няма на сходзе!

- Хама Скрут!

- Сучок!

- Фабіян Свінкоўскі!

- Ціха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.

- Цурубалка, Кіралейза! - закрычалі зноў хутаранцы. - Свінкоўскі, Міхал Папсуй!

Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабіць ціха, і сказаў:

- Усякі, хто назваў свайго кандыдата, павінен сказаць аб ім некалькі слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такі ёсць.

І вось пачалі гаварыць.

Кіралейзу «выставіў» Цурубалка, Цурубалку - Кіралейза. І абодва яны аказаліся людзьмі «разумнымі, сталымі, добрымі гаспадарамі, людзьмі, якія ніколі ні з кім не сварацца».

Пра Фабіяна Свінкоўскага сказаў адзін шляхціц-хутаранец, што ён чалавек «богабаязны і справядлівы».

Хама Скрут аказаўся чалавекам «добра граматным», а Тодар Грыб «добрым палітыкам», і абодва яны - самымі бяднейшымі людзьмі ў вёсцы.

Як толькі Фабіян Свінкоўскі назваў вясковага Міхала Папсуя «чалавекам патрэбным у сельсавеце», падняўся маўчлівы дагэтуль вясковы Марцін Макарэня.

Ступаючы ціха лапцямі па падлозе, ён падышоў к сталу і сказаў:

- Я не буду баяцца Міхала Папсуя і скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён і не «савецкі».

- Няпраўда, - закрычалі з боку хутаранцаў.

- Пачакайце, я не кончыў, - гаварыў далей Макарэня, - замест яго я раю з хутароў Курловіча Яна. Гэта чалавек наш: ён быў у партызанах.

Курловіча запісалі ў спіс кандыдатаў і сталі галасаваць.

Хутаранцы трымаліся дружна, паднімалі рукі ўсе за сваіх. Разам трымаліся і вясковыя, але іх было менш. Дзякуючы гэтаму ў склад сельсавета ўвайшлі: Цурубалка, Кіралейза, Свінкоўскі і вясковы Міхал Папсуй.

Па большасці галасоў «праваліўся» Курловіч. Потым, у самым канцы, аб ім доўга гаварылі; успаміналі, як быў у партызанах, як адвёў польскую роту ад вёскі к лесу, дзе на яе напалі чырвонаармейцы, паміналі яго беднасць і ахвоту працаваць і сяк-так увялі яго ў кандыдаты на члена сельсавета, хоць проці гэтага і гаварылі многія хутаранцы.

А як ішлі са сходу, гаварылі вясковыя аб тым, што Кіралейза і Цурубалка некалі прыслужвалі паляцкім жандарам, Фабіян Свінкоўскі хацеў ісці ў партызаны проціў бальшавікоў. А вясковы Міхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялікі багатыр і трымаў некалі багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькі думалі, бо сам ён ішоў тут жа, важна ступаючы і пагладжваючы сваю невялічкую чорную бародку.

Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалі на вуліцу людзі, стараючыся пазнаць, куды гэта ідуць - на сход ці са сходу.

 

III

 

Адзін раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокі снег. Яшчэ раніцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялі санямі. Вёска стала зграбнай і чыстай. І стала неяк весялей і шумней у ёй.

Цэлымі днямі чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звініць піла, гамоняць і смяюцца людзі. Па вуліцы часта цягліся фурманкі з дзеравам.

А прыцемкам, як пакідалі малаціць, к абледзянеўшым калодзезям паволі цягнуліся касматыя конікі, шумна беглі каровы і схадзіліся з вёдрамі людзі.

І, напаіўшы быдла, доўга яшчэ стаялі і ў розных гутарках праводзілі на вуліцы сваю «шэрую гадзіну». Потым падыходзілі яшчэ больш і, як саўсім цямнела, усяёй грамадой валілі куды-небудзь у хату.

Часцей за ўсё збіраліся ў Тодара Грыба.

Прыходзіў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам і меў вялікую здольнасць бачыць ва ўсім бяду.

З'яўляўся высокі, малады яшчэ, Янка Галубовіч; таксама малады і заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсіх прыходзіў стары Тарас Смольскі. Збіралася чалавек дваццаць, і кожны раз сядзелі за поўнач.

Адзін раз было вось што.

Як ужо ўсе былі ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец і, не пераступіўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:

- Гы!.. Далі свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.

- Чаму, што? - запыталіся ўсе разам.

- Што?! - заскрыпеў Мацвей. - Даўней пры Мікалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму і даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кіралейза з Цурубалкам - самыя «дзедзічы». Чорт к яму цяпер прыступіцца. Сёння я быў у іх на хутарох, каб дроў як трохі прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якія адпусціла лясніцтва цераз іспалком, - а дровы яны ўжо размеркавалі між сваімі шваграмі ды кумамі. А Свінкоўскі, які быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павінен даставаць ад «савета», бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе і тая хвалёная свабода!

- А хто ж вінават? - запытаўся Юлік Карнавух.

- Пэўна, што не я, - адказаў Мацвей.

- На нашых людзей яшчэ патрэбен бізун, - умяшаўся Тарас Смольскі. - Я чуў, што як «іх» выбіралі, дык на сходзе нашых нікога не было. Усякі ўсё, сукін сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былі, то выбралі б каго-небудзь лепшага.

- І ты ж не быў! - гукнуў нехта з кутка.

- Як бы за мною астаноўка, - засердзіўся Тарас. - Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзін памог бы каму? Ды мне і часу не было - я парсюку катух гарадзіў.

- А мне тады нездаровілася, - абазваўся Мацвей. - І калі я не быў, дык і ўсім не трэба ісці?!

- Годзе пераліваць з пустога ў парожняе, - сказаў Юлік Карнавух. - Усе вы роўныя чэрці. Слухайце: чуў я, што ў многіх хутаранцаў паўменшвалася ў спісах жывёлы - каб зменшыць падатак. А з дрывамі гэта праўда? - абярнуўся ён да Мацвея.

- От як я табе кажу, - адказаў Мацвей.

- А тут, ліха на яго, далёка яшчэ чакаць да новых перавыбараў, - прагаварыў Хвёдар Казёл.

- А каб папрабаваць цяпер, - нясмела сказаў Янка Галубовіч.

- Каб гэта як-небудзь напісаць заяву, - нехта яшчэ прыбавіў, - можа, і цяпер як-небудзь змянілі б свой сельсавет.

- Я думаю, што можна папрабаваць, - сказаў Юлік Карнавух.

- Ну, дык пішы.

- Згарэце вы! - нечакана для ўсіх увярнуў слова Юлік. - Напішы, а потым цындайся дзесяць разоў з-пад аднаго акна к другому.

- Не тваё дзела, пішы!

- Так і ёсць - пішы, а мы ўсе, хто ўмее, падпішамся.

На другі дзень Юлік напісаў, як умеў, заяву і паслаў па хатах з ёю адзінаццацігадовага Мацвеевага хлопчыка. Усе, хто ўмеў, распісваліся.

А цераз тры тыдні, як заява прыйшла з павета з рэзалюцыяй, Юлік пайшоў па вуліцы, зазіраючы ў кожнае акно, так, як і той раз. Але цяпер яму памагаў ужо сам Мацвей Сцепанец.

І як прайшлі яны з канца ў канец вуліцу, усе - ад мала да вяліка - пайшлі выбіраць свой сельсавет.

 

1923


08.12.1923

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая