epub
scan
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Макаркавых Волька

Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмі заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такі малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, які абгароджваў царкву і могільнік навакол яе, і ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калісьці была брама. Не знайшоўшы іншага спосабу ўвайсці ў могільнік, жанчына пералезла цераз жэрдкі, якія на месцы брамы былі наглуха папрыбіваны канцамі да слупоў. Паркан быў высокі, і Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабіла на могільніку. Ён толькі заўважыў, што яна адразу накіравалася кудысьці за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцілалі зямлю жоўтым лісцем. Ужо зусім было цёмна, калі жанчына выйшла з могільніка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькі разоў азірнулася на царкву і цяпер ужо зусім паволі пайшла ў вуліцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусіць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нідзе не відаць стала.

Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успаміны гэтыя былі прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасці даволі ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.

Гэта было таму назад год дзесяць. Сафрон Дзядзюля сватаўся да Макаркавых Волькі. Вольцы тады было яшчэ не больш васемнаццаці год, і гэта была самая лепшая танцорка і заўзятая весялуха на ўсю вёску. Сям'я Макаркавых была бежанская. Яшчэ ў імперыялістычную вайну тут з'явіўся высокі чалавек з жонкай і малою дачкою. Прыехаў ён на сытым маладым кані. Сафрон Дзядзюля быў тады яшчэ падростак і разам з іншымі, такімі як ён, падшывальцамі, цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Бачачы на возе толькі адну бабу з малой дзяўчынкай, Сафрон так асмялеў каля чужога каня, што надумаўся навырываць з яго хваста валасні сабе на вуду. Конь хоць быў у аглоблях, але ўхітрыўся так зачапіць нагой Сафрона, што той адразу адцураўся валасні. Дзяўчынка на возе зарагатала. Сафрон адбегся, хапіў сукаваты пошвырак і смальнуў каню ў бок.

Бежанец астаўся ў вёсцы, і праз пэўныя гады Сафрон Дзядзюля пачаў ныць па чорнавалосай Вольцы. Ён хадзіў за ёю доўга, але ў яе і ў думках не было ісці замуж, і не толькі за яго, але за каго б там ні было. Яна хацела ехаць вучыцца, і от аднойчы, не ведаючы, як ад яго адчапіцца, яна сказала яму ні то стала, ні то жартам:

- Я за цябе не пайду, бо ты такі...

- Які? Ну які?

- Ты такі, што абы дзе сеў, то пасля цябе заўсёды астаецца куча смецця, попелу з папяросы, пяску і гразі з-пад ног.

- Ну, а больш? - перабіў ён, увесь чырвоны ад злосці.

- Калі ты возьмеш у рукі якую-небудзь рэч, то адразу пачнеш на ёй цвіком, шклом ці хоць запалкай вырысоўваць сваё прозвішча і зглуміш тое, што трымаеш у руках.

- А яшчэ?

- Стол, за якім ты сядзіш, заўсёды астаецца пасля цябе зрэзаны нажом і сколаны. А на кожным лісце паперы, які трапіцца табе пад руку, ты сто разоў распішашся...

- Ну, кажы далей!

- Што ж далей?.. Ну, ты пусты ганарлівец... і яшчэ - кожнага любіш абсмяяць... От зімой, я памятаю, мая маці несла ваду і, пакаўзнуўшыся, упала, а ты пасля рагатаў, што, пакуль яна ўставала, у яе голыя калені відны былі.

Апошнія словы Волька сказала гнеўна, гнеў гэты явіўся ў яе нечакана, пры ўспаміне аб гэтым выпадку.

Усё гэта было праўда, і тым больш зняважыла высокія Дзядзюлевы пачуцці. Праз паўгода Волька паехала вучыцца на рабфак, а яшчэ праз паўгода ёй наўздагон пайшла заява аб тым, што яна «лісіца ў воўчай скуры» і не проста пайшла вучыцца на рабфак, а «пралезла» туды, і калі яна «працягвае» там вучыцца, то «гэта няправільна», бо бацька яе заўсёды трымаў сытыя коні. «Пад гэтага каня страшна было падысці», - такія гэта былі кулацкія стаеннікі. Усім было вядома, што ў тыя часы Вольчын бацька меў толькі і занятку, што з ранку да вечара вісець крукам у сельсавеце, дамагаючыся даведкі, што ён ніякі не кулак. Ён гаварыў, што ў часы бежанства сыты конь у яго быў таму, што ён, каб уцячы ад гарматнага агню, прадаў, што меў, да апошняй ніткі і купіў каня.

Але Дзядзюля быў вялікім актывістам. Хоць работа ў яго дома і стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезці ў цэнтр «вялікіх» спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля і ў сельсавет. Нейк так выходзіла, што ён заўсёды трапляўся пад рукой, заўсёды ўсё ведаў, заўсёды пра ўсё мог тонка здагадацца, і нават самыя лепшыя працаўнікі так да яго прывыкалі, што трацілі патрэбу падумаць пра яго, а што гэта за чалавек такі? У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокі і тонкі. З некаторага часу ён пачаў нават дабірацца да раённага цэнтра, каб прымасціцца там, калі не на службу, то на годнасць раённага актывіста. Але райвыканком быў ад яго дома далёка, і Дзядзюля задаволіўся тым, што пакінуў за сабой агульнапрызнаную годнасць то «душы ўсіх спраў», то «цэнтра ўсіх спраў» у сельсавецкім маштабе. Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто не хацеў з ім звязвацца, кіруючыся прыказкай, што «воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць». Скончылася тым, што словы «душа» і «цэнтр» з'ядналі разам і пачалі зваць Дзядзюлю «цэнтральнай душой». І от гэтая «цэнтральная душа» здолела так усадзіць свой нос у сельсавецкія справы, што Вольчын бацька ніякай даведкі не дабіўся. Злосны на ўвесь свет, ён напісаў дачцэ горкую праўду, што не мае больш сіл і цярплівасці.

Даходзілі чуткі, што Вольку з рабфака звольнілі.

Але дадому яна, аднак, не прыехала. Яна нібыта недзе асталася на працу, а вечарамі хадзіла ў вячэрнюю школу. Як бы там ні было, яна аднойчы ўлетку прыехала дадому на два тыдні з прычыны хваробы маці. Маці памерла і была пахавана ў тым далёкім кутку могільніка пад вязамі, куды цяпер хадзіла прыцемкамі незнаёмая жанчына. Пасля смерці маці Волька была яшчэ дома дзён чатыры. Яна крыху змянілася - пасталела, выраўнялася з паставы і стала яшчэ прыгажэйшая, як была.

Дзядзюля бачыў яе здалёку, і, як толькі яна паехала ў свой горад, следам за ёю пайшла заява, што яна ў свой час была звольнена з рабфака як кулацкая дачка. Здарылася так, што бацька яе тыдняў за пяць да яе прыезду і купіў быў на гадоўлю цяля. Пасля пахавання жонкі, выпраўляючы Вольку ў горад, ён цяля прадаў і грошы аддаў ёй. Яна не хацела браць, але ён упрасіў яе: яму было прыемна хоць так выказаць сваю сардэчнасць да сваёй дачкі, якая толькі адна і асталася цяпер у яго. Такім парадкам, у Дзядзюлеву заяву было ўпісана, што апошнім часам Вольчын бацька займаецца спекуляцыяй цялятамі.

Зноў пачалі даходзіць у вёску чуткі пра Вольку. Гаварылі, што начальнік той установы, дзе яна працуе, прыслаў сюды ў сельсавет запытанне. Але ніхто не ведаў, што Дзядзюля зноў уцёрся ў гэтую справу. Поўны задавалення, ён слухаў гаворкі, што Волька нібы без працы. Але праз нейкі час Волька пачала раптам прысылаць бацьку грошы. Устрывожаны Дзядзюля пачаў збіраць весткі пра Вольку, але бацька яе раптоўна памёр, і пахавалі яго суседзі: Волька не прыехала. Больш таго, яна нават не адказала на тэлеграму, якую ёй далі. У тым, значыцца, горадзе яе ўжо не было. Рад - няволя, а Дзядзюлю прыйшлося забыцца на ўсю гэтую справу. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў, і яны пайшлі назад. Узнепакоеная Волька напісала бацькаваму суседу, і той адказаў, што бацька памёр і пахаван побач магілы маці. Пра Вольку больш нічога не было чуваць.

Жывая карціна ўсяго гэтага і паўстала перад Дзядзюлем, калі незнаёмая жанчына нагадала яму Вольку. З задаваленнем думаючы аб тым, што ён сваімі заявамі адпомсціўся Вольцы за колішнюю знявагу, Дзядзюля спакойна клаўся спаць, акругліўшы свае думкі фразай: «Цяпер мы з ёю квіты».

Назаўтра быў ясны дзень. Стаяла восень. Высока ўзнімалася неба, і сонца залівала зямлю. Прыемны лёгкі холад адчуваўся ў подыху ветру.

Сафрон Дзядзюля зранку ішоў на сваю працу. Цяпер ён быў начальнік усёй кааперацыйнай сеткі па сельсавеце. З таго часу ён пастарэў, і дробная хада яго набыла большую выразнасць: цяпер ужо кожны мог заўважыць, што ступае ён дробна і ціха. Апрануты ў бобрыкавае паліто, ён нёс свой партфель, мінаючы шырокія завулкі новага калгаснага пасёлка. За апошнія гады на ранейшай вуліцы асталося не больш палавіны хат: хто будаваўся, хто выходзіў на шырэйшую разлегласць. Стаяла многа новых дамоў. Сафрон Дзядзюля таксама жыў ужо ў новым сваім доме, з чорным і чыстым ходам. З поўдня ад пасёлка, як вокам акінуць, цягнуўся нядаўна засаджаны калгасны сад. З другога боку ішлі калгасныя гаспадарчыя пабудовы. Маладыя таполі, клёны і каштаны стаялі жоўтыя паабапал дарогі. Каб Волька Макаркавых з'явілася сюды, тут яна ўжо зусім не пазнала б роднай сваёй мясцовасці.

Кааперацыйнае праўленне было ў новым доме, за калгасным садам. Пешаходная сцежка вілася паўз самы могільнік. Падыходзячы да паркана, Сафрон Дзядзюля заўважыў раптам, што на царкоўнай сцяне вісіць нейкае паліто. Зацікаўлены, ён пералез цераз жэрдкі і падышоў. Царква была зусім трухлявая. Гнілая шалёўка не трымалася на цвіках і сыпалася ўніз спарахнелымі кавалкамі. Доўгія цвікі скрозь тырчалі па сцяне. На адным з гэтых цвікоў і вісела паліто.

Паліто было жаночае, на ваце, з прышытым поясам і коцікавым каўняром. Шустры верабей шаргануўся аб гэты мяккі каўнер, улятаючы з заўзятым шчэбетам у акно, якое ўжо было без рамы і шкла. Сафрон Дзядзюля стаяў, задзёршы галаву, здзіўлена разглядаючы паліто. Раптам ён пачуў шоргат рыдлёўкі аб жвір. Азірнуўшыся, ён убачыў жанчыну. Пазнаў ці здагадаўся, але ён з першага моманту быў упэўнен, што гэта тая самая, учарашняя. Каб бліжэй яе разгледзець, ён інстынктыўна падаўся ў той бок і раптам спыніўся як ашаламонены: перад ім была Макаркавых Волька.

Гэта была маладая жанчына. Прывабнай сталасцю поўніліся ўся яе пастава, рухі і рысы. Яна працавала. Рыдлёўкай капала яна зямлю і даводзіла да парадку дзве магілы пад жоўтымі вязамі. Постаць яе была мажная, і хараство, здаецца, яшчэ большае, як тады, калі яна была маладой дзяўчынай.

Ахоплены незразумелай трывогай, Сафрон Дзядзюля ціхом павярнуўся і шмыгануў за рог царкоўнай сцяны, поўны радасці, што яна яго не заўважыла. Выглядаючы паловай твару з-за сцяны, ён бачыў, як Волька некалькі разоў разгіналася, каб адпачыць, а пасля зноў бралася за працу.

Штосьці новае было ў ёй. Гэта не была тая ранейшая простая і вясёлая Волька. Наіўнасці тут ужо не было. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён, стоячы тут за сцяной, падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з'явам свету і людскім учынкам. У гэтую хвіліну ў яго з'явілася такое пачуццё, быццам яго асарамацілі перад усім светам. Сціснуўшы зубы, ён шпарка выскачыў з могільніка і рушыў да сваёй канцылярыі.

Да самага вечара ён быў неспакойны. За паўгадзіны да канца сваёй работы ён сядзеў у самым цёмным кутку канцылярыі і нехаця корпаўся ў паперах. Сонца спускалася за стагі саломы, і, увайшоўшы ў гэты пакой знадворку, адразу здавалася, што тут зусім змрочна.

Ціхом адчыніліся дзверы і хтосьці ўвайшоў. Дзядзюля не падняў галавы. Ён толькі ўздрыгануўся, калі пачуў проста перад сабою пявучы голас:

- Выбачайце, мне параілі зайсці да вас. Справа такая, што я прыехала сюды пабыць на магілах сваіх бацькоў. Я хацела прывесці магілы ў парадак. Чалавек, у якога я начавала, зробіць балясы, каб агарадзіць магілы, але ў яго няма цвікоў. Ён гаворыць, што ў краме цвікоў так мала, што іх не кожнаму прадаюць. Я і прашу вас, каб вы адпусцілі цвікоў, іх трэба не многа.

Змяніўшы голас так, каб яго не пазналі, і заціскаючыся глыбей у цёмны кут, Дзядзюля абазваўся:

- Можна падумаць, што вы вельмі шануеце памяць сваіх бацькоў! Аднак жа на пахаванне бацькі не прыехалі.

- Я тады толькі што скончыла медыцынскі інстытут і адбывала ў раёне першую практыку. Тэлеграма да мяне не дайшла.

- Няма цвікоў, - хрыпла раўнуў Дзядзюля. - Ніводнага цвіка няма. І не будзе!

Маладая жанчына шпарка выйшла. Сафрон Дзядзюля, сцяўшы зубы, падняўся. Ён аж счарнеў ад злосці і гневу. Як! Нягледзячы на ўсе заявы, яна скончыла інстытут і цяпер ужо доктар? Гэта жывы здзек з яго! Можна сказаць, што ніколі яшчэ раней ён не ненавідзеў Макаркавых Волькі так, як цяпер. Пануры, як кавалак хмары, ён дацягнуўся дадому і, каб асвяжыць гарачую галаву, перад сном выйшаў у адной бялізне на двор. Неба схмурнела, ужо ішоў халодны асенні дождж. Сумысля ён прайшоў пад дажджом па садзе. Ірвануўся вецер, дождж лінуў густа і, пакуль Дзядзюля дабег да сянец, ён увесь быў мокры. Падлазячы ў сенцах пад коўдру, ён адчуваў холад. К канцу ночы ў яго пачало балець горла, зранку яму зусім нездаровілася, а пад вечар высока паднялася тэмпература. Ён пачаў гаварыць з гарачкі, і сям'ю яго апанавала трывога.

Быў вечар. Волька сядзела ў свайго колішняга суседа за сталом. Ёй было прыемна слухаць успаміны гэтай сям'і аб бацьках яе. У хату ўвайшла жанчына і пачала расказваць, што Дзядзюля вельмі хворы, а па доктара далёка ў такое надвор'е ехаць, і ў Дзядзюлі ў хаце аж рукі ломяць з адчаю. Маладая жанчына адразу ўстала і папрасіла правесці яе да Дзядзюлі.

Трэба сказаць, што Дзядзюля быў смелы і храбры толькі там, дзе ўсё добра і лёгка ішлося. Цяпер ім апанавала няшчасце, і ён размяк, як гнілая салома. Аслабелы, ён ляжаў і думаў пра тое, што нічога лепшага няма, як жыць на свеце. Хвароба напалохала яго, ён баяўся.

- Слухай, - замагільным голасам прагаварыў ён да жонкі. - Гэтая Волька, што прыехала - доктар. Ідзі пакліч яе.

У гэты момант адчыніліся дзверы, і на парозе з'явілася Волька. Дзядзюля затрапятаўся.

- Дзе хворы? - сказала яна сваім шырокім пявучым голасам.

- Я, я хворы, - прашаптаў Сафрон Дзядзюля. - Калі ласка, ратуйце, век буду дзякаваць. Так дрэнна мне прыйшлося...

Маладая жанчына пачала яго аглядаць. Будучы паслухмяным, як ягня, Дзядзюля бесперапынна выказваў просьбы - клапаціцца аб яго здароўі.

- У вас пачынаецца запаленне лёгкіх, - сказала маладая жанчына. - Як гэта вы маглі так захаладзіцца?

- Мяне прамачыў дождж, - прахрыпеў Дзядзюля.

- Тут ёсць дзе дастаць банькі? - запытала Волька.

- Ёсць тут у адной хаце.

- Дастаньце іх, я пастаўлю. А зранку трэба будзе лякарства. Рэцэпт я напішу.

- Вы мяне выбачайце, - ныў Дзядзюля. - Я вам цвікоў не даў. Прызнацца вам, то я забыўся, што яны ёсць. Я гэтую памылку выпраўлю, абы толькі паправіцца. Лячыце мяне, як мага, прашу вас.

- Дык гэта я ў вас прасіла цвікоў? А я і не пазнала. Нічога, хвароба не страшная, паправіцеся.

Волька пайшла. Праз гадзіны дзве Дзядзюлева жонка прыйшла сказаць, што банькі прыгатаваны. Ліў дождж. Волька ішла лячыць Дзядзюлю. Яму было горш, хрып ішоў з яго горла.

- Аптэка ад вас далёка?

- На станцыі, шэсць кіламетраў.

- Я напішу рэцэпт, а вы ідзіце зараз жа запрагаць каня. Трэба адразу дастаць лякарства. Дайце на чым напісаць рэцэпт.

Дзядзюлева жонка пачала шукаць паперы і вінавата сказала:

- Ні кавалка паперы ў хаце няма, у яго ўсе справы ляжаць у канцылярыі. Хіба можа ў шуфлядзе каля вас, там нейкі звязак старых яго папераў, можа там знойдзецца.

Заплакала дзіця, і жанчына пабегла ў бакоўку. Волька адчыніла шуфляду і дастала адтуль жмут папераў. Гэта былі ўсялякія старыя рахункі і пратаколы, было некалькі пісьмаў. Волька шукала, адкуль бы адарваць кавалак няспісанай паперы. Нарэшце асобна яна ўбачыла некалькі паперын, перавязаных ніткай, і разгарнула іх. Глянуўшы ў іх, яна жахнулася, яна чытала чарнавікі Дзядзюлевых заяваў на яе. «Вось чаму я гэтулькі пакутавала, цярпела ганьбу і не меншы здзек!» Дрыжачай рукой яна адарвала ад аднаго чарнавіка палоску паперы і пачала пісаць рэцэпт. Увайшла Дзядзюлева жонка і ўбачыла, што Волька ставіць Дзядзюлю банькі.

Назаўтра Дзядзюлю стала лепш. А яшчэ цераз дзень ён ужо зусім бадзёра глядзеў са сваёй пасцелі на акно. Неба было зноў яснае, заходзіла сонца, і ў яго праменнях стаялі дрэвы за акном. Насупроць аконнай шыбы, на тонкай галінцы вісела яшчэ некалькі апошніх лісткоў. Дзядзюля глядзеў на іх, але не заўважаў іх. Як цвік з-пад малатка, яго мазгі прабівала думка, што на яго накладзена пячаць ганьбы: у цяжкую для яго хвіліну Волька прыйшла ратаваць яго. Нягледзячы на ўсе яго заявы, яна стала доктарам. Так, як ніколі, яна цяпер сталая, разумная, упэўненая ў сабе.

- Чартоўка паршывая! - замармытаў Дзядзюля. - Доктар называецца. Паставіла банькі, напісала рэцэпт і ўсё. Ні разу не прыйшла паглядзець, толькі два разы нейкую бабу прысылала запытацца, як мне. Толькі назва, што дактары, а сваіх абавязкаў не разумеюць. А можа не хочуць разумець!

У той жа самы вечар, падцягнуўшы да падушкі табурэт з лямпаю, Сафрон Дзядзюля пісаў карандашом на лісце паперы, вырваным з вучнёўскага сшытка. «Заява... Гэтая гора-ўрач дэталёва нават не азнаёмілася з хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсці ў лячэнне, а яна абмежавалася толькі тым, што паставіла банькі і напісала рэцэпт. І ні разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганізма... І яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлігійная, што не можа быць у адпаведнасці са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака і спекулянта цялятамі, павінна была ізулеч для сябе ўрокі, якіх не ізулекла, паколькі гаварыла чалавеку, у якога спынілася, што ёй прыемна было пабываць на могільніку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалі ўспаміны маленства, калі яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмі. Але тут падаплёка ўпаўне ачавідна...»

Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?

Зусім паправіўшыся, Дзядзюля ішоў на працу. Зазірнуўшы на могільнік, ён убачыў дзве акуратна абкладзеныя дзярном магілы Вольчыных бацькоў. Магілы былі абгароджаны новымі балясамі. «Недзе ж такі дастала цвікоў», - падумаў Дзядзюля. Удзень зайшоў у кааперацыю былы сусед Вольчыных бацькоў.

- Паехала? - запытаў Дзядзюля.

- Паехала, - адказаў чалавек. - Але ненадоўга. Ёй тут вельмі спадабалася, а ў раёне якраз не хапае аднаго доктара. Казала, што будзе прасіць, каб яе сюды назначылі.

«Вось цяпер і вядома, куды пасылаць заяву, - падумаў Дзядзюля. - Раённым органам».

У тыя самыя дні Волька пісала сваёй сяброўцы:

«...Тысячы момантаў з майго маленства паўсталі перада мной як жывыя. Я пазнавала дрэвы, каменні, узгоркі... Я прывяла да парадку магілы бацькоў і доўга хадзіла па родных дарогах. Тут усё так блізка і знаёма майму сэрцу. Я шаную тое, што было ў маёй душы з маленства і люблю сучаснае. Тут мне будзе весела і радасна працаваць. Сярод тых людзей, якіх я ведала заўсёды, і тым цікавей мне цяпер бачыць іх у сапраўдным чалавечым жыцці...

Не абышлося і без непрыемных успамінаў. Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды. Але гэты прыкры эпізод увесь у мінулым: не перашкодзіў жа ён мне скончыць інстытут. Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі. Я хацела толькі аднаго: каб ён хутчэй паправіўся і каб больш не лячыць мне яго. Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам. Нашто? Так сабе, з ласкі на пацеху... Адным словам - чорт з ім...

Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаіць яснае надвор'е і яшчэ цвітуць познія кветкі...»

 

1938

 

 

Каментары

 

Друкуецца па часопісе «Полымя рэвалюцыі», 1938, кніга 5-я, дзе апублікавана ўпершыню. Дата напісання пад тэкстам адсутнічае.


1938?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кузьма Чорны. Выбраныя творы. Менск, «Беллітфонд», 2000.
Крыніца: невядомая