epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Максім Горкі

Споўнілася 60 год з дня нараджэння і 35 год літаратурнай дзейнасці вялікага мастака слова расійскага пісьменніка Максіма Горкага.

Максім Горкі (сапраўднае прозвішча яго Аляксей Пяшкоў) радзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе. Бацька яго быў рабочы (абойшчык) і памёр тады, калі сын быў зусім маленькі. Хлопчыка тады стала гадаваць баба па мацеры. Гадаваўся ён у страшнай бядноце, жылі яны амаль што старцамі — збіралі на сметніках анучы. У 9 год Аляксея аддалі вучыцца за шаўца. Адтуль ён уцёк. Пасля пачаў вучыцца ў рысавальшчыка, пасля ў багамаза і інш. У 15 год ён пакінуў свой горад і рушыў у Казань. З гэтага часу пачынаецца яго брадзяжнае юнацтва. У гэты час ён працаваў пекарам, маляром, нагрузчыкам, чорнарабочым. У гэты час брадзяжыў па ўсёй Расіі, абышоў пехатой усе паўднёвыя яе вобласці.

За ўвесь гэты час ён шмат чытаў, імкнуўся да асветы. І пачаў пробаваць пісаць. У 1892 годзе было надрукавана яго першае апавяданне «Макар Чудра». Горкаму тады было 24 гады. Пасля таго неўзабаве з’явіліся ў друку больш яго творы, і слава яго пачала расці. За некалькі год ён стаў адным з самых вядомых расійскіх пісьменнікаў.

Максім Горкі пачаў збліжацца з рэвалюцыйнымі арганізацыямі і прыняў удзел у іх працы. У 1901 годзе ён увайшоў у члены сацыял-дэмакратычнай партыі і пасля расколу ўвайшоў у бальшавіцкую фракцыю. Тады некалькі разоў сядзеў у турмах за рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля 1905 года некалькі год жыў у Італіі. Прыехаўшы ў Расію, пачаў выдаваць часопіс «Летопись» і ўжо ў часе рэвалюцыі газету «Новая жизнь». Цяпер, з-за дрэннага стану здароўя, жыве ў Італіі.

Творы Максіма Горкага, як яны пачалі з’яўляцца ў друку, з’явіліся як бы нейкім свежым ветрам, які асвяжыў літаратуру, асвяжыў думку. Яго першыя апавяданні з жыцця басякоў былі зусім новымі ў літаратуры. У той час ён выводзіў герояў моцных, смелых, з цвёрдаю воляй.

У яго творы «Песня о Соколе» ранены сокал узлятае, каб хоць яшчэ раз пабачыць сонца. І разбіваецца насмерць. Але гэтае смелае жыццё лепш поўзання вужакі. Канчаецца твор словамі: «Безумству храбрых поем мы песню».

У другім перыядзе творчасці Максіма Горкага вызначыўся паварот ад адзіночак-герояў да калектыву. У гэты час напісаны аповесці — «Мать», «Враги». Гэтыя творы даюць права назваць Максіма Горкага першым пралетарскім пісьменнікам.

Жывучы цяпер у Італіі ў невялікім горадзе Сарэнта, Максім Горкі трымае жывую сувязь з Савецкай Расіяй. Ён атрымлівае амаль што ўсе часопісы і шмат газет з Расіі. Ён атрымлівае лісты ад тысячы селькораў з самых глухіх куткоў Расіі. І адказвае на гэтыя лісты. З радасцю глядзіць і перажывае будаўніцтва новага жыцця ў сваёй краіне, у той краіне, у якой ён у дзяцінстве пазнаў гэтулькі гора.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан